9. Знак крыжа

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

ЗНАК КРЫЖА


   У ІМЯ АЙЦА, І СЫНА, І ДУХА СВЯТОГА. АМЭН.

   1. Пакута і апостальства

   Абяцанне сканчаецца знакам крыжа. Гэта не бессэнсоўны знак або знак згоды.
   Гэта блаславенства Божае, што сыходзіць на легіянера і на яго ўступленне ў Легіён і пакрывае яго нябачнымі даспехамі; ён ведае, што ўзяць удзел у апостальстве — гэта значыць, увайсці ў таямніцу адкуплення, таямніцу жыцця і смерці. На кожным кроку легіянер сустрэнецца з пакутай у розных абліччах: ён сустрэне яе ў гэтых душах, да якіх наблізіцца падчас сваіх візітаў, і павінен будзе іх навучыць з вялікай цярплівасцю таямніцы пакуты. Ён адчуе, што душы гэтага вартыя, і часам будзе выходзіць стомлены, змучаны пасля гэтага змагання з пеклам. Апостальства — гэта не дзіцячая гульня, і Бог хоча, каб мы ўключылі нашае жыццё ў гэтае змаганне. Легіянер павінен глядзець на аблічча крыжа, што ўзвышаецца на Галгофе і патрабуе ўратавання людзей. Калі Збаўца заплаціў за душы сваёй крывёю, то гэта нармальна, калі справа збаўлення, за якую бярэцца легіянер, нясе ў сабе таксама адкупленне; вучань не вышэйшы за Настаўніка. Калі ён не хоча быць збянтэжаным першым жа агаламшэння, яму трэба глыбока разважаць над адкупляльным сэнсам пакуты. Яму трэба верыць, дзеля сябе і іншых, у пераможную любоў Бога, што заўсёды крыецца ў глыбіні болю. О! Калі б сапраўды можна было верыць, што пакута — гэта ласка! Тады, як кажа Падручнік, “пачуццё пакуты робіцца пачуццём прысутнасці Езуса”. З адной умовай: цалкам давяраць Богу. О! Як лёгка верыць у тое, што Бог нас любіць, калі ўсё ідзе згодна з нашымі жаданнямі; але трэба  вельмі моцная вера, каб не зламацца, калі бура абрушваецца на нашую лодку. А між тым любоў Божая прысутнічае і ахапляе як ніколі ў хвіліну адчаю. Мы кепска разумеем штурмы гэтай любові, што заблытвае нашыя крокі! Мы адмаўляемся дазволіць перамяніць сябе пяшчотай, што нас разбурае, каб паўней нас напоўніць. Мы сумняемся ў Богу, бо нашая вера не досыць моцная, каб пазнаць Яго ў вонкавых падзеях, часта збянтэжваючых, у якіх Ён хаваецца. Якое нявер’е ў глыбіні нашай веры!
   Як жа нам цяжка ўбачыць Бога ў другасных рэчах. “Мой Божа, — пісала адна шляхетная душа, — дапамажы мне распазнаць Тваю справу паўсюль, у кожным стварэнні, што мяне зраньвае, у кожнай падзеі, якая адбываецца, а таксама ў кожнай радасці, што мяне напаўняе. Дапамажы мне зразумець, што другасныя прычыны розняцца да бясконцасці, толькі першая застаецца адзінай, і гэтая прычына —  Ты, Божа. Рука заўсёды адзіная, але яна мяняе пальчаткі; у яе ёсць пальчаткі з замшу, з воўны, з жалеза, і згодна з гэтым, калі яна да мяне дакранаецца, яна мяне засмучае або суцяшае. Божа, мой Божа, гэта заўсёды Твая добрая і пяшчотная рука працягваецца сціснуць маю руку, каб сказаць мне: “Я люблю цябе”. Але рука, якая б пяшчотная яна ні была, у жалезнай пальчатцы заўсёды халодная і жорсткая, а нават балючая… У ваўнянай пальчатцы гэта менш балюча. Мы заўсёды хочам адчуваць толькі замшавую пальчатку, і яе, Госпадзе, Ты, здаецца, хаваеш больш за іншыя… Рабі як хочаш, мой Госпадзе, не цырымонься са мной, вазьмі тую пальчатку, якуя захочаш, сцісні так, як Табе падабаецца. Пакінь мне толькі сыноўскую вольнасць зняць пальчатку і пацалаваць руку”.
