Навэнна просьба

НАВЭННА ДА МАЦІ БОЖАЙ
Каралевы святога Ружанца з Пампеі

   “Тры пампейскія навэнны” заключаюцца ў тым, што трэба тры разы, 27 дзён, маліцца Навэнну просьбу, потым адразу ж пачынаць маліцца тры разы Навэнну падзяку на працягу наступных 27 дзён, не залежна ад таго, была атрыманая ласка ці не. Гэта навэнна 54 дзён, якая суправаджаецца малітвай 20 (або 15) таямніцаў Ружанца кожны дзень.  Перад кожнай таямніцай Ружанца чытаюцца адпаведныя малітвы, пададзеныя ніжэй.


НАВЭННА ПРОСЬБА
    Пастаўце цудоўны абраз Маці Божай з Пампеі ў падыходным месцы. Калі гэта магчыма, запаліце дзве свечкі, сімвал веры і гарачыні, якія павінны запаліць вашае сэрца. Потым вазьміце ў рукі ружанец. Перад тым, як пачаць Навэнну, папрасіце Святую Кацярыну Сіенскую, каб яна малілася разам з вамі.

      Святая Кацярына Сіенская, мая Заступніца і Настаўніца, ты дапамагаеш з Неба пабожным вернікам, калі яны моляцца Ружанец Марыі, будзь побач са мной у гэты момант і маліся, калі ласка, разам са мной навэнну да Каралевы Ружанца, якая ўсталявала Трон сваіх ласкаў у Даліне Пампеі, каб праз тваё заступніцтва, я атрымаў пажаданую ласку. Амэн!

   1.  О Беззаганная Дзева і Каралева святогa Ружанца, у гэтыя часы, калі вера памірае, а бязбожнасць трыюмфуе, Ты пажадала ўсталяваць Свой Трон Каралевы і Маці на антычнай зямлі Пампеі, месцы мёртвых язычнікаў. І з гэтага месца, дзе пакланяліся ідалам і дэманам, Ты сёння, як Маці Божай ласкі, паўсюль адорваеш скарбамі нябеснай міласэрнасці! О, з гэтага Трону, на якім Ты валадарыш, поўная міласэрнасці, паглядзі ласкава таксама і на мяне, о Марыя, і злітуйся нада мной, бо мне вельмі патрэбна Твая дапамога. Пакажы таксама і мне, як Ты ўжо паказала гэта шматлікім іншым, што Ты сапраўдная Маці Міласэрнасці, у гэтую хвіліну, калі я з усяго сэрца праслаўляю і заклікаю Цябе, мая Валадарка і Каралева святога Ружанца!

Вітай, Каралева…

  2. Укленчыўшы каля падножжа Твайго Трону, о вялікая і хвалебная Спадарыня, мая душа ўсхваляе Цябе, сярод енкаў і небяспекаў, якія абцяжарваюць яе. Сярод гэтых цяжкасцяў і непакояў, у якіх я знаходжуся, я з даверам узношу свае вочы да Цябе, якая выбрала месцам Сваёй прысутнасці вёскі бедных і пакінутых сялянаў. І там сярод гарадоў і амфітэатраў святовых задавальненняў, дзе пануюць цішыня і руіны, Ты, як Каралева Перамогі, узняла свой магутны голас, каб паклікаць з усіх рэгіёнаў Італіі і каталіцкага свету сваіх адданых дзяцей, каб збудаваць Табе святыню. Малю Цябе! Злітуйся нарэшце над маёй душой, прыгнечаную брудам.  Злітуйся нада мной, о Спадарыня, злітуйся нада мной, якога празмерна паглынулі бяда і прыніжэнне. Ты - Пагроза дэманаў, абарані мяне. Ты - Успамога хрысціянаў, уратуй мяне ад няшчасцяў, у якіх я апынуўся. Ты - Жыццё нашае, перамажы смерць, якая пагражае маёй душы сярод небяспекаў, у якіх яна знаходзіцца. Вярні мне супакой, раўнавагу, любоў, здароўе! Амэн.

Вітай, Каралева…

  3. Я пачуў, што шмат ёсць тых, хто атрымаў ад Цябе ласкі толькі таму, што яны з верай прыбягалі да Цябе, і гэта напаўняе мяне новым запалам і смеласцю клікаць Цябе на дапамогу. Ты абяцала святому Дамініку, што той, хто хоча атрымаць ласкі, атрымае іх праз твой Ружанец; і я, з тваім Ружанцам у руцэ, адважна нагадваю Табе, о Маці, аб тваім святым абяцанні. Больш таго, Ты Сама чыніш у нашыя дні няспынныя цуды, каб паклікаць сваіх дзяцей ушаноўваць Цябе ў Пампейскай святыні. Ты хочаш асушыць нашыя слёзы, Ты хочаш супакоіць наш страх! А я са шчырым сэрцам, з жывой верай клічу і заклікаю Цябе: “Маці мая!... Любая Маці!… Найпрыгажэйшая Маці!... Найлагоднейшая Маці, дапамажы мне! Маці і Каралева святога Ружанца з Пампеі, паспяшайся працягнуць Тваю магутную руку, каб выратаваць мяне, бо, калі Ты не паспяшаешся, Ты бачыш, я загіну!

Вітай, Каралева…

  4. Да каго яшчэ я пайду за дапамогай, як ні да Цябе, бо Ты Палёгка нешчаслівых, Узмацненне пакінутых, Суцяшэнне засмучаных? О, я вызнаю перад Табой, што мая душа ўбогая: яна абцяжараная шматлікімі грахамі, заслугоўвае пекла і нягодная атрымаць Твае ласкі… Але Ты - Надзея тых, хто згубіў надзею, Маці Езуса, адзіная Пасрэдніца паміж чалавекам і Богам, нашая магутная Заступніца перад Тронам Усявышняга, Прытулак грэшных… О, досыць таго, каб Ты сказала толькі адно слова Свайму Сыну ў маю абарону, і Ён Цябе выслухае. Папрасі ж Яго, о Маці, аб гэтай ласцы, якая мне так патрэбна (назваць патрэбