3. Еднасць з Марыяй

РАЗДЗЕЛ ТРЭЦІ

ЕДНАСЦЬ З МАРЫЯЙ

   Я ВЕДАЮ, ШТО БЕЗ ЯЕ МЫ НЕ ЗМОЖАМ АНІ ПАЗНАЦЬ, АНІ ПАЛЮБІЦЬ ЦЯБЕ.
   ШТО МЕНАВІТА ПРАЗ ЯЕ ЎДЗЯЛЯЮЦЦА ДАРЫ, ЦНОТЫ І ЛАСКІ ТЫМ, КАМУ ЯНА ХОЧА, СТОЛЬКІ І ТАК, ЯК ЯНА ПАЖАДАЕ.
   І Я БАЧУ, ШТО ТАЯМНІЦА ДАСКАНАЛАГА СЛУЖЭННЯ ЛЕГІЯНЕРА — У ТЫМ, КАБ ЦАЛКАМ З’ЯДНАЦЦА З ТОЙ, ШТО ЦАЛКАМ БЫЛА З’ЯДНАНАЯ З ТАБОЙ.

   1. Марыя скіраваная на Бога

   Паглядзім на Марыю, скіраваную на Бога.  
   Яна, мы ўжо сказалі, прадстаўніца роду чалавечага, што адказвае на пасланне анёла. Яна — пасля любові Ўцелаўлёнага Слова — самая чыстая любоў, адзіная святая, што ўзыходзіць з зямлі на сустрэчу з Боскай Любоўю.
   Кожнай частачкай свайго цела і сваёй душы Яна “fiat mihi secundum verbum tuum”, што вымаўляюць Яе вусны. Яна хоча толькі гэтага: паслухмянасць Святому Духу, згода на Яго волю, супрацоўніцтва і поўная адпаведнасць Яго справе. Яна аддаецца Святому Духу бяз рэшты.
   Яна здзяйсняе найвышэйшую і наймацнейшую вольнасць прыналежнасці Богу. О! Не трэба ўпадаць у зман: гэтая вольнасць, што кажа “так”, з’яўляецца сама ў сабе адзінай ласкай. Актыўнае і вольнае супрацоўніцва Марыі ўскормленае і прасякнутае Любоўю, што ажыццяўляе ў Ёй “жаданне і чын”. Яна цалкам падуладная дзеянню Бога ў парыве сваёй згоды на вольнасць. Не Ёй належыць ініцыятыва: гэта Бог узвышае Яе да Сябе, гэта Бог дае Ёй надзвычайную ласку гэтага поўнага дару Яе самой.
   У Ёй у тысячакроць больш, чым у кожным з нас, пацвярджаюцца гэтыя прыгожыя словы Марыса Зундэля на тэму вольнасці ў Богу:
   “Ён сапраўды дае тое, што дае,
   Ён дае яшчэ тое, што просіць,
   Ён дае ўдвая больш, чым атрымоўвае”.
   Ніколі ніводнае стварэнне не атрымала, як Марыя, найбольш вырашальную, найбольш цудоўную, найбольш трыюмфальную ласку. І ніколі чалавечая вольнасць не была настолькі некранутая.
   Марыя, скіраваная на Бога, імкнецца да Яго ў пакорным парыве… Паглядзім на Яе даўжэй: няма нічога прыгажэйшага тут, на зямлі, пасля аблічча Езуса. Гэты тэацэнтрызм не з’яўляецца вобразным у Яе душы.
   Мы ахвотна ўяўляем сабе Марыю, што ідзе ад Бога да людзей у зваротным жэсце як размеркавальніца ласкаў, што цалкам пагружаецца ў гэты скарб, а потым вяртаецца і схіляецца да нас. Гэта не так. Духоўная рэчаіснасць, якую мы імкнемся адкрыць, бясконца прыгажэйшая ў сваёй дасканалай еднасці. Марыя заўсёды скіраваная да Духа Святога: гэта асноўная пастава Яе душы. Менавіта ў Ім Яна бачыць нас і ў Ім нас любіць. Марыя ідзе да людзей у Богу, ні на хвілю не адрываючы ад Яго сваіх вачэй. Яна як небасхіл, ахоплены сонцам дзеля большай радасці зямлі.
   У сваім маўклівым экстазе ва ўлонні Бога Яна бачыць нас з усімі нашымі немачамі і любіць нас любоўю, якую Яна атрымоўвае ад Яго, да самай глыбіні нашай істоты, да самай крыніцы нашага нараджэння. Гэтае веданне незраўнана глыбейшае за іншыя, любоў, якая дасягае нас у самых інтымных кутках, мацярынства, якое нас корміць кропля за кропляй да поўнага ўзрастання!
   Але гэтага не досыць. Калі я ўглядаюся ў Марыю, скіраваную на Бога ў адзінай паставе свайго fiat, мне яшчэ трэба адкрыць таямніцу. Марыя адказала не толькі за Сябе. Святы Тамаш кажа нам, што Яна згадзілася “ў імя ўсяго чалавечага роду”. У Яе “Амэн” гучаць усе “амэн”, што з зямлі ўзыдуць на неба. Якое ж гэта невыказнае шчасце — ведаць, што, аддаючыся такім чынам Богу, Марыя вядзе нас за Сабой і ў Сабе!