   Калі б легіянер мог такім чынам зразумець  прысутнасць Божую ў напатканым яго зле, якую падтрымку ён мог бы прынесці свайму бліжняму, збянтэжанаму выпрабаваннем і пагружанаму ў ноч! Ён бы суцешыў яго, узмацніў. Няхай ён ідзе да яго, паволі, і скажа, што “світанне пачынаецца апоўначы”, што Бог працуе ў яго збалелай душы, і аднойчы ён зразумее цуды, што Ён учыніў без яго ведама у глыбіні яго сэрца. Няхай ён паўторыць яму гэтыя словы святога Людовіка дэ Манфора: “Дазвольце Яму дзейнічаць: Ён любіць вас, Ён ведае, што робіць, у Яго ёсць досвед; усе Яго ўдары трапныя і поўныя любові; Ён не робіць ніводнага няўдалага руху, калі вы не робіце яго марным сваёй нецярплівасцю…” Ці яшчэ іншыя адважныя словы, што ён асмеліўся скіраваць “Сябрам Крыжа”: “Заўсёды прымайце кожны крыж, уцалаваўшы яго з удзячнасцю, і, калі Бог дасць вам трохі большы крыж, дзякуйце Яму асаблівым чынам і прымушайце іншых рабіць тое самае”. Добра параўноўваць нашую веру з верай святых, каб зразумець нашую нікчэмнасць вернікаў-нявернікаў і нашую непаслядоўнасць хрысціянаў, што слаба ўсведамляюць таямніцу свайго хросту і застаюцца напалову язычнікамі! Ці можна праз такіх хрысціянаў адкрыць хрысціянства ва ўсім смаку, адзінае, што мае словы жыцця вечнага. Мы не скажам адразу нашаму брату, які пакутуе, словы занадта цяжкія ўнутраным багаццем, але хаваем іх у сэрцы, каб яны прасякнуліся сціплым святлом і схаванай цеплынёй, каб гэтыя словы заахвочвання і ўзмацнення, што мы скажам яму з надзеяй, што ён зможа — і мы таксама — аднойчы зразумець.
   Якая ж адбудзецца перамена, калі мы асмелімся паверыць, што пакута ўва ўсіх яе праявах з’яўляецца вялікай брамай да інтымнасці з Богам, шляхам, што вядзе да вырашальнай сустрэчы з Яго любоўю. О! Несумненна, гэта нармальна, што натура супраціўляецца пакуце, і сам Езус — настолькі Ён адчуваў сябе чалавекам, падобным да нас — маліўся ў Садзе Аліўным, каб гэты келіх Яго мінуў. Нягледзячы на блаславёную ўпэўненасць, што яго пакута ўратуе свет, першымі пачуццямі Збаўцы былі смутак і нясмак. Няхай будуць блаславёныя тыя святыя словы, што дапамагаюць нам не чырванець перад нашымі страхамі і бояззю! Няхай будзе блаславёны Хрыстус, што дрыжаў перад смерцю і наблізіўся да яе спакойным крокам, каб сказаць нам адначасова, што Ён падобны да нас, і трэба ісці Яго слядамі.
   Каб дапамагчы нам перамагчы гэтае інстынктыўнае жаданне ўцячы, трэба зразумець, што крыж, які даруецца нам, — гэта не нейкая пакута, што прыйшла з-за капрызу лёсу, невядомае выпрабаванне, якое б’е ўсляпую, але падарунак Божы, выбраны з тысячы іншых і зроблены спецыяльна для нас. “Няхай гэты чалавек… мужна нясе на сваіх плячах свой крыж, а не іншых, — кажа святы Людовік дэ Манфор, — яго крыж, што Я праз Сваю мудрасць зрабіў яму з адпаведнай вагой, цяжарам, мерай; яго крыж, да якога Я Сваёй уласнай рукой з вялікай дакладнасцю дадаў чатыры велічыні: таўшчыню, даўжыню, шырыню і глыбіню; яго крыж, які Я зрабіў з часткі таго, што Я нёс на Галгофу”...
   Калі мы зразумеем, што нічога ў свеце не адбываецца выпадкова, што любоў Божая заўсёды чувае, што Ён ведае бясконца больш за нас, што нам падыходзіць, у нас было б менш страху дазволіць Яму ўфармаваць нас і атрымаць з Яго рукі каштоўныя дары. Досыць паверыць, што “ўсё садзейнічае дзеля дабра тых, што любяць Бога”, і гэтае пажаданае Ім дабро не нейкае там, але, наколькі гэта магчыма, найлепшае, таму што Бог гэтага хоча і дае яго ў Сабе, гэта значыць, надзяляючы яго найвялікшай моцай пераможнай ласкі.
   Легіянер павінен верыць у гэта дзеля сябе самога; ён павінен верыць у гэта таксама дзеля іншых і несці ім як добрую навіну гэты хрысціянскі сэнс пакуты. Ён павінен быць перакладчыкам Бога побач з параненымі жыццём.
   Дарэчы, яго апостальства часта само ў сабе будзе крыжам, які трэба будзе несці. Заваёўванне душаў каштуе вельмі дорага. Самым вялікім выпрабаваннем у апостальстве, насуперак таму, што мы думаем, з’яўляецца не варожасць грэшнікаў, але адсутнасць падтрымкі з боку тых, хто мусіў  бы дапамагчы гэтай справе. Падручнік прысвячае цэлы параграф, поўны досведу, гэтаму рыфу, які мог бы прымусіць адступіць. Пад назвай “Адбітак крыжа — гэта знак надзеі” змешчаныя наступныя радкі:
   “Узгадаем, што справа Нашага Госпада павінна насіць адбітак Яго Крыжа. Можна засумнявацца ў звышнатуральным характары той справы, якая гэтага не мае; без крыжа няма сур’ёзных вынікаў. Джэнэт Эрскін Сцюарт так абвяшчае гэтую праўду: “Паглядзіце, кажа яна, на Святую Гісторыю, гісторыю Касцёла і нават на ваш асабісты досвед, які з года ў год павялічваецца, і вы ўбачыце, што справа Божая ніколі не праходзіць у ідэальных варунках, ніколі так, як бы мы ўяўлялі ці жадалі. Гэта значыць — дзіўная рэч! — абставіны, якія, па нашых чалавечых мерках, здаюцца перашкодай ідэальным умовам і псаваннем шанцаў на поспех справы, з’яўляюцца не перашкодамі, але патрэбнымі начыннямі дзеля поспеху… не цяжарам, што нішчыць намаганні, але алеем, які падтрымлівае, памнажае сілы і дапамагае дасягнуць мэты. Богу падабаецца паказаць сваю моц, нараджаючы поспех у нязручных абставінах, ажыццяўляючы свае самыя вялікія намеры з нястачай інструментаў”.
   Хто не меў расчаравальных досведаў сярод гэтых перашкодаў у апостальскай працы, створаных добрымі асобамі? Не са зла, вядома, але проста праз людскую аднабаковасць, праз супрацьлеглыя погляды, тым часам як больш шырокі погляд мог бы дапасаваць дадатковыя праўды. Мала хто з людзей разумее, што “вечар не супрацьлеглы світанню, і восень не адмаўляе вясну”. Нам трэба ўмець глядзець проста ў аблічча гэтага крыжа, можа, цяжэйшага за ўсе іншыя. Бог такім чынам ачышчае свае начынні, вытанчае, адрывае ад саміх сябе і дае, у сэнсе больш высокім і далікатным, сваю адзіную хвалу. Аднойчы мы зразумеем, што ўся гэтая гульня цемры і святла была неад'емнай часткай адкуплення чалавецтва.
   Тады мы падзякуем Богу за ўсе камяні, што спаткаліся на нашым шляху, за пусткі, што давялося прайсці, за студні, што павінны былі наталіць нашую смагу і вада якіх была балюча горкай. Усё гэта Бог пажадаў або дазволіў; усё гэта Ён узважыў і склаў з любоўю. Бог глядзеў на нашыя слёзы як на каштоўныя камяні, і цяпер яны вечна ззяюць перад Яго абліччам. Добра гэта ведаць, не дзеля таго, каб углядацца ў сябе, але каб радасна ісці наперад, каб мужна ўзняць галаву пад навальніцамі і распазнаць знакі “збаўлення, якое набліжаецца”. Гэтая ўпэўненасць дапаможа легіянеру лепш прасякнуць у глыбокую прымаўку, якую Легіён дае яму ў якасці наказу: “Поспех — гэта радасць. Няўдача — гэта толькі адкладзены поспех”. Гэтая мудрасць крыжа дазволіць яму адказаць на ідэальнае пастаянства, якое Легіён хацеў бы ў нас натхніць і якое апісваецца наступнымі словамі:
   “Ад сваіх члонкаў Легіён патрабуе не багацця ці ўплыву, але непахіснай веры; не бліскучых чынаў, але нястомнага намагання; не геніяльнасці, але неаслабнай любові; не тытанічнай моцы, але пастаянных намаганняў.
