4. Апостальская мужнасць

РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ

АПОСТАЛЬСКАЯ МУЖНАСЦЬ

   ТАМУ, БЕРУЧЫ Ў РУКІ ВЕКСІЛЮМ ЛЕГІЁНУ, ЯКІ АДЛЮСТРОЎВАЕ ГЭТЫЯ ПРАЎДЫ,
   Я СТАЮ ПЕРАД ТАБОЙ ЯК ЯЕ ЖАЎНЕР І ЯЕ ДЗІЦЯ
   І АБВЯШЧАЮ ТАКІМ ЧЫНАМ ПОЎНУЮ ЗАЛЕЖНАСЦЬ АД ЯЕ.
   ЯНА — МАЦІ МАЁЙ ДУШЫ, ЯЕ СЭРЦА І МАЁ — АДЗІНЫЯ.

   Жаўнер, дзіця — мы не звыклыя ставіць побач два гэтыя словы. Дзіця азначае залежнасць, пасіўнасць, прыняцце. Жаўнер — ініцыятыву, актыўнасць, змаганне. Мы — не нішто. Менш, чым дзіця. Але мы таксама супрацоўнікі Бога.
   Паразважаем хвілінку над тым, што ад нас тут чакаецца.
   ЯК ДЗІЦЯ я заяўляю аб сваёй поўнай залежнасці. Марыя — Маці маёй душы: Яе сэрца і маё — адзіныя.
   Гэтыя словы маюць багаты змест, і мы толькі што ўбачылі, якое багацце яны хаваюць у сабе. Яны заклікаюць нас даверыць сябе Богу — у Марыі — дзеля поўнага аддання, каб прызнаць Яго абсалютнае першынства: толькі Бог з’яўляецца Богам, толькі Ён дасягае ўсяго ад пачатку да канца. Яго ласка найвышэйшая. Яго слова — востры меч. Ён распараджаецца часам і людзьмі, як захоча. Ён паражае Саўла ў дарозе да Дамаску і ў адзін момант ператварае язычнікаў у апосталаў. Яго ласка вольная, як Ён сам, і Дух вее, дзе хоча. Ён не хоча быць абмежаваным намі і руйнуе нашыя межы і планы, як Яму падабаецца. “Мае думкі, — кажа Бог, — не вашыя думкі, і мае шляхі — не вашыя”. Усё гэта трэба ведаць, каб не зрабіць апостальства сваёй справай. Гэта Бог ім кіруе. Гэта Бог ведае. Гэта Бог хоча знайсці ў нас пакорлівыя і падданыя душы, праз якія Ён мог бы дзейнічаць. Усё гэта праўда, нязменная праўда. Ніколі не трэба забывацца пра гэта на практыцы.
   І, тым не менш, гэты Найвышэйшы Бог, Усемагутны, які стварыў свет адным “fiat”, пажадаў мець патрэбу ў нашай дапамозе. Бог дорыць нам і кажа супрацоўнічаць з Ім, Ён запрашае нас, непатрэбных слугаў, быць Яго супрацоўнікамі — Dei adjutores.
   Бог не хоча, каб мы служылі Яму ледзь чутна і абачліва. Ледзь чутна — гэта задаволіўшыся якой-небудзь хуткай малітвай. Свет кепскі, кажам мы, занадта кепскі, каб яго можна было змяніць. Нічога больш не застаецца, як толькі маліцца за няшчасных грэшнікаў, што ідуць да згубы. “Молімся” — гэта часта адгаворка, алібі. Калі б яшчэ гаворка ішла пра малітву змястоўную, але гэтае “молімся” з’яўляецца часта формай пабожнага ўздыхання і дае вельмі мала, калі добра прыгледзецца. Вядома, тут не ідзе гаворка пра сузіральнае жыццё незраўнальнай вартасці, якое з’яўляецца адмысловым і выключным пакліканнем. Дзеля хрысціяніна ў свеце малітва — гэта ўступ да дзейнасці, а пасля — яе належнае суправаджэнне. Чалавечая дзейнасць для Бога — тое самае, што вада для хросту і хлеб для Эўхарыстыі: гэта працоўны матэрыял Бога. Малітва неабходная, але яна працягваецца ў дзейнасці. Я павінен маліць Бога за гэтага бліжняга, што гіне, але я павінен таксама працягнуць яму руку, каб не дазволіць яму патануць. Той самы настаўнік, што сказаў нам “нястомна маліцца”, даў нам загад ісці і дзейнічаць.
   “Госпадзе, — казаў святы Томас Мор, — дай мне ласку працаваць так, каб выканаць тое, аб чым малюся”.
   Легіён імкнецца шанаваць і практыкаваць гэтае заданне неабходнага супрацоўніцтва са справай Бога. Ён увасабляе гэтую задуму ў вайсковай тэрміналогіі, каб выказаць жаданне служыць Богу з годнай Яго мужнасцю.

