понедельник, 16 июня 2014 г.

Гісторыя абраза МБ Баніфрацкай Аздараўлення хворых

Святы Ян Божы, айцец і заснавальнік ордэну баніфратраў, які называюць таксама шпітальным ордэнам, меў жывую сыноўнюю любоў да Найсвяцейшай Маці і поўнасцю давяраўся Ёй. Па прыкладзе свайго заснавальніка браты штодзённа маліліся да Бога праз Яе заступніцтва: молячыся тры часткі святога Ружанца або цэлебруючы кожную суботу ватыўную святую Месу ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі ва ўсіх шпіталях ордэну. У пабожнасці братоў Маці Божая, якая пасрэднічала ім у выпрошванні ў добрага Бога ласкаў і здароўя для душы і цела, адыгрывала такую вялікую ролю, што ў 1736 годзе на Генеральнай капітуле ў Рыме благаслаўлёная Дзева Марыя была абраная Апякункаю шпітальнага ордэну. Сёння ўвесь ордэн урачыста адзначае гэтае свята ў трэцюю суботу лістапада.

У год Гасподні 1635 браты са Шпітальнага Ордэну св. Яна Божага (Баніфратры) прыбываюць да сталіцы Вялікага княства Літоўскага каб несці дапамогу хворым і ўбогім.

Біскуп віленскі Абрагам Война ахвяруе ім дом (у якім размясціўся шпіталь) і касцёл Узвышэння Святога Крыжа (які і сёння знаходзіцца на тым жа мейсцы). Да нашага часу захаваліся дакументы з 1716 года, у якіх упершыню згадваецца Цудадзейны абраз Маці Божай, што знаходзіўся ў касцёле баніфратраў. На жаль, не маем ніякіх звестак аб тым адкуль гэты абраз паходзіць, ані калі дакладна быў намаляваны. Жахлівыя пажары 1737 і 1748 гадоў знішчылі вялікую частку горада, цалкам згарае і касцёл баніфратраў, але абраз нашай Нябеснай Маці застаецца некрануты. З вялікай пашанаю і пабожнасцю змяшчаюць браты святое аблічча Багародзіцы ў галоўным алтары адноўленага касцёла. Абраз гэты цешыўся славаю ва ўсім Вялікім княстве (а значыць і на Беларусі).

На пачатку ХХ ст. віленскі прыор баніфратраў напісаў: “Тое, якою вялікай пашанаю і набажэнствам з даўніх часоў і сёння акружаны праз вернікаў абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі Баніфрацкай, называны “Аздараўленне хворых”, відаць па шматлікіх вотах, каштоўных ахвярах, прыгожых ручных вырабах, складаных у гэтым касцёле; і вялікіх натоўпах пабожных вернікаў, што ад раніцы да вечара звяртаюцца з гарачай малітваю і даверам да гэтай Маці Міласэрнасці і Літасці, Маці Суцяшэння і адзінага Ратунку і абароны ў смутку і цяжкіх выпадках; апрача гэтага, са шматлікіх сведчанняў, запісаных у касцёле, аб ласках і цудах, атрыманых праз заступніцтва Маці Божай, перад Яе цудоўным абразом, званым Маці Божая Аздараўлення хворых”.

Прыйсце савецкай улады вымушае віленскіх баніфратраў пакінуць свой кляштар у 1945 годзе. Браты забіраюць з сабою копію цудадзейнага абраза і прывозяць яе ў Лодзь (Польшча), дзе змяшчаюць у галоўным алтары шпітальнай капліцы. Тут Марыя ў таямніцы Аздараўлення хворых ушаноўваецца сваімі сынамі-баніфратрамі, хворымі і ўсімі, хто ў гэтым асаблівым месцы да Яе, Нябеснай Лякаркі звяртаецца. Верны люд атрымлівае шматлікія ласкі аздараўлення, перамянення і навяртання.

8 верасня 2006 года арцыбіскуп Уладзіслаў Зюлэк здзейсніў каранацыю цудадзейнага абраза і устанавіў шпітальную капліцу Баніфрацкім Санктуарыем Маці Божай Аздараўлення Хворых. Тут штодзённа адбываецца Адарацыя Госпада Ісуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Верым, што Марыя будзе весці церпячых і патрабуючых да свайго Адзінага Сына, Лекара целаў і душ людзкіх.
Крыніца: http://www.bonifratrzy.pl/