8. Марыя, Касцёл, свет

РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ

МАРЫЯ, КАСЦЁЛ, СВЕТ

   КАБ ВЫКАНАЦЬ ТВАЮ ВОЛЮ,
   КАБ АБ’ЯВІЦЬ ЦУДЫ ТВАЁЙ ЛАСКІ,
   ШТО АДНОВЯЦЬ АБЛІЧЧА ЗЯМЛІ І ЎСТАЛЮЮЦЬ, О НАЙСВЯЦЕЙШЫ ДУХУ, ТВАЁ ВАЛАДАРАННЕ НАД УСІМ.

   1. Пяцідзесятніца — нараджэнне Касцёла

   Еднасць Святога Духа і Марыі, увасобленая ва Ўцелаўленні, ужо разглядаецца як крыніца ласкі ў гісторыі пра Наведванне Святой Альжбеты, ува ўсёй поўні адкрываецца ў таямніцы Спаслання Духа Святога, якая завяршае Евангелле.
   Марыя там, у Вячэрніку, сярод апосталаў, якія чакаюць здзяйснення абяцання Яе Сына. “Яны разам трывалі ў малітве з Марыяй, Маці Езуса”. Гэтае ўзгадванне прысутнасці Маці Божай — нешта большае, чым проста гістарычная дэталь. Гэта не проста так святы аўтар, заўсёды такі нешматслоўны, калі гаворка ідзе пра Маці Божую, удакладняе, што Марыя была там. Патрэбна было, каб Марыя прысутнічала ў Вячэрніку ў гэтыя вырашальныя гадзіны, калі нараджаўся Касцёл і аб’яўляўся свету. Яна павінна была быць там, каб атрымаць гэтае абяцанае спасланне Духа Святога на апосталаў.
   Гэтае асаблівае і адзінае месца Маці Божай падкрэслівае Леў XIII у адной са сваіх энцыклік: “Дзева ў Вячэрніку, — піша ён, — якая моліцца з апосталамі і за іх з “невыказнымі ўздыханнямі”, падрыхтоўвае і прыспешвае для Касцёла найбагацейшыя і разнастайныя дары Духа Суцяшальніка, найвышэйшы дар Хрыста і скарб, што будзе трываць ува ўсе часы”[1].
   Падобная адзіная прысутнасць дадзеная не толькі апосталам, што хутка будуць перамененыя, але ўсяму свету, які атрымоўвае дзякуючы ім пачатак збаўлення. Ужо на Божае Нараджэнне Марыя дала свету Таго, што прыйшоў прынесці агонь на зямлю і хоча, каб ён разгарэўся. Яе роля не была поўнай без прысутнасці ў Вячэрніку, куды Дух Яе Сына прыйшоў запаліць апосталаў агнём, што не згасне да канца часоў.
  Усё прысутнічае ў жыцці Марыі: тое, што для нас разгортваецца эпізадычна без выразнай сувязі, належыць плану Бога, які ніколі не супярэчыць і дазваляе зразумець дакладна тое, што патрэбна, каб захапляцца адзінствам Яго справы. Дзеля таго, хто ўмее бачыць, пасярэдніцтва Спаслання Духа Святога мае свае карані ў самой таямніцы Ўцелаўлення.
   Дабрадзействам гэтай глыбокай еднасці, Марыя знаходзіцца ў самым сэрцы апостальства; Яна яго каралева. Калі Яна не абыходзіць свет, каб казаць пра Свайго Сына, Яе запал, тым не менш, “неабдымны як пяшчаны бераг, што ахоплівае бязмежнасць мора” (пар. Цар 4, 29). Яна займаецца апостальствам найцудоўнейшым чынам.
   Той, хто сапраўды яднаецца з Марыяй, выходзіць з Вячэрніка, каб ісці заваёўваць свет.
   Менавіта ў гэтым заключаецца імкненне Легіёну — падараваць шчодрыя душы дзеянню Духа Святога, каб яшчэ сёння адбывалася няспыннае Спасланне Духа Святога. Каб Дух Святы аднавіў скажонае аблічча зямлі і ўсталяваў сваё валадарства над усялякай рэччу.