   1. Мужнасць — неабходная цнота

   Ключавое слова ў гэтым раздзеле Абяцання —  ЖАЎНЕР, а жэст, які гэта падкрэслівае — узяць у руку вексілюм.
   Гэты вексілюм быў зроблены па ўзоры рымскага легіёну, назва таксама ўзятая адтуль.
   Выбар гэты матываваны тым, што гістарычна рымскі легіён уяўляе сабой эліту, адвага і вернасць якой сталіся легендай.
   Гэта прыгадвае нам таксама таго легіянера, што, першы ўбачыўшы Хрыста, які паміраў, праславіў Усявышняга, усклікаючы: “Сапраўды, гэты чалавек быў Сынам Божым!”
   Пашана, аддаваная рымскай адвазе — гэта запрашэнне ўзяць з яе прыклад. Гэта падкрэслівае, што мужнасць — неабходная цнота ў службе Божай, а таксама характэрная рыса сапраўднай марыйнай пабожнасці. Згадаем словы Пія X: “Самая вялікая перашкода ў апостальстве — гэта сціпласць, ці, хутчэй, баязлівасць справядлівых”.
   Гэтыя словы — на жаль! — вельмі праўдзівыя, і Легіён не хацеў бы, каб яны мелі дачыненне  да яго. Ён патрабуе ад сваіх сябраў маральнай мужнасці як неад’емнай часткі іх хрысціянскага абавязку. Гераізм — не неабавязковая раскоша, адна з тых па-за абавязкамі, якую часам можна было б развіваць. Не заўсёды. Лекар, які даглядае заразнага хворага, выконвае толькі свой абавязак, і жаўнер, які з пагрозай для свайго жыцця слухаецца загаду атакаваць, выконвае належны абавязак. Чаму не адважыцца глянуць на рэчы з той самай пазіцыі, калі гаворка ідзе пра абавязак апостальства? Калі гаворка ідзе пра Бога, мы робімся баязлівымі і асцярожнымі. Інстынкт робіць нас казуістамі. Гэта адна з прычынаў таго, што каталікі не ўцягваюць няверуючых, па словах Рыўера, “у спакусу паверыць”. Мужнасць жа — гэта цнота, якая мае рэдкую моц прыцягваць і больш уражвае, чым самыя красамоўныя казанні свету.
   Калі Легіён просіць сваіх сябраў рабіць апостальскія наведванні па двое, ён ведае, што просіць аб цяжкай паслузе.
   Існуюць вельмі суровыя ўтаймаванні цела на хлебе і вадзе, якія не могуць зраўнацца ў жорсткасці з апостальскай рызыкай, і не адзін легіянер абраў бы не вагаючыся дзень поўнай цішы замест выйсця ўначы ў пошуках загубленых авечак. Нішто так не спараліжоўвае, як гэты тонкі страх, які завецца людской павагай. Яна змусіла дрыжаць святога Пятра перад служкай прэторыя. І калі гэты страх перамагае, уся праца на карысць душаў адразу змяншаецца  да нязначных памераў.
   Калі б, каб пачаць абвяшчаць Евангелле, апосталы чакалі, што ўсе сацыяльныя і палітычныя структуры будуць задаволеныя, свет яшчэ б не атрымаў іх паслання. Таму нам трэба ісці наперад, не чакаючы і не баючыся няўдачы і пакуты. Душы гэтага вартыя. Адна гішпанская прымаўка прыпісвае Богу наступныя словы: “Бяры, што хочаш, але заплаці, што належыць”. Бог любіць адважныя душы.
   Вось чаму Легіён выбраў гэтае вайсковае імя і просіць таго, хто да яго далучаецца, лічыць сябе жаўнерам на прызначанай службе. Апостальская мужнасць з’яўляецца яго характэрным знакам, па якім ён хоча быць пазнаным. Але ў ім ёсць яшчэ марыйная цнота.