   У сваёй службе легіянер павінен заўсёды “трымацца”, заўсёды нязломна адмаўляцца губляць мужнасць. У хвіліну крызісу ён павінен быць цвёрдым, як скала; у любых  умовах ён павінен быць верным.
    Няхай ён спадзяецца на несумненны поспех і, калі гэта атрымоўваецца, сціпла радуецца; але сваю службу няхай выконвае незалежна ад поспеху.
   Няхай ён змагаецца супраць няўдачаў і не адступае, калі спатыкае іх, і адпачывае толькі пасля таго, як усё ўладкуе…
   Забываючыся на сябе, ён заўсёды трывае пад крыжам сваіх братоў і пакідае свой пост толькі калі ўсё выканана”.

   2. Пакута Марыі

   Апостальства азначае адкупленне. Працаўніком гэтага адкуплення з’яўляецца Езус Хрыстус там, дзе няма збаўлення. Але пад Крыжам на Галгофе стаяла жанчына, якая ў нашае імя прыносіла ў сваім сэрцы адзіную ахвяру. Марыя яднала сваю адзіную пакуту з пакутай свайго Сына. Тут як ніколі нам трэба пазбягаць двухсэнсоўнасці. Паўторым: толькі наш Госпад Езус Хрыстус з’яўляецца Збаўцам свету ў сапраўдным і чыстым сэнсе гэтага слова. Ніхто не падзяляе з Ім гэтай хвалы, і Марыя, хоць і не так, як мы, але патрабавала гэтага адзінага адкуплення. Гэтая поўная дастатковасць Крыві нашага Госпада не перашкаджае, тым не менш, Касцёлу прызнаць, што ў другасным сэнсе ўсе абраныя сваім удзелам супрацоўнічаюць з Госпадам у адкупленні свету. І, зразумела, сярод гэтых абраных Марыя займае асаблівае месца.
   Несумненна, “fiat” у хвіліну Звеставання ўжо тады ахоплівала “fiat” на Галгофе, бо дзіця, якое павінна было з Яе нарадзіцца, было коштам адкуплення, але пад крыжам Марыя зрабіла ў сваім сэрцы тое, чаго Бог не папрасіў у Абрагама — ахвяры свайго адзінага Сына.  Там Марыя несумненна прасякае як ніводнае іншае стварэнне ў таямніцу адкупленчай ахвяры. Там Яна пацвярджае, у імя ўсіх нас, адзіную ахвяру. Легіянер зразумее, што апостальства, якое ён хоча ажыццяўляць разам з Ёй, павінна ўкараніцца ў гэтай пакуце Найсвяцейшай Дзевы. Марыя па-новаму адкрые яму кошт душы, адкупленай такой цаной, і ўсю бездань граху, скасаванага такой ахвярай. Яна навучыць яго цалаваць гэтыя святыя раны з бясконцай удзячнасцю і казаць Збаўцы: “Мае заслугі ў Тваіх ранах”. Яна дасць яму душу маці ў дачыненні грэшніка, які, у сваю чаргу, таксама чыніць богазабойства “не ведаючы, што робіць”. Гледзячы вачыма Марыі на грахі свету, Легіянер адкрые ў сваёй душы сцэну ўкрыжавання Бога.
   Легіянер адчуе патрэбу таксама злучыцца з пакутай ахвяры, якая ўзмоцніць прабачэнне. І ён будзе шчаслівы магчы прынесці Настаўніку гэты ўдзел у пакуце, якая накладае на яго абавязак, і гэтае ўзрастанне вырачэння, якое апостальства адразу ад яго патрабуе. Ён скажа “так” Богу за тых, што адмаўляюцца ад Яго ласкі; будзе нязломна верным за тых, што грашаць супраць святла; будзе стаяць пад Крыжам з Марыяй замест тых, што ўцяклі, здрадзілі, адракліся; ён збярэ ў сваім сэрцы, у еднасці з Марыяй, усю людскую пакуту, што не была асвечаная згодай і не дасягнула сакрамэнтальнага завяршэння, і на месцы непакорных ён скажа “fiat” пакоры, што перамяняе. Сваёй пакутай ён дапаможа перамагчы той пакуце, што так распаўсюджаная па ўсёй зямлі, і прывядзе туды, як магутная рака, што пракладае шлях там, дзе працякае, нягледзячы на ўсе непаслухмяныя рэкі, дзе яны ўпадуць у мора. Ён змусіць іх сказаць у гэтым закліку малітвы “Ойча наш”: “Прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі”. Якая велічная роля і місія — выяўляць таямніцу хвалы Божай, схаванай у людскім болю, і пагрузіць іх адчай у далоні Яго міласэрнасці!

