Штодзённы ружанец

Фацімскае пасланне паказвае і нагадвае не толькі пра шлях пакуты або прысвячэнні і ўзнагародзе Беззаганнаму Сэрцу Марыі, яно запрашае нас таксама да малітвы і робіць гэта рознымі спосабамі. Пра гэта кажа Луіджы Ганзага да Фонсэка: “Досыць пералічыць прыгожыя малітвы, якім Анёл і Дзева Марыя навучылі дзяцей; гэта простыя звычайныя формулы, у якіх, аднак, заключаюцца падставовыя тэалагічныя думкі ўсёй хрысціянскай традыцыі; потым гэта малітвы, якім дзеці вучацца ў святароў, якія кіруюць іх пачатковым дыхоўным жыццём. Перш з ўсё гэта, аднак, ружанец, формула дасканалай малітвы, якая служыць асвячэнню пабожнасці Касцёла на працягу стагоддзяў”. У сваю чаргу Венанчыё Перэйра, біскуп дыяцэзіі Лэрыя з нагоды 50-гадовага юбілею фацімскіх аб’яўленняў, у пастырскім лісце 1967 г. сказаў, што згодна з духам Фацімы: “трэба весці пабожнае жыццё, якое пітаецца традыцыйнымі набажэнствамі, якія вельмі любіць Касцёл: ружанец, набажэнства да Маці Божай Балеснай, да Маці Божай з Гары Кармэль, да Святой Сям’і, да Беззаганнага Сэрца Марыі”.
Здаецца, добра ў гэтым месцы ўзгадаць словы Маці Божай, або таксама с. Луцыі – фацімскай візіянеркі, наконт ружанца як штодзённай малітвы. Тут мы кранаемся амаль самай сутнасці Фацімскага Паслання, якое – як сказаў у 1982 годзе Ян Павел ІІ – накладае на нас абавязак вуслухаць яго. Заклік да ружанцовай малітвы з’яўляецца падчас кожнага аб’яўлення Маці Божай у Фаціме. Не заўсёды, аднак, мы ўсведамляем істоту гэтай просьбы: ружанец павінен быць нашай штодзённай малітвай. Калі неба няспынна нам пра гэта нагадвае, нам трэба кожны раз наноў адкрываць глыбіню ружанцовай малітвы, давартасцёўваць яе важнасць.

ЗАПРАШЭННЕ ДА РУЖАНЦОВАЙ МАЛІТВЫ
 Маці Божая, Фаціма 1917

- Я хачу, каб вы прыйшлі сюды 13 дня наступнага месяца, каб штодзённа маліліся на ружанцы і навучыліся чытаць. Пазней я скажу, чаго я хачу”.
 - “Штодзённа маліцеся на ружанцы, каб свеце запанаваў супакой і скончылася вайна”.
“Я хачу, (…) каб вы і далей штодзённа маліліся на ружанцы ў гонар Маці Божай Ружанцовай, каб выпрасіць супакой у свеце і заканчэнне вайны, бо толькі Яна можа выпрасіць гэтыя ласкі”.
“Калі моліцеся на ружанцы, пасля кожнай таямніцы паўтарайце: “О мой Езу, прабач нам грахі нашы, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна твая міласэрнасць”.
 - Ахвяруйцеся за грэшнікаў і часта кажыце, асабліва калі будзеце складаць ахвяры: “О Езу, раблю гэта з любові да Цябе, для навяртання грэшнікаў і для ўзнагароды за грахі супраць Беззаганнага Сэрца Марыі”.

ЧАМУ РУЖАНЕЦ?
С. Луцыя, Фацімскае Пасланне

“Што стала повадам для таго, каб Наша Спадарыня сказала нам штодзённа маліцца на ружанцы, а не хадзіць кожнага дня ў касцёл і ўдзельнічаць у Святой Імшы?
Адносна пастаўленага вышэй пытання думаю, што Бог – гэта Айцец і як Айцец Ён прыстасоўваецца да патрэбаў і магчымасцяў сваіх дзяцей. Калі б Бог праз пасрэдніцтва Нашай Спадарыні прасіў нас, каб мы штодзённа прымалі ўдзел у Святой Імшы і прымалі Святую Камунію, я б напэўна сказала, што для малых дзяцей гэта было б немагчыма. З аднаго боку па прычыне таго, што да бліжэйшага касцёла, дзе адпраўлялася святая Імша, было вельмі далёка; з другога боку таму, што іх штодзённыя заняткі і абавязкі, стан здароўя не дазвалялі ім гэтага. А малітва на ружанцы даступная для кожнага – для бедных і багатых, мудрых і неадукаваных, вялікіх і маленькіх”.
Бог “прыстасоўваецца” да нашых магчымасцяў, ці гэта не гучыць непраўдападобна? Аднак Божая педагогіка мае таксама іншае вымярэнне адносна закліку штодзённа маліцца на ружанцы. С. Луцыя такі пра гэта піша: “Усе людзі добрай волі могуць і павінны штодзённа маліцца на ружанцы. Але навошта? Каб быць у кантакце з Богам, карыстацца Яго дабрадзействам і прасіць Яго аб патрэбных ласках: гэта малітва, якая вядзе нас да блізкага кантакту з Богам – як дзіця, якое ідзе да айца, каб падзякаваць яму за атрыманыя дабрадзействы, паразмаўляць з ім пра свае асаблівыя праблемы, атрымаць адпаведныя ўказанні, дапамогу, падтрымку і благаславенства”.

ЧАМУ ШТОДЗЁННЫ РУЖАНЕЦ?
С. Луцыя, Заклікі Фацімскага Паслання

“Паколькі ўсем нам патрэбна малітва, Бог хоча каб мы маліліся – як пэўнае сталае вымярэнне дня – гэту малітву, якая заўсёды ў нас пад рукой: ружанец, які можна маліцца як у супольнасці, так і прыватна, як у касцёле перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, так і дома, у сям’і або самотна, як у дарозе, так і падчас спакойнага прабывання ў полі. Маці сям’і можа яго маліцца, калі калысае сваё маленькае дзіця або робіць парадак у кватэры. Кожны дзень мае дваццаць чатыры гадзіны… калі мы прысвячаем толькі адну чвэрць часу духоўнаму жыццю, нашаму ўнутранаму і блізкаму спатканню з Богам, як жа гэта мала!”

ЦІ ШТОДЗЁННЫ РУЖАНЕЦ ГЭТА
САПРАЎДЫ НЕМАГЧЫМА?
 С. Луцыя, Заклікі Фацімскага Паслання

Фацімская візіянерка ўсведамляе нам, што штодзённа зусім не азначае, што гэта павінна быць толькі ў касцёле. “Так як наша жыццё, штодзённыя заняткі, абавязкі праходзяць у розны час і ў розных месцах, таксама і наша малітва можа быць там прысутнай. Гэта залежыць ужо толькі ад кожнага з нас. Калі так, то ці сапраўды некалькі хвілін, прысвечаных штодзённай малітве, гэта нешта немагчымае? Ружанец не патарбуе ад нас штодзённай прысутнасці ў святыні, што аднак абавязкова, калі мы хочам быць на св. Імшы”.

 ЦІ ЗАКЛІК ДА ШТОДЗЁННАЙ МАЛІТВЫ НА
РУЖАНЦЫ СКІРАВАНЫ ДА ЎСІХ?
 С. Луцыя, Заклікі Фацімскага Паслання

