Маці Божая Бялыніцкая - Каралева Беларусі

Бялыніцкі санктуарый — «Беларуская Чэнстахова»,
пра якую мы забыліся
Бялынічы. Сёння гэта звычайнае, нічым не прыкметнае беларускае мястэчка ў Магілёўскай вобласці з насельніцтвам, крыху большым за 10 тыс. жыхароў. Тут не захавалася помнікаў архітэктуры, няма і славутасцяў, якія б вабілі сюды турыстаў. Аднак «шэрасць» гэтага мястэчка на ўсходзе нашай краіны насамрэч зманлівая. Бялынічы памятаюць стагоддзі слаўнай гісторыі і многіх славутых асобаў. А перадусім Бялынічы — выбранае Маці Божай месца Яе ўшанавання, дзе Яна пажадала ўсталяваць свой «пасад ласкі».
Белыя ночы
Паводле паданняў, звязаных з абразом Маці Божай Бялыніцкай, гісторыя старажытных Бялынічаў бярэ свой пачатак з ХІІІ стагоддзя (хоць першыя пісьмовы згадкі пра мястэчка адносяцца да XVI ст.).
Адна з легендаў кажа, што, калі на Кіеў напалі татары і пачалі жорстка забіваць жыхароў і руйнаваць хрысціянскія святыні, чатыры манахі са славутай Кіева-Пячэрскай лаўры, узяўшы з сабою старажытную візантыйскую ікону Багародзіцы, уцяклі з Кіева, каб на іншым месцы, якое пакажа матчына далонь Марыі, заснаваць новы кляштар. Манахі селі ў човен ды паплылі ўверх па цячэнні магутнага Дняпра і так дасягнулі яго прытоку — ракі Друць. Знясіленыя доўгім веславаннем супраць цячэння, яны выцягнулі човен на высокі бераг, каб там адпачыць.
Уначы, калі манахі спалі, на ўзгорку адбыўся цуд. Аблічча Багародзіцы на абразе, які яны везлі з сабою, пачало зіхацець дзівосным святлом, што рассеяла начную цемру. Ад таго святла прачнуліся манахі і, бачачы такую цудоўную з’яву, пачалі горача маліцца.

Цуд з іконай вандроўнікі з Кіева палічылі знакам, што Марыя абрала месца сваёй хвалы.
Неўзабаве той пагорак на беразе Друці, дзе адбыўся цуд, стаў месцам культу і малітвы. Тут узнік кляштар і была пабудавана першая царква прарока Іллі. Абраз Марыі яшчэ доўгі час прамяніўся святлом па начах, прывабліваючы пілігрымаў і людзей, якія шукалі Бога. Дзякуючы гэтай цудоўнай з’яве ўначы тут было заўсёды светла: тут былі свае «белыя ночы», калі над Друццю ззяла хвала Багародзіцы. Нібы ад гэтых белых начэй і ўзнікла назва, што хутка прынялася сярод мясцовых жыхароў, якія будавалі свае хаціны як мага бліжэй да ўзгорка Марыі. Так паселішча Марыі стала Бялынічамі.
Ватыўны дар канцлера ВКЛ
У пісьмовых крыніцах паселішча ўпершыню ўзгадваецца з XVI ст. Паводле даследчыка гісторыі Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага В. Насевіча, князь Стэфан Збараскі заснаваў тут замак — Белагародак, пры якім з’явілася таксама мястэчка. Пасля смерці князя ў 1591 г. засталася ўдавою яго маладая жонка Дарота з роду Фірлеяў з маленькай дачушкай Барбарай на руках. Неўзабаве маладая прыгожая жанчына ў другі раз выйшла замуж. Яе абраннікам стаў Леў Сапега, канцлер вялікага Княства Літоўскага і ваявода віленскі. Пад уладаю Сапегаў у Бялынічы прыйшоў росквіт і эканамічнае ўздым.
Леў Сапега становіцца фундатарам новага касцёла і кляштара ў Бялынічах, які ахвяруе Богу ў якасці ватыўнага дару за перамогу ў бітве пад Масквой.