   3. Нашая трынітарная вера

   Гэта менавіта тое, пра што нам нагадвае знак крыжа. Таму не трэба здзіўляцца, што Касцёл агартае яго такой пашанай. Не робіцца ніводнага жыццёва важнага жэсту без накладання гэтага знаку адкуплення: на дзіця, якому ён дае хрост, на ахвяраваную гостыю, на грэшніка, якому дае адпушчэнне грахоў, на любоў, што асвячае, на святара, што прымае святарства, на паміраючага, якога ўзмацняе. На хлеб, што мы будзем есці, на ваду, на соль ці алей, на нашыя пасевы ці дамы. Касцёл не перастае накладаць гэты знак, які ён супрацьпастаўляе дэману са спакойнай упэўненасцю: Іn hoc signo vinces. Праз гэты знак ты пераможаш.
   Таму трэба ісці на нашыя апостальскія заданні аснаджанымі і ўзмоцненымі гэтым знакам Божым. Не губляйма культу гэтага святога жэсту, які таксама з’яўляецца самым хвалебным вызнаннем веры.
   Таму што знак крыжа суправаджаецца трынітарным крэда:
   У імя Айца, і Сына, і Духа Святога.
   Менавіта з гэтага ўсё пачалося; менавіта гэтым усё завяршаецца. Любоў Бога, скажам мы, з’яўляецца пачаткам усяго; дадамо яшчэ, што яна дае ключ да таямніцы стварэння. Візія Святой Тройцы павінна ўзначальваць і ажыўляць усё хрысціянскае жыццё, і менавіта да гэтага ідзе любое апостальства.
   У імя Айца.
   Чаму трэба ісці на заваёўванне душаў? Каб людзі жылі як дзеці Божыя. Іншае жыццё застаецца па-за гэтым прызначэннем. Якой з’яўляецца “Добрая Навіна”, што мы нясем нашым братам? Каб яны мелі ў небе Бога, што з’яўляецца іх Айцом і прывёў іх у гэты свет толькі дзеля таго, каб яны мелі ўдзел у Яго жыцці і дабротах. Няма нічога больш важнага ў тым, што мы маем сказаць людзям, за мэту, да якой ідзе іх жыццё, за думкі Бога аб кожным з іх. Ім патрэбна гэтае пасланне так, як ім патрэбна паветра. Яно патрэбна ім, каб любіць, бо менавіта ў гэтым айцоўстве Бога бярэ пачатак братэрская любоў.
   У імя Айца.
   Не кажыце, што гэты чалавек мне невядомы; я пазнаю ў ім сына майго Айца; я адчуваю сябе звязаным з ім повязямі, мацнейшымі за крэўныя: супольнае пакліканне прызначае нас да адзінага агмяню. Я пайду да гэтага чалавека; я яго ведаю.
   У імя Айца.
   Легіянер, такім чынам, пойдзе да ўсіх “марнатраўных”, што пакінулі бацькоўскі дом і растрацілі сваю частку маёмасці. Ён скажа ім, што іх месца застаецца незанятым за сямейным сталом, і Айцец кожны вечар уздымаецца на вяршыню ўзгорку, чакаючы іх вяртання. Старэйшы сын з прыпавесці ведае толькі ўласнае задавальненне “выкананай працы”. Легіянер робіць лепш; ён выходзіць на вуліцы ў пошуках заблукалага; ён нясе яму ўпартую любоў Айца і Яго нястомнае прабачэнне, і гэта да таго дня, пакуль ён не прывядзе перабежчыка і не заб’е ўласнымі рукамі адкормленае цяля.
   У імя Айца.
   Нам трэба лепей усвядоміць нашую “боскую натуралізацыю” і таксама ўзяцца за “справы нашага Айца”. Што гэта азначае пасля ўсяго? Адзіную рэч: каб гэты Айцец мог аддавацца сваім дзецям, каб выявілася Яго хвала і была Яго воля.
   У імя Сына.
   Касцёл ведае цноту гэтага грознага імені, што перамагло шатана і адабрала ў яго валадарства, Езус перамог грэх чалавека і захоўвае дзеля будучых душаў бясконцую вартасць Сваёй перамогі. Дык асмелімся ж паверыць, што, калі мы змагаемся супраць зла, узброеныя гэтым імем, мы маем пры сабе ўсю моц Божую.
