6. Духоўная чысціня і ўзрастанне

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ДУХОЎНЫЯ ЧЫСЦІНЯ І
ЎЗРАСТАННЕ

   КАБ Я СТАЎСЯ ЧЫСТЫМ У ТОЙ, КАГО ТЫ СТВАРЫЎ БЕЗЗАГАННАЙ!
   КАБ ПРАЗ ЦЯБЕ ЎВА МНЕ ЎЗРАСТАЎ НАШ ГОСПАД ЕЗУС ХРЫСТУС;
   КАБ РАЗАМ З ЁЙ, ЯГО МАЦІ, Я МОГ НЕСЦІ ЯГО СВЕТУ І ЛЮДЗЯМ, ШТО ЯГО ПАТРАБУЮЦЬ!
   І КАБ ПАСЛЯ ПЕРАМОГІ ЎСЕ ГЭТЫЯ ДУШЫ І Я САМ МАГЛІ ВЕЧНА ВАЛАДАРЫЦЬ З ЁЙ У ХВАЛЕ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ.

   Легіянер адкрыў сваю душу Святому Духу, каб стаць прыладай апостальскай дзейнасці. Ён аддаўся Богу дзеля Яго хвалы і дзеля збаўлення людзей. І цяпер няхай ён паглядзіць хвілінку, хто ён, і няхай моліцца сам за сябе.

   1. Апостальская чысціня

   Марыя была і застаецца перад Богам стварэннем і мізэрнасцю. Але мы, мы поўныя граху. Розніца паміж справай, якую трэба выканаць, і начыннем, якім мы з’яўляемся, надзвычай выразная. Чым больш ўзвышанай з’яўляецца давераная нам праца, тым больш чыстай павінна быць нашая душа. Святар, што набліжаецца да алтара, не набліжаецца да святога святых, не папрасіўшы Бога зняць з яго “несправядлівасці” і ачысціць яго вусны “гарачым вугалем Ісаі”. Кожны апостал, што пойдзе да душаў, адчувае сваю нявартасць: кожная з іх — як прысвечаны келіх, які нельга кранаць нячыстымі рукамі. Чым жывейшая душа легіянера, тым лепш ён зразумее патрэбу быць ачышчаным перад тым, як дзейнічаць. Мы таксама павінны прасіць Бога, як святар: “ачысці маё сэрца і мае вусны, каб я мог перадаць Тваё Евангелле незабруджаным”.