Паводле фундатарскага эдыкта, новаму касцёлу надаецца тытул Марыі і св. Льва — апекуна ахвярадаўцы. Фундацыю канцлера зацвердзіў кароль Жыгімонт ІІІ у 1624 г. У Бялынічах будуецца драўляны касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі і кляштар на некалькі манахаў: для служэння ў Бялынічах фундатар запрасіў айцоў-кармэлітаў т. зв. «старой абсерванцыі».
Апецы манахаў з гары Кармэль даручаецца таксама каштоўная святыня — цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, культ якога няспынна пашыраецца. Сюды з розных бакоў прыходзяць пілігрымы, усё больш вернікаў моляцца перад святыняй, адбываюцца шматлікія аздараўленні. Духоўная слава Бялынічаў распаўсюджваецца на ўвесь усход Вялікай Літвы.
4 кастрычніка 1634 г. згодна з прывілеем караля і вялікага князя Уладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.
Анёл-мастак
З кармэлітамі звязаны яшчэ адзін аповед пра гісторыю Бялыніцкай іконы. Паводле яго, першапачатковы абраз загінуў падчас пажару ў ранейшай грэка-каталіцкай царкве. У 1634 г. кармэліты вырашылі ўзнавіць культ абраза і пачалі шукаць мастака, які б па апісаннях адрадзіў выяву Багародзіцы. Доўгі час нічога не атрымлівалася, і тады манахі звярнуліся да апошняга і найбольш надзейнага сродку: у малітве цалкам даручылі гэтую справу Богу.
Як адказ на малітву братоў у кляштар завітаў малады пілігрым, які назваўся мастаком. На просьбу намаляваць абраз Багародзіцы юнак згадзіўся, просячы манахаў падчас яго працы спяваць літанію да Маці Божай. І вось на звычайнай дошцы з’явіліся абліччы Маці Божай і Дзіцятка Хрыста невымоўнай прыгажосці, але адзенне Марыі засталося як быццам недамаляваным. На пытанні братоў таямнічы мастак даў прадказанне, што неўзабаве Багародзіца сама ўпрыгожыць сваю выяву каштоўнай шатай. Прароцтва збылося, калі ў 1635 г. Крыштаф Завіша, маршалак Вялікага Княства Літоўскага, падараваў для абраза каштоўную шату і срэбраныя кароны, а Казімір Леў Сапега аздобіў ікону каштоўнымі камянямі і залатымі ўпрыгожаннямі.
Усе пераканаліся, што ў выглядзе маладога пілігрыма-мастака новы абраз стварыў Божы пасланец — анёл.
Абраз Бялыніцкай Мадонны адносіцца да іканапіснага тыпу Адзігітрыя (ад грэцк. Οδηγήτρια — якая вядзе, паказвае шлях). На такіх іконах мы бачым Маці Божую з паднятай для благаслаўлення правай рукой і з немаўляткам Езусам на левай. Марыя сваёй далонню паказывае на Сына — адзіны шлях збаўлення для кожнага чалавека.

Бялыніцкая Адзігітрыя, апранутая ў рэнэсансныя шаты, мае ў руцэ скіпетр — знак каралеўскай улады. Дзіцятка Езус сядзіць на руцэ Маці і правай далонню благаслаўляе тых, хто прыходзіць прасіць апекі ў Яе. Левая рука Езуса трымае дзяржаву, якая сімвалізуе зямны шар, падданы ўладзе Збаўцы. Падзел шара на тры часткі азначае тагачасныя ўяўленні пра часткі свету: Еўропу, Азію і Афрыку. Крыж, які ўвенчвае дзяржаву, — знак адкуплення свету.
Цуд Маці Божай у ляхавіцкім замку. З гісторыі бялыніцкага абраза
20 мая 1654 г. выбухнула вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай. Пра цудоўныя падзеі, якія адбываліся з абразом Маці Божай Бялыніцкай падчас той далёкай вайны — у сённяшнім матэрыяле, што працягвае гісторыю цудатворнай іконы.
Непасрэднай падставай для пачатку вайны стала памылка паслоў Рэчы Паспалітай у напісанні царскага тытулу, і ўсе тры царскія арміі адначасова ўдарылі па ўсходніх частках нашай Бацькаўшчыны. Ход вайны з самага пачатку агрэсіі разгортваўся ўдала для маскоўскіх заваёўнікаў.