   Гэта быў не нейкі там адказ, але дакладны чалавечы адказ на любоў Бога. Менавіта гэта стане Яе матчыным заданнем — дапамагаць усяму, што будзе ў нас вольна адпавядаць ласцы Божай, прыняццю дароў Божых, дапамагаць несці нашыя жаданні і малітвы да Бога. Якая ж гэта падтрымка — знайсці ласку ў Бога, быць узнятымі да Яго Той, пра Якую сказана: “Ты знайшла ласку”. Яе заданнем будзе таксама дапамагаць нам верыць у таямніцу Божай любові. Яе вера будзе прытулкам для нашай. Схваўшыся ў Ёй, як у вежы Давіда, мы не аслабеем пад цяжарам празмернай для нашай маленькасці любові і адважымся паверыць у немагчымае.
   Але, калі Марыя — усё гэта – а значыць, Яна для нас таксама ўваходная брама да Духа Святога:
   Я ведаю, што без Яе мы не зможам ані пазнаць, ані полюбіць Цябе.
      Мы ўжо ведаем, што Марыя — гэта цудоўны свет, адзіны, які можа адкрыць Духа, што ведае глыбіню Бога. Святы Людовік-Марыя дэ Манфор сказаў нам пра гэта незраўнанымі словамі: “Марыя — гэта найцудоўнейшае стварэнне Найвышэйшага, якое ведае і якім валодае толькі Ён… Марыя — гэта замкнёная крыніца і верная Сужонка Духа Святога, ўвайсці да якой можа толькі Ён. Марыя — гэта святыня і адпачынак Святой Тройцы, дзе Бог валадарыць самым цудоўным і боскім чынам, як ні ў якім іншым месцы сусвету, не пакідаючы Свайго жылля, якое ўзвышаецца над Херувімамі і Серафімамі. І ніводнае, нават самае чыстае, стварэнне не мае доступу да гэтай Святыні без асаблівага прывілею”[1].
   І яшчэ: “Марыя — гэта рай Бога і Яго невыказны свет, куды Сын Божы ўвайшоў, каб учыніць цуды, каб захаваць яго і ўпадабаць. Ён стварыў свет для пілігрымуючага чалавека: гэта свет, у якім мы жывем; Ён стварыў свет для блаславёнага чалавека — гэта рай. Але патрэбны яшчэ адзін для Яго Самога, якому Ён надаў імя Марыя”[2].
   Але і супрацьлеглае таксама мае рацыю. Калі толькі Дух Святы можа нам даць розум Марыі, бо “без Яе мы не зможам ані пазнаць, ані палюбіць Цябе”. Праз цудоўны абмен Марыя стаецца Той, што вядзе нас да Яго, Яна скарбніца, што хавае таямніцы Караля. Ісці да Яе — гэта ісці да Яго ў тым самым памкненні. Не, не трэба баяцца прыняць Марыю: тое, што ў Ёй нарадзілася, ад Духа Святога.
   Увойдзем глыбей у гэтую таямніцу. Мы добра ведаем вядомы тэкст святога Людовіка-Марыі дэ Манфора: “Калі Дух Святы, Яе Сужонак, знойдзе [Марыю] ў душы, Ён уваходзіць у яе без астачы, аддаецца гэтай душы з усім багаццем ласкаў і ў той меры, у якой яна дае месца Яго Сужонцы; і адна са значных прычынаў таго, што Дух Святы не робіць больш сёння вялікіх цудаў у душах, гэта тое, што Ён не знаходзіць досыць вялікай еднасці са сваёй вернай і неразрыўнай Сужонкай. Я кажу “неразрыўнай Сужонкай”, бо з той хвіліны, як гэтая існая Любоў Айца і Сына пашлюбіла Марыю, каб нарадзіць Езуса Хрыста, галаву абраных, і нарадзіць Яго ў абраных, Ён ніколі Яе не пакідаў, бо Яна заўсёды была верная і пладавітая”[3].
   Сапраўды можна сказаць, што той, хто не ведае Марыі, не ведае сэрца Бога.

   2. Таямніца ласкі

   І я бачу, што таямніца дасканалага служэння легіянера –
   У тым, каб цалкам з’яднацца з Той, што цалкам была з’яднаная з Табой.
   Таямніца… Так, бо тут прысутнічае таямніца. Ёсць таямніцы натуральныя, казаў святы Людовік-Марыя дэ Манфор, але існуюць таксама таямніцы ласкі, “каб выканаць за кароткі час, пяшчотна і лёгка, звышнатуральныя справы: ачысціцца ад самога сябе, напоўніцца Богам…”. Гэтая таямніца змяшчаецца ў некалькіх словах: цалкам з’яднацца з Той, што была цалкам з’яднаная з Табой.
   Гэта жывы і практычны вынік, што выплывае з ужо сказанага. Калі Марыя з’яўляецца тым, кім Яна ёсць, нам трэба злучыцца з Ёй у найдасканальшай інтымнасці.
   Усе хрысціяне патрабуюць Марыі як сваёй Маці. Усе называюць сябе Яе дзецьмі. Але можна быць дзіцём сваёй маці ў розным узросце. Дарослы чалавек, які мае шчасце жыць са сваёй маці, заўсёды застаецца яе дзіцём. Але вядзе незалежнае жыццё: клопаты, праца, выпрабаванні, якія ён ужо не дзеліць з ёй. Яна можа памерці, а ён будзе працягваць жыць. Нягледзячы на гэта, ён застаецца яе дзіцём, але па-за ёй. Чым далей працягваецца яго жыццё, тым больш узрастае яго незалежнасць, і гэта слушна. Ці азначае тое самае быць дзіцём Найсвяцейшай Дзевы?
   Адразу адчуваецца, што не — трэба шукаць іншы вобраз. Дзіця некалькіх месяцаў на руках у сваёй маці — ці не той гэта пажаданы ідэал? Тут відаць непасрэдная залежнасць. Дзіця ў калысцы нічога не можа зрабіць без сваёй маці. Яно атрымлівае ад яе ежу кропля па кроплі, кавалачак па кавалачку. Ці не вобраз гэта нашай марыйнай залежнасці? Яшчэ не. Гэтае дзіця можа жыць, калі яго маці заўтра памрэ. Яно можа дыхаць і рухацца без яе. Не трэба баяцца ісці яшчэ далей у вобразе залежнасці дзіцяці ад (сваёй) маці — да самага матчынага ўлоння.
   Дзіця найбольш належыць (да) маці толькі калі жыве ў яе ўлонні. Таму што там яно ў поўнай і абсалютнай залежнасці ад яе. Яно жыве жыццём сваёй маці, дыхае праз яе.
   Легіянер застаецца ў чыстым духу Евангелля, злучаючыся з Марыяй у самай інтымнай еднасці.