   2. Мужнасць — марыйная цнота

   Мы ўвогуле не прызвычаіліся бачыць у Маці Божай самае чыстае ўвасабленне чалавечай мужнасці. Яе матчыная пяшчота хавае ад нас Яе мужныя цноты. Яна, тым не менш, Каралева апосталаў, дактароў і пакутнікаў, гэта значыць, першапраходцаў, што праклалі дарогу Евангеллю, што змагаліся за вучэнне і памерлі за гэта. Як святая Тэрэза з Лізьё, і нават тысякроць больш за яе, Яна адчувае ў сваёй душы ўсе гераічныя пакліканні, Яна, што была побач з гэтымі адважнымі ў змаганні. Дзева ваяўнічая, Яна з’яўляецца ёю асабліва, таму што вядзе змаганне з шатанам.
   “Я пакладу варожасць паміж табою і жанчынай, паміж тваімі нашчадкамі і яе; яна раструшчыць табе галаву, а ты будзеш джаліць яе ў пяту” (пар. Быццё 3, 15).
   Касцёл бачыць Марыю ў гэтай жанчыне, што паўстала супраць шатана ў кнізе Быцця. Марыя з’яўляецца як Тая, што вядзе змаганне Бога да перамогі і чыё імя грознае, як войскі перад бітваю.
   Прыгледзімся бліжэй да гэтай мужнасці душы, якая не йдзе ні ў якае параўнанне ні з чым.
   Мужнасць Маці Божай відаць ужо з першага вядомага эпізоду Яе жыцця праз Яе паставу з хвіліны Звеставання. Тое, што прапаноўвае Ёй анёл, не ў чалавечых магчымасцях. Ён дорыць Ёй дзявочае мацярынства, якое толькі Дух Божы здзейсніць у Ёй. Ён просіць Яе згоды, не тлумачачы, як Яна зможа апраўдацца перад людзьмі. Адказваючы “так”, Яна змушала пакутваць Юзафа, якога кахала так, як ніводная нарачоная на кахала свайго нарачонага, бо святасць не абмяжоўвае сэрца, але запальвае ўсе сілы, каб любіць. Яна рызыкавала сваёй рэпутацыяй і, па традыцыях свайго часу, самім жыццём. Якім бы хвалебным ні было запрашэнне, патрэбны быў незвычайны закал душы, каб прыняць прыгожую рызыку веры з усімі наступствамі. Як толькі Яна зразумела, Яна не завагалася ані на хвілю: “Няхай мне станецца паводле твайго слова”. Гэта скачок у невядомасць, згода незваротная і бескарыслівая. Бог паклапоціцца пра ўсё астатняе.
   Калі Сімяон кажа Ёй пра меч болю, што прасякне Яе душу, Яна прымае не слабнучы гэтае прароцтва і хавае як скарб між “тых рэчаў, што Яна разважала ў сваім сэрцы”. Яе адзіным клопатам была вернасць гэтаму заданню. Яна не пытаецца ані як, ані чаму. Марыя заўсёды сустракала боль стоячы: Яе душа была гатовая з першага моманту. Яна ніколі не глядзела на сябе — лічылася толькі хвала Бога і Яго салодкая воля. Евангеліст апісвае як натуральную рэч, што Марыя стаяла пад крыжам на Галгофе. Яна была там сярод раз’юшанага натоўпу, у той час, калі апосталы збеглі, бо Яна павінна была злучыць сваю пакуту з адкупляльнай пакутай. Яе вера прасякла ўсе завесы, усе крыўды, усе зраненні: Яна ўсёй сваёй дрыготкай, але яснай душой ядналася з таямніцай адкуплення, якая здзяйснялася на Яе вачах. Яна не адмовіла ў сваім удзеле, які быў удзелам усяго згоднага чалавецтва. Касцёл асудзіў тых, што асмеліліся казаць пра сутаргі Марыі, і не прымае мастакоў, што паказваюць нам Яе ў непрытомнасці. Таму што Марыя асабліва моцная жанчына, больш чуллівая і ўражлівая за ўсіх іншых, але больш мужная за ўсіх пакутнікаў, Каралевай якіх Яна з’яўляецца.
   Вежа з косці слановай: мы называем Яе гэтым імем таму, што моц Яе душы — неад’емная рыса Беззаганнай на ўсіх старонках Яе гісторыі. Ніколі ніводная асоба не была настолькі мужнай, як гэтая жанчына. Ніколі, пасля Хрыста, зямля не бачыла столькі пяшчоты душы, злучанай з мужнасцю, якой яна валодала.
   Таму не дарма Падручнік запрашае легіянера браць прыклад з Каралевы, каб чэрпаць у Яе ўрокі мужнасці.
   “Дух Легіёну — гэта дух самой Марыі, — сказана там. Легіянеры асаблівым чынам імкнуцца атрымаць… Яе мужную і адданую любоў да Бога… Яе Легіён бярэцца за кожную працу, ніколі не зважаючы на немагчымасць, бо лічыць, што ўсё магчыма і дазволена”. І гэта не кавалачак адвагі.

   3. Мужнасць перад абліччам немагчымага

   Еднасць з Марыяй дае Яе жаўнерам асаблівую мужнасць перад абліччам немагчымага. Гэты тэзіс вельмі дарагі Легіёну, бо пацвярджае магчымасць немагчымага. Або, дакладней, адначасова маляўніча і дзёрзка, што “немагчымае можна падзяліць на нейкую колькасць магчымых крокаў”. Парадокс? Магчыма, але парадокс рэчаісны. Што гэта азначае? Мы сцвярджаем, што не трэба хавацца за словам “немагчыма”, каб адмовіцца ад апостальскай працы, і што самы пэўны спосаб давесці да канца справу, якую мы лічым немагчымай, — гэта зрабіць першы крок — магчымы — у кірунку выйсця з сітуацыі. Я не змагу адразу ж дасягнуць вяршыні гары, але заўсёды “магчыма” ўзняцца на адну вышыню, потым на другую, і так далей да самага канца. Кожная пераможаная магчымасць дае доступ да новай магчымасці. Гэта перамога выразу “падзяліць, каб валадарыць”. Зацёртае выслоўе, скажа нехта. Магчыма, але ва ўсялякім разе, калі гэтая праўда дзейнічае, калі пра яе не кажуць, яна будзе яшчэ больш дзейнічаць, калі пра яе скажуць. А што калі ўжыць яе на практыцы! Ніводны з духоўных поспехаў Легіёну ў Дубліне не адбыўся без спакусы сцвярджэннем з усіх бакоў, што вызначанае заданне немагчымае. Ачысціць Бэнтлі Плэйс, гэты стары прытон, ад усіх заганаў; арганізоўваць закрытыя рэкалекцыі для прастытутак; распачаць рэкалекцыі для пратэстантаў; ператварыць валацугаў з Монінг Стар у апосталаў — усё гэта было шаленствам. А колькі яшчэ такіх справаў там і ў іншых месцах. З гэтымі так званымі немагчымасцямі, як з вяршынямі Альпаў: здалёк яны здаюцца неадольнымі. Да таго дня, пакуль больш дзёрзкі альпініст не ўздымецца на першую скалу, потым на другую, трэцюю і потым… апошнюю. Неабавязкова ведаць з першага кроку, як зрабіць другі, і яшчэ менш — апошні. Досыць верыць, што Бог давярае нам ініцыятыву першага кроку, і Ён паклапоціцца пры неабходнасці пра апошні этап.
   Мы маем натуральную схільнасць прызнаваць пэўнае заданне неадольным і сцвярджаць, што гэты выпадак безнадзейны. Што мы пра гэта ведаем? Бог блытае нашыя разлікі і касуе нашыя страхі.
   Пераможнае ўздзеянне Хрыста выліваецца на душы найбольш настойлівыя, і гісторыя раптоўнага ўдару па дарозе да Дамаску заўсёды актуальная. Нельга пералічыць усе захапляльныя ўмяшальніцтвы Божай міласэрнасці. Бог заўсёды чувае, і Яго бясконца шчодрая і трывалая любоў насцігае самых зацвярдзелых, як арол здабычу. Як даведацца, што я “досыць” зрабіў для гэтай душы? Па якім крытэры трэба мераць Божую цярплівасць? Прыгледзьцеся бліжэй, і вы ўбачыце, што вялікая колькасць “немагчымасцяў” аказваюцца вельмі магчымымі. Навошта, зрэшты, выкрэсліваць з Евангелля словы, што “дзеля Бога няма нічога немагчымага”? Нам досыць паспрабаваць — у перакананні, што крок за крокам Бог дапаможа нам пераступіць браму немагчымага, каб увайсці ў Зямлю, абяцаную нашай веры.
