Уступ

ЛЕГІЁН МАРЫІ 

   I. Узнікненне

  Легіён Марыі нарадзіўся ў Ірландыі ў Дубліне 7 верасня 1921 г. пасля першай вячэрні свята Нараджэння Маці Божай.

   Амаль выпадкова.

   У працоўным памяшканні ў Міра Хаўс недзе каля 15 чалавек сабраліся вакол супрацоўніка Міністэрства фінансаў Фрэнка Дафа. Група кленчыць, заклікае Духа Святога і моліцца ружанец. Потым яны збіраюцца ў кола за сталом. Нехта з іх спантанна паміж двума букетамі кветак ставіць фігурку Маці Божай Пасярэдніцы Ласкаў.

   Мэтай сходу быў супольны пошук таго, якім чынам свецкія могуць супрацоўнічаць у справе пашырэння Божага Валадарства.

   У гэты вечар у Міра Хаўс ідэя апостальства свецкіх лунала ў паветры.

   Фрэнк Даф надасць яму дакладныя рысы.

   І вельмі нечаканым спосабам…

   Ён толькі што адкрыў для сябе агаламшальную кнігу — “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі”. Папраўдзе кажучы, ён паспрабаваў яе прачытаць, але дарэмна: яе старонкі яго адштурхнулі. Але на гэты раз ён ухапіў самую сутнасць: ён у захапленні, хоча адразу ж падзяліцца сваім адкрыццём і мець з гэтага практычныя вынікі.

   Калі Марыя працягвае выконваць сярод нас сваю духоўную місію, мы павінны быць лагічнымі: апостальства можа быць толькі практыкаваннем і працягам Яе духоўнага мацярынства.

   І Фрэнк Даф просіць перайсці да справы.

  Захопленая аўдыторыя спрабуе акрэсліць поле магчымай дзейнасці. У самім Дубліне яны адкрываюць вялікі маральны ўпадак. І вырашаюць ісці, па двое, да гэтых адрынутых мужчын і жанчын, у небяспецы ці пакінутасці, знайсці іх там, дзе яны ёсць, і ўзяць пад сваю апеку. Не давяраючы сваёй слабой і нясталай добрай волі, яны вырашаюць, што кожную нядзелю кожны з іх будзе даваць справаздачу групе з таго, што было зроблена, і атрымліваць новае заданне.

   Так нарадзіўся Легіён Марыі. Яму засталося толькі абляцець увесь свет.

  

      II. Яго глыбокая душа

    Легіён Марыі шукае ў сэрцы Сімвала веры сваё канчатковае ажыўленне: ён проста верыць, з Касцёлам і як Касцёл, што Хрыстос нарадзіўся з Духа Святога з удзелам Марыі і сёння працягвае містычна нараджацца ў душах такім самым чынам.

   Яго духоўнасць скіраваная, перш за ўсё, да Святога Духа, як гэта паказвае выява голуба на вэксілюме, і нагадвае Сыходжанне Духа на Езуса падчас хросту ў Ярдане.

   Менавіта Яго заклікаюць легіянеры, распачынаючы кожны сход. Нельга зразумець Легіён Марыі, не зразумеўшы спачатку гэтай рэчаіснай згоды на пяршынства Святога Духа.

 Легіён Марыі жадае ажыццявіць дзейсную прысутнасць Духа Святога і падпарадкавацца Яго найменшым павевам. Адсюль гэтае настойлівае імкненне даць зразумець сваім членам наступнае: “Без мяне вы нічога не можаце зрабіць”, — што павінна праз пакору выпрацаваць у іх гэтую фундаментальную прыхільнасць душы быць заўсёды ў Яго распараджэнні, што папярэднічае кожнай духоўнай, плённай і сталай, дзейнасці.

   Але, каб у поўні адкрыць дзеянне Духа Святога, згодна з планам Божым, еднасць з Марыяй будзе для легіянера, як і для кожнага хрысціяніна, надзейным сродкам быць паслухмяным павевам Духа і адкрыцца на хуткую “хрысціянізацыю” — душу хрысціянскага і апостальскага жыцця.

   Гэтая еднасць — падстава поўнага вырачэння сябе: Легіён Марыі раіць шлях святога Людвіка-Марыю Грыньёна дэ Манфора і запрашае пакаштаваць досвед “Таямніцы Марыі”, які з’яўляецца ласкай выбару.

   Сёння, калі змаганне паміж сіламі зла і Касцёлам дасягае свайго апагею ў розных кутках свету, Легіён Марыі імкнецца працягваць змаганне Беззаганнай, што з’яўляецца на першай старонцы кнігі Быцця.

  Марыйная пабожнасць, якая не з'яўляецц галоўнай у апостальскай дзейнасці, не зразумее духоўнага заўсёды дзейснага мацярынства Марыі, якое патрабуе нашага сыноўскага супрацоўніцтва.

   Яднаючы Марыю з апостальствам, Легіён імкнецца не раздзяляць у сваёй душы і дзейнасці тое, што з’яднаў Бог.

   Другі Ватыканскі Сабор па маёй просьбе пажадаў падкрэсліць гэтую лучнасць, якая з’яўляецца душой Легіёна Марыі. Гэта тэкст пад нумарам 65 Канстытуцыі аб Касцёле.

   “Менавіта таму, — кажа Сабор, — у практыкаванні апостальства Касцёл верна ўглядаецца ў Тую, што нарадзіла Хрыста, пачатага з Духа Святога і народжанага менавіта з Дзевы, каб нарадзіць Яго і ўзрасціць праз Касцёл у сэрцы вернікаў.

   Дзева сваім жыццём была прыкладам гэтай матчынай любові, якой павінны ажывіцца ўсе тыя, што, далучыўшыся да апостальскай місіі Касцёла, працуюць над адраджэннем людзей”. 

*** 

   Гэты саборны тэкст быў, я ведаю, радасцю і ўмацаваннем для Фрэнка Дафа, які прыняў яго радкі і тое, што паміж радкоў.

   Сёння, з вышыні нябёсаў, ён будзе больш чым калі-кольвек блізкі да легіянераў; няхай яны просяць у яго моцы і мужнасці, каб працягваць цудоўны апостальскі і марыйны запал, які ён узняў з верай, што зрушвала горы, і любоўю велічынёй з сусвет.