суббота, 2 сентября 2017 г.

Праслаўленне Найсвяцейшай Панны Марыі

Праслаўленне Найсвяцейшай Панны Марыі (Святы Ян Дамаскін)

Святы Ян Дамаскін (каля 675–749 гг.) — айцец Касцёла, багаслоў і філосаф, сістэматызатар хрысціянскай веры, а таксама знакаміты складальнік гімнаў праслаўлення, многія з якіх увайшлі ў склад царкоўных набажэнстваў. Некаторыя заклікі Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай), якімі мы асаблівым чынам ушаноўваем Маці Божую падчас маёвых набажэнстваў, паходзяць менавіта з яго твораў. «Для Маці Божай непатрэбныя пахвалы нашыя, — тлумачыў св. Ян Дамаскін у сваім „Слове на Унебаўзяцце Найсвяцейшай Багародзіцы“, — але мы маем патрэбу ў Яе славе».

Ні мова чалавечая, ні розум анёлаў, якія па-над гэтым светам, не могуць годна ўсхваліць тую [адзіную, якая неспасціжным і найнатуральнейшым чынам невыказна ўмясціла ў сябе найнатуральнейшае Слова Божае], праз якую дадзена нам яскрава бачыць хвалу Божую. Дык што ж? Не маючы сілаў усхваляць адпаведна годнасці, ці ж будзем мы маўчаць, звязаныя бояззю? Не. Ці пакрочым бясстрашна і, забыўшыся пра сваю абмежаванасць, cкінуўшы аброць страху, дакранемся бязбоезна да недатыкальнага? Не. Лепей мы растворым боязь любоўю і руплівасцю і, сплёўшы з іх вянец, са свяшчэнным трымценнем, дрыжачаю рукою з палаючаю душою прынясём недасканалыя парасткі нашага розуму, як належную даніну ўдзячнасці, да Каралевы Маці, Дабрадзейкі ўсяе прыроды.

Але як мы ўзвялічым Цябе, Валадарка наша? З якімі словамі звернемся да Цябе? Якімі пахваламі ўвянчаем Тваю святую і слаўную галаву, Прычына дабротаў, Давальніца скарбаў, Упрыгожанне чалавечага роду, Слава ўсёй прыроды, бо праз Цябе яна зрабілася сапраўды благаслаўлёнаю, праз Цябе яна ўмясціла Таго, каго дагэтуль не ўмяшчала, і на каго дагэтуль бяссільная была падняць вочы, а цяпер глядзіць з адкрытым тварам. О Слова Божае! Вытанчы марудлівы ў словах язык наш; дай нам слова жыватворнае, каб і мы маглі адкрыць вусны свае (Эф 6, 19); удыхні ў нас тую ласку Духа, з якою рыбакі красамоўнічаюць, і непісьменныя вяшчаюць мудрасць звышчалавечую, каб і мы, слабагалосыя, маглі абвясціць, хоць і не моцным голасам, веліч Тваёй улюбёнай Маці.

Яна, выбраная з даўніх часоў па прадвызначэнні і ласцы Бога і Айца, з якога Ты народжаны без болю і цярпення перад усімі вякамі, Яна нарадзіла Цябе — Жыццё ад Жыцця, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, уцелаўлёнага ад Яе ў астатнія часы. Незвычайным было Яе нараджэнне, пераўзыходзілі прыроду і мысленне збаўчыя для свету народзіны, векапомным і сапраўды святым было Яе хвалебнае ўнебаўзяцце. Яе прадвызначыў Айцец, Яе прадвясцілі прарокі Духам Святым, а асвячальная моц Духа ахапіла Яе, ачысціла, асвяціла і як бы арасіла. Тады невымоўна ўсяліўся ў Яе Ты — мяжа і Слова Айца, і паклікаў нашую нікчэмную натуру на бязмежныя вышыні Тваёй неспасцігальнай Боскасці. Прыняўшы пачаткі нашай натуры ад найчысцейшай і беззаганнай святой Дзевы, Ты ўтварыў сам сабе цела, адушаўлёнае славеснаю і разумнаю душою, успрыняў яго на сябе і стаўся дасканалым чалавекам, не перастаючы быць дасканалым Богам і адзінасутным Айцу Твайму, толькі па невымоўнай дабрыні сэрца ўспрыняўшым на сябе нашую слабасць. І Ты нарадзіўся з Яе — адзіны Хрыстус, адзіны Пан, адзіны Сын, Бог і разам з тым чалавек. Стаўшы пасрэднікам паміж Богам і чалавекам, Ты знішчыў варожасць і прывёў адступнікаў да Айца Твайго, заблукалае навярнуў, азмрочанае прасвятліў, заняпалае аднавіў, тленнае перамяніў у нятленнае, стварэнне вызваліў ад памылковага ўяўлення аб мнагабожжы, людзей учыніў дзецьмі Божымі, зняслаўленых аб’явіў удзельнікамі Боскай славы, прыгаворанага да прабывання ў адхлані ўзвёў вышэй за ўсялякія начальствы і ўлады, асуджанага зноў стаць зямлёю і прабываць у пекле пасадзіў у самім сабе на каралеўскі трон. Але хто ж быў раскошнаю палатаю, дзе падрыхтоўваліся гэтыя бязмежныя даброты, што пераўзыходзяць усялякі розум і разуменне? Ці ж не Найчысцейшая Дзева, якая нарадзіла Цябе?

