Агульная інфармацыя

 “Жывы Місійны Ружанец” – гэта форма душпастырства, якое ўзнікла ў кастрычніку 2019 года падчас правядзення Айцамі Рэдэмптарыстамі Святых парафіяльных Місій у парафіі  Найсвяцейшай Тройцы  (святога Роха) у горадзе Мінску з нагоды 155-годдзя Залатагорскай святыні. 

Апостальскі малітоўны рух “Жывы Місійны Ружанец” актыўна пашыраецца і развіваецца на тэрыторыі Беларусі. Напрацягу першых трох месяцаў яго існавання  да апостальства акрамя свецкіх вернікаў з розных парафій Мінска ўжо далучыліся вернікі з іншых населеных пунктаў: Бабруйск, Баранавічы, Бараўляны, Барысаў, Брэст, Ваўкавыск, Гарадок,  Гатава, Глыбокае, Гродна, Даўгінава, Дзяржынск, Ждановічы, Жодзіна, Заслаўе, Іўе, Крамяніца, Лагойск, Лельчыцы, Ліда, Магілёў, Маладзечна, Наваельня, Наваполацк, Негарэлае, Орша, Пінск, Радунь,  Смаргонь, Стоўбцы, Фаніпаль, Шчучын і шмат іншых.  

Ружанцовае апостальства з кастрычніка 2019 да 25 сакавіка 2021 года ўжо распаўсюдзілася па шматлікіх парафіях: больш чым за 150,  прычым не толькі на Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Літве, Украіне, Нямеччыне.

Ужо за паўтара гады сфармавалася 31 поўная Ружанцовая Ружа –  да супольнай малітвы далучыліся 555 чалавек з усіх чатырох дыяцэзій Беларусі, а таксама 11 чалавек з замежжа.


Па стану на 25 сакавіка 2021 года да Жывога Місійнага Ружанца належаць 180 свецкіх вернікаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,  165 чалавек – з Гродзенскай, з Віцебскай – 136 і з Пінскай – 74. У ліку 11 замежнікаў ёсць вернікі з Масквы, Ніжняга Ноўгарада, Санкт-Пецярбурга, з Варшавы, з Кіева, з горада Эйшышкес, а таксама 1 чалавек пражывае ў Малайзіі (г.Куала Лумпур). Таму “Жывы Місійны Ружанец” паступова набывае міжнародны  характар.

Са студзеня 2020 года ў кожны першы чацвер месяца ў парафіі  Найсвяцейшай Тройцы  (святога Роха) у горадзе Мінску вечарам  цэлебруецца святая Імша ў інтэнцыі аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама аб развіцці Апостальскага малітоўнага руха “Жывы Місійны Ружанец”. Адразу пасля святой Імшы вернікі падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта супольна моляцца святы Ружанец у інтэнцыі аб новых святых пакліканнях да манаскага жыцця, святарства і місіянерскага служэння.