  3. Еднасць з Марыяй — шлях да Бога

   Водгукі падобнай еднасці, дарэчы, шматлікія і невымоўныя.
   З’яднаўшыся з Ёй, ужо не я крочу да Бога, але Яна. Марыя — гэта нявіннасць, у якую я апранаюся, каб лепш апрануцца ў Хрыста і ўздымацца да Ўсявышняга. Бог слухае малітву, якую я ўзношу ўнутры гэтай святыні — Марыі. Таму што гэтая святыня хавае святое святых — нашага Госпада Езуса Хрыста.
   Калі мы пагружаем нашую малітву і ахвяру ў Марыю, адбываецца цудоўнае перамяненне. Нашае прынашэнне ўздымаецца з новым водарам, які радуе Бога. Голас Марыі, бо Яна — самае чыстае рэха голасу Яе Сына, мае ноткі, што падабаюцца сэрцу Бога: “Дай мне пачуць твой голас, бо голас твой салодкі” (пар. Песня Песняў 2, 14).
   Ёсць вялікая розніца паміж штодзённай звычайнай марыйнай пабожнасцю і еднасцю з Марыяй, пра якую тут ідзе гаворка.
   Паслухаем гэтыя прыгожыя словы М. Оліера і паразважаем над імі: “Самая маленькая частачка ва ўнутраным свеце Марыі, найменшы ўдзел у Яе ласцы — гэта найвялікшы скарб з усяго таго, што серафімы і рэшта анёлаў змогуць некалі сказаць Богу.
   Неба і зямля не маюць нічога, што магло б наблізіць да гэтага цудоўнага ўнутранага свету, дзе можна знайсці ўсе пакланенні, усе праслаўленні, усю любоў Касцёла, людзей і анёлаў; а таксама тысячакроць больш за тое, што ўсе стварэнні некалі Яму скажуць. Такая велічыня Яе ласкі і святасці. Менавіта лепш імкнуцца павялічваць хвалу Бога, даброты Касцёла і сваю асабістую дасканаласць праз еднасць з Марыяй, чым ужываючы ўсе іншыя практыкі, якія магчыма дзеля гэтага выкарыстаць”.
   Мы ведаем мала тэкстаў больш поўных і плённых ува ўсёй марыйнай літаратуры. Трэба паглыбіцца ў гэтыя словы і жыць імі.
   З’яднаныя з Марыяй, мы ўваходзім у Хрыста і ідзем да Бога. Але Бог, мы не можам адарваць Яго ад свету анёлаў, святых трыюмфуючага Касцёла, душаў чыстцовых. Неба — гэта вялікая сям’я, з якой мы, “сваякі Бога і Яго дамачадцы”, маем нябачныя дачыненні, але яны шматлікія і поўныя  жыцця. Вера адкрывае нам легіён анёлаў, як ноч адкрывае тысячы зорак. Нашым аслепленым вачам адкрываецца святло, і паміж намі і анёламі ствараецца сувязь. Мы адчуваем сябе аб’яднанымі і ахопленымі сувяззю шматлікай і невядомай пяшчоты: анёлы тут, яны чуваюць над нашымі крокамі, уздымаюцца і апускаюцца над нашымі галовамі, як у візіі чароўнай лесвіцы Якуба. А Марыя — Каралева анёлаў. І зусім натуральна, што Яна будзе нашай правадніцай да іх.
   Таксама Каралева святых, Марыя будзе нашай правадніцай да іх. Па меры нашай еднасці з Ёй мы зможам любіць усіх Яе сэрцам, Яе пяшчотай, Яе ўдзячнасцю. Хто ж можа любіць іх так, як Яна? У Ёй мы можам любіць новым сэрцам і новай душой. І гэтая інтымнасць ачышчаецца, бясконца павялічваецца ў смачнай і несумненнай прастаце. І мы — нашчадкі неба і ўжо дзеці гэтага дому.