Яе нараджэнне было абвешчана праз анёла: бо трэба было, каб тая, што па целу стане Маці адзінага сапраўды дасканалага Бога, і ў гэтым не саступала нікому і не займала другога месца. Потым Яна прысвячаецца святому храму Божаму і жыве тут, выяўляючы перад усімі асаблівую чысціню і дасканаласць у спосабе жыцця, аддаліўшыся ад усялякіх зносінаў з мужчынамі і жанчынамі, нявольнікамі грахоў. Калі ж дасягнула паўналецця і паводле закону не магла заставацца ў святыні, тады саборам святароў даручаецца Юзафу, апекуну Яе дзявоцтва, які, у параўнанні з іншымі, да старасці захаваў закон непарушным. Вось у яго і прабывала гэтая святая і найчысцейшая дзяўчына, цалкам аддаўшыся хатнім заняткам і не ведаючы нічога, што адбывалася па-за Яе домам.

Але калі надышла паўната часу, як кажа Боскі Апостал (Гал 4, 4), то да гэтай праўдзівай дачкі Божай быў пасланы анёл Габрыэль і прамовіў да Яе: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28). Якое прыгожае і цудоўнае гэтае анёльскае прывітанне, звернутае да той, якая вышэй за анёлаў: яно прыносіць радасць для ўсяго свету. Але тая, што вырашыла непарушна захоўваць дзявоцтва, не прывычная да размовы з мужчынамі, збянтэжылася ад гэтых cловаў. «Што можа азначаць такое прывітанне?» — разважала Яна. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана» (Лк 1, 30). Сапраўды, знайшла ласку Тая, што была годная ласкі. Знайшла ласку Тая, што [супрацоўнічала з ласкаю], вырошчвала яе і атрымала багатае жніво. Знайшла ласку Тая, што нарадзіла насенне ласкі і сабрала багатыя каласы яе. Знайшла бездань ласкі Тая, што захавала непашкоджаным карабель двайнога дзявоцтва, бо Яна і душу, не менш за цела, зберагла чыстаю, таму захавалася і чыстасць цела. «І народзіш Сына, — сказаў анёл, — і дасі Яму імя Езус» (Лк 1, 31). А Езус азначае Збаўца, «бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў» (Мц 1, 21). Што ж адказвае гэтая скарбніца праўдзівай мудрасці?

Яна не наследуе прамаці Еву, а наадварот, выпраўляе яе неасцярожнасць і, засцярогшы сябе прыродаю, вось як адказвае на словы анёла: «Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? (Лк 1, 34) Ты кажаш пра немагчымае. Словы твае разбураюць межы прыроды, пастаўленыя Тварцом. Не згаджуся быць другою Еваю і парушыць волю Стварыцеля! Калі ты не гаворыш супраціўнага Богу, то рассёй маё сумненне, растлумач мне спосаб зачацця». На гэта адказаў Ёй анёл ісціны: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым (Лк 1, 35). Тое, што здзяйсняецца сёння, не падпарадкаванае законам прыроды, бо Творца і Валадар прыроды па сваёй уладзе змяняе законы прыроды». Яна ж, пачуўшы з глыбокаю пашанаю гэтае заўсёды жаданае і высокашаноўнае імя, прамовіла словы пакорнасці, поўныя боязі і радасці: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова».

О глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога, — скажу сёння і я разам з Апосталам. Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! (Рым 11, 33). Якая бязмерная міласць Божая! Якая нязмерная любоў! Той, хто кліча да існавання тое, што не існуе (Рым 4, 17), хто напаўняе неба і зямлю, каму неба служыць тронам, а зямля падножжам, учыніў сабе прасторнае жыллё ва ўлонні рабы сваёй і ў ёй здзейсніў самую дзівосную з усіх таямніцаў. Бо Ён, які ёсць Богам, робіцца чалавекам, у вызначаны час найнатуральнейшым чынам нараджаецца, пакідаючы ключы дзявоцтва непарушанымі; і як немаўля носяць зямныя рукі Таго, хто ёсць адлюстраваннем славы Айца і вобразам Ягонай сутнасці, хто ўсё трымае словам вуснаў сваіх (Гбр 1, 3). О сапраўды Боскія цуды! О таямніцы, што пераўзыходзяць прыроду і разуменне! О праслаўленне дзявоцтва, якое вышэй за чалавечую прыроду! Што азначае гэтая вялікая таямніца пра Цябе, о святая Маці і Дзева? «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго! (Лк 1, 42) Благаслаўлёная Ты з роду ў род, адзіная благаслаўлёная ва ўсе вякі! Вось ужо благаслаўляюць Цябе ўсе пакаленні, як Ты сказала (Лк 1, 48).

