понедельник, 8 декабря 2014 г.

Шкаплер – знак матчынай апекі Марыі

ГІСТОРЫЯ ШКАПЛЕРА

На пераломе XII – XIII стагоддзяў на гары Кармель у Палестыне ўзнікла новая супольнасць пустэльнікаў, якіх пазней назвалі кармелітамі. Яны вялі жыццё, поўнае малітвы і пакуты, па прыкладзе св. Іллі і называлі сябе Братамі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель. У першай палове XIII стагоддзя пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць Святую Зямлю і перабрацца ў Еўропу. Новы лад жыцця, іншая культура, а таксама непрыняцце манахаў мясцовым духавенствам сталі прычынай крызісу, у якім апынуліся кармеліты. Тады генерал ордэна Сымон Сток, пабожны ангельскі кармеліт, прасіў Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй ордэн. Паводле традыцыі, Маці Божая з’явілася яму ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251 года і, паказаўшы шкаплер, які быў верхняй часткай манаскага хабіту, учыніла яго знакам сваёй асаблівай матчынай апекі: “Гэта будзе прывілеем для цябе і для ўсіх кармелітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага”.

Праз 70 гадоў пасля гэтай падзе папа Ян XXIII у гэтак званай “суботняй буле” ад 3 сакавіка 1322 года да ранейшых прывілеяў (захаванне ад агню пякельнага, асаблівая апека ў небяспецы душы і цела) дадаў яшчэ суботні прывілей, які датычыцца абяцання Маці Божай, што ў першую суботу пасля смерці выбавіць з чысца таго, хто пабожна насіў шкаплер. Сёння Касцёл таксама памятае і развівае гэтую пабожнасць. У 1950 годзе, з нагоды 700-годдзя аб’яўленняў Марыі Сімону Стоку, папа Пій XII скіраваў да генеральных настаяцеляў абодвух кармеліцкіх ордэнаў спецыяльны ліст, у якім нагадаў пра суботні прывілей. Папа Ян XXIII назваў суботні прывілей “вельмі каштоўным для пабожнасці вернікаў”.

Папа Ян Павел ІІ між іншым сказаў: “У шкаплернай духоўнасці ёсць вельмі моцны і глыбока ўкаранёны хрыстацэнтрычны і Марыйны парастак: ісці за Хрыстом, наследуючы Марыю! Гэтая духоўнасць мае свой бачны знак – шкаплер, які я нашу ўжо даўно. Я застаўся верным шкаплеру, ён з’яўляецца маёй сілай. Дзень Маці Божай Шкаплернай для мяне вельмі дарагі”.

“Шкаплер у сваёй сутнасці з’яўляецца “хабітам” (адзеннем). Той, хто яго прымае, далучаецца ў меньш ці больш сціслай ступені да кармелітанскага закону, прысвячае сябе служэнню Найсвяцейшай Маці, каб спазнаць салодкую матчыную прысутнасць Марыі ў штодзённай працы пераапранання ў Езуса Хрыста” (бл. Ян Павел ІІ). Цэнтрам шкаплернага набажэнства з’яўляецца адданне сябе Марыі, прысвячэнне сябе Ёй на служэнне, памяць пра Яе, жыццё ў еднасці з Ёй, імкненне быць падобным на Яе і наслядоўвання Яе цнотаў.

