суббота, 17 октября 2015 г.

Святы Людвік дэ Манфор

Св. Людвік-Марыя Грыньён дэ Манфор  паходзіў са старога францускага роду. Нарадзіўся ён 31 снежня 1673 года ў Манфорце. Быў другім з васямнаццаці дзяцей. Пасля заканчэння мясцовай школы Людвік вучыўся ў калегіуме езуітаў у Рэне (1685-1693). Потым паехаў у Парыж, дзе ў сульпіцыянаў вучыў тэалогію (1693-1700). Пасля таго, як ён стаў святаром, у пісьме да свайго настаяцеля напісаў наступную праграму сваёй дзейнасці: «Адчуваю вялікае жаданне любіць нашага Пана і Яго Святую Маці. Я б хацеў, як просты бедны святар, вучыць бедных сялян і заахвочваць грэшнікаў да набажэнства да Святой Дзевы».

Пасля святарскага пасвячэння ён працаваў капэлянам у шпіталі ў Пуац’е (1701-1703). Заснаваў з Марыяй-Луізай Трышэ жаночую кангрэгацыю пад назвай “Божай Мудрасці” дзеля апекі над хворымі. Потым, па волі настаяцеляў стаў місіянерам. Вандраваў з вёскі да вёскі, з адной мясцовасці да другой, і абвяшчаў Слова Божае. Неспадзявана сутыкнуўся, аднак, з супраціўленнем мясцовых душпастыраў, бо яны лічылі, што ён умешваецца ў іх справы. Пайшоў тады наш Святы да Рыму і выпрасіў у папы Клеменса XI прывілей прапаведваць па ўсёй Францыі. Перамагаў янсэнізм, які ў гэты час распаўсюджваўся і ў якім ён бачыў галоўнага ворага хрысціянскай пабожнасці. Падчас сваіх вандровак  св. Людвік правёў каля 200 рэкалекцый і місій. Кожная місія цягнулася да 5 тыдняў: ён вучыў рэлігійным спевам, запісваў вернікаў у брацтвы: “Сятога Ружанца”, “Пакутнікаў”, “44 Дзеваў”, “Міліцыі св. Міхала” і “Сяброў Крыжа”. Каб надаць плённасць сваім словам, ён складаў у інтэнцыі навяртання грэшнікаў шмат пакутаў, што ўзрушвала сэрцы.

Людвік асаблівым чынам ушаноўваў Маці Божую. Ён аддаўся Ёй у “няволю любові” i цалкавітую ўласнасць. У Яе рукі аддаў усе свае заслугі, малітвы, пасты, пакутныя ўчынкі, апостальскую працу, усю сваю асобу. Напісаў “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найвяцейшай Дзевы”, у якім шырока развіў і абгрунтаваў прывілеі, якія дае гэтае цалкавітае аддане сябе Марыі. Напісаў таксама правілы дзеля ўсіх вышэй названых брацтваў, якія заснаваў, а таксама тэксты пабожных песен, якія ён сам склаў. Пакінуў у рэшце рэшт некалькі тэалагічных і аскетычных трактатаў, з якіх самы цікавы гэта “Любоў да Спрадвечанай Мудрасці”.

Вельмі напружаная апостальская праца вычарпала сілы Святога. Ён развітаўся з зямлёй 28 красавіка 1716 года, маючы ледзьве 43 гады. Пакінуў пасля сябе два законы: «Таварыства Марыі» i «Супольнасць Дачок Мудрасці (Божай)». Сваім сынам і дачкам вызначыў мэту навучання убогай моладзі, наведванне і дагляд хворых у шпіталях, прытулках і прыватных дамах, а таксама несці дапамогу ўсім, хто аб гэтым папросіць. Акт аддання сябе Марыі практыкавалі пазней папы, тэолагі, а менавіта св. Пій X, Бенэдыкт XV i Пій XI, Стэфан Кардынал Вышынскі і Ян Павел II, які ў сваім гербе змясціў прысвячэнне Багародзіцы: «Totus Tuus» – «Увесь Твой». Ён таксама ўрачыстым актам прысвяціў Найсвяцейшай Дзеве Марыі Касцёл і ўвесь свет.

Людвіка дэ Манфора беатыфікаваў у 1888 годзе папа Леў XIII, a kананізаваў ў 1947 годзе папа Пій XII. Рэліквіі св. Людвіка знаходзяцца ў касцеле ў Сэн-Ларан-сюр-Сэўр, там, дзе ён памёр.