Перад Табою і мы стаім сёння, Панна над паннамі, Маці непарушная! Да спадзявання на Цябе, як да нейкага моцнага і непарушнага якара, прымацавалі мы свае душы, Табе прыносім саміх сябе цалкам: розум, душу, цела; Цябе ўшаноўваем па магчымасці (бо годна ўшанаваць Цябе немагчыма) псальмамі і гімнамі і духоўнымі песнямі. Калі — як навучае нас святое Слова — пашана, якую мы складаем, такім, як мы, слугам служыць доказам нашай руплівасці ў адносінах да агульнага Валадара, то ці можам мы не ўшаноўваць Цябе, нарадзіўшую Пана? Для тых, хто пабожна ўшаноўвае Тваю памяць, сапраўды дастаткова каштоўнага дару памятання пра Цябе, бо яно дае неад’емную радасць. Сапраўды, якім задавальненнем, якімі дабротамі не напоўніцца той, хто ўчыніць свой розум сховішчам найсвяцейшай Тваёй памяці? Як сведчанне нашай удзячнасці мы прыносім Табе гэтыя парасткі словаў, гэтае ўзліванне ўбогага розуму, які кіруецца любоўю да Цябе, забыўшыся пра сваё бяссілле. Прымі прыхільна гэтую нашу руплівасць, бо Ты ведаеш, што ёй не адпавядаюць нашыя сілы. Узглянь на нас у Тваёй дабрыні, Валадарка наша, Маці найдабрэйшага Пана, уладкуй справы нашыя, уціхамір парывы агідных жарсцяў нашых; увядзі нас у ціхае прыстанішча Божай волі, учыні нас годнымі слодычы будучага шчасця і непасрэднага азарэння ад уцелаўлёнага з Цябе Бога Слова, з якім хвала, пашана, валадарства і велічанне Айцу разам са святым і жыватворным Духам, цяпер і на векі вечныя. Амэн.


Падрыхтавала Ірына Бурак

Молімся да Маці Божай

Май — найпрыгажэйшы з усіх вясновых месяцаў, бо гэта месяц першых кветак, сакавітай зеляніны. У гэты час усё расцвітае, усё становіцца духмяным, свежым, чыстым. Менавіта гэты цудоўны месяц прысвечаны ў Касцёле Маці Божай. Менавіта ў гэты час у касцёлах, капліцах, а таксама каля прыдарожных крыжоў, прыбраных кветкамі і стужкамі, праводзяцца маёвыя набажэнствы. Вернікі ўзбагачаюць свае штодзённыя малітвы словамі Ларэтанскай літаніі.

Слова «літанія» паходзіць ад грэцкага litaneia або ад лацінскага litania, што значыць просьба, маленне, выпрошванне. Словам «літанія» называецца прыватная або публічная малітва, складзеная з апастрофаў, скіраваных да Бога, Духа Святога, Езуса Хрыста, Маці Божай або святых, злучаная з заклікамі аб іх заступніцтве і апецы. Літаніі пачалі з’яўляцца ў перыяд ранняга Сярэднявечча, іх выкарыстанне рэгулявалі заканадаўчыя акты Апостальскай Сталіцы. Літанія да ўсіх Святых лічыцца самаю старажытнаю. З вялікай колькасці створаных на той час марыйных літаній была выбрана тая, што чыталася, пачынаючы з ХV ст., у італьянскім марыйным санктуарыі ў мястэчку Ларэта (адсюль назва Ларэтанская літанія).

Ларэтанская літанія бярэ свой пачатак у манаскай традыцыі, якая абапіраецца на старажытныя марыйныя ўзоры, асабліва на малітву Усходняй Царквы — Акафіст. Існуе меркаванне, што гэта літанія — спрошчаная версія старажытных літаній да Маці Божай, якая ўпершыню з’явілася ў ХІІ ст. Распачынаецца Ларэтанская літанія заклікамі, скіраванымі да Бога, Адзінага ў Святой Тройцы, далей прамаўляецца 51 заклік да Марыі і пасля гэтага — заклікі да Езуса Адкупіцеля. Заклікі да Маці Божай дзеляцца на тры групы. Першая група заклікаў — дагматычная (ад словаў «Святая Марыя…» да словаў «Панна верная…»), бо сканцэнтравана на двух галоўных марыйных догматах: мацярынства і дзявоцтва. Марыя, Маці і Дзева паўстае тут перадусім як выбраная Створцам для рэалізацыі Яго збаўчых планаў. Другая група заклікаў называецца гісторыясофскай (ад словаў «Люстра справядлівасці…» да словаў «Успамога хрысціянаў…») і адлюстроўвае прыгажосць і дасканаласць Маці Езуса, пералічвае цноты Дзевы з Назарэта, каб урэшце паказаць Яе як асаблівую дапамогу хрысціянам. У апошняй групе заклікаў, эсхаталагічнай (ад словаў «Каралева анёлаў…» да словаў «Каралева спакою…»), Маці Езуса называецца праслаўленай Каралевай усіх збаўленых, а таксама тых, хто яшчэ змагаецца з зямнымі слабасцямі.

Дзякуючы святому Пятру Канізію, які запісаў Ларэтанскую літанію ў сваёй кнізе для набажэнстваў, а такім чынам, ордэну езуітаў, літанія стала вядомаю ва ўсім хрысціянскім свеце. У 1587 г. Папа Сікст V упершыню зацвердзіў яе афіцыйна, а ў 1601 г. Папа Клемент VІІІ — паўторна. З цягам часу да літаніі дадаваліся ўсё больш новыя заклікі, напр., заклікі «Каралева Ружанца святога…», «Каралева без граху першароднага зачатая…», «Маці добрай рады…» зацвердзіў Леў ХІІІ; «Каралева супакою…» — у 1917 г. Бэнэдыкт ХV; «Каралева ўнебаўзятая…» — Пій ХІІ пасля абвяшчэння догмату аб Унебаўзяцці. На сённяшні дзень, апроч Ларэтанскай літаніі, яшчэ шэсць літаній пацверджаны і дазволены Касцёлам для публічнага чытання падчас набажэнстваў: да Найсвяцейшага Імені Езус (1886 г., зацвердзіў Леў ХІІІ), да Найсвяцейшага Сэрца Езуса (1899 г., зацвердзіў Леў ХІІІ), да Найдаражэйшай Крыві Езуса (1960 г., зацвердзіў Ян ХХІІІ), да святога Юзафа (1909 г., зацвердзіў Пій Х).