Даючы вельмі цікавы адказ, с. Луцыя ўзгадвае размову з Маці Божай, якая адбылася 13 мая 1917 г. “Прарываючы маўчанне і ажыўленая даверам, якую ў мяне ўліла гэта мілая Спадарыня, я запыталася: “Адкуль вы, Спадарыня?” “Я з неба” – адказала Яна. “А чаго Спадарыня жадае ад мяне?” – запыталася я.
Калі я слухала гэты адказ, мяне раптам ажывіла думка, што я размаўляю з асобай, якая прыходзіць з неба; я запыталася ў Яе таксама і пра сябе, ці буду мець шчасце пайсці да неба, на што Спадарыня адказала: “Так, пойдзеш”. – А Гіяцынта? – запыталася я. – Таксама, – адказала Яна. – А Францішак? – настойвала я. – Таксама, але ён павінен шмат маліцца на ружанцы, - адказала Яна.
Я думаю, што гэты загад, скіраваны да Францішка, адносіўся да ўсіх нас. Не таму, што наша прыйсце да неба абумоўлена малітвай ружанцовай, у літаральным сэнсе гэтага слова, а каб мы шмат маліліся; канешне, для малых дзяцей штодзённая малітва на ружанцы была найбольш даступнай формай малітвы, як і цяпер у выпадку вялікай колькасці людзей; зрэшты няма сумневу ў тым, што з цяжкасцю збавіцца той, хто зусім не моліцца.
Мы добра ведаем, якія мы слабыя, спатыкаемся і падаем. Без дапамогі ласкі мы не зможам ані ўзняцца, ані перамагчы спакусы. Гэту моц, якая нам патрэбна, і якая да нас прыходзіць разам з ласкай, мы атрымліваем толькі у спатканні нашай душы з Богам – праз малітву”.

ЯК ТРЭБА РАЗГЛЯДАЦЬ РУЖАНЕЦ
АДНОСНА ЭЎХАРЫСТЫІ?

С. Луцыя, Заклікі Фацімскага Паслання

“Я думаю, што пасля літургічнай малітвы Ахвяры святой Імшы ружанцовая малітва, прымаючы ва ўвагу яго паходжанне і ўзнёсласць змешчаных у ім малітваў, а таксама таямніца нашага адкуплення, якія мы ўзгадваем і над якімі разважаем у кожай дзесятачцы, гэта малітва найбольш любая Богу сярод усіх тых, якія мы можам узносіць да Яго, і найбольш плённая для нашых душ. Калі б гэта было не так, Наша Спадарыня не заахвочвала б да яе з такой настойлівасцю”.

  ЦІ РУЖАНЕЦ МАНАТОННАЯ МАЛІТВА?
 С. Луцыя, Заклікі Фацімскага Паслання

“Тым, што кажуць, што ружанец – гэта малітва састарэлая і манатонная з-за паўтараных малітваў, з якіх ён складаецца, я задаю пытанне, ці ёсць у свеце нешта, што існуе без няспыннага паўтарання тых самых чынаў?
Бог стварыў усё, што існуе, але так, што трывае яно толькі дзякуючы няспыннаму і бесперапыннаму паўтаранню тых самых учынкаў. Так, напрыклад, імкнучыся захаваць натуральнае жыццё, мы ўвесь час удыхаем і выдыхаем паветра; сэрца няспынна б’ецца у тым самым рытме. Зоркі, як сонца, месяц, планеты, зямля увесь час вандруюць тым самым шляхам, які ім вызначыў Бог. Дзень прыходзіць пасля ночы, год за годам, і заўсёды адно тое самае. У столькіх раслінах лісце з’яўляецца вясной, расліны апранаюцца ў кветкі, даюць плады і губляюць лісце восенню або зімой.
І так усё кіруецца законам, які вызначыў Бог, і ніхто не асмеліцца сказаць, што гэта манатонна і менавіта таму гэта трэба скончыць; гэта патрэбна нам для жыцця! У духоўным жыцці у нас ідэнтычная патрэба няспыннага паўтарання тых самых малітваў, тых самых актаў веры, надзеі і любові, каб мець жыццё, таму што наша жыццё – гэта няспынны ўдзел ў жыцці Бога.
Калі вучні прасілі Езуса Хрыста, каб Ён навучыў іх маліцца, Ён даў ім, як мы ўжо ведаем, прыгожую малітву Ойча наш, кажучы: “Калі моліцеся, кажыце: Ойча… (пар. Лк 11, 2). Бог даў малітву, не кажучы, што праз некалькі гадоў нам трэба будзе шукаць іншую малітоўную форму, таму што гэта ўжо састарэла і стала манатоннай.
Калі сустракаюцца закаханыя асобы, яны гадзінамі паўтараюць тое самае: кахаю цябе! Тым, што папракаюць ружанец у манатоннасці, не хапае менавіта любові; а ўсё, што не робіцца з любові, не мае ніякай вартасці. І таму Катэхізіс нам кажа, што дзесяць прыказанняў Божага Права заключаюцца ў адным: любіць Бога больш за ўсё, а бліжняга як самога сябе.
Тыя, што штодзённа моляцца на ружанцы, ведаюць, як дзеці, што кожны дзень трэба вызначыць сабе хвіліны, каб пабыць з Айцом, падзякаваць Яму, паслужыць Яму, прыняць Яго парады і благаславенства. Гэта ўзаемны абмен любоўю Айца да дзяцей і дзяцей да Айца, узаемнае абдараванне”.