Добра ведаючы канфесійныя праблемы Вялікага Княства Літоўскага, маскоўскі ўрад рабіў стаўку на яго праваслаўных жыхароў. Царскія «падмётныя» граматы, што папярэдне засылаліся ў Рэч Паспалітую ў якасці прапаганды, мусілі пераконваць людзей у лаяльнасці Масквы да іх і схіляць праваслаўных на бок царскіх ратнікаў.

Аднак захопнікі дзейнічалі не толькі перакананнямі… Прасоўваючыся ўглыб дзяржавы, маскоўскае войска рабавала і знішчала рыма- і грэка-каталіцкія святыні.
Перад абліччам гэтай небяспечнай пагрозы кармэліты, сабраўшы вотумы — каштоўныя знакі падзякі і малітоўных інтэнцый, а таксама сам цудатворны абраз Панны Марыі, пакідаюць Бялынічы. Ікона знаходзіць прыстанішча ў ляхавіцкім замку, маёмасці Паўла Яна Сапегі, гетмана Вялікага Княства Літоўскага і таленавітага ваяводы.
Адна са шматлікіх легендаў, якія ўплятаюцца ў гісторыю цудатворнага абраза, апавядае пра тое, як і чаму ён апынуўся ў Ляхавічах. Рэч у тым, што кармэліты напачатку планавалі вывезці каштоўную ікону ў Кракаў, дзе яна была б у адноснай бяспецы. Аднак падчас гэтага доўгага падарожжа коні затрымаліся каля форта ў Ляхавічах. Пасля многіх беспаспяховых спробаў прымусіць іх рухацца далей, манахі палічылі воляю Марыі застацца тут. Так цудатворны Бялыніцкі абраз на нейкі час трапіў у ляхавіцкі замак.
Наступныя падзеі пераканалі манахаў і жаўнераў ляхавіцкага форту ў тым, што гэта Божы Провід так распарадзіўся, каб сваёю апекаю праз заступніцтва Багародзіцы яшчэ больш праславіць Яе вобраз, які здаўна лічыўся цудадзейным.
23 сакавіка 1660 г. 11-тысячнае войска маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага распачало штурм ляхавіцкага замка, які знаходзіўся пад абаронай гарнізона на чале са Станіславам Міхалам Юдзіцкім. Наступ працягваўся амаль тры месяцы, на працягу якіх маскоўскія жаўнеры тройчы спрабавалі захапіць замак, але беспаспяхова.

Чацвёрты прыступ павінен быў стаць вырашальным: на падмогу значна парадзеламу ў баях корпусу Хаванскага прыбылі яшчэ тры тысячы стральцоў з Масквы. Перад абліччам небяспекі ўсе жыхары і абаронцы крэпасці на каленях прасілі Марыю аб выратаванні. І Найсвяцейшая Панна з Бялынічаў выслухала пакорныя просьбы сваіх дзяцей.
Наступоўцы, страціўшы большую частку войска, былі вымушаны адступіць. Уцякаючы з-пад сценаў гераічнага і непераможнага ляхавіцкага замка, войска Івана Хаванскага было канчаткова разбіта пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 г.
З таго часу ляхавіцкі форт пачалі называць «літоўскай Яснай Гарой», праводзячы паралель з абаронай Чэнстаховы ад шведаў.
2 ліпеня, у свята Адведзінаў святой Альжбеты Найсвяцейшай Паннай Марыяй, выбаўлены ад небяспекі народ шчыра дзякаваў сваёй магутнай нябеснай Заступніцы. А на наступны дзень, 3 ліпеня, у які сёння мы святкуем дзень Незалежнасці Беларусі, аб’яднанае беларуска-літоўскае і польскае войска на чале з Паўлам Янам Сапегам і Стэфанам Чарнецкім вызваліла Мінск і тэрыторыю Беларусі ажно да Бярэзіны.
Такім чынам, родны край быў уратаваны ад маскоўскіх захопнікаў самым магутным гетманам і ваяводам — Найсвяцейшай Паннай Марыяй.