Большасць заклікаў Ларэтанскай літаніі зразумелыя, але некаторыя трэба патлумачыць. Кiрые, элейсон, Хрыстэ, элейсон — гэта вельмі старажытны грэцкі заклік, які спяваецца ў святой Імшы напераменку са святаром. У перакладзе на беларускую мову гэта значыць: Пане, змілуйся! Хрыстэ, змілуйся! Святая Тройца, Адзiны Божа— заклік да Бога ў Тройцы Адзінага: Айца і Сына, і Духа Святога. Святая Марыя (з габрэйскай Miriam) у розных мовах азначае Тую, якую любіць Бог, і Тую, якая любіць Бога, усяляе радасць, з’яўляецца ўзорам прыгажосці, не ўчыніла граху. Мацi Касцёла азначае, што Касцёлам з’яўляемся ўсе мы, веруючыя людзі, таму Яна з’яўляецца Маці для ўсіх нас. Мацi ласкi Божай — так сказаў пра Яе арханёл Габрыэль, «поўная ласкі», без граху. Мацi беззаганная азначае, што Бог выбраў Марыю для здзяйснення свайго спрадвечнага плану збаўлення чалавека і такім чынам бязмерна ўзвысіў Яе над усімі стварэннямі. Мацi непарушная — Маці, але пры гэтым заўсёды беззаганная Дзева. Люстра справядлiвасцi азначае, што Яна ўвасабляе саму справядлівасць, г. зн. святасць. Сталiца мудрасцi азначае, што мудры той, хто ўмее добра, узорна жыць. Марыя з’яўляецца святыняю Духа Святога, таму мы называем Яе Святыня духоўная. Вежа Давiдава азначае, што Яна Найпрыгажэйшая з Давідавых збудаванняў. Як вядома, Марыя паходзіла з роду Давідавага. Словы Вежа з косцi слановай нагадваюць пра тое, што слановая костка вельмі каштоўны матэрыял, які служыць для аздобы дарагіх рэчаў і вырабу ўпрыгожванняў. Залаты доме азначае, што Яна самая прыгожая і бясцэнная. Арка Запавету — Арка або Каўчэг, у якім знаходзіліся скрыжалі Божага Запавету, каўчэг — гэта знак прысутнасці Бога. Брама нябесная азначае, што Марыя, нарадзіўшы Езуса Хрыста, адчыніла браму ў неба, якая была зачыненая пасля першароднага граху Адама і Евы. Зорка ранiшняя азначае, што Марыя, як тая Зорка, заззяла на небасхіле, прадвяшчаючы вялікае Святло, г. зн. Езуса Хрыста. Каралева Анёлаў азначае, што Маці Божая з’яўляецца Каралеваю, бо Яе Сын, Пан Езус, — Валадар Сусвету і ўсіх стварэнняў. Заклік Каралева сем’яў дапісаны ў літанію ў 1995 г., каб напамінаць пра тое, што Маці Божая павінна валадарыць у кожнай сям’і. Баранку Божы, якi бярэш на сябе грахi свету, — так сказаў пра Пана Езуса святы Ян. Забіты Баранак — гэта Пан Езус, бо Ён узяў на сябе ўсе нашыя грахі, каб вызваліць нас ад граху, які забівае. Ён памёр, каб мы маглі жыць.

Падрыхтавала Іна Ламака
Крыніца: http://media.catholic.by/ave/

Месяц май прысвечаны Багародзіцы


З надыходам месяца мая, які дзякуючы пабожнасці вернікаў ужо даўно прысвечаны Багародзіцы Марыі, дух наш напўаняецца радасцю, мы заўважаем узрушальныя праявы веры і любові, якія ў хуткім часе ўся зямлі засведчыць для ўшанавання Каралевы неба. У гэтым месяцы хрысціяне і ў святынях, і ў дамах узносяць пашану і любоў да Багародзіцы, пераняныя з традыцыі. І звычайна ўзамен у гэты час усё часцей і больш шчодра сыходзяць з трона нашай Маці дары Божага замілавання.

Гэтая пабожная практыка ўшанавання Марыі прыносіць хрысціянскаму народу шчодрыя дары. Марыя з’яўляецца дарогаю, якая вядзе да Хрыста, а ўсе сустрэчы з Марыяй, безумоўна, вядуць да сустрэчы з Хрыстом. Што шукаем мы, калі пастаянна звяртаемся да Марыі? Толькі Хрыста, які спачвае на Яе руках, г. зн. Шукаем Яго ў Ёй, праз Яе і з Ёю. Да Хрыста, свайго Збаўцы, павінны звяртацца людзі падчас замяшання і небяспекі гэтага свету, тым больш, што патрэба іх душаў скіроўвае іх да Езуса як да гавані і крыніцы звышнатуральнага жыцця.

Менавіта месяц май заахвочвае нас да таго, каб як мага часцей і з яшчэ большым даверам прасіць Марыю, найласкавейшае Сэрца якой у гэты час найбольш прыхільнае да нашых просьбаў. Таму нашыя папярэднікі ў гэты месяц, прысвечаны Багародзіцы, заахвочвалі хрысціянскую супольнасць узносіць публічныя малітвы да Марыі, калі гэтага вымагалі патрэбы Касцёла або небяспека, якая пагражала свету.

