Зялёны шкаплер

  Сястра Юстына Біскейбуру, як святая Кацярына Лабурэ, была ў Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці. Для дзяўчыны, якая вельмі рана засталася сіратой, самым шчаслівым днём было 27 лістапада 1839 года, дзень, калі яна ўступіла ў навіцыят Сясцёр Міласэрнасці св. Вінсэнта дэ Поля ў Парыжы.

28 студзеня 1840 года на вуліцы Бак у Парыжы, калі Юстына малілася перад фігурай Маці Божай, Яна аб’явілася ёй, апранутая ў белую доўгую, да самых стопаў, сукенку, у плашч прыгожага блакітнага колеру, а валасы не пакрытыя ніякай вуаллю.

Пасля некалькіх падобных аб’яўленняў, 8 верасня 1840 года, Святая Дзева аб’явілася ёй яшчэ раз у Бланжы ў адной з супольнасцяў Сясцёр Міласэрнасці, трымаючы ў правай руцэ Сэрца, з якога сыходзілі палаючыя прамяні, а ў левай руцэ быў шкаплер зялёнага колеру з прышытай стужкай.


На адным баку шкаплера была выява Марыі, пра якую напісана вышэй, а на другім – выява Сэрца, палаючага прамянямі, больш яскравымі за сонца і больш празрыстымі за крышталь. Сэрца было прабітае мячом, а вакол яго ў авальнай форме, з крыжам уверсе, былі напісаныя словы: “БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ, МАЛІСЯ ЗА НАС ЦЯПЕР І Ў ХВІЛІНУ НАШАЙ СМЕРЦІ”.

Святая Дзева дала зразумець сястры Юстыне, што тыя асобы, якія будуць насіць шкаплер і кожны дзень з верай паўтараць малітву: “БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ, МАЛІСЯ ЗА НАС ЦЯПЕР І Ў ХВІЛІНУ НАШАЙ СМЕРЦІ”, атрымаюць вялікія ласкі, у тым ліку ласку навяртання і добрай смерці.

Гэты шкаплер не такі, як іншыя шкаплеры, гэта не шата якога-небудзь брацтва, а проста пабожны абразок на кавалку таканіны са стужкай. Досыць, каб яго асвяціў святар, а потым яго можна даць асобе, якую мы хочам даручыць шчаслівай апецы гэтага шкаплера. Што датычыцца малітваў, досыць кожны дзень паўтараць малітву: “БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ, МАЛІСЯ ЗА НАС ЦЯПЕР І Ў ХВІЛІНУ НАШАЙ СМЕРЦІ”.

Дзякуючы гэтаму шкаплеру адбываецца шмат цудаў паўсюль, дзе яго распаўсюджваюць, асабліва шмат ласкаў навяртання і нават цялеснага аздараўлення. Але атрыманыя ласкі залежаць ад нашай веры. Чым большая наша вера, тым большыя ласкі мы зможам атрымаць.


Ласкі можна атрымаць нават для той асобы, якая будзе насіць шкаплер, нічога пра гэта не ведаючы (калі яго, напрыклад, прышыць да адзення, ці проста пакласці ў пакоі). Тады штодзённую малітву “БЕЗЗАГАННАЕ СЭРЦА МАРЫІ, МАЛІСЯ ЗА НАС ЦЯПЕР І Ў ХВІЛІНУ НАШАЙ СМЕРЦІ” трэба паўтараць замест гэтай асобы.

Шатан, ведаючы неацэнную каштоўнасць гэтага шкаплера, здолеў на працягу доўгага часу, і нават да сённяшніх дзён, перашкаджаць яго распаўсюджванню ў вялікай колькасці.

Зялёны шкаплер быў два разы адобраны Папам Піям ІХ у 1863 годзе, а потым у 1870. Калі Сёстры Міласэрнасці, праз Генеральнага Пракурора па справах місій М. Баргано, папрасілі ў Святога Айца дазвол на распўсюджванне гэтага шкаплера, ён адказаў: “Я даю на гэта свой цалкавіты дазвол. Напішыце гэтым добрым сёстрам, што я дазваляю ім яго вырабляць і распаўсюджваць”.