   Велізарнае імкненне, гэта відавочна. Але яно заснаванае на веры. Ці Езус не сказаў вучням: “Я буду з вамі аж да сканчэння свету… вы будзеце чыніць больш вялікія справы, чым Я”? Яго словы кіруюць усёй гістарычнай сучаснасцю. І сёння Бог гатовы ўчыніць Свае “цуды ласкі” і здзівіць свет. Ён сказаў нам словы, якія, здаецца, звязваюць Яго Самога; Ён забавязаў нас спадзявацца на немагчымае. Вера, але ж яна “здольная зрушыць горы”! “Няма нічога немагчымага для Бога”. Дык чаго ж мы чакаем?
   Большасць сённяшніх хрысціянаў, здаецца, верыць, што часы цудаў, што навярталі натоўпы, скончыліся з першым Касцёлам. Ці тое, што было магчымым тады, не можа быць магчымым сёння? Гэтае пытанне непакоіць. Таму што вера вучыць нас, што Хрыстос і Касцёл — гэта адзінае цэлае, што Галава і Яго цела жывуць адным жыццём.
   Між тым жыццё Езуса багатае на цуды: гэта была яго манера данесці пасланне да ўвагі сваіх сучаснікаў, пагружаных у штодзённыя клопаты і абмежаваных кароткачасовым месіянізмам. Гэта быў Яго выклік нявер’ю і ўводзінамі ў мудрасць справаў Божых.
   Як толькі Ён пакідае зямлю, мы пачынем бачыць няспынныя цуды. Святы Пётр аздараўляе кульгавага ля дзвярэй святыні, і апосталы далей пацвярджаюць сваё сведчанне цудамі, што напаўняюць сінэдрыён. Моц Божая ў руках гэтых людзей, што патрабуюць Яго, і Сімон захоча набыць яе для іх за вельмі высокі кошт.
   Гэта “нармальна”, што Бог чыніць цуды сярод людзей. Але гэта не Ён самавольна вырашае змяншаць іх. А тым не менш, цуды сёння рэдкія. Чаму?
   Ці рука Божая стала карацейшай?
   Ці Яго любоў стамілася?
   Ці наш адчай Яго больш не кранае?
   Не, бо гэтыя сумневы былі б багахульныя: Бог — гэта Бог. Ён не мяняецца. Яго любоў Яму адпавядае.
   Тады як растлумачыць, што цуды сёння вельмі рэдкія?
   Ці не таму, што сёння Бог не знаходзіць больш сярод нас досыць людзей, якія асмельваюцца верыць Яму аж да цудаў? Таму што Ён не сустракае на нашых шляхах досыць цэнтурыёнаў, якія б выклікалі вокліч захаплення: “Я не знайшоў падобнай веры ў Ізраілі!” Ані хананеянаў, якія б выпрошвалі ў Яго цуд? А Настаўнік, тым часам, заўсёды гатовы нам адказаць, як і раней: “Ідзі, няхай табе будзе паводле тваёй веры”.
   Ці можам мы сказаць, што нашая вера настолькі моцная, добра загартаваная, трывалая?
   Ці мы вымушаныя прызнаць, што яна страціла свой запал, дзявоцкасць? На жаль! Нельга дыхаць без наступстваў у асяроддзі, сапсутым міязмамі рэлятывізму. Любоў да праўды і да Бога пахіснулася ў людзей. Ці жывыя праўды, за якія мы не гатовыя памерці, яшчэ застаюцца для нас праўдамі?
   Нам патрэбная вельмі моцная вера, калі мы не хочам здрадзіць нашаму імені хрысціяніна. І таму Легіён заклікае сваіх сябраў шукаць у еднасці з Марыяй чулага ўдзелу ў гэтай поўнай веры, якім было захапленне Альжбеты.
   Ці была калі-небудзь вера, падобная да Яе веры?