      У імя Сына.
   Ён перамог свет і таму просіць нас з даверам ісці яго заваёўваць. Дык асмелімся ж паверыць, што праз нас Ён учыніць цуды, большыя за тыя, што рабіў Сам. Таму што Ён гэта абяцаў.
   У імя Сына.
   Ён перамог смерць, выходзячы жывым з труны раніцай Пасхі, і Яго смерць забіла смерць. Дык асмелімся ж паверыць, што ніводны надмагільны камень не зацяжкі, каб падняць яго пры згадванні Яго імя; што ніводная заваленая магіла не зможа супрацьстаяць Яго штуршку, і Ён смяецца з гэтых ахоўнікаў, што паставілі нянавісць і страх, каб зрабіць хлуслівымі Яго словы.
   У імя Сына.
   Ён перамог гнеў Божы і выцягнуў з Яго прабачэнне для ўсіх грэшнікаў, марнатраўных і Магдаленаў. Дык асмелімся ж паверыць, што мы не адныя, калі змагаемся, каб уратаваць ад яго самога і ад гневу Божага зацвярдзелага грэшніка, і што Хрыстос, у нас і праз нас, хоча быць гэтым чалавекам уваскрашэння і жыцця.
   У імя Сына.
   Ён даў загад абвяшчаць Евангелле кожнаму стварэнню і абяцаў быць са Сваім Касцёлам да сканчэння свету. Дык асмелімся ж паверыць, што Бог дае ласку, адпаведную Сваім загадам і нават большую за нашыя самыя дзёрзкія спадзяванні.
   У імя Духа Святога.
   Ці мы марылі калісьці пра гэтую нечуваную місію, што нам давярае Бог: ісці да людзей у моцы і дабрадзействе Яго Любові да іх, In Spiritu Sancto? Не дзеля таго, каб любіць іх нашай слабой любоўю, але Яго бязмежным Сэрцам, гэта значыць, яго любоўю, што не ведае ніякай перашкоды і якую нішто не адштурхоўвае; хто ўмее чакаць і пачынаць не стамляючыся, не абражаючыся, не маючы патрэбы ў належнай яму падзяцы; хто спускаецца да самай глыбокай мізэрнасці чалавека і не баіцца забрудзіцца самымі брыдкімі кантактамі; хто можа быць нястрыманым, як навальнічны вецер, вырываць з карэннем зло і несці нож, які ўскрые нарыў, але хто ж яшчэ можа быць такім пяшчотным, як цёплы ветрык, ацаліць рану цярплівым клопатам і не згасіць паходні, што яшчэ гарыць; хто ўзнаўляе спробы так імкліва, як моцныя марскія хвалі: яны разбіваюцца аб скалы ў рытме ветру і прыліваў, яны б’юць, пакуль скала не рассыпецца або не адчыніцца; і хто ўмее, з пяшчотай, большай за матчыную, слухаць таямніцы, што падрыхтоўваюць прызнанні і вяртанні, разумець, што кожная душа асаблівая, і дапамагчы ёй пачуць асаблівы заклік Бога.
   У імя Духа Святога.
   Якое запрашэнне да адвагі! Дзякуючы Яму мы маем права ісці да людзей з адвагай таго, хто ведае, што Іншы дзейнічае праз нас і пазычае нам сваё святло і моц. Мы маем права верыць, што Дух Божы будзе натхняць нашыя думкі і дыхаць нашымі вуснамі.
   У імя Духа Святога.
   Так, як быццам бы мы таксама выходзілі з Вячэрніка ў гэтую раніцу Спаслання Духа Святога, каб ісці і крычаць натоўпу, што жыццё мае новы сэнс з таго часу, як Хрыстос выйшаў жывым з труны, і Бог прымірыўся з людзьмі.
   У імя Духа Святога.
   Каб вырваць людзей ад іх саміх, навучаць іх бясспрэчным блаславенствам, паравярнуць іх шкалу вартасцяў, прывесці іх да атрымання ласкі святасці і жыцця, якое перавышае ўсе чаканні.

   Каб аднавіць аблічча зямлі па вобразе Сына і на хвалу Айца. Хто просіць нас супрацоўнічаць усёй душой з гэтай адзінай справай, што Ён працягвае, нястомна, праз стагоддзі, дзеля нашай радасці і Яго хвалы.