Няхай жа ў Марыйным месяцы з большаю адданасцю і даверам узносяцца просьбы да Багародзіцы, каб выпрасіць у Яе ласкі і дары. Калі сур’ёзныя правіны людзей абражаюць Бога і заслугоўваюць заслужанага пакарання, то тым больш нельга забывацца пра тое, што Ён з’яўляецца “Айцом Міласэрнасці і Богам усялякага суцяшэння” (2 Кар 1, 3). Бог прызначыў Найсвяцейшую Панну Марыю шчодраю распарадчыцаю сваіх дароў.

Марыя спазнала прыкрасць гэтага смяротнага жыцця, мазалі штодзённага жыцця, цяжкія клопаты, якія нясе з сабою ўбогасць, а перадусім Яна перанесла цярпенні на Кальварыі. Няхай Марыя ласкава выслухае галасы пабожных людзей, якія адусюль узносяцца да Яе з зямлі, просячы Яе аб супакоі. Няхай Яна асвячае розум кіраўнікоў. Няхай урэшце выпрасіць у Бога, каб Ён, Які распараджаецца вятрамі і бурамі, супакоіў завіруху неспакойных думак і “даў супакой у нашыя дні”. Няхай Бог удзеліць сапраўдны супакой, які абапіраецца на справядлівасць і любоў як моцны і трывалы фундамент. Перш за ўсё справядлівасць з’яўляецца асноваю супакою, калі трэба прызнаць правы слабых і моцных. У сваю чаргу супакой паходзіць з любові, якая ахоўвае да памылковых праяваў эгаізму. Любоў учыніць так, што абарона правоў аднаго чалавека не стане забыццём і парушэннем права, якое мае іншы чалавек.

Асаблівую надзею мы ўскладаем на малітвы дзяцей і церпячых, бо іх галасы даходзяць да неба і лагодзяць Божую справядлівасць. Мы маем неабходную здольнасць, каб не занядбоўваць практыку Ружанца, але настойліва заахвочваем да яго. Гэты спосаб малітвы з’яўляецца вельмі прыемным для Багародзіцы і да яго вельмі часта заахвочвае Папа. Ружанец дае вернікам найлепшую нагоду пераканацца ў эфектыўнасці Боскага Настаўніка: “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам” (Мц 7,7)

Урыўкі з энцыклікі Святога Айца Паўла VI “Mense Maio”.
Часопіс “Ave Maria” нумар 5/2012



Сувязь Эўхарыстыі з Марыяй

Для таго, каб глыбей зразумець эўхарыстычную таямніцу, неабходна яшчэ раз зірнуць на яе ў кантэксце зямнога жыцця Езуса і найбольш блізкіх Яму асобаў, а менавіта Яго Маці Марыі. Бо, калі лічыцца, што Хрыстус бачны ў жыцці святых, то тым больш Яго можна пазнаць у жыцці Той, якую Касцёл называе Найсвяцейшай. Гэтае Імя Марыі адлюстроўвае той факт, што каталіцкая супольнасць прызнае Яе найвыдатнейшым узорам веры, любові і дасканалага паяднання з Сынам. Гэта ў сваю чаргу дазваляе разважыць сувязі, якія існуюць паміж Марыяй і літургіяй, іншымі словамі — паразважаць над тым, што чыніць Марыю прыкладам эўхарыстычнай пабожнасці, у якой Касцёл ушаноўвае Хрыста і перажывае Яго таямніцу.

Марыя была Першай Вучаніцай, але не была вучаніцай пасіўнай, бо прыняцце Божага слова Яна спалучала са сведчаннем пра яго. Паколькі Марыя трывае побач з Хрыстом так блізка, як гэта магчыма, ніхто сярод стварэнняў не ведае Бога лепш за Яе і ніхто лепш за Яе не зможа ўвесці ў глыбіню Таямніцы Сына. Багародзіца становіцца Настаўніцай пабожнасці, якая вучыць сучаснага чалавека, як са свайго жыцця ўчыніць пакланенне, належнае Богу. Пакланенне Марыі істотна адрозніваецца ад культу пакланення Яе Сыну. Больш за тое, здаровы марыйны культ найбольш спрыяе культу Божых таямніцаў.

Марыя, абраная Настаўніцай і Правадыркай у пазнаванні эўхарыстычнай таямніцы, дазваляе зірнуць на яе як на шматаспектную рэчаіснасць. Вялікая колькасць назваў, якія ўжываюцца для акрэслення гэтага сакрамэнту, указваюць на невычэрпнае багацце яго ўнутранай сутнасці. Паспрабуем зірнуць на святую Імшу як на Таямніцу веры, Ахвяру і Эўхарыстыю9 ў святле Марыі, якая верыць, «суахвяруе» і дзякуе. Зрабіць такі крок нам дазваляе акрэсленне эўхарыстычнай гасціны, якое даў Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Ecclesia de Eucharistia». (…)


Эўхарыстычная таямніца веры ў святле веры Марыі

Святы Павел сцвярджае, што вера нараджаецца са слухання Божага слова і што без яе нельга сустрэцца з Богам (пар. Рым 10, 17).

