5. Пакора і апостальская моц

РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ

ПАКОРА І
АПОСТАЛЬСКАЯ МОЦ

   І З ГЛЫБІНІ ГЭТАГА АДЗІНАГА СЭРЦА
   ЯНА ІЗНОЎ КАЖА, ЯК РАНЕЙ: “ВОСЬ Я, СЛУГА БОЖАЯ”.
   І ТЫ ІЗНОЎ ПРЫХОДЗІШ, КАБ УЧЫНІЦЬ ПРАЗ ЯЕ ВЯЛІКІЯ СПРАВЫ.
   НЯХАЙ МЯНЕ ПАКРЫЕ ТВАЯ МАГУТНАСЦЬ І ЎВОЙДЗЕ Ў МАЮ ДУШУ, КАБ ПРЫНЕСЦІ Ў ЯЕ АГОНЬ І ЛЮБОЎ.
   НЯХАЙ МАЯ ДУША БУДЗЕ АДНЫМ З ЛЮБОЎЮ ДЗЕВЫ МАРЫІ І ЯЕ ВОЛЯЙ УРАТАВАЦЬ СВЕТ.

   1. Пакора Маці Божай

   “Вось я, слуга Божая.”
   У гэтых словах відаць усю душу Марыі: яе пакора не была закранутая ў той час, як Яна выходзіць насустрач Божай ініцыятыве і невыказнай прапанове.
   Ані хвіліны самаўзвелічэння.
   Яна не глядзіць на сябе з самазадаволенасцю.
   Яна цягнецца душой да Бога і Яго волі адносна Яе і праз Яе.
   Яна — чыстая празрыстасць.
   Марыя — гэта крышталёвая душа, якая верна вяртае Богу ўсе промні Яго Аблічча.
   Яна ведае, што з’яўляецца нічым перад Ім.
   Яна толькі стварэнне: Яна цалкам залежыць ад Бога, які не перастае выцягваць Яе з убогасці, і Яна прызнае гэта, яшчэ больш паглыбляючыся ў сваю пакорлівасць. Ці Яе багацце не паходзіць з больш шырокага ўдзелу ў шчодрасці Творцы? Сапраўды, ці не з’яўляецца Яна ў свеце больш стварэннем, чым асобай? Вось прызнанне, якое вырываецца з Яе душы; вось ускліканне сэрца, якое аддае Яе Духу Святому.
   Праз некалькі дзён Яна заспявае ў сваім магніфікаце: “Бог глянуў на пакорлівасць слугі Сваёй”. Ён абраў стварэнне, якое найбольш усведамляла сваю ўбогасць перад Ім.
   Марыя — найглыбейшая мізэрнасць, што ахвяравалася Богу неба. І таму Ён струмянём выліўся на Яе.

   2. Легіянерская пакора

   Легіён, які патрабуе Марыі, павінен злучыцца з гэтай найцудоўнейшай марыйнай цнотай.
   “Калі еднасць з Марыяй, — кажа ён, — гэта абавязковая ўмова, корань, скажам так, усёй легіянерскай дзейнасці, то ўрадлівай глебай з’яўляецца не што іншае, як пакора. Калі глеба бедная, легіянерскае жыццё аслабне і загіне” (Падручнік).
   Таму нам трэба рашуча ўвайсці ў гэтую пакору Марыі, калі мы таксама хочам аддацца Духу Святому і дазволіць Яму дзейнічаць праз нас. Трэба, каб Бог знайшоў у нас вольную  душу, згодную на яго магутныя намеры. Толькі Яна пракладае шлях Божаму ўмяшальніцтву і Яго цудоўным чынам, бо Ён не хоча, каб Яго дзейнасць была патрывожаная і адведзеная ў бок нашай хітрай уласнай любоўю. Ён хоча ісці сваёй дарогай без парашкодаў і выяўляць свае дабрадзействы і моц так, каб прылада, якую Ён абраў, не перашкаджала Яго справе. Бог не хоча двухсэнсоўнасці: Ён, і толькі Ён дае Сябе праз нас. Як толькі Ён заўважае, што прылада пачынае мець нейкае схаванае ўпадабанне ці самалюбства, коўкасць спыняецца, струмень абрываецца.
   Бога можна знайсці толькі каралеўскім шляхам пакоры, і Бога можна даць іншым толькі ўпакорыўшыся перад Ім. Чалавек закрываецца, як толькі ён натыкаецца на пыху іншага; і наадварот: адкрываецца, як кветка на сонца, як толькі адчувае прысутнасць душы, вольнай ад самой сябе. Таму што ў гэтай пустаце ён распазнае поўню ласкі Божай. Гэты момант вельмі важны для легіянера, пакліканага кожны раз навязваць кантакт з братамі, якія яго не ведаюць.
   Калі ён адыходзіць у бок, каб дазволіць праменяваць Богу, у ім нараджаецца цнота. Тое, чаго не дасягнуць ані наймацнейшыя дыскусіі, ані найлепш абгрунтаваныя дакоры, часта зможа зрабіць братняе і сяброўскае слова. Таму сістэма Легіёну імкнецца аддаць усё месца гэтай падставовай цноце.
    Можна быць пакорным індывідуальна і зусім не быць такім дзеля групы, да якой належым. І гэта, на жаль, не рэдкасць: гэты недахоп — прычына ўзнікнення шматлікіх таталітарызмаў, што адмаўляюць самі сябе, і разнастайных духоўных імперыялізмаў.
    Легіён як цела жадае пакорна служыць усім. Ён не хоча быць справай побач з іншымі справамі: ён хоча быць справай на службе ўсіх справаў Божых. Ён хацеў бы служыць іншым справам, як Марыя служыла сваёй сваячцы Альжбеце, клапоцячыся толькі аб тым, каб даць патрэбную дапамогу. Без шуму, без хвалы, не чакаючы падзякі: як нешта само сабой зразумелае. Гэтая любоў адыходу на другі план павядзе яго пераважна да бедных і ўбогіх, да задання без хвалы і да самай цяжкай місіі. Гэты выбар з’яўляецца непасрэднай часткай яго марыйнай пабожнасці.
   Менавіта ўсё гэта тлумачаць словы Абяцання:
   І з глыбіні гэтага адзінага сэрца Яна ізноў кажа, як раней: “Вось я, слуга Божая”.

