Заснавальнік

Заснавальнік Легіёна Марыі – Фрэнк Даф.


Фрэнк Даф нарадзіўся ў Дубліне (Ірландыя) 7 чэрвеня 1889 г. і быў старэйшым з сямі дзяцей.

У 1913 г. ён уступіў у Таварыства св. Вінцэнта дэ Поля, дух якога аказаў на Фрэнка Дафа вялікі уплыў. Як член Таварыства ён паступова прыйшоў да высновы, што трэба любіць бедных і нямоглых, у якіх, як і ў кожным, каго ён сустракаё, ён бачыў і шанаваў Хрыста.

У 1916 г. ва ўзросце 27 гадоў ён апублікаваў сваю першую брашуру “Ці можам мы быць святымі?”. У ёй ён выказаў адно з самых моцных перакананняў свайго жыцця, а менавіта, што ўсе людзі без выключэння пакліканыя быць святымі і што праз нашу каталіцкую веру ў нас ёсць усе сродкі, неабходныя для дасягнення гэтай мэты.

У 1917 г. ён вывучаў Трактат св. Людовіка Марыі дэ Манфора “Сапраўдная пашана Марыі”, працу, якая цалкам змяніла яго жыццё.

7 верасня 1921 года Фрэнк Даф заснаваў Легіён Марыі – апостальскую арганізацыю свецкіх для паслугі Касцёлу, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць пад касцёльным кіраўніцтвам. Яе падвойная мэта – духоўнае ўдасканаленне сваіх членаў і набліжэнне Валадарства Хрыста праз Панну Марыю.

Легіён, які можна знайсці амаль у кожнай краіне свету, налічвае каля 3 млн. актыўных удзельнікаў і яшчэ больш дапаможных (якія моляцца).

У 1965 г. Папа Павел VI запрасіў Фрэнка Дафа прысутнічаць на Другім Ватыканскім Саборы ў якасці свецкага назіральніка, гэта быў гонар, праз які Папа прызнаў і ўхваліў яго агромністую працу свецкага апостальства.

7 лістапада 1980 г. Фрэнк Даф памёр і быў пахаваны на могілках Гласневін у Дубліне.

У ліпені 1996 г. справа аб яго кананізацыі была прадстаўлена ў Ватыкан арцыбіскупам Дубліна д-рам Дэсмандам Коннелам.