   2. Сэнс марыйны, сэнс эклезіяльны

   Чым больш легіянер будзе верным Абяцанню, тым больш ён зробіць чулым і жывым вобраз Маці Божай.
   Тым больш ён будзе добрасумленным і верным дзіцём Касцёла. Трэба галоўным чынам усвядоміць гэтую сувязь, якую, можа, не адразу можна заўважыць. Марыя і Касцёл —  гэта не дзве, па сутнасці, чужародныя рэчаіснасці, гэта, у нейкім сэнсе, адзіная таямніца, што разглядацца пад рознымі аспектамі. Ці не кажам мы “Нашая Маці Святы Касцёл” гэтак сама, як “Нашая Маці Марыя”?
   Гэта дзве неразрыўныя таямніцы. Традыцыя, якая нам кажа, што мы нарадзіліся з Духа Святога і Марыі, сцвярджае таксама, што мы нарадзіліся праз Духа Святога і Касцёл. Таму святы Леў змог сказаць: “Вада хросту — як дзявочае ўлонне, і той самы Дух, што зышоў на Марыю, напаўняе святое начынне”[2]. У гэтых умовах вернасць Марыі — гэта ўжо вернасць Касцёлу.
   Сапраўды, нездарма Евангелле, заўсёды маўклівае, калі гаворка ідзе пра Марыю, згадвае Яе прысутнасць на трох этапах заснавання Касцёла: Уцелаўленне, Пакута, Пяцідзесятніца. Эклезіяльная таямніца — гэта ўжо марыйная таямніца.
   Гэтая глыбокая сувязь была асаблівым чынам закранутая Янам Паўлам II на 1550 гадавіне Сабору ў Эфезе, што святкавалася ў марыйнай базыліцы ў Рыме.
   “Мы па-новаму адчуваем, — казаў ён, — падабенства да апосталаў, якія, сабраўшыся ў Вячэрніку, трывалі ў малітве разам з Марыяй, Маці Езуса. Мы прыйшлі сюды, каб, згадваючы асаблівым чынам прысутнасць Марыі пры нараджэнні Касцёла, ўглядацца ў Яе цудоўнае мацярынства, якое з’яўляецца для нас надзеяй і натхненнем на шляхах атрыманай ад апосталаў місіі, дадзенай у спадчыну ў дзень Спаслання Духа Святога ў Ерузаліме. О, як цудоўна быць тут.
   Як цудоўна, што Другі Ватыканскі Сабор, аб’яўляючы ў нашыя часы цуды Божыя, паказаў нам таксама асаблівае месца Марыі ў таямніцы Хрыста і Касцёла адначасова; і гэтае месца было нам паказанае навукай ранейшых сабораў і святлом, атрыманым ад Айцоў Касцёла і вялікіх настаўнікаў веры.
   У Касцёле, паводле навучання святога Амброзія, Маці Божая з’яўляецца прыкладам веры, любові і дасканалай еднасці з Хрыстом… Але, сузіраючы таямнічую святасць Дзевы і наследуючы Яе любоў… Касцёл у сваю чаргу стаецца Маці: праз прапаведванне і хрост Ён нараджае да новага несмяротнага жыцця дзяцей, пачатых Духам Святым і народжаных з Бога” (Lumen Gentium 63-65)[3].

   Любіць Марыю — гэта значыць, любіць Касцёл: для легіянера гэта неразрыўна. Няхай ён не баіцца ісці аж да мяжы сваёй веры і ўбачыць Езуса, які жыве ў Касцёле.
   Гэта дасць яму сыноўскую пабожнасць да яго святасці папы, таго, каго святая Кацярына Сіенская называла Dolce Cristo in terra.