   Гэтая мужнасць рэдкая, але настойлівая. Наш Госпад не судзіць у гэтай справе так, як мы. Мы захапляемся святым Пятром, які ідзе па вадзе насустрач Настаўніку. І Езус сустракае яго словамі: “Чаму ты засумняваўся, чалавек малаверны?” Мы рэдка абвінавачваем сябе ў слабасці нашай веры, але ёсць рахунак сумлення, каб адкрыць карысныя неспадзяванкі. Якім бы прагрэсам было для нашых хрысціянаў, каб яны маглі часам упакорыцца ў сваёй убогай веры і сказаць у сваю чаргу: “Госпадзе, я веру, але дапамажы майму бязвер’ю!”
   Існуе стомленасць, горшая за вераадступніцтва, бо яна апраўдвае паражэнства замест таго, каб адразу ж яго пазбыцца. Гора таму, хто забірае ў сваіх братоў мужнасць верыць сёння ў Евангелле і без перашкодаў увайсці ў яго.
    Легіён хацеў бы ўзмацніць сваіх сяброў супраць гэтай несвядомай баязлівасці. Ён паказвае натоўпы нэаязычнікаў, што засяляюць нашыя гарады, і кажа, што, калі б мы хацелі за гэта сур’ёзна ўзяцца — калі б кожны каталік меў душу апостала, — было б “магчыма” пасля першага добрага намагання  дапамагчы пяці працэнтам гэтай масы адкрыць хрысціянства.
   І чаму гэтае першае патрасенне не адкрые дзверы другому, і гэтак далей? Адмовіцца ад справы з-за яе маштабу — ці гэта не азначае, што мы не ведаем гэтага “падзелу немагчымага”, пра які тут гаворыцца?
   Часам, тым не менш, прызнаем гэта, мы не бачым, як распачаць гэтае першае наступленне. Што тады рабіць? Усё роўна што, кажа Легіён, толькі не заставацца пасіўным. Калі вы больш нічога не бачыце, добра, замест таго, каб скласці рукі, зрабіце крок, якім бы маленькім ён ні быў, у вызначаным кірунку. Гэта тое, што ахвотна называецца “сімвалічным чынам”. Такой была ахвяра юнака з Евангелля, што прынёс Настаўніку пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы. Як можна такім убогім пасілкам накарміць мноства людзей! Сімвалічны чын, жэст, які не адпавядае ў памерах мэце, якую трэба дасягнуць, але жэст, якога чакае Бог, каб задзейнічаць сваю ўсемагутнасць. Цудоўны акт веры, які дапамагае нам даць Богу той мізэр, які мы маем, і запрашае Яго гэтай несувымернасцю напоўніць нашую немач. Дадамо, што гэты акт веры падвойваецца псіхалагічнай? вельмі чалавечай цнотай.