Павел VI указвае на Марыю як на прыклад слухання гэтага слова, сцвярджаючы, што Яна — «Дзева, якая слухае» і з верай прымае пачутае ад Бога слова. (…)

Яе слуханне не з’яўляецца звычайным чалавечым дзеяннем, бо яно пераходзіць у сузіранне. Менавіта дзякуючы гэтаму найглыбейшаму ўваходжанню ў сутнасць пачутых праўдаў Марыя з’яўляецца ўзорам веры. Перадусім Марыя становіцца для нас прыкладам сузірання Хрыста. (…)

Вера Марыі на многіх этапах Яе жыцця была вераю гераічнаю. Яе «пілігрымка веры» працягвалася ад Звеставання ажно да падножжа крыжа. Праз сваю веру Марыя прыпадабняецца да Абрагама, які паверыў насуперак надзеі. Яе характарызуюць паслухмянасць і поўнае падпарадкоўванне розуму і волі Богу, які аб’яўляе сябе (пар. Dei Verbum, 5). Такім чынам, праз боль, цярпенне і ахвяру ўласнага жыцця Марыя рэалізуе сваю місію. Праз такую веру Марыя ўваходзіць у таямніцу Хрыста і звязвае сябе з Ім назаўсёды. Таму Яна становіцца ўзорам нашай веры, а Яе шлях веры — нашым шляхам. (…)

(…) Марыя нарадзіла Сына Бога Айца і стала як бы супрацьлеглым тыпам (антытыпам, антыподам) першай маці. Аднак Марыя паверыла не змею, але пасланніку Божаму і стала прыкладам для кожнага з сыноў Евы. Таму ячшэ хрысціянская старажытная думка на чале са святым Ірэнэем сцвярджае: «Вузел, завязаны праз непаслухмянасць Евы, быў развязаны праз паслухмянасць Марыі; тое, што звязала праз нявернасць дзева Ева, тое Дзева Марыя развязала праз веру». Яе fiat стала прычынай месіянскай радасці ўсяго чалавецтва і ўчыніла Яе «самым дасканалым узорам веры». (…)

Уся веліч марыялогіі палягае на тым, каб звязваць з Марыяй усе нашыя асабістыя сілы, у тым ліку і пачуцці. Такая тэалогія запрашае шукаць у Марыі крыніцу мужнасці жыцця, аптымізму, духоўнай раўнавагі і хрысціянскай самарэалізацыі. Гэтую апору мы знаходзім у Марыі — узоры поўнага давярэння сябе Хрысту. Ідучы Яе шляхам слухання і веры, можна лягчэй адкрыцца на глыбокае веданне Хрыста. (…) Для таго, каб пазнаць Таго, Хто пераўзыходзіць усялякія веды, і быць напоўненым усёю Поўняю Бога, неабходна, каб Ён пасяліўся ў нашых сэрцах праз веру. Тут (…) на дапамогу прыходзіць Божая Маці. Бо Яна, як першая хрысціянка, сваім прыкладам вучыць нас таму, як цалкам даверыцца Богу.

Эўхарыстыя з’яўляецца спажыткам, які дае нам сілы на шляху да Нябеснага Валадарства і нараджае камунію. Аднак нельга абмежавацца толькі такім бачаннем гэтай найвялікшай Таямніцы, бо такі погляд не дазваляе ахапіць усю яе сутнасць. Эўхарыстыя — гэта ахвяра, якая павінна таксама стаць сінтэзам кожнага дзеяння хрысціяніна. Шлях да камуніі вядзе менавіта праз ахвяру. Святы Айцец, кажучы пра Касцёл Эўхарыстыі, смуткуе з прычыны таго, што гэтая таямніца ў сучасным свеце губляе сваё ахвярнае вымярэнне. А такое абмежаванае разуменне зводзіць Эўхарыстыю да звычайнай братэрскай сустрэчы. Больш глыбокага разумення Найсвяцейшай Таямніцы немагчыма дасягнуць без позірку на сутнасць паставы ахвярнасці.

Для таго, каб зразумець сутнасць паставы ахвярнасці, неабходна зірнуць на яе першы і дасканалы прыклад — асобу Езуса Хрыста, які адказвае на любоў Айца і ў бязмежнай любові і паслухмянасці цалкам Яму аддаецца (Мц 26, 39; Ян 4, 34; 5, 30; 6, 38; 8, 29; 10, 18; 14, 31; 15, 10; 17, 4; Рым 5, 19; Флп 2, 8; Гбр 5, 8). Сёння ахвяраваць сябе Богу ў святой Імшы азначае прынесці Богу ў дар самога сябе, сваю свабоду — тое найдаражэйшае, што ёсць у чалавека. Гэты дар заключаецца ў поўным адданні сябе Богу ў рукі без аніякіх агаворак і ўмоваў. Дар самога сябе — гэта таксама адданне Богу разам з Ахвярай Цела і Крыві Хрыста ўсяго, што складае сэнс чалавечага жыцця, а менавіта: «усе ўчынкі, малітвы і апостальскія пачынанні, сужэнскае і сямейнае жыццё, штодзённая праца, адпачынак духа і цела [...] і нават жыццёвыя прыкрасці» (LG 34).

Крыніцай моцы для такога ахвяравання Айцу з’яўляецца паяднанне з Хрыстом Замучаным. Гэта дазваляе мужна прымаць на сябе штодзённыя цяжкасці і адрачэнні. Словы Езуса — «без Мяне нічога не можаце ўчыніць» (Ян 15, 5) — пераконваюць у тым, што без гэтай камуніі з Хрыстом мы не ў стане споўніць вельмі важную ўмову добрага ўдзелу ў Яго Ахвяры, г. зн. вучыцца прыносіць Богу ў ахвяры самога сябе. Святы Павел, усведамляючы гэтую праўду, піша: «Усё магу ў Хрысце, які ўзмацняе мяне» (Флп 4, 13). Таму кожны, хто адчувае патрэбу ахвяравання сябе, павінен свядома перажываць еднасць з Хрыстом, які сам спазнаў смак ахвяравання сябе праз цярпенне, муку і крыжовую смерць.