Пабудова новай святыні і каранацыя папскімі каронамі

У 1742 г. драўляныя будынкі кляштара кармэлітаў у Бялынічах знішчыў пажар. Наступныя ўладальнікі мястэчка, Агінскія, паклапаціліся пра пабудову мураванай святыні і кляштарнага комплекса з больш трывалага матэрыялу. Пасля больш чым 100-гадовай адсутнасці Найсвяцейшай Апякункі мястэчка, падчас якіх здарыўся, між іншым, цуд у Ляхавіцкім замку, святыня вяртаецца ў Бялынічы. Дата вяртання абраза дакладна невядомая. Некаторыя крыніцы адносяць гэтую падзею да 1760 г., аднак замала гістарычнай дакументацыі, каб гэта пацвердзіць.
На вяртанне славутай іконы ўскосна ўказвае той факт, што менавіта ў гэты час было прыспешана будаўніцтва новага касцёла, і ў 1763 г. яно было ўжо цалкам завершана.
Новы храм быў узведзены ў стылі позняга барока ў выглядзе трохнававай крыжова-купальнай базылікі. Галоўны фасад упрыгожвалі дзве вежы і фігурны франтон з фігурай Хрыста, які трымае крыж. Над скрыжаваннем галоўнай навы і трансэпта ўзвышаўся манументальны купал з вежачкай-ліхтаром у звянчэнні.
Гэта быў сапраўдны архітэктурны цуд на мясцовых землях.
Сілуэт святыні быў відаць здалёк на вялікай адлегласці, нібы маяк для пілігрымаў, якія ішлі ўшанаваць святыню, што як быццам паказваў ім канчатковую мэту зямнога вандравання — Нябеснае Валадарства. Марыя атрымала годны дом, які стаў месцам новых цудаў і незлічоных ласкаў.
Асаблівымі днямі ўшанавання абраза і сходу пілігрымаў у Бялынічах былі святы Унебаўшэсця, Спаслання Духа Святога, Маці Божай з гары Кармэль (Шкаплернай), Нараджэння Маці Божай і ўспамін прарока Іллі як даніна традыцыі, звязанай з першапачатковай легендай.

Культ Маці Божай Бялыніцкай пашыраецца за межы Вялікага Княства Літоўскага. Цуд у Ляхавіцкім замку, а таксама шматлікія аздараўленні і ласкі, якія атрымлівалі людзі каля гэтай іконы Багародзіцы, паспрыяў зацвярджэнню гэтага культу Святым Пасадам, які дазволіў каранаваць выяву Панны Марыі папскімі каронамі, што стала выразам прызнання Касцёлам цудатворнасці іконы і вялікай пашаны да яе з боку вернікаў.
Папа Бэнэдыкт XIV даў дазвол каранаваць абраз у 1756 г., аднак каранацыйныя ўрачыстасці адбыліся толькі праз пяць гадоў, 20 верасня 1761 г. Акт каранацыі ад імя наступніка св. Пятра споўніў біскуп Смаленскі Юрый Мікалай Гільзэн, а прынагодную гамілію прамовіў святар з ордэна прапаведнікаў Лаўрэнцій Аўлачымскі.
На свята прыбылі шматлікія пілігрымкі з наваколля і здалёк. Першая частка набажэнства з благаслаўленнем і ўскладаннем каронаў адбылася на палявым алтары каля палаца Агінскіх. Пасля абраду абраз быў урачыста ўнесены ў новы касцёл.
Каранацыя стала яскравым выразам веры і падзякай Марыі за апеку. Абраз з Бялынічаў стаў другім на тэрыторыі Беларусі пасля іконы Маці Божай Жыровіцкай, які быў каранаваны папскімі каронамі.
Наступная каранацыя марыйнага абраза на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылася толькі праз 235 гадоў калі, калі першы ў сучаснай гісторыі нашай краіны кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў папскімі каронамі абраз Маці Божай Брэсцкай, што адбылося 30 чэрвеня 1996 г. Наступная каранацыя цудатворнага абраза Маці Божай Каралевы Палесся адбылася ў Лагішыне (Пінская дыяцэзія) 10 мая 1997 г. А 2 ліпеня 1998 г. кардынал Казімір Свёнтэк усклаў папскія кароны на абраз Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі.