   3. Моц — цнота пакорлівых

     І Ты ізноў прыходзіш, каб учыніць праз Яе вялікія справы.
   Без пераўтварэння пакора дае месца ціхай моцы. Як толькі прылада распазнае і прызнае сваю слабасць, Легіён гэта ведае, як св. Павел, гэтая слабасць стаецца моцай Божай, і Бог стварае з нічога.
    Першапачатковая пакора, што згаджаецца на “без Мяне вы нічога не можаце зрабіць”, завяршаецца канчатковым даверам, які абапіраецца на іншую ўпэўненасць: “Са Мной вы можаце ўсё”.
   Вось чаму пасля таго, як мы скажам з Марыяй: “Вось я, слуга Божая”, — Абяцанне дадае: “І Ты ізноў прыходзіш, каб учыніць праз Яе вялікія справы”.
    Няхай моц Духа Святога пакрые нас сваёй засенню і ўвойдзе ў нас, каб прынесці агонь і любоў, і адразу ж адбудуцца вялікія рэчы, годныя любові Бога да свету. Толькі пакорныя маюць сапраўдную моц. Таму што, не чакаючы нічога ад саміх сябе, яны ведаюць, што ўва ўсім могуць спадзявацца на Бога. Тыя вялікія справы, якіх чакаюць легіянеры ад Духа Святога, які сёння працягвае дзейнічаць у Марыі, — гэта не больш не менш як вяртанне да Бога язычніцкіх і здэхрысціянізаваных натоўпаў.
   “Мне шкада гэтых людзей”, — казаў Езус. І, калі гэтыя натоўпы пайшлі за Ім у пустыню, бо не мелі ежы, вучні папрасілі Езуса адаслаць іх у навакольныя вёскі, каб знайсці Ежу. Але Езус не зрабіў гэтага. “Вы дайце ім есці”, — сказаў Ён.
   Здзіўленыя, апосталы пярэчаць, падлічваюць…
   Да таго моманту, пакуль, у пошуках ежы, яны не знаходзяць юнака, які ахвяруе ім пяць хлябоў і дзве рыбіны. Дар занадта маленькі, смехатворная ахвяра, але ахвяра, якую Езус прыняў і блаславіў, каб накарміць мільёны.
   Легіён таксама клапоціцца пра натоўпы. Ён ведае, што не можа адаслаць іх з пустымі рукамі, каб насыціцца у гэтых “вёсках” ля ілжывых прарокаў, якімі з’яўляюцца для розуму і сэрца нашыя сучасныя псеўдамістыкі.
   Ён пачуў наказ Езуса:
   “Вы дайце ім есці”.
   І легіянер ахвяруе — без пярэчання і разлікаў — як юнак, свае кошыкі з хлебам і рыбай — гэта значыць, свае малітвы, штотыднёвыя заданні, дысцыпліну і моцны давер. Досыць таго, што Езус вылівае на гэтыя маленькія чалавечыя рэчы вялікае блаславенства.
   І кошыкі напаўняюцца.
   Таямніца апостальства сярод натоўпаў — гэта простае перакананне. Гэта вера ў тое, што масы складаюцца з асобаў. Што адзін мільён людзей — гэта адзін мільён прыватных душаў, нязменных, гэта адзін мільён сусветаў. І трэба да іх набліжацца, як апосталы ахвяравалі цудоўны хлеб кожнай працягнутай руцэ. Ад адной да другой, не спяшаючыся, таму што кожная несмяротная душа каштуе больш за ўвесь матэрыяльны свет, і патрэбныя пашана і тактоўнасць, каб прасякнуць у кожную з іх, як у святыню. Ад адной да другой, бо не трэба адухаўляць масы, таму што кожная душа — гэта прыватная праблема, таму што яна вартая крыві Адкупіцеля.