2. Чысціня Маці Божай

   І яшчэ раз: еднасць з Марыяй будзе вырашэннем нашых трывог і страхаў.
   Каб я стаўся чыстым у Той, каго Ты стварыў Беззаганнай!
   Якая цудоўная таямніца ласкі — гэтая еднасць грэшніка з Той, што мае права называць Сябе Беззаганным Пачаццем!
   У Марыі не толькі няма граху, а ёсць яшчэ дасканалае падпарадкаванне цела душы і душы Богу, крышталёвая чысціня.
      Паміж Ёй і грахом існуе абвешчаная варожасць, дзейсная несумяшчальнасць. Яна — праз сваю ролю — Тая, што нагамі раструшчвае галаву шатана і нястомна разбурае яго цёмную справу.
   Яна — свет, што асвятляе ноч, яснасць, што разганяе хмары і разбурае самыя хітрыя пасткі.
   Яна — чысціня, што няспынна ачышчае найменшым подыхам сваіх вуснаў, самым лёгкім дотыкам сваёй рукі.
   Яна цалкам чыстая і прыгожая. Як толькі я яднаюся з Ёй, я адразу адчуваю сябе пакліканым далучыцца да Яе святасці – чароўнай пяшчоты Яе душы, агіды да граху, аддалення ад найменшага зла.
   Калі мы кажам пра нечысціню, мы думаем пераважна пра нечысціню цела, пра гэты бунт цела супраць духа, упісаны ў нашую натуру з хвіліны першага ўпадку чалавека. Марыя — натуральны прытулак спакушаных душаў. Яе прысутнасць аддаляе згубу, успамін пра Яе ўтаймоўвае фантазіі, Яе пяшчота — подых свежага паветра, што суцішае спакусы і адганяе міязмы. Мы нездарма кажам Ёй: “Маліся за нас, грэшных”, — і пры гэтых словах Яна адразу схіляецца над намі з працягнутымі рукамі.
   Яна таксама прытулак зграшыўшых душаў: набажэнства да Марыі было не для адной душы мурам і затокаю збаўлення, часам імгненным і поўным аздараўленнем, рашучым разрывам з занадта цяжкім мінулым. Дзеля ўсіх Яна найбліжэйшы лек, які заўсёды пад рукой, шлях аздараўлення.
   Гэта першая прычына, каб сказаць:
   Каб я стаўся чыстым у Той, каго Ты стварыў Беззаганнай!
   Але ёсць яшчэ чысціня душы, якую Марыя дасць нам незаўважна.
   Апостал кажа нам не “згашаць Духа” ў нас — і нават просіць “не засмучаць Яго”.
   Пры кантакце з Марыяй нашая маральная свядомасць ачышчаецца. З новай сілай мы пачынаем ненавідзець грэх: нам ужо не досыць не любіць зло – мы навучымся яго ненавідзець. На Галгофе смерць Сына настолькі закранула Марыю, што можна казаць пра своеасаблівую смерць для Яе. Паміж іншым, богазабойства нараджаецца з самога граху, дзеля якога гэта характэрна. Вось меч, што прасякне Яе душу болем.