Пераслед каталіцтва і ліквідацыя кляштара
Часы росквіту бялыніцкага санктуарыя змяніліся заняпадам пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі мястэчка апынулася пад уладай Расійскай імперыі. Палітыка царызму была непрыхільнай да ўсіх неправаслаўных веравызнанняў. На захопленых землях царскія ўлады праводзілі гвалтоўную русіфікацыю і насаджалі праваслаўе, моцна ўціскаючы правы католікаў. Касцёлы пры гэтым без усялякага сораму ператваралі ў цэрквы. Барочныя будынкі пачалі нявечыць безгустоўнымі перабудовамі ў псеўдарускім стылі, «лепячы» на іх нябачаныя раней на Беларусі «какошнікі» і «цыбуліны». Не мінула такая палітычна абумоўленая перабудова і бялыніцкі кляштар.
Указам цара Мікалая І была фактычна спынена дзейнасць каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі Расійскай імперыі, якая пад уладаю жорсткага і распуснага манарха ператварылася ў «турму народаў».
Ліквідацыя сядзібы бялыніцкіх кармэлітаў адбылася ў 1832 г. моцай дэкрэту сумнавядомага Міхаіла Мураўёва — «вешальніка», які тады займаў пасаду губернатара Магілёва. Гэты крывавы кат, душыцель вызваленчага паўстання нашага народа супраць расейскіх захопнікаў, быў апантаным русіфікатарам захопленых беларускіх земляў былой Рэчы Паспалітай. Ён прымусам навязваў мясцоваму каталіцкаму насельніцтву праваслаўе. Менавіта яму належыць стварэнне новага, перайначанага на руска-праваслаўны ідэалагічны лад культу Бялыніцкай іконы, што суправаджалася падбухторваннем мясцовых жыхароў да ператварэння касцёла з цудатворным абразом у царкву.
Касцёл ператвораны ў царкву
Пасля ліквідацыі кляштара касцёл у Бялынічах пэўны час дзейнічаў як парафіяльны. Пасля смерці ў 1876 г. апошняга пробашча бялыніцкай парафіі кс. Люцыяна Гадлеўскага касцёл быў канфіскаваны царскімі ўладамі і перададзены ў праваслаўнае ведамства.
Канфіскацыя адбылася вельмі хутка. У ноч з 11 на 12 красавіка прадстаўнікі царскай улады занялі касцёл, тлумачачы сваё ўварванне ў святыню пошукам схаванай там зброі паўстанцаў.
Раніцай, калі вернікі прыйшлі на Імшу, то ўбачылі, як праваслаўны святар правіць у касцёле Літургію.
Католікі працяглы час спрабавалі супраціўляцца гэтаму захопу, з-за чаго сітуацыя ў Бялынічах доўга заставалася напружанай. Губернатар нават пісьмова звярнуўся да Магілёўскага арцыбіскупа, каб той супакоіў сваіх вернікаў. Праз год у былы кляштар кармэлітаў у Бялынічах з Мсціслаўя быў пераведзены Мікалаеўскі мужчынскі манастыр.
Рэлігійны ўціск працягваўся да пачатку ХХ стагоддзя, і толькі пасля з’яўлення ў 1905 г. царскага ўказу «Аб умацаванні прынцыпаў верацярпімасці» настала адносная рэлігійная свабода. Шляхта і просты люд, прымусова пераведзеныя з каталіцтва ў праваслаўе, нарэшце зноў маглі без перашкодаў вызнаваць сваю веру. Тым не менш, канфіскаваныя касцёлы ім вяртаць ніхто не збіраўся, затое з’явілася магчымасць будаваць новыя. Такім чынам замест забранай бялыніцкай святыні мясцовыя католікі пабудавалі новы касцёл св. Людвіка ў Свяцілавічах. Рэлігійнае жыццё зноў пачало развівацца. Аднак на змену царскаму пераследу прыйшоў савецкі атэістычны пераслед, яшчэ больш жорсткі і знішчальны.