ФАЦІМСКІ РУЖАНЕЦ

Шмат разоў з нагоды фацімскіх урачыстасцяў у розных парафіях мы чулі пра фацімскі ружанец. Пра які ж ружанец тут ідзе гаворка? Ці гэта нейкая іншая форма малітвы ружанцовай; ці ён павінен быць узбагачаны нейкімі іншымі малітвамі? А можа тут ідзе гаворка пра тое, як ўрачаста моляцца падчас фацімскіх набажэнстваў? Што азначае выраз “фацімскі ружанец”?
Па-першае: фацімскі ружанец – гэта штодзённы ружанец! Гэта не хвілёвыя парывы, гэта не забава, гэта не ўмова Богу, што тыдзень я прашу, а потым чакаю цуду. Фацімскі ружанец – гэта штодзённая, вытрывалая, верная малітва; незалежна ад таго, якія цяпер дні: цяжкія ці лёгкія. Але гэта яшчэ не ўсё.
Па-другое: мы павінны звярнуць увагу на умову, якая датычыцца інтэнцыі, у якой мы молімся на ружанцы. Маці Божая просіць маліцца за грэшнікаў, аб іх навяртанні. Фацімскі ружанец адкрывае нас на патрэбы іншых, выводзіць нас з кола нашага эгізму, вучыць сапраўднай любові да бліжняга, а нават больш, заклікае да любові да непрыяцеляў. Свет – гэта не толькі я, але яшчэ мае браты і сёстры, таму, каб змяніць аблічча свету, я не магу ў малітве думаць толькі пра сябе, толькі пра мае асабістыя справы і клопаты. Каб пра гэта не забыцца, мы паўтараем пасля кожнага дзесятка малітву:

“О мой Езу, прабач нам грахі нашы, захавай нас ад агню пякельнага, прывядзі ўсе душы да неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна твая міласэрнасць”.

Наша малітва у гэтым выпадку павінна быць бескарыслівай настолькі, каб нават не абмяжоўваць нашай інтэнцыі за блізкіх нам людзей, якіх мы ведаем асабіста. Ружанцам мы апляцем увесь свет, даручым гэтай малітве ўсіх, хто знаходзіцца ў няволі граху і каму пагражае вечнае асуджэнне. Будзьма, як фацімскія дзеці, якія маліліся за Расію, і хоць не мелі нават уяўлення, што гэта такое, а толькі дапускалі, што гэта можа быць нейкая “грэшная спадарыня”, аднак, не стамляліся ў малітве, просячы аб навяртанні толькі таму, што аб гэтым прасіла Маці Божая.
Ружанец павінен быць нашай штодзённай малітвай; нават больш, нам нельга забыць пра інтэнцы, а менавіта прасіць аб навяртанні грэшінкаў. Калі мы добра зразумелі словы Маці Божай, падумаем над тым, каб зрабіць наступны крок і адказаць на просьбу Марыі наконт ружанца, узнагароджваючага Яе Беззаганнаму Сэрцу ў першыя суботы месяца. Молячыся на ружанцы, падумай, можа надышоў ужо час зрабіць больш, пачаць практыкаваць таксама набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі, набажэнства, якое павінна змяніць аблічча свету.