   З гэтай хвіліны — як Ёй не падзяліцца з намі сваім стаўленнем да граху? Як Яе любові не зрабіць у нас больш уражлівымі далікатнасць сумлення і жаданне пазбягаць усялякай заразы граху? Наш сучасны свет згубіў сэнс граху, таму што згубіў сэнс Бога.
   Дазвольце Марыі ўвайсці ў душу і адкрыць яе на Духа Святога, і — зараз жа — адчуецца і будзе неабходным патрабаванне больш далікатнай і вытанчанай чысціні. Суседства Беззаганнай адкрые нам гэтыя “памылкі, абразы і шматлікія занядбанні”, у якіх мы вінавацім сябе перад алтаром, занадта не ведаючы, ці гэта стылёвая ўмоўнасць, ці згоднае перабольшванне. Іх можна будзе ўбачыць, гэтыя памылкі, як пылінкі, што граюць у промні сонца, іх можна будзе ўбачыць нават там, дзе мы лічым сябе бездакорнымі, у недасяжных кутках. Іх можна будзе ўбачыць у нашых суджэннях, размовах і ўчынках.
   І пасля таго, як Марыя дасць нам сваё святло, каб убачыць нашыя грахі і іх зненавідзець, Яна за руку, пяшчотна, павядзе нас далей, у бязмернае святло нашых думак, неблагіх, але непатрэбных. Яна навучыць нас, што кожнае стварэнне, якое набліжаецца да нас, якім бы святым яно ні было, можа быць небяспекай для душы — небяспекай спыніцца, перашкодай, што незаўважна паўстане паміж Богам і намі. Яна дапаможа нам пазбегнуць захаплення, якое нараджае прыгажосць рэчаў гэтага свету; Яна вызваліць нас ад тонкай спакусы падабацца самім сабе, з рызыкай больш не быць як Яна — чыстым адлюстраваннем Бога.
   Захоўваць сваю душу для Бога — гэта заданне, якое патрабуе чування на варце. Марыя — Дзева заўсёды верная і асцярожная, якая ніколі не засмуціла Святога Духа; Яна вельмі хутка дасць нам гэтую паставу няспыннага чування, якая радуе сэрца Бога.
   Незаўважна мы ўвойдзем у Яе пачуцці, у Яе дыспазіцыю, у Яе інтэнцыі, у Яе дзеянні. Паколькі Яна ўся напоўненая і прасякнутая Духам Святым, мне трэба дыхаць Ім у Ёй і вырачыся дзеля гэтага сваёй уласнай волі і усяго сябе, каб узяць, ці, хутчэй, з пакорай прыняць волю Духа і стаць, такім чынам, “прыладай Яго магутных намераў”. Еднасць з Марыяй вядзе нас да еднасці з Духам Святым, праз паслядоўныя і пэўныя дотыкі Іх уздзеяння. Не абавязкова ўсведамляць гэта: гэтая таямніца адбываецца ў веры. “Дух Святы, — сказаў арханёл Гаўрыіл, — сыдзе на  Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе”. І таксама ў ценю гэтай моцы адбываюцца вялікія рэчы.

   3. Нашае ўзрастанне ў Хрысце

   Абяцанне працягвае:
   Каб праз Цябе ўва мне ўзрастаў наш Пан Езус Хрыстус…
   Каб разам з Ёй, Яго Маці, я мог несці Яго  свету і людзям, што Яго патрабуюць.
   У працяглай працы ачышчэння і вызвалення ад сябе няма нічога негатыўнага: яе мэта —  дазволіць хуткаму ўзрастанню ў нас Хрыста. Народжаны ў Божай любові, ён мае толькі адзіную мэту ўзрастання. Пад удзеяннем Духа Святога мы ператвараемся “з яснасці ў яснасць” па адзіным падабенстве — Нашым Госпадзе. Таму што менавіта ў Ім, мы гэта ведаем, завяршаецца справа Духа Святога праз Марыю.
   Якой шчаслівай неспадзяванкай будзе для легіянера адкрыць аднойчы ў сабе павольную, таямніча ажыццяўляную працу ласкі! Губляючы сваю душу дзеля бліжніх, легіянер знойдзе яе згодна евангельскаму абяцанню. Гэтае ўзрастанне Хрыста да поўнай велічыні будзе нязмернай узнагародай за апостальскую самааддачу.
   Досвед паказвае, што самы пэўны спосаб вытрываць і насычаць веру — гэта казаць пра яе іншым. Веру не хаваюць для сябе, абносячы яе кітайскім мурам, нават калі ўявіць, што гэта мажліва ў нашыя часы.
   Мы атрымалі веру, каб яе “сцерагчы” ці  распаўсюджваць? Што значыць Евангелле, якое больш не перадаецца як добрая навіна: пасланне, якое больш не перадаецца — гэта агонь, які не гарыць і нямая мова?
   На пачатку Касцёла нельга было б адкрыць Госпада, не ідучы, не бегучы да свайго брата, як некалі Андрэй да Пятра, каб сказаць: “Мы знайшлі Месію”. Ці гэта не нармальная рэкцыя, нават сёння, няверуючага, што нечакана знаходзіць веру? Ён сам не разумее, і мае рацыю не разумець, што можна закапаць такі скарб. Гэта святая рэкцыя: гэта мы “выкарыстаныя”, мы, што “пастаўленыя” ў невыбачальныя варункі. “Каталікі сапраўды нязносныя ў сваёй містычнай бяспецы, — усклікаў Пэгі. — Калі яны лічаць, што святыя былі спакойнымі спадарамі, яны памыляюцца”.
   І гэта праўда: мы прынялі бок тых масаў, што адышлі ад веры, і нават распрацавалі падыходзячую філасофію неўмяшальніцтва. Ёсць аўтары, гатовыя прыглушыць ці змяніць тэксты Евангелля, дзе гаворыцца пра тое, што трэба гучна казаць аб праўдзе на стрэхах дамоў, якія бачаць у гэтым адсутнасць такту, нават больш — недапушчальнае  ўмяшальніцтва ў вобласць вольнай свядомасці. Яны ідуць нават да таго, што кажуць, што адзінае прапаведванне, якое пасуе нашаму часу, настолькі заклапочанаму незалежнасцю і аўтаноміяй, — гэта прапаведванне прыкладам, самым непасрэдным прыкладам. І кожны празелітызм падазраецца ва ўмяшальніцтве і злоўжыванні.
   Нам сцвярджаюць, што місія Касцёла — не навярнуць свет, а зрабіць магчымым і жаданым хрысціянскае жыццё для кожнага чалавека. І гэта пад зручнай адгаворкай таго, што “навярнуць” людзей не ўваходзіла у місійныя запаветы Хрыста. Трэба сказаць смела: падобныя тэорыі — гэта выклік для праўды. Наш Госпад заснаваў прапаведванне праз патрэбу гэтай радыкальнай змены, адновы душы, якіх патрабавалі Папярэднікі і якія выказваліся адным словам навяртання: “Навярніцеся, пакайцеся”. Праз тое, што мы павярхоўна кажам пра “сведчанне” і “прысутнасць”, мы забываемся, што ў Новым Запавеце сведчанне — гэта перш за ўсё вуснае абвяшчэнне Евангелля. Езус пасылае нас да нашых сучаснікаў, як апосталаў да язычнікаў, “каб адкрыць ім вочы і навярнуць з цемры да святла… і каб такім чынам яны атрымалі адпушчэнне грахоў і спадчыну разам са святымі.” (пар. Дзеі 26, 18).
   Дарма мы спасылаемся на абавязкі стану і іх патрэбы, якія напаўняюць жыццё і дзейнасць чалавека ў свеце. Так, як бы першым абавязкам стану хрысціяніна не было тое, што вынікае з прынятага сакраманту хросту і робіць яго адказным за ўратаванне бліжняга! А бліжні — гэта не толькі сям’я, што знаходзіцца побач! Нашая эпоха характарызуецца бояззю адказнасці. Калі сказаць ідэнтычна, яна цалкам здэхрысціянізаваная. Ахрышчаны свецкі павінен зразумець, што апостальства — гэта нармальны абавязак, самы просты, натуральная рэч, асаблівасці якой не абмяркоўваюцца. Мы часта думаем, што жыццё Хрыста — гэта прыклад святара, а не кожнага хрысціяніна. Прыкрая памылка, і наколькі згубная!
   Легіён з усёй сілы жадае дапамагчы усвядоміць гэта і абудзіць.
   Менавіта таму ён просіць у Духа:
   Каб праз Цябе ўва мне ўзрастаў наш Госпад Езус Хрыстус…
   Каб разам з Ёй, Яго Маці, я мог несці Яго  свету і людзям, што Яго патрабуюць.
   Несці Хрыста святла ў адчаі гінучым душам, таму што няма большага зла ў свеце за непрыняцце Збаўцы.
   4. Нашае чаканне Хрыста