Знішчэнне святыні
Савецкія ўлады зачынілі касцёл у Свяцілавічах і бялыніцкі манастыр. Велічную барочную святыню змагары з рэлігіяй ператварылі ў клуб для танцаў і агульных сходаў. Аднак у сувязі з тым, што даглядаць і абслугоўваць такі вялікі будынак было нязручна, улады перанеслі клуб у іншае месца, а з касцёла зрабілі склад. Святыню пазбавілі вежаў і купала, каб ужо больш нішто не нагадвала культавага будынку.
У такім знявечаным выглядзе касцёл «перажыў» Другую сусветную вайну, хоць навокал ішлі баі і бамбёжкі. Але ў мірныя 1960-я гады комплекс кляштара кармэлітаў быў узарваны. Так перастала існаваць адна з найпрыгажэйшых і найбольш шанаваных на нашых землях святыняў Маці Божай.
У жніўні 1859 годзе падчас вялікага пажару амаль усе гарадскія пабудовы і касцёл у Бялынічах згарэлі. Гэтай сумнай падзеі прысвяціла свой верш тагачасная беларуская польскамоўная паэтка Габрыэля Пузыня, кніга вершаў якой у перакладзе на беларускую мову, зробленым Ірынай Багдановіч, нядаўна ўбачыла свет ў выдавецтве «Pro Christo».
Верш дапамагае адчуць атмасферу трывогі, выкліканай ва ўспрымальнай душы паэткі прадчуваннем цяжкіх выпрабаванняў, якія чакалі Каталіцкі Касцёл на Беларусі і бялыніцкі санктуарый пад уладай Расійскай імперыі. Разам з тым у паэтычным творы Габрыэлі Пузыні гучыць непахісная ўпэўненасць у тым, што Нябесная Матуля не пакіне сваіх дзяцей у цяжкую хвіліну.

Адраджэнне культу Маці Божай Бялыніцкай у Беларусі, або Як знайсці страчаную святыню?


Вядома, што ў віры гістарычных перыпетыяў і пераследу — спярша з боку царызму, потым — злачыннага савецкага атэізму — перасталі існаваць кляштар кармэлітаў і велічная святыня санктуарыя ў Бялынічах.
Але што ж сталася з самой цудадзейнай іконай Маці Божай Бялыніцкай, каранаванай папскімі каронамі? Як склаўся лёс намаляванага анёламабраза Багародзіцы, які прынёс паратунак абаронцам Ляхавіцкага замка і не загінуў нават у страшэнным пажары 1859 г.? Паспрабуем разабрацца ў гэтай заблытанай, амаль дэтэктыўнай гісторыі.
Паводле адной версіі, апошні бялыніцкі пробашч кс. Люцыян Гадлеўскі, ведаючы жаданне расійскіх імперскіх уладаў завалодаць святыняй, схаваў арыгінал іконы, замяніўшы яе ў алтары копіяй. Старажылы апавядалі, што схаваны абраз чакаў «лепшых часоў» у патаемных сутарэннях кляштара.
Іншая версія кажа, што арыгінал усё ж такі быў у касцёле падчас канфіскацыі святыні царскімі сатрапамі. Пасля ліквідацыі праваслаўнага манастыра бальшавікамі абраз з пераробленага ў царкву бялыніцкага касцёла трапіў у экспазіцыю Магілёўскага краязнаўчага музея, дзе захоўваўся разам з крыжам св. Ефрасінні Полацкай.
Але ў віхуры вайны абедзве вялікія святыні нашага народа таямнічым чынам зніклі і сляды іх згубіліся…
Абраз Маці Божай Бялыніцкай сёння вядомы ў Беларусі і за яе межамі ў шматлікіх копіях — спісах, якія ўшаноўваюцца вернікамі як у касцёлах, так і ў праваслаўных цэрквах.
Сярод найбольш вядомых спісаў цудатворнай іконы — абраз з царквы ў в. Сноў Нясвіжскага раёна (XVII ст., цяпер — у фондах музея старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук); абраз з в. Каменка Шчучынскага раёна (XVIII ст.); абраз, які знаходзіцца ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя Паўла Масленікава (XVIII–XIX ст.); абраз у в. Новы Двор Шчучынскага раёна (XIX ст.); абраз у касцёле кармэлітаў у в Гудагай Астравецкага раёна (XIX ст.), а таксама абраз, які знаходзіцца ў сучаснай бялыніцкай праваслаўнай царкве. Акрамя таго, іканапісныя выявы Бялыніцкай Панны ўшаноўваюць у польскіх санктуарыях у Варшаве-Лешна (адноўлены арыгінал страчанай копіі 1641 г.), у Волі-Гулоўскай, у Ліпю.