Кожны са святых з’яўляецца асаблівым прыкладам аддання сябе Богу ў любові і паслухмянасці. Найбольш пераканаўча сярод іх гэта выразіў святы Павел, кажучы: «Разам з Хрыстом я быў прыбіты да крыжа. Цяпер ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 19–20). Аднак найлепшым прыкладам такой паставы ахвярнасці сярод святых з’яўляецца Марыя, якая ўжо на пачатку свайго мацярынства дала доказ поўнага аддання сябе Богу, вымаўляючы словы: «Няхай Мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Такім чынам Яна ахвяравала сваё дзявоцкае ўлонне, каб мог прыйсці на свет Той, хто прынёс самую дасканалую ахвяру самога сябе.

Дзякуючы любові Марыя становіцца светлым прыкладам асабовай сувязі Бога з чалавекам. І сёння Бог жадае, каб гэты прыклад Марыі быў рэалізаваны ў жыцці хрысціянаў дзякуючы ўзрастанню на глебе асабістай сталасці. Гэта прыклад і заклік для ўсіх, хто верыць у Хрыста і Яго наследуе.

Ахвяраванне сябе Богу не з’яўляецца аднаразовым актам, яно мае дынамічны характар і развіваецца. Толькі Хрыстус прынёс сваю ахвяру Айцу дасканала, раз назаўсёды, і ў гэтым духу ахвяры прабывае пастаянна. Аднак для чалавека заўсёды існуе спакуса адбіраць у Бога тое, што было Яму ахвяравана. Таму ў Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору аб літургіі гаворыцца толькі пра тое, як вучыцца прыносіць сябе ў ахвяру6. Аднак не так адбывалася ў Марыі. Бо Яна, прамаўляючы «fiat» у хвіліну Звеставання, не абмежавала свайго ўдзелу ў справе Збаўлення тым, што дала цела Сыну Божаму. Яна згадзілася супрацоўнічаць ва ўсёй справе, якую павінен быў здзейсніць Яе Сын.

Сёння ахвяраване сябе Богу штодня павінна набыць форму гатоўнасці на спаўненне Яго волі, а асабліва волі, аб’яўленай ў тэстамэнце Езуса: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34).

Апісанне Ахвяравання, якое дае нам евангеліст Лука, несумненна, вельмі ўрачыстае. Аднак у ім мы бачым не толькі радасць бацькоў з прычыны асвячальнага ўключэння іх Сына ў народ абраны і захапленне Сімеона, але таксама прароцтва аб «знаку, якому супраціўляцца будуць», якім гэтае Дзіця павінна быць для Ізраэля, і пра меч, які пранікне сэрца Багародзіцы (пар. Лк 2, 34–35).

Тое, што Сімеон узгадвае Марыю побач з адкінутым людзьмі Сынам, наводзіць на думку аб тым, што Яна, як Маці Месіі, будучы разам з Езусам часткай збаўчага плану Божага, удзельнічае не толькі ў Яго выпрабаваннях, але таксама ў Яго місіі Адкуплення. Побач з Хрыстом, які «„развіваецца« і „расце« да ахвяры крыжа, праз „духоўную камунію« прагі і ахвяры» дасканаліцца і Марыя, каб у будучыні з’яднацца з Сынам у Яго муцы. (…) Яе цярпенні каля падножжа крыжа дасягнулі той ступені, якая пераўзыходзіць усялякія чалавечыя ўяўленні. Аднак яны былі таямнічым чынам плённыя для Адкуплення свету. Марыя ўдзельнічае ў цярпеннях Езуса да канца. Яна не адкідвае той меч, які прадказваў Сімеон (пар. Лк 2, 35), але так, як і Яе Сын, прымае збаўчы план Айца. Такім чынам, Марыя становіцца першай удзельніцай ахвяры Адкуплення і назаўсёды застаецца прыкладам для тых, хто без ваганняў далучаецца да ахвяры Збаўцы. (…) Зразумела, мы не можам фізічна быць побач з Марыяй пад крыжам, але мы можам па прыкладзе Дзевы суахвяраваць сябе з Яе Сынам падчас кожнай Эўхарыстыі.

Удзел Марыі ў збаўчай Таямніцы Сына не з’яўляецца аднаразовым — гэта своеасаблівая «пілігрымка веры», якая нібыта заключана паміж fiat у хвіліну Звеставання і fiat перад абліччам крыжовай ахвяры Сына. Марыя, якая зведала супрацоўніцтва з Хрыстом, вучыць нас, што кожны па-свойму можа ўключыцца ў справу Збаўлення. Бо толькі Яна, якая найлепш ведае сэрца свайго Сына, можа паказаць нам, чым з’яўляецца Ахвяра Хрыста, і навучыць нас суахвяраваць сябе з Ім Айцу ў Эўхарыстыі.

Эўхарыстыя як сакрамэнт нашага збаўлення заключае ў сабе не толькі ўспамін Ахвяры, здзейсненай Хрыстом на крыжы, але з’яўляецца таксама ахвярай праслаўлення і падзякі за справу стварэння і адкуплення.