   Любіць Марыю — гэта значыць, любіць папу і атрымоўваць яго кіраўніцтва з пашанай, удзячнасцю і радасцю.
   Трэба прымаць яго энцыклікі не дзеля таго, каб шукаць тое, што нам падыходзіць ці пацвярджае нашыя ўпадабанні, але каб увайсці ў глыбіню яго думкі: подых жыцця, каб прыняць поўнае пасланне і жыць ім. Трэба зрабіць вядомымі вакол нас гэтыя наказы супакою, грамадскага прымірэння, духоўнага і апостальскага жыцця.
    Любіць Марыю — гэта значыць, любіць біскупа, што ў сваім адметным касцёле з’яўляецца прадстаўніком Хрыста сярод нас. “Хто вас слухае, мяне слухае”, — сказаў Езус. Гэтага досыць, каб не засяроджвацца ані на яго слабасцях, ані на яго памылках і бачыць у ім пастыра статку, сапраўднага доктара рэлігійнай праўды.

   Любіць Марыю — гэта значыць, любіць святара, побач з якім мы знаходзімся кожны дзень і які нясе нам у штодзённым кантэксце даброты Касцёла. Легіён патрабуе мець да яго пашану і паслухмянасць, што належаць яму “тым больш” (Падручнік). Гэты ўздым даверу будзе для святара стымулам і падтрымкай у самоце. Ён зробіць з кожнага прэзідыюма агмень, дзе кожны з радасцю сустрэнецца вакол супольнага айца і набярэцца сілаў для супольнага змагання.

