Малітва да св. арханёла Міхала аб супакоі

Святы Міхале, анёле супакою, сыдзі з вышыні нябёсаў у нашыя дамы. Няхай спыняцца ўсе войны, знікнуць іх прычыны і балючыя наступствы, а сярод нас запануе радасны супакой. Як галодны прагне ежы, так мы хочам супакою. Ты – пераможца бунту і аднаўляльнік Божага парадку. Твая вялікая справа з’яўляецца плёнам супакою, а не вайны. Захоўвай жа дні нашыя ад ваеннага ліхалецця. Прынясі суцяшэнне туды, дзе яшчэ дагэтуль тлеюць агні звадаў. Дапамажы нам распазнаць тое, што сапраўды служыць супакою. Укажы шлях да сапраўднага і поўнага міру: у нас саміх, паміж людзьмі і народамі.

Заклікаем цябе, заступіся зан нас!

Магутны арханёле, сыдзі найперш у глыбіню нашых сэрцаў. Прынясі ў іх супакой, які з’яўляецца супакоем сумлення, супакоем з Богам. О, калі б кожны чалавек зразумеў, што гэтая найвялікшая каштоўнасць, якая можа замяніць усялякае іншае дабро, а сама нічым не можа быць замененая, натуральным чынам, паходзіць ад выканання Божых запаведзяў, ад падпарадкавання Божай волі! Дапамажы нам, святы Міхале, выконваць волю нашага Пана так дасканала, як выконваеш яе ты сам і падпарадкаваныя табе анёлы. Падтрыманыя гэтым, мы пераможам спакусы сатаны, які руйнуе ўстаноўлены Богам парадак.

Заклікаем цябе, заступіся за нас!

Сыдзі, ахоўнік Божага ладу, у дамы нашых сем’яў. Тут варожыя сілы парушаюць згоду паміж бацькамі і дзецьмі, а таксама паміж самімі дзецьмі. У цяжкасцях і бязладдзі зямнога жыцця з хатняга агменю многіх сем’яў знікла атмасфера лагоды і гармоніі, еднасць паміж сужэнцамі і поўная пашаны прывязанасць дзяцей да бацькоў. Умілаваны наш заступнік, аднаві супакой у сем’ях, умацуй яго і будзь на варце Божых законаў, якія заўсёды актуальныя. Будзь у іх апораю бацькоўскай улады, падмуркам і захавальнікам сапраўднага аўтарытэту.

Заклікаем цябе, заступіся за нас!

Урэшце, сыдзі ў такія вялікія дамы, якімі з’яўляюцца нашыя парафіі, вёскі, гарады і народы. Напоўні і гэтыя дамы Божым супакоем. Асвяці іх гаспадароў, кіруй іх намерамі, суціш у нашых супольнасцях прагу выказваць незадаволенасць з кожнай нагоды, з’яднай усіх іх удзельнікаў братэрскімі повязямі. Учыні, каб наша краіна была месцам супакою. Адары поўным супакоем увесь свет; няхай усе народы дыхаюць жаданаю свабодаю.

Заклікаем цябе, заступіся за нас!

Нягледзячы на мірныя дамовы і пагадненні, у свеце пануюць разлад, звады і нянавісць. Жах наводзіць сумная перспектыва новай ваеннай разрухі з бесчалавечным гвалтам, стогнамі ў вязніцах, плачам у лагерах, голадам, папялішчамі, масавым знішчэннем людзей. Якія жудасныя плады пажынае нянавісць! Святы арханёле, ты з’яўляешся ваяром Бога любові. Як толькі нянавісць пачне злачынствамі падпальваць свет, разбураць яго і спапяляць, праяві сваю пераможную моц. Віноўніка ўсялякага неспакою – нянавісці, расколаў, нязгоды, бязбожнасці і амаральнасці – моцна скуй і скінь у падземную прорву.

Заклікаем цябе, заступіся за нас!

Валадар перамогі, просім цябе, учыні, каб зноў споўніліся словы Аб’яўлення: “Міхал і ягоныя анёлы змагаліся з цмокам. Ваяваў цмок і ягоныя анёлы, але не перамаглі…” (Ап 12, 7-8). Святы Міхале, анёле супакою, сыдзі з нябесных вышыняў у нашыя дамы і шчасліва правядзі нас да вечнай Айчыны. Амэн.

З малітоўніка “Хто ж як бог!”,
выдавецтва “Про Хрысто”, 2018.


Малітва да святога Арханёла Міхала,
апекуна Беларусі

Святы арханёле Міхале, князю войскаў анёльскіх! Прыйдзі на дапамогу людзям, якім пагражае сіла цемры. Яны ж былі створаныя на падабенства Божае, адкупленыя праз жыццё, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста, Сына Божага, прызначаныя на святыню Божую, каб прабываў у іх Дух Святы.

У табе, святы Міхале, Касцёл мае свайго абаронцу і апекуна, ты вядзеш збаўленых да нябеснага шчасця. Прасі Бога аб спакоі, каб перамог уладу сатаны, сейбіта хаосу, і каб не дазволіў трымаць людзей у няволі і шкодзіць Касцёлу. Няхай Беззаганная Панна, апранутая ў сонца Каралева анёлаў, праз цябе струшчыць галаву антыхрысту і абароніць сваіх зямных дзяцей ад яго варожага ўплыву.

Святы арханёле Міхале, абаронца хвалы Найвышэйшага, занясі нашыя просьбы да Бога і выпрасі для нас Яго міласэрнасць. Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю войска нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Паспрыяй, каб мы праз усю вечнасць былі вернымі твайму закліку «Хто ж, калі не Бог!» Амэн.