У перакладзе з грэцкай мовы «Эўхарыстыя» літаральна азначае ўдзячнасць альбо акт праяўлення гэтае ўдзячнасці. Неабходна звяртаць асаблівую ўвагу на аспект падзякі Богу. Нельга разумець Эўхарыстыю як нейкі рытуал альбо чароўны сродак, дзякуючы якому можна дабівацца прыхільнасці Бога. Святая Імша — гэта малітва, якая ўвасабляе ўдзячнасць, якая становіцца часткай вялікай падзякі, якую Езус складае Богу Айцу. Гэта падзяка за адвечную любоў Бога да свайго стварэння, за ўсё, што Ён учыніў на працягу вякоў, каб гэтае стварэнне адкупіць і асвяціць, а таксама за Яго абяцанне быць з намі «ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).

Менавіта ў святой Імшы ажыццяўляецца вялікая падзяка Богу ўсяго Божага народа, які праз Хрыста і з Хрыстом складае Айцу ў небе пашану і хвалу. Вылучэнне ў эўхарыстычнай малітве ідэі падзякі ні ў якім выпадку не выключае ні характару ахвяры, ні такіх аспектаў святой Імшы як просьба і перапрашэнне. Бо святая Імша з’яўляецца падзякай менавіта таму, што з’яўляецца ахвярай. Гэта Эўхарыстычная Ахвяра, якая складаецца з сэрцам, поўным удзячнасці.

У чалавеку, які глыбока перажывае ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры, дух удзячнасці распальвае жаданне цалкам ахвяраваць сябе Творцу. Усведамляючы, што з-за духоўнай прыроды Бога Яго нельга адарыць, але можна дакрануцца да Яго ў чалавеку, такая асоба пераносіць сваю ахвярную любоў на бліжніх.

У Эўхарыстыі Касцёл асаблівым чынам праяўляе сябе як Абранніца Хрыста, як панна, якая моліцца, якая «штодзённа прадстаўляе Айцу патрэбы дзяцей і нястомна праслаўляе Бога». Для Касцёла прыкладам такой паставы з’яўляецца Марыя. Заклік Марыі «Велічае душа мая Пана» (Лк 1, 46) з’яўляецца прароцтвам аб праслаўленні Хрыста-Галавы Яго Містычным Целам. Менавіта атаясамліваючы сябе з духам Марыі-Ушанавальніцы, Касцёл можа ў поўні яднацца з Хрыстом і Яго Ахвяраю ў Эўхарыстыі. Гэта можна заўважыць пры чытанні гімна Марыі ў эўхарыстычнай перспектыве. Бо тое, што яднае Эўхарыстыю і «Magnificat», — гэта праслаўленне і падзяка6.

Марыя славіць Бога як Пана і Правадыра гісторыі збаўлення, які кіруе падзеямі на шляхах свету. Гэта Ён прыніжае тых, якія лічацца магутнымі, узвышае тых, з якімі ніхто не лічыцца. Сярод гэтых убогіх Марыя бачыць таксама і сябе (пар. Лк 1, 48). Яе добраахвотнае прыніжэнне перад абліччам Пана выклікана ўдзячнасцю за вялікі дар, якім з’яўляецца Яе ўдзел у Божых планах. Усведамляючы сваё духоўнае ўбоства, Марыя праслаўляе Бога «праз» Сына, «у» Сыне і «з» Сынам, даючы прыклад сапраўды эўхарыстычнай паставы. (…)

Гімн Марыі — гэта адказ Божага народа — а, значыць, і Касцёла — на вялікія справы, здзейсненыя Панам у Дзеве і на працягу ўсіх вякоў. У Касцёле гэты спеў становіцца працягам святочнай радасці народа Старога Запавету, які ўспамінае Бога вялікага, Бога, які любіць свой народ, міласэрнага, ласкавага, святога, справядлівага і ўсемагутнага. Ён з’яўляецца Творцам, Збаўцам і Панам свету і гісторыі. Кульмінацыйным пунктам гэтых «вялікіх справаў» з’яўляецца Уцелаўленне, якое здзейснілася праз Марыю.

Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы, прысвечанай Панне Марыі, сцвярджае: «Калі „Magnificat“ выражае духоўнасць Марыі, то нішто так, як гэтая духоўнасць, не дапаможа нам перажываць эўхарыстычную таямніцу».

Такое бачанне Эўхарыстыі ў святле праслаўлення Марыі адкрывае перад тымі, хто абвяшчае Насвяцейшую Ахвяру, новыя магчымасці. Менавіта ў Марыі Касцёл атрымлівае найбольш дасканалы прыклад праслаўлення Бога і падзякі за Яго вялікія справы. Таму што без такой паставы ўдзячнасці немагчыма поўна ўдзельнічаць у таямніцы мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Трэба таксама памятаць пра неабходнасць перанясення характару падзякі святой Імшы ў штодзённае жыццё вернікаў. Эўхарыстыя, якая сама па сабе з’яўляецца падзякай, можа стаць крыніцай адкрыцця патрэбы ўдзячнасці не толькі ў адносінах да Бога, але таксама ў адносінах паміж людзьмі. Як казаў Слуга Божы Ян Павел ІІ, неабходна так абвяшчаць Эўхарыстыю, каб дзякуючы ўдзелу ў ёй жыццё вернікаў станавілася спевам праслаўлення Творцы.



Ксёндз Уладзімір Русак