Такая колькасць захаваных копій цудатворнай іконы сведчыць пра яе папулярнасць і пра шырокую распаўсюджанасць культу Маці Божай Бялыніцкай ва ўсёй Рэчы Паспалітай.
Асобнага ўспаміну заслугоўвае яшчэ адна выява Бялыніцкай Мадонны, якая знаходзіцца ў Беларусі. Гэта абраз, які захоўваецца ў касцёле Перамянення Пана ў вёсцы Новая Мыш (Баранавіцкі дэканат). У гэтым касцёле ХІХ ст., пабудаваным у стылі класіцызму, захаваліся ўнікальныя барочныя алтары, перавезеныя сюды з зачыненага абацтва бэнэдыктынак у Нясвіжы.
У 1995 г. у касцёле ў Новай Мышы здарыўся пажар. Алтары былі моцна закураны, і каб іх аднавіць, спатрэбіліся сур’ёзныя рэстаўрацыйныя працы.
Калі рэстаўратары працавалі ў святыні, за абразом Унебаўзяцця Маці Божай у адным з бакавых алтароў іх вачам адкрылася іншая ікона. Гэта была выява Маці Божай Бялыніцкай.
Цудоўная выпадковая знаходка, якая пакуль лічыцца копіяй цудатворнага абраза, была вельмі падобнай да апісанняў арыгіналу іконы.
Чаму гэты абраз быў закрыты іншай выявай? Калі гэта была толькі копія, чаму яе проста не замянілі, не перавесілі ў іншае месца, а закрылі другім абразом, як раней нярэдка рабілі з асабліва шанаванымі іконамі, напрыклад, у Гродне (Маці Божая Кангрэгацкая), у Браславе (Маці Божая Валадарка Азёраў), у той самай Чэнстахове? А можа, той абраз хтосьці проста хацеў схаваць?..
Гэтыя пытанні схіляюць да думкі, што, магчыма, у Новай Мышы быў знойдзены страчаны арыгінал цудатворнага абраза. Канечне, для таго, каб гэта дакладна сцвердзіць, неабходныя доказы з боку гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў. Аднак нават калі гэта і не арыгінал, то, напэўна, адна з найбольш ранніх і найдакладнейшых копій. Акрамя таго, гэтая выява таксама была ў пашане ў вернікаў, пра што сведчыць тое, як яна захоўвалася.
Для вернікаў, шанавальнікаў Маці Божай аўтэнтычнасць іконы можа быць пацверджана цудамі, якія адбываюцца каля святыні праз заступніцтва Багародзіцы.
Таму варта прасіць Нябесную Матулю аб новых ласках, у якіх Яна ніколі не адмаўляе сваім дзецям.
Такім чынам не выключана, што абраз Маці Божай Бялыніцкай цяпер знаходзіцца ў касцёле ў Новай Мышы, а магчыма, прыйдзе час і Марыя сама цудоўным чынам аб’явіць нам яго месцазнаходжанне. Выснова адна: мы, сённяшнія беларускія вернікі, не маем права забыцца пра Бялынічы, пра нашу «Чэнстахову», пра стагоддзі гісторыі, веры, цудаў. Марыя паставіла свой трон таксама на нашай зямлі, каб шчодра адорваць Божымі ласкамі ўсіх тых, хто з даверам аддаецца Яе матчынаму заступніцтву. Адраджэнне бялыніцкага санктуарыя — гэта ганаровая місія нашага народа і сыноўскі абавязак перад Нябеснай Маці.
Цёмныя сілы ўсяляк намагаліся знішчыць памяць пра гэтае святое месца. Аднак, разбурыўшы муры святыні, яны не разбурылі веры ў чалавечых сэрцах. У сэрцах, з якіх будуецца жывая святыня Божага Касцёла, што ніколі не перамогуць брамы пекла.