   4. Марыя — шлях да людзей

   Нашыя ўзаемадачыненні з зямлёй не менш пазначаныя нашай прыналежнасцю да Марыі, чым нашыя ўзаемадачыненні з небам.
   Калі да Бога трэба ісці праз Яе, то і да людзей трэба ісці таксама праз Яе. Марыйная пабожнасць не мае сэнсу, калі яна не апостальская. Гэта вялікая заслуга Легіёну —  неразрыўна звязаць Марыю і дзейнасць. Вельмі часта пабожнасць да Маці Божай замыкаецца ў рамках прыватнай размовы замест таго, каб чэрпаць з гэтага прыватнага набажэнства падмурак усяго апостальскага набажэнства, як, напрыклад, зрабіць з нашай прыватнай эўхарыстычнай камуніі крыніцу супольнай любові. Якое збядненне і няшчасце! Бо, калі наш марыйны культ абмяжоўваецца некалькімі рэлігійнымі актамі пры зачыненых дзвярах, ён губляе свой смак і спажыўны грунт.
   Рэлігійнае, евангельскае і прамое апостальства, пра якое ідзе гаворка, — гэта духоўнае мацярынства. Яно можа мець розныя формы — як супольныя, так і індывідуальныя. Падыход да душаў ажыццяўляецца рознымі шляхамі ўплыву. Але ў выніку быць апосталам — гэта азначае рабіць так, каб Езус Хрыстус нараджаўся і ўзрастаў у душах нашых братоў. Гучна кажучы, гэта працягваць справу Марыі. Еднасць з Ёй абавязвае як закон. З гэтай хвіліны легіянер пойдзе да людзей у свядомасці, што гэта не ён, але Яна праз яго ідзе да іх. Пра гэта сказана: “Намаганні, якім не папярэднічае Марыя, як алей без лямпы” (Падручнік). Менавіта таму на кожным штотыднёвым сходзе можна ўбачыць фігурку Дзевы пасярод сваіх. Яна чакае іх. Яна давярае ім свае матчыныя трывогі і паказвае ім гінучых дзяцей. Яна заклікае іх удзельнічаць у Яе справе: Яна будзе суправаджаць іх ад дзвярэй да дзвярэй на гэтых шляхах.
   Але трэба ісці далей. Не толькі марыйная пабожнасць і апостальская вернасць — адзінае цэлае, але еднасць з Марыяй надае нашай любові сваю асаблівую азнаку. Можна справядліва казаць пра легіянерскую любоў. Не так, вядома, як быццам бы яна адрознівалася ў сваёй глыбіні ад любові ў агульным сэнсе: яна заўсёды будзе для ўсіх любоўю Бога дзеля Яго самога і дзеля бліжняга ў Ім і дзеля Яго. Але, як можна казаць пра францысканскую беднасць, каб пазначыць адценне ў практыкаванні вырачэння матэрыяльных дабротаў, так можна казаць пра “марыйную” любоў, каб пазначыць асаблівы спосаб практыкавання супольнай любові.
   Калі еднасць з Марыяй усталяваная ў душы, гэта дасць ёй больш глыбокую, больш адважную, больш індывідуальную любоў да людзей. Гэта дае легіянеру адценні пяшчоты ці, згодна з мовай Падручніка, “паважлівую далікатнасць”.
   Можна здагадвацца, што такое хвала любові. Гэта рыса маці — прадчуваць маўклівыя і нявыказаныя патрэбы. “Марыйная” любоў выкарыстоўвае гэты прывілей. Яна не глядзіць на людзей як на масу ці як на серыю.
   Яна дасць простым і нават грубым душам крыніцу і ачышчэнне. Шляхетнасць звышнатуральнай душы, цудоўная ветлівасць — гэта пэўная азнака еднасці з Богам, пэўны знак Яго прысутнасці.
   Еднасць з Марыяй — гэта кароткі шлях і просты, які дапамагае душам, што паслухмяна ідуць за яе натхненнямі, набыць патрэбную ўмеркаванасць і дакладнасць. Ці заўважылі вы, як Маці Божая размаўляла са святой Бернадэтай падчас аб’яўлення 18 лютага: “Ці можаце Вы, калі ласка, прыходзіць сюды 15 дзён?” Вось тон Каралевы неба, каб перадаць просьбу непісьменнаму дзіцяці. Можна сказаць, што Марыя не глядзіць на асобу ані як вышэйшы на ніжэйшага, ані як роўны на роўнага. Яна заўсёды кажа як ніжэйшы да вышэйшага. Таму што заўсёды Марыя бачыць Езуса Хрыста ў кожнай душы, якая набліжаецца, і Яна заўсёды застаецца служкай Госпада.
   Марыйнае апостальства абавязкова пазнаецца ў гэтым тоне і павазе.
   І вось, рыкашэтам, душа самога легіянера будзе паддадзеная павольнай змене. Канонік Гінот, што выступае тут у якасці сведкі, апісвае гэта наступнымі словамі: “Да гэтага Яе любоў была любоўю хрысціянаў свету. Яна вольна казала пра бліжняга; яна казала тое, што ведала, без прыдзірак — бо гэта ўжо вядома або не мае вялікага значэння; яна выказвала з той самай вольнасцю свае асуджэнні, захапленні, часам абурэнні; яна дазваляла сабе без якіх-кольвек дакораў сумлення адкрываць недахопы і нязграбнасці бліжняга. У гэтых супярэчнасцях яна думала, што дзейнічала жорстка супраць таго, што стрымлівала ці тармазіла яе планы. Яна думала, што ўнутрана асуджала ўсё тое, што ёй здавалася годным асуджэння вакол яе, і была перакананая, што было б досыць захаваць гэта ў сваім унутраным трыбунале ці выказаць у вузкім коле, каб пазбегнуць усялякага папроку. Я пытаюся, ці гэты малюнак занадта змрочны?
   Напэўна, гэты спосаб бачыць і дзейнічаць не змог бы доўга існаваць у сапраўднага легіянера. Таму што сапраўдны легіянер, які пакорліва дае Легіёну сябе ўфармаваць, не чакае, каб узяць сабе сэрца Маці — сэрца Марыі — адносна ўсіх людзей, а ў маці ёсць чуласць любові, вытанчанасць пяшчоты, асцярожнасць, што належаць толькі Ёй.


[1]. Св. Людовік дэ Манфор. Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы Марыі.
[2]. Св. Людовік дэ Манфор. «Таямніца Марыі».
[3]. Св. Людовік дэ Манфор. Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы Марыі.