   3. Марыя і Касцёл у сучасным свеце

   Легіён Марыі хоча быць Легіёнам Касцёла. Ён шлюбуе яго вымярэнне, клопаты і надзеі. Ён імкнецца быць у нашым сучасным свеце гэтай “вялікай справай для Бога”, пра якую кажа Падручнік, гэтым вастрыём, скіраваным супраць ворага.
   Свет, які мы бачым, здаецца, перапоўнены хваляй матэрыялізму, які знішчае ўсё хрысціянскае жыццё, і нават проста чалавечае. У імя псеўдаевангелля братэрства без Бога ў яго імкнуцца вырваць душу і матывацыю да жыцця.
   Дзве канцэпцыі жыцця супрацьстаяць адна адной.
   Ужо не час на паўмеры, на пустыя дыскусіі, на лёгкія дэвізы; час на гераічную дзейнасць і высакароднае сведчанне. Будучыня цывілізацыі разгортваецца на нашых вачах. Хто будзе кіраваць гэтай будучыняй? Войска зла, якое натхняе шатан, ці войска Бога, які кіруе незаўважна, са святым Міхалам і анёламі?
   Гэта сапраўднае значэнне сучаснай эпохі, гэта адзіная філасофія гісторыі, што набліжаецца да сваіх канчатковых вытокаў. Легіён, бачны і намацальны, — усяго толькі вонкавы фланг нябачнага войска, што крочыць пад кіраўніцтвам Каралевы неба і зямлі. Гэта надае ўсю рэчаісную поўню бітве Бога, якую трэба выйграць.
   Таму што Легіён ні на кроплю не сумняецца ў канчатковай перамозе. “Ёсць спосаб, — кажа ён, — прывесці да веры мільёны ўпартых і ўратаваць шмат іншых: трэба ўсяго толькі ўжыць вялікае правіла, што кіруе светам; гэта правіла, якое святы кюрэ з Арса сфармуляваў так: “Свет належыць таму, хто любіць яго больш за ўсё і даказвае яму гэтую любоў”.
   Той, хто любіць з сэрцам Марыі, ведае, што ён любіць самай моцнай любоўю: у яго руках бязмежная ўлада, бо ніякая людская любоў не можа зраўнацца з любоўю іх маці.
   Легіянер уважлівы на заклік Яна Паўла II, які настойліва прасіў хрысціянаў аб іх верным і мужным апостальскім супрацоўніцтве:
   “Будзем жа паслухмянымі, — казаў ён напрыканцы аўдыенцыі, — дзеянню Слова, якое хоча ўратаваць свет праз супрацоўніцтва ўсіх нас, што паверылі ў Яго. Так, прымем Яго. І з Ім прымем кожнага чалавека.
   Цемра, здаецца, заўсёды большая: толькі багацце, абыякавы эгаізм да пакутаў іншых, узаемны недавер, узаемнае непрыняцце паміж народамі, геданізм, які зацямняе розум і распушчае чалавечую годнасць, усе грахі, што абражаюць Бога і выступаюць супраць любові да бліжняга.
   Мы павінны даць, нават сярод столькіх супрацьлеглых сведчанняў, сведчанне вернасці… Крыж Хрыста дае нам для гэтага моц, паслухмянасць Марыі дае нам для гэтага прыклад”[4].
   У гэтым гіганцкім двубоі ўсе сілы Бога павінны аб’яднацца дзеля выратавання чалавецтва. Менавіта таму, несумненна, Касцёл адчувае з новай вастрынёй настальгію па вяртанні братоў хрысціянаў да еднасці Касцёла. Гэтая праблема больш важная за іншыя: цяпер як ніколі трэба згадаць ускліканне Езуса: “Ойча, няхай яны будуць адно, як Ты і Я… каб свет паверыў, што Ты Мяне паслаў”. Езус сам звязаў у сваёй місіі еднасць хрысціянаў і веру. Быць адным, каб свет паверыў…
   Ці гэта не час Марыі?
   Калі дзеці пакідаюць сямейны агмень і больш адно аднаго не разумеюць, ці не памяць пра пяшчотна любую маці застаецца наймацнейшай сувяззю і найлепшай надзеяй убачыць прыміраную сям’ю?
   Марыя не падобная ні на адну маці: Яна — цеплыня агмяню. Яна заахвочвае сваіх дзяцей прытуліцца да Яе Сэрца. Побач з Ёй яны спазнаюць, наколькі яны ўсе браты і сёстры адно аднаму.
   Вяртанне да адзінства Касцёла, вяртанне да супольнай любові да Марыі. Якая мара! Чаму нам можа быць забаронена верыць, што спаборніцтва ў пабожнасці да Маці Божай аб’яднае аднойчы раз’яднаных хрысціянаў? Гэта было б настолькі матчыным заданнем! Утопія? Не, таму што марыйная пабожнасць так ахвотна выражаецца англіканамі і адраджаецца ў некаторых пратэстанцкіх групах, застаецца жывой і глыбокай у вялікім усходнім свеце, дзе Расія фармуе галоўны бастыён.
   Нездарма папа Пій XII казаў пра гэты народ, што хаваў марыйныя іконы, але ўшаноўваў іх з любоўю.
   Марыя, адзіная любоў, якая надзея!
   Марыя ахвяруецца нам як повязь сустрэчы паміж хрысціянскім Усходам і Захадам. Яна супольнае дабро, бясцэнны дар, горача любы. Няхай кожны адкрые Ёй сваю душу, каб Яна завалодала ім: Марыя павядзе сваіх дзяцей пяшчотнай і ўпэўненай рукой да поўнай праўды, поўні жыцця, адноўленага адзінства.
   У сваю чаргу, Легіён Марыі хоча прыспешыць гадзіну аб’яднання, ахвяруючы Марыі душы, вольныя і падатныя ў Яе руках. Марыя аддасць іх Духу Святому, а Святы Дух зробіць з гэтых душаў прылады, паслухмяныя Яго намерам, каб выканаць Яго волю і чыніць свае цуды ласкі, якія адновяць аблічча зямлі дзеля большай радасці Бога.



[1]. Jucunda Semper, 8 septembre 1894.
 [2]. Sermo IV de Nativité. № 3.
 [3]. Прамова, апублікаваная ў Каталіцкіх Дакументах 5 ліпеня 1981 г.
[4]. Каталіцкія Дакументы, 19 красавіка 1981 г.