ДУХОЎНАЕ ЗНАЧЭННЕ ШКАПЛЕРА

• Шкаплер гэта шата Марыі, гэта знак аддання сябе пад Яе апеку і прысвячэння Ёй на службу. Хто прымае святы Шкаплер выракаецца злога духа, аднаўляе абяцанні святога Хросту і аддаецца Марыі як Яе дзіця. Хто прымае Шкаплер, той прымае, як св. Апостал Ян пад Крыжам, Марыю да сябе, каб жыць у еднасці з Ёй і Ёй служыць.
• Шкаплер азначае прысвячэнне сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі і наследаванне Яе цнотаў, асабліва цноты чысціні і пакоры. “Няхай усе, хто носіць святы Шкаплер, які з’яўляецца памяткай атрыманай ад Маці Божай, бачаць у ім знак прысвячэння сябе Беззаганнаму Сэрцу Дзевы” (бл. Ян Павел ІІ).
• Шкаплер азначае запавет сяброўства з Марыяй і удзелам у духоўным збаўленні ўласным і сваіх бліжніх. У гэтым запавеце Марыя абавязваецца дапамагчы нам ў збаўленні і шляху да святасці, а мы забавязваемся Яе наслядоўваць, служыць Ёй і павялічваць Яе годнасць.
• Шкаплер азначае хабіт (адзенне) Закону, прысвечанага служэнню і годнасці Маці Божай. Прымаючы шкаплер, мы прагнем з гэтай хвіліны жыць тым самым духам Кармелю, выконваць тую ж місію і жыць у еднасці з Марыяй, для Марыі, праз Марыю і ў Марыі.

 ДАРЫ І ЛАСКІ ШКАПЛЕРА

Хто аддаецца Марыі праз святы Шкаплер, аднаўляе ў сабе ласку дзіцяці Марыі, Як слугі, а нават брата (праз духоўнае радство). Уся марыйная традыцыя Кармелю звязвае са святым Шкаплерам пэўныя прывілеі і ласкі, якія Касцёл шматразова паццвярджаў сваім аўтарытэтам.

1. “Хто памрэ ў ім, не спазнае пякельнага агню” (словы Маці Божай, сказаныя Сімону Стоку). Марыя абяцае тым самым усім апранутым у св. Шкаплер дапамогу на шляху збаўлення.
2. Вызваленне з чысца ў першую суботу пасля нашай смерці. Гэта так званы суботні прывілей. Маці Божая запэўніла хуткае вызваленне з чысца (була папы Ільва XXIII – 1322 г.) тым, хто носячы Шкаплер, захаваюць чысціню згодна з іх становішчам і вернасць малітве. “Я, Маці ў першую суботу пасля іх смерці з любоўю прыду да іх і, калі знайду іх у чысцы, вызвалю і прывяду на святую гару вечнага жыцця”. Марыя тым самым абяцае ўсім апранутым у Шкаплер дапамогу на шляху збаўлення.
3. Дапамога і абарона ў небяспеках душы і цела. Марыя абяцае падтрымліваць нас на шляху наследавання Хрыста, а асабліва ў гадзіну нашай смерці дапамагчы нам у апошняй барацьбе за вечнае збаўленне.
4. Удзел у духовых дабротах усяго кармелітанскага Закону на працягу жыцця і пасля смерці (у св. Імшах, пакутах і малітве, адпустах і ахвярах), бо Маці і Каралева Кармелю аб’ядноўвае з сабой у адну сям’ю тых, хто прымае святы Шкаплер.

ШКАПЛЕРНЫЯ АБАВЯЗКІ

Каб атрымаць усе абяцанні звязаныя са Шкаплерам, з нашага боку трэба выканаць пэўныя абавязкі:

1. Наследаваць цноты Маці Божай і імкнуцца да святасці жыцця. Падставовыя патрабаванні для атрымання першага абяцання гэта: імкненне да ўласнага збаўлення, захоўванне прыказанняў Божых і Касцельных, пазбяганне смяротнага граху і жыццё ў асвячаючай ласцы.
2. Захоўваць чысціню згодна з жыццёвым становішчам і рабіць учынкі міласэрнасці (для душы і для цела), каб атрымаць другое абяцанне: вызваленне з чысца.
3. Штодзённа маліцца і памятаць пра Марыю. Штодзённа чытаем малітву прысвячэння Марыі, якую нам вызначыў святар у дзень прыняцця Шкаплера (звычайна гэта “Пад тваю абарону”, “Вітай, Каралева” ці тры “Вітай, Марыя”).
4. Жыць духоўнасцю кармелітанскага закону, улічваючы характар нашага асабістага паклікання, а ў еднасці з усім законам мы абавязваемся адзін раз у год адправіць з 7 па 15 ліпеня навэнну да Маці Божай Шкаплернай (прыватна ці ў супольнасці). І 16 ліпеня, у дзень урачыстасці, прыступіць да святых сакрамэнтаў, каб атрымаць поўны адпуст, ахвяраваны за сябе або за памерлых.