ПРОСЬБА С. ЛУЦЫІ НАКОНТ РУЖАНЦА,
СКІРАВАНАЯ ДА ПАПЫ
 Кард. Тарчызіо Бертонэ,
Апошняя Візіянерка з Фацімы

Трэба яшчэ адзначыць, што Фацімская Спадарыня на пытанне “Хто Яна?” адказала: “Маці Божая Ружанцовая”, і як мы ведаем прасіла аб штодзённым ружанцы. Гэта просьба, як аказваецца, вельмі істотная. Падобнае адлюстраванне яна знайшла ў лісце с. Луцыі да Папы Яна Паўла ІІ. Гэта была асаблівая просьба. Пра яе ўзгадваў кард. Тарчызіо Бертонэ у размове з Джузеппе вэ Карлі. Вынік гэтай сустрэчы выйшаў у 2001 годзе ў кнізе “Апошняя візіянерка з Фацімы”. Кардынал Бертонэ ўзгадвае: “Я магу вам сказаць, што ў апошнім доўгім лісце да Яна Паўла ІІ сястра Луцыя прасіла аб трох рэчах. […] Яна прасіла прызнаць ружанец літургічнай малітвай. Молячыся на ружанцы, сястра Луцыя прамянела святлом”.
Журналіст тады звярнуўся з пытаннем: “Ці ёй здавалася, што ў гэтай просьбы ёсць падстава? На што атрымаў наступны адказ: “Канешне, таму што ружанцовую малітву мы распачынаем заклікам да Святой Тройцы, а потым пагружаемся ў таямніцу Аб’яўлення, затым падчас малітвы мы бачым Марыю, ператвораную ў жывую святыню Святога Духа. Усе малітвы, з якіх складаецца ружанец, нагадвала с. Луцыя, гэта біблійныя малітвы, якім навучыў нас і падказаў нам Бог. Малітву “Gloria” спяваюць анёлы ў хвіліну нараджэння Езуса Хрыста; малітве “Ойча наш” нас навучыў Езус; “Ave Maria” – “Вітай, Марыя” – гэта прывітанне арханёла Габрыэля, з якім ён звярнуўся да Яе, калі звеставаў Ёй нараджэнне Езуса Хрыста; потым мы вітаем Яе словамі сваячкі Альжбеты: “Благаславёная Ты паміж жанчынамі і благаславёны плод Твайго ўлоння” (Лк 1, 24). Я памятаю словы сястры Луцыі: “Ружанец – гэта найпрыгажэйшая малітва, якой навучала нас Неба; гэта яна вядзе нас да лепшага пазнання Бога і Яго збаўчага дзеяння ў Хрысце”.
Потым на пытанне аб тым, што Марыя паказала ружанец як прыладу для асягнення супакою, Кардынал дадаў: “Маліцеся на ружанцы кожнага дня, каб выпрасіць супакой у свеце і заканчэнне вайны. Нябесная Спадарыня, па словах сястры Луцыі, ясна выказалася на гэту тэму.
Гэта просьба была добра абумоўлена, што не азначае, што яна магла быць прынятая літургістамі. Ружанцовая малітва з’яўляецца сапраўдным кампендыям Новага Запавету, але вырашальны крытэрый літургічнага характау гэтай малітвы зусім іншы. Літургія робіць прысутным справу збаўлення, ружанец жа з’яўляецца выключна яго кантэмпляцыйным успамінам.
Ружанец з’яўляецца малітвай. Ян Павел ІІ зачэрпнуў з яго натхненне для прыгожага апостальскага лісту “Rosarium Virginis Mariae”, даючы такім чынам крылы ружанцоваму руху. Год Ружанца і таямніцы святла з’яўляюцца адказам Папы на просьбу сястры Луцыі, якой гэта прынесла радасць”.
  