   Сімвалічны чын практычна падкрэслівае неабходнасць дзейнічаць. Калі мы не будзем дзейнічаць, мы нічога не вырашым. Ужо зараз натуральна мы зможам перамагчы перашкоды, калі сапраўды зробім пажаданае намаганне. “Дзе ёсць воля, ёсць шлях”. Дарэчы, чалавечы дух, які любіць маленькі чын, стане больш вынаходлівым і, магчыма, знойдзе выйсце. Тым больш, калі я буду прыгнечаны ўражаннем немагчымага, як альпініст вышынёй, якую ён адольвае, нічога не адбудзецца: я загадзя буду пераможаны, а кожны правал падрывае маральны дух і аддаляе перамогу. Калі ж, наадварот, я ўсё ж такі буду дзейнічаць, я захаваю сваю душу здольнай да змагання, гатовай ухапіць найменшы шанец на ўдачу.
   Намаганне, нават калі яно здаецца неэфектыўным, дапамагае верыць канкрэтнай верай. Як яно адыгрывае сваю ролю ў натуральным парадку, у еднасці з Марыяй, “якая першай паверыла ў немагчымае”, яно вядзе, часцей, чым мы думаем, да нават неспадзяванай удачы. Патроху ў такой школе немагчымае здасць свае пазіцыі і знікне як ноч.
   Заўсёды, аднак, мы будзем стаяць перад цяжкімі заданнямі, і Легіён будзе аддаваць ім перавагу. Ён пойдзе дзякуючы выбару і схільнасці у кірунку невыноснай місіі і няўдзячнай справы, за якую ніхто не хоча брацца. “Няма ніводнай нізіны, куды б не павінен быў спусціцца Легіён у пошуках загубленых авечак”, — кажа Падручнік і дае ў якасці адказу на ўсе страхі, дарэмныя і апраўданыя, што трэба, каб нехта ўзяўся за гэтую справу, і нішто не можа зраўнацца з ідэалам адвагі, якая нагадвае ў нейкай ступені адвагу ў Калізеі.
   Гэты тэкст, і іншыя да яго падобныя, набывае свой поўны сэнс дзеля тых, хто ведае гісторыю Легіёну. Толькі ім прыкладу Эдэль Куін, якая, цяжка хворая, паехала ў Афрыку, каб прынесці туды Легіён місіянерам, і памерла там у Найробі, у сэрцы Кеніі, пасля васьмі гадоў звышчалавечых намаганняў, будзе досыць, каб даказаць, што гэтыя словы Падручніка знайшлі водгук у душах сучасных легіянераў.
   Яе беатыфікацыйны працэс працягваецца: яе жыццё — гэта ўвасабленне легіянерскай мужнасці, што дасягнула найвышэйшага дару сябе.
    Яе жыццё — гэта стымул дзеля нас усіх: няхай легіянеры бяруць з яе прыклад, заклікаюць яе і робяць яе вядомай. Яна належыць да ліку тых, пра каго можна сказаць: іх існаванне — гэта заклік. Яе жыццё — як жывы сцяг. Яна як увасабленне вексілюма, які нагадвае рымскі штандар, сімвал гэтай магутнай цноты — мужнасці.
   Калі кандыдат бярэцца за яго ў момант прынясення абяцання, усталёўваецца пагадненне паміж легіянерам і Марыяй, Каралевай Божых баталіяў.
   Я стаю перад Табой як Яе жаўнер.

   Гэтыя словы з’яўляюцца заклікам любові, якая не адступае і ўмее заставацца вернай да смерці.