УНУТРАНЫЯ АБАВЯЗКОВЫЯ ЎМОВЫ ДЛЯ ПЛЁННАГА
ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА

1. Духоўная патрыхтоўка – праз паяднанне з Богам, споведзь і святую Камунію (стан асвячаючай ласкі з’яўляецца ўмовай для атрымання частковага адпусту ў дзень прыняцця св. Шкаплера, і поўнага адпусту ў дзень уступлення да шкаплернага брацтва), або хаця б абуджэнне жалю за грахі і прагнення пакуты.
2. Прагненне аддаць сябе ў апеку Марыі і прысвяціць сябе на Яе службу.
3. Прагненне насіць Шкаплер на шыі (можна яго замяніць шкаплерным медалікам). Ужыты Шкаплер нельга выкідваць, бо ён быў пасвечаны, лепш яго спаліць.
4. Прагненне штодзённа чытаць малітву, вызначаную святаром, а таксама прагненне жыць духоўнасцю Закону Маці Божай з Гары Кармель.

ЗНЕШНІЯ ЎМОВЫ ДЛЯ ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА

1. Набыць святы Шкаплер.
2. У свёй парафіі, або кляштары кармелітаў папрасіць святара пасвяціць і налажыць Шкаплер. Шкаплер павінен быць накладаны пасля пасвячэння. Кожны каталіцкі святар і дыякан можа паблаславіць і налажыць кармелітанскі Шкаплер паводле зацверджанага абраду.
3. Прыняць малітву, якую вызначыць святар пасля налажэння Шкаплера, каб штодзённа яе чытаць.
4. Запісацца ў Кнігу Шкаплернай Сям’і ў дадзенай парафіі або ў найбліжэйшым кляштары кармелітаў.

Навэнна і літанія да МБ Шкаплернай

Літанія да Маці Божай Шкаплернай

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, змілуйся над намі.

Каралева святога шкаплера, маліся за нас.
Маці ўсіх прызначаных да хвалы,
Марыя, ззяючая хвалой Панны з Гары Кармель,
Заступніца і Пані Кармелю,
Святыня Бога,
Аздоба Гары Кармель,
Ад усялякай небяспекі, выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад усялякай нагоды да граху,
Ад усялякага неспакою і няпэўнасці сумлення,
Ад прабывання ў смяротным граху,
Ад цяренняў чысцовых,
Праз Тваю любоў да Божага Твайго Сына,
Праз спагадлівасць Тваю да людзей,
Праз усе Твае балесці і радасці,
Мы грэшныя, просім Цябе, выслухай нас.
Каб Ты мела ласку давесці нас да сапраўднага духа пакаяння,
Каб Ты мела ласку выпрасіць нам дар хрысціянскай пакоры і чысціні,
Каб пад Тваёй апекай мы маглі адысці да вечнага жыцця,
Каралева шкаплера з Гары Кармель,

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, выслу.хай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі.

P. Маліся за нас, Святая Маці Божая.
W. Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся. Божа, які меў ласку адарыць закон кармелітаў асабліваю апекаю Блаславёнай Марыі, учыні ласкава, каб мы, умацаваныя апекаю святога шкаплера, дайшлі да вечнага шчасця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


“Modlitewnik Szkaplerzny”
FLOS KARMELI, Poznań 2000


НАВЭННА ДА МАЦІ БОЖАЙ ШКАПЛРНАЙ

На падставе разважанняў
Слугі Божай Сястры Тэрэзы ад Езуса
(Марыяны Мархоцкай)

Марыяна Мархоцкая, у законе Тэрэза ад Езуса, нарадзілася 25 чэрвеня 1603 г. У 1620 годзе, насуперак супраціву бацькоў уступіла ў першы ў Польшчы кляштар Кармелітанак Босых у Кракаве. Узначальвала заснаванне кляштараў у Львове – 1642 г. і Варшаве – 1648 г. Бог абдарыў Яе шматлікім надзвычайнымі дарамі, але таксама не пашкадаваў для Яе цярпенняў. З 1650 г. Яна ўвесь час хварэла. 16 верасня 1651 г. атрымала стыгматы. Памерла ў водару святасці 19 красавіка 1652 г.