   Каб нас падтрымаць, нам даецца радасная візія — канчатковая перамога.
   І каб пасля перамогі ўсе гэтыя душы і я сам маглі вечна валадарыць з Ёй у хвале Найсвяцейшай Тройцы.
   Час прыспешвае, гэты свет мінае. Любоў Хрыста штурхае нас хутка дзейнічаць, бо набліжаецца дзень, вялікі і хвалебны, калі Госпад хвалы прыйдзе судзіць жывых і памерлых. Гэтае чаканне прыйсця Сына чалавечага прыспешвае Касцёл нястомна ажыццяўляць справу евангелізацыі.
   Да таго часу, калі Ён ізноў прыйдзе, гэта — атрыманы загад. Хрысціяне часоў святога Паўла моцна жылі гэтым “прыйсцем” — настолькі яны верылі ў хуткае вяртанне Госпада. Яны памыляліся ў даце, але наколькі ажыўляла іх гэтая жывая надзея! Мы ўжо не ўглядаемся ў небакрай у пошуках знакаў; нам трэба нанова адкрыць гэтае пачуцце гарачай нецярплівасці. Аднойчы мы ўбачым Хрыста, Ён прыйдзе. Мы будзем падобныя да Яго.
   У гэтай хвале мы таксама ўбачым хвалебную і блаславёную Дзеву. Яна ўвесь час у небе, праслаўленая целам і душой. Якая візія для легіянера, што змагаецца для Яе! Яго Каралева там, у трынітарнай велічы, напоўненая Духам Святым, які завяршае ў Ёй сваю справу.
   Яе Ўнебаўзяцце — гэта залог нашай надзеі і ўваскрашэння. Мы сузіраем у Ёй, у стане завяршэння і еднасці, усе раскіданыя багацці, што будуць дадзеныя Касцёлу на працягу стагоддзяў. Яна, па словах айца Л. Буйе, “як эсхаталагічная ікона Касцёла”[1]. Яна таксама нас чакае.
   Яна ахвяруецца нам, паводле прыгожага выразу Р. Ларантэна, “як увасоблены залог нашай надзеі”[2].
   Другі Ватыканскі Сабор вельмі выразна запрасіў нас узняць вочы на хвалебную Дзеву: “Як у Небе, — абвяшчае Сабор, — Маці Езуса, праслаўлёная з гэтага часу целам і душой, з’яўляецца вобразам і пачаткам Касцёла, які павінен мець сваё завяршэнне ў будучым стагоддзі, так сама ззяе Яна і на зямлі, пакуль не прыйдзе дзень Гасподні як знак цвёрдай надзеі і суцяшэння для пілігрымуючага Божага Народу”[3].
   Час прыспешвае Касцёл і кожнага з нас. Мы маем толькі некалькі гадоў на жыццё, і хутка нам давядзецца даць справаздачу з выкананай місіі. Мы не маем права сказаць, што схавалі нашыя таленты і не кранулі іх. Бог не прымае такога кіравання сваім дабром. Мы павінны будзем паказаць плады свайго хрысціянскага жыцця і душы, што мы прывялі да Яго. Мы не можам губляць часу; палічаная кожная гадзіна, кожная хвіліна. “Такім чынам, — пісаў святы Павел да Галатаў, — пакуль у нас ёсць час, давайце будзем рабіць дабро адзін аднаму” (6, 10).
   Легіён жадаў бы кожнаму даць гэтае прагненне, гэтую манію ратавання душаў. Ён ведае, што шмат авечак, якіх трэба прывесці, і што гэта нам даручаныя нашыя сучаснікі, а не іншым. Ён ведае кошт часу і не любіць яго марнаваць. Ён настойвае на пунктуальнасці, дакладнасці, кантролю. Гэта надае яму хуткасці: ці ж любоў не нецярплівая?
   Прыспешаны, Легіён як бізнэсовец, які пераходзіць адразу да галоўнага і не зацягвае. Але ён вольны ад ліхаманкі дзейнічаць. Ён выкарыстоўвае ўсю шырыню патрэбных метадаў, але не робіць з гэтага культу: у яго ёсць вера ў адзінага Бога праз усе гэтыя спосабы і метады.
   Яшчэ некалькі крокаў… і мы ля мэты. “Яшчэ трохі, — казаў Езус, — і вы ўбачыце мяне”. Тады ў нас будзе права на адпачынак, не раней. Адсюль нашая ваяўнічая малітва будзе як у святога Ігнацыя:
   Пане Езу, навучы мяне быць шчодрым,
   Даваць не падлічваючы,
   Змагацца не думаючы пра раны,
   Працаваць не шукаючы адпачынку,
   Аддаваць сябе, чакаючы толькі адзінай узнагароды: ведаць, што я выконваю Тваю святую волю.


[1].  Аrt. cité, Irénikon, 1949. Раge 516.
[2].  Дзева на Саборы. Стар. 141.
[3].  Lumen Gentium № 68