Суплікацыя да Каралевы св. Ружанца з Пампеі

   Суплікацыю да Маці Божай Каралевы Святога Ружанца з Пампеі можна чытаць у любы перыяд года, але яна адмаўляецца з большай урачыстасцю ў Пампеі, у шматлікіх месцах Італіі і ўсяго свету ў палудзень 8 мая - свята Каралевы Ружанца з Пампеі, і ў першую нядзелю кастрычніка - Свята Божай Маці Каралевы Святога Ружанца з Пампеі. У палудзень таму, што гэта “гадзіна Свету”, як казаў блаславёны Бартоло Лонго.

       О Шляхетная Каралева Перамогі, о Валадарка Неба і Зямлі, Тваё Імя радуе нябёсы і прымушае дрыжаць бездань, о хвалебная Каралева  Ружанца, мы, Тваё адданыя дзеці, сабраныя ў Тваёй святыні ў Пампеі (у гэты ўрачысты дзень)[1], выказваем пачуцці нашых сэрцаў і з дзіцячым даверам прыносім Табе нашыя немачы. З Трону міласэрнасці, дзе Ты сядзіш як Каралева, скіруй, о Марыя, Твой спачувальны позірк на нас, на нашыя сем’і, на Італію, на Еўропу, на свет. Мей спачуванне да трывогаў і пакутаў, якія азмрочваюць нашае жыццё. Паглядзі, о Маці, колькі небяспекаў душы і цела, колькі бедстваў і трывогаў абцяжарвае нас. О Маці, выпрасі нам міласэрнасць Твайго Боскага Сына і перамажы вялікадушнасцю сэрцы грэшнікаў. Гэта нашыя браты і Твае дзеці, якія каштуюць крыві Твайго лагоднага Езуса і якія засмучаюць Тваё вельмі чулае Сэрца.  Пакажы нам, якая Ты, Каралева супакою і прабачэння.

Вітай, Марыя

   Сапраўды, мы, хоць і з’яўляемся Тваімі дзецьмі, сваімі грахамі ізноў крыжуем Сэрца Езуса і яшчэ раз прабіваем мечам Тваё Сэрца. Мы прызнаем: мы заслугоўваем самага жорсткага пакарання, але ўзгадай, што на Галгофе Ты прыняла разам з боскай Кроўю  запавет паміраючага Адкупіцеля які абвясціў Цябе нашай Маці, Маці грэшнікаў. Таму як нашая Маці – Ты нашая Заступніца, нашая Надзея. І мы, стогнучы, працягваем свае рукі да Цябе і ўсклікаем: Міласэрнасці! О добрая Маці, злітуйся над намі, над нашымі душамі, над нашымі сем’ямі, над нашымі сваякамі, над нашымі сябрамі, над нашымі памерлымі, а асабліва над нашымі ворагамі і над усімі тымі, хто называе сябе хрысціянамі і тым не менш абражае любае Сэрца Твайго Сына. Мы  просім сёння аб літасці да заблукаўшых Народаў, да ўсёй Еўропы, да ўсяго свету, каб, навярнуўшыся, яны вярнуліся да Твайго Сэрца. Мей міласэрнасць да ўсіх, о Маці Міласэрнасці!

Вітай, Марыя

   Выслухай нас дабразычліва, о Марыя! Езус склаў у Твае рукі ўсе скарбы Сваіх ласкаў і Сваёй міласэрнасці. Ты, каранаваная Каралева, сядзіш праваруч Свайго Сына ў ззянні несмяротнай хвалы, вышэй за ўсе хоры Анёлаў. Тваё панаванне распасціраецца на ўсёй працягласці неба і зямлі, і ўсе стварэнні падпарадкоўваюцца Табе. Ты ўсемагутная праз ласку, Ты можаш нам дапамагчы. А калі Ты не захочаш нам дапамагчы з-за таго, што мы – няўдзячныя дзеці і нягодныя Тваёй апекі, нам не будзе больш да каго звярнуцца. Тваё Матчынае Сэрца  не дазволіць убачыць нас, Тваіх дзяцей, згубленымі. Дзіця, якое мы бачам на Тваіх каленях, і таямнічы Вяночак, што мы сузіраем у Тваёй руцэ, нараджаюць у нас давер у тое, што мы будзем выслуханыя. І мы цалкам давяраем Тябе, мы аддаемся, як слабыя дзеці, у Твае рукі найпяшчотнейшай з маці, і ўжо сёння чакаем ад Цябе настолькі доўгачаканыя ласкі.