МАЛІТВА ДА МАЦІ БОЖАЙ
НА РАСПАЧАЦЦЕ НАВЭННЫ

Прытулак грэшнікаў, Маці майго Бога, вось я, прыгнечаны(ая) цяжарам грахоў, прыбягаю пад Тваю абарону, давяраючы, што як Маці Ты не адштурхнеш мяне ад Сябе. О Марыя Панна, найпрыгажэйшае і найдасканалейшае Стварэнне Бога, дадзеная людзям як знак вечнага Запавету, я веру, што Тваё заступніцтва выпрасіць мне ў Бога прабачэнне цяпер і ў хвіліну маёй смерці. О найміласэрнейшая Панна, ніколі не было грэшніка, які б заклікаў Цябе і не быў выслуханы і не спазнаў Тваёй дапамогі. Прашу Цябе з усяго свайго сэрца, удзялі і мне гэтую ласку. Прытулак грэшнікаў, пакажы мне, што Ты Маці, цяпер і ў хвіліну маёй смерці. Амэн.

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

“Вось Маці Твая”. Гэтыя словы сказаў Хрыстос з крыжа да св. Яна Апостала. Няхай твая надзея будзе непахіснай і ўпэўненай у тым, што Найсвяцейшая Марыя Панна з’яўляецца тваёй Маці”.

Марыя, Твая любоў да людзей нястомна дзейнічае ў гісторыі свету і гісторыі людзкіх сэрцаў. Дзякую Табе за Твой святы Шкаплер, дар любові і міласэрнасці. Як “Вясёлка ў небе” ўзвышалася над зямлёй у часы Ноя, якую Бог даў людзям як знак запавету, так і Ты, Марыя, з’яўляешся для нас Прадвесніца Добрай Навіны. І той, хто прыбягае да Цябе, не будзе падмануты. Накрый мяне Тваім Шкаплерам і ўдзялі ласкі непахіснай веры, калі б’юць па мне хвалі сумневаў. Няхай пад Тваёй апекай я бяспечна вытрываю ўсе буры майго жыцця. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ДРУГІ

“Марыя – Маці ўсяго людзкога роду, які ў асобе св. Яна быў Ёй даручаны”.

Марыя, Табе Укрыжаваны Езус на Галгофе даручыў усіх людзей у асобе св. Яна, каб Ты прыняла іх як сваіх дзяцей. Ты глядзіш на мяне вачамі,  поўнымі міласэрнасці, і пакрываеш Сваім Шкаплерам, так як кожная маці апранае сваё дзіця. Няхай Твая святая шата будзе для мяне знакам Тваёй апекі, няхай нагадвае, што Ты заўсёды са мной. Я прагну чуваць над сваім сумленнем, каб не забрудзіць яго грахом, каб яго аздаблялі чысціня, праўда і справядлівасць. Падтрымлівай мяне, каб я заўсёды выбіраў(ла) тое, што падабаецца Твайму Сыну і Табе. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ТРЭЦІ

“Марыя – асаблівым чынам твая Маці, бо Яна сама ў тваім сэрцы абудзіла гарачую любоў да Сябе. Яна натхніла цябе, каб ты абраў(ла) Яе за Маці і даверыўся(лася) Яе апецы”.