   4. Апостальская ініцыятыва і навяртанне натоўпаў

   Легіён імкнецца глядзець на натоўпы людзей вачыма Марыі, якая пазнае сваіх дзяцей паасобку і кліча іх паводле імя і прозвішча. Вялікая нязмерная патрэба, але наколькі годная слугаў Божай Маці!
   Інстытуцыянальныя меры імкнуцца агарнуць гэтыя масы, і існуе патрэбная тэхніка, каб стварыць ці аздаравіць наваколле, зрабіць паветра прыдатным для дыхання, аздаравіць Пантэнскія балоты. Калі ўспыхвае эпідэмія, прымаюцца агульныя прафілактычныя ці лекавыя меры. Але хвароба будзе вылечаная толькі тады, калі лекары, часам з небяспекай для свайго жыцця, згодзяцца даглядаць кожнага хворага паасобку, індывідуальна.
   Без сумневу, неабходна і вельмі патрэбна карыстацца ўсімі сродкамі, якія фармуюць  грамадскую думку: медыі, радыё, тэлебачанне, — каб уплываць на натоўпы, безабаронна падуладныя іх часта згубнаму ўздзеянню. Легіянер ахвотна прыме ўдзел у гэтай справе ратавання насельніцтва. Але ён верыць таксама, што, ідучы ад дзвярэй да дзвярэй, ад душы да душы, ён выконвае місію, якая назаўсёды застанецца збаўчай і неабходнай. Ён ведае, што гэтае заданне яго перарастае, але пакора нараджае ў ім бязмежны давер. І ён асмельваецца прасіць:
   Няхай мая душа будзе адным з любоўю Дзевы Марыі і Яе воляй уратаваць свет.
   Сённяшні свет як ніколі раней заслугоўвае гэтага крыку аб злітаванні. Мы дазволілі людзям стаць масамі і паглынуць людскую асобу натоўпамі, як кроплю вады ў моры. Маса хавае ад нас асобу і забараняе доступ да яе. Гэта натоўпы, з якімі мы знаходзімся побач, выходзячы з заводаў, натоўпы, што грамадзяцца ў месцах відовішчаў, масы без імёнаў і без твараў, з якімі мы перасякаемся на дарогах.
   У гэтых масах, нягледзячы на прафанаваны культурны ўзровень, ведаюць менш за дзіця пра іх вечнае прызначэнне і веру Хрыста. Як іх закрануць? Бо кожны з гэтых людзей не мае душы наўзамен, і менавіта зараз, за кароткі час, яго трэба ўратаваць. Нельга дасягнуць яго ўнутранага свету сродкамі масавай інфармацыі. Можна гіпнатызаваць і ўзбуджаць масы сродкамі прапаганды, але нельга гэтымі ж самымі сродкамі дапамагчы чалавеку ўвайсці ў сябе і вярнуць яму душу.
   Легіён хацеў бы, у сваю чаргу, ператварыць у асобы гэтыя аморфныя масы, каб навязаць з кожным з іх індывідуальны і вызваляльны кантакт. Яго тэхніка апостальства прадугледжвае расшчапіць гэты нетрывалы натоўп. Таму такія шматлікія наведванні дамоў, дом за домам, тыдзень за тыднем, гадамі, калі трэба.
   У гэтай справе Легіён аддае перавагу сямейнаму апостальству. Айцец Томас О. Флін, C.M., духоўны айцец Кансіліюму ў Дубліне, пісаў: “Наведванні дамоў — гэта дзейнасць, да якой сцякаюцца нашыя шматлікія ініцыятывы, ці, хутчэй, якая здаецца  прыдатнай, каб быць адпраўной кропкай. Можна сказаць, што ён беражэ яе як зрэнку вока. Нічога дзіўнага: бо пасля індывідуальнай асобы сям’я з’яўляецца найбольш фундаментальнай адзінкай містычнага Цела: менавіта ў сям’і атрымоўваюць і ўзмацняюць веру; менавіта праз сям’ю грамадства атрымоўвае духоўныя і матэрыяльныя даброты, якія яно здольнае атрымаць.
   Аднак не ў гэтым грамадская служба ці практыкаванне добрых грамадскіх дачыненняў, нават калі б гэты аспект быў магчымы.
     Наведванне дамоў ажыццяўляецца з мэтай духоўнага кантакту з члонкамі сям’і: менавіта ў гэтым сэрца сустрэчы. Гэта духоўная сустрэча ў дыялогу веры: задача легіянера —  закласці падмурак.
   Падыход павінен быць вельмі дакладным, і адкрыццё на дыскусію ад самага пачатку павінна быць разважлівым. Гэта патрабуе фармацыі, і таму справаздача аб выкананай працы ў прэзідыюме будзе для гэтага каштоўнай падставай.
   Каментары і абмеркаванні паміж легіянерамі будуць школай фармацыі.
   Адказныя павінны вучыць, галоўным чынам, духоўнаму кантакту (Бюлетэнь 678 Сходу Кансіліюму 21 сакавіка 1982 г).
   Сёння, як і з самага пачатку, Бог жадае ўратавання людзей, Ён вельмі гэтага хоча з нецярплівасцю сваёй Любові. Але, адначасова, Ён хоча, каб чалавек быў уратаваны праз свайго бліжняга.
   Здзяйсненне гэтай мэты аблягчае  легіянерскі рух Peregrinatio Pro Christo.
   Падштурхнуты ідэалам місіянерскай эпапеі манахаў Захаду, Легіён Марыі пасылае ў далёкія краіны групы, каб яна маглі прабыць там нейкі час.

   У гэтых краінах яны прысвячаюць сябе, па словах Паўла VI, “далікатнай, складанай і непапулярнай місіі абвяшчаць, што Хрыстос — Збаўца Свету”.