Вітай, Марыя

Просім блаславенства ў Марыі
   Апошнюю ласку мы просім у Цябе ў гэтую хвіліну, о Каралева, якой Ты не можаш нам адмовіць (у гэты святочны дзень)[2]. Адары нас усіх Тваёй вернай любоўю і, асаблівым чынам, Тваім мацярынскім блаславенствам. Мы не адыдзем ад Цябе пакуль Ты нас не паблаславіш. Блаславі, о Марыя, у гэтую хвіліну, Святога Айца. Да антычнай велічы Тваёй Кароны, да трыюмфу Твайго Ружанца, дзякуючы якім Цябе называюць Каралевай Перамогі, дадай яшчэ гэта, о Маці: удзялі перамогу Веравызнанню і супакой людскому грамадству. Блаславі нашых біскупаў, нашых святароў і асабліва ўсіх тых, хто працуе на карысць Твайго Санктуарыя. Блаславі, нарэшце, усіх тых, хто далучыўся да Тваёй Святыні ў Пампеі, пашырае і распаўсюджвае набажэнства Святога Ружанца. О блаславёны Ружанец Марыі, салодкі Ланцуг, які звязвае нас з Богам, повязь любові, якая  яднае нас з Анёламі, вежа збаўлення супраць пасткаў пекла, надзейны порт падчас паўсюднай згубы, мы ніколі цябе больш не пакінем. Ты будзеш нашым узмацненнем у хвіліну перадсмяротнай агоніі, табе належыць апошні пацалунак згасаючага жыцця. І апошнім словам на нашых вуснах будзе Тваё салодкае Імя, о Каралева Ружанца з Пампеі, о нашая найдаражэйшая Маці, о Прытулак грэшных, о Велічная Суцяшальніца засмучаных. Будзь паўсюль блаславёная, сёння і заўсёды, на зямлі і ў небе. Aмэн.

Вітай, Каралева…

Памятай, о найміласэрнейшая
 Ружанцовая Дзева з Пампеі
   Памятай, о найміласэрнейшая Ружанцовая Дзева з Пампеі, што ніколі не здаралася, каб той, хто праз Ружанец прасіў аб Тваёй дапамозе і клікаў Цябе на паратунак, быў пакінуты. Ажыўлены гэтым даверам, я прыходжу да Цябе, о Маці Міласэрнасці, Дзева дзеваў, магутная Каралева Перамогі. Стогнучы пад цяжарам маіх грахоў, я падаю да Тваіх ног, просячы аб міласэрнасці і аб ласцы. Не пагарджай маёй малітвай, о Маці Слова, але праз Твой Святы Ружанец і праз любоў да Тваёй святыні ў Пампеі, пачуй мяне ласкава і выслухай. Амэн.

Малітва да Маці Божай Ружанцовай
 О Марыя, Каралева Святога Ружанца, выпрасі нам ласку сузіраць, жыць і праменяваць ва ўсім свеце Таямніцай Езуса Хрыста і Ласкай Трынітарнай Еднасці.
  Дзева, якая слухае, навучы нас маліцца, прымаць і разважаць Слова Божае.
 Дзева, якая моліцца, зрабі так, каб Таямніцы Ружанца навучылі нас дзякаваць і захапляцца цудамі, якія чыніць Бог. Амэн.

Малітва аб кананізацыі Бартоло Лонго
    Божа, Ойча міласэрнасці, мы праслаўляем Цябе за тое, што Ты даў гісторыі чалавецтва Блаславёнага Бартоло Лонго, гарачага апостала Ружанца і ззяючы прыклад свецкага чалавека, заангажаванага ў евангельскае сведчанне веры і міласэрнасці.
   Мы дзякуем Табе за яго незвычайны духоўны шлях, яго прароцкую інтуіцыю, яго нястомную гатоўнасць дапамагаць самым пакінутым, адданасць, з якой ён верна служыў Твайму Касцёлу і пабудаваў новы горад любові ў Пампеі.
   Просім Цябе, зрабі так, каб Блаславёны Бартоло Лонго хутка быў залічаны да Святых паўсюднага Касцёла, каб увесь свет мог наследаваць яго як прыклад жыцця, і радавацца яго заступнітву.



[1] Толькі 8 мая і ў першую нядзелю кастрычніка.
[2] Толькі 8 мая і ў першую нядзелю кастрычніка.

Перакладзена з італьянскай мовы