Марыя, Твой чулы позірк затрымаўся на мне і прасякнуў маё сэрца. Ты абудзіла ўва мне гарачую любоў да Цябе і прыцягнула да супольнасці Тваіх дзяцей, апранутых у шату Шкаплера, каб такім чынам распаліць ува мне любоў да Бога і скіраваць мае крокі на шлях Божых прыказанняў. Дзякую Табе за гэтую ласку і прашу, няхай Твая шата, якой Ты адарыла мяне ў знак асаблівага сяброўства, падштурхоўвае мяне да ўсё больш стараннага служэння Табе і Твайму Сыну. Няхай маім самым вялікім гонарам будзе называцца Тваім сынам (дачкой), братам (сястрой) і сябрам. Няхай усім сваім жыццём я буду годна служыць Табе і прыцягваць іншых, каб яны любілі Цябе. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ЧАЦВЁРТЫ

“Як дзіця настолькі добрай Маці імкніся да ўсё большай любові сардэчнай сувязі з Ёй. Прасі аб гэтай любові самога Хрыста, Духа Святога, святога Юзафа, святую Тэрэзу і ва ўшанаванні Яе наслядуй святых, якія асаблівым чынм Яе любілі”.

Спадарыян мая і мая Маці, я прагну любіць Цябе кожным рухам майго сэрца. Няхай Твая святая шата будзе мне шчытом у штодзённым змаганні за вернасць Богу. Ты Сама падтрымліваеш тых, што змагаюцца за Валадарства Божае, узнімаеш іх, калі яны падаюць, абвязваеш іх раны, дадаеш сіл для далейшай барацьбы і захоўваеш іх ад пастак злога духа. Будзь для мяне Зброяй, будзь для мяне Шчытом у часовым жыцці і давядзі мяне да шчаслівай вечнасці, каб у небе я мог радавацца вечынм шчасцем углядацца ў бога. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ПЯТЫ

“Як дзіця ты аддаў(ла) сваю волю Марыі. Таму прасці, каб Яна ва ўсім табой кіравала і не жадай нічога рабіць паводле ўласных жаданняў, без Яе парады, бо для Маці наймілейшы(ая) той сын (тая дачка), які(ая) робіць сваімі Яе звычкі і ўпадабанні. Наслядуй цноты і ўчынкі сваёй Маці, Марыі, каб жыццём паццвердзіць, што Ты сапраўды Яе сын (дачка)."

Ты, Марыя, як добрая Маці навучаеш, як жыць, каб падабацца Богу. Ты ўказваеш мне на Яго прыказанні, а Шкаплер, якім мяне накрываеш, павінен мне нагадваць, што ярмо Пана салодкае, а яго цяжар лёгкі. Яго прыказанні і навучанне – гэта радасць для тых, што любяць Яго, а патрабаванні лёгкія для тых, што Яго ўшановаюць. Вучы мяне ісці за Богам без кампрамісаў са злом. Няхай я заўсёды абіраю тое, чаго Ён прагне, бо толькі гэта для мяне добрае. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ШОСТЫ

“Як дачка (сын) захоўвай сябе з вялікай павагай да Марыі. Прыніжай сябе, прызнаючы сваю нягоднасць, і дзякуй за незаслужанае дабрадзейства, за тое, што Яна адорвае цябе такой вялікаю любоўю. Абвяшчай Яе хвалу і імкніся распаўсюджваць набажэнства да Яе”.

Марыя, ты ў сваім жыцці больш за ўсіх наследавала Езуса, Ты была для Яго не толькі чулай Маці, але і вернай Вучаніцай. Святое Евангелле вучыць мяне жыць так, каб яшчэ больш наследаваць Твайго Сына. Я ведаю, што сам(а) нічога не магу. Толькі з Тваёй дапамогай я магу зрабіць нешта добрае. Прашу Цябе, абуджай ува мне прагненне станавіцца яшчэ больш да Цябе падобным(ай). Няхай, кранаючыся Твайго Шкаплеру, я нагадваў сабе, што разам з ім Ты даеш мне прыклад і цноты да наследавання. Выпрасі мне стараннасць у імкненні станавіцца да Цябе падобным(ай). Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ СЁМЫ

“З пакорай і даверам перажывай усё, што прыходзіць, бо хоць Маці часам карае сваё дзіця і бывае жорсткай, Яна робіць гэта для яго дабра. Ніколі не губляй надзеі і не сумнявайся ў Яе любові, хоць бы табе здавалася, што Яна цябе пакінула і перастала аказваць сваю ласкавасць. Заўсёды з аднолькавай любоўю і падданасцю ўсё прымай з Яе рукі”.

Марыя, ў жыцці ёсць сітуацыі, калі я перажываю цярпенні, хваробы і непаразуменні. Гэта мой жыццёвы крыж, які мне трэба несці з падданнем Волі Божай. Святы Шкаплер – гэта знак крыжа, нагадванне таго, што да ўваскрашэння можна дайсці толькі крыжовым шляхам. Выпрошвай мне адвагу прымаць свае цярпенні, вучы мяне, як з любові да Бога і да душаў ператвараць смутак і горыч ў заслугі, якія даюць супакой і суцяшэнне. Дадавай мне сіл і будзь са мной на крыжовым шляху майго жыцця. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ВОСЬМЫ

“Месца дзіцяці заўсёды каля Маці. Будзь у прысутнасці Марыі, абуджай веру ў тое, што Яна заўсёды побач з табой. Заўсёды май Яе ў сэрцы і памяці. Злучай Яе з Богам, бо гэта Яна пачула словы: “Пан з Табою”. Яна заўсёды з Богам, поўная ласкі, а праз ласку поўная Бога. Будзь Яе сынам (дачкой) і слугой, бо ніхто не зможа служыць Маці лепш за Яе ўласнае дзіця… Таму стань з верай і даверам перад абліччам Марыі і з гэтай хвіліны вазьмі Яе да сябе”.

Марыя, Маці мая, вось я, Тваё дзіця. Ты можаш рабіць са мной усё, што пажадаеш. Прыкладам для гэтага з’яўляецца Езус у Назарэце, які пад Тваім позіркам узрастаў у ласцы ў Бога і ў людзей. Будзь і для мяне Настаўніцай, Гаспадыняй, найлепшай Маці. Няхай Шкаплер будзе для мяне знакам таго, што я ў Тваёй школе. Абуджай ува мне прагненне быць Табе паслухмяным(ай), каб па Тваім прыкладзе я мог (магла) выканаць кожнае жаданне і загад Бога. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ДЗЕВЯТЫ

“З сённяшняга дня абіраю Панну Марыю Маці Бога за сваю Маці і Гаспадыню. Аддаюся Ёй з целам і душой на ўсе часы як слуга. Абяцаю з дапамогай Бога служыць маёй Гаспадыні з усяго сэрца і аддаю для Яе хвалы сябе самую, усё, што маю і магу мець, усе мае справы і ўчынкі. Я абяцаю таксама з даверам прыбягаць да Яе дабрыні ва ўсіх патрэбах душы і цела, як да маёй Гаспадыні і Прытулку грэшнікаў… А Цябе, Каралева і Гаспадыня мая, праз хвалу і любоў Бога прашу, каб Ты, мяне, нягодную і грэшную Тваю слугжабніцу, далучыла да супольнасці Тваіх сыноў і дачок, Тваіх выбраных, якіх Ты любіш…”

Марыя, Маці і Каралева Кармелю, дзякую Табе за ўсе ласкі, якія праз дар святога Шкаплера сплываюць на маю душу. Прашу Цябе, ратуй мяне ў небяспеках, захоўвай ад граху, выпрошвай моц, каб вытрываць у ласцы Божай. Няхай шата асвячаючай ласкі, якую сімвалізуе Шкаплер, заўсёды будзе маім удзелам. А калі праз слабасць і недахоп руплівасці я ўпаду, няхай Тваё заступніцтва дапаможа мне ўстаць і абмыць свае правіны праз пакуту. Дадавай мне моцы для барацьбы з грахом, каб некалі, апрануты(ая) ў вясельную шату збаўленых, я быў(ла) дапушчаны(ая) да нябеснай вячэры і радаваўся(лася) вечным шчасцем у Доме Бога Айца. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

Для прыватнага карыстання.
Усе правы на належаць
Сёстрам Кармелітанкам Босым
Klasztor Sióstr Karmelitanek Bosych
pw. Świętych Obcowania ul. Legionów 92 a
32-600 Oświęcim, tel. 33 843 08 65
http://karmel-oswiecim.pdg.pl/