РУЖАНЦОВЫЯ АБЯЦАННІ,
 якія атрымаў ад Безаганнай Маці бл. Алан дэ Рупэ – дамініканец – (1428-1475)

1. Усім тым, што будуць пабожна маліцца на ружанцы, Я абяцаю сваю асаблівую апеку і вельмі вялікія ласкі.
2. Той, хто вытрывае ў малітве на ружанцы, атрымае ад Мяне асаблівыя ласкі.
3. Ружанец будзе магутнай зброяй супарць пекла; вызваліць з граху і знішчыць ерась.
4. Ружанец прывядзе да перамогі цноты і дабра і дасць душам вялікую ласку Божай міласэрнасці; замест любові да свету ў сэрцах запануе любоў да Бога і абудзіць у сэрцах людзей прагненне шукання неба. Колькі душаў дасягне святасці праз яго!
5. Той, хто даверыцца мне праз Ружанец, не згіне.
6. Той, хто будзе пабожна маліцца на Ружанцы, разважаючы над яго таямніцамі, не будзе знішчаны злом. Грэшнік навернецца; справядлівы будзе ўзрастаць у ласцы і стане годным вечнага жыцця.
7. Сапраўдныя прыхільнікі майго Ружанца атрымаюць дапамогу неба ў хвіліну сваёй смерці.
8. Тыя, што моляцца на Ружанцы атрымаюць на працягу жыцця і ў хвіліну смерці Божае святло, поўню ласк і ўдзел у заслугах благаславёных.
9. Я хутка вызвалю з чысца пабожныя душы, якія былі вернымі майму Ружанцу.
10. Сапраўдныя дзеці майго Ружанца будуць цешыцца вялікай хвалой ў небе.
11. Тое, аб чым папросіце праз мой Ружанец, атрымаеце.
12. Тыя, што будуць распаўсюджваць мой Ружанец, атрымаюць маю дапамогу ва ўсіх сваіх патрэбах.
13. Я атрымала ў Свайго Сына абяцанне, што ва ўсіх прыхільнікаў Ружанца святыя неба будуць сябрамі ў жыцці і ў гадзіну смерці.
14. Тыя, што верна моляцца на маім Ружанцы, з’яўляюцца маімі улюбёнымі дзецьмі, братамі і сёстрамі майго Сына Езуса Хрыста.
15. Набажэнства майго Ружанца з’яўляецца вялікім знакам абранасці Богам.

ГЕТШВАЛД 1877
 Маці Божая дала пераследваным палякам ружанец – духоўную зброю, пры дапамозе якой можна перамагчы моц зла. На ўсе просьбы і пытанні, якія задавалі дзеці ад імя розных людзей, Беззаганная адказвала:

“МАЛІЦЕСЯ НА РУЖАНЦЫ!”
Ці святары вярнуцца з турмаў”
“Так, толькі маліцеся на ружанцы!”
Ці выгнаныя сёстры законныя вернуцца ў кляштары?
“Так, толькі маліцеся на ружанцы!”
Ці хворыя атрымаюць аздараўленне?
“Так, толькі маліцеся на ружанцы!”
Ці грэшнікі навернуцца?
“Так, толькі маліцеся на ружанцы!”
Ці каталікі атрымаюць адабраныя святыні?
“Так, толькі маліцеся на ружанцы!”
Якім чынам людзі могуць вызваліцца ад зла?
“Праз ружанцовую малітву.”


АДПУСТЫ ПОЎНЫЯ І ЧАСТКОВЫЯ
 прадстаўленыя Апостальскім Судом
 29 чэрвеня 1969 года:


48. Малітва на ружанцы ў касцёле, капліцы, у сям’і, у манаскай супольнасці, у пабожнай групе (досыць памаліцца толькі адну частку ружанца) – поўны адпуст; ружанцовая малітва па-за гэтым месцамі або супольнасцямі – адпуст частковы.


Перакладзена з польскай мовы:
"Codzienny Różaniec", Sekretariat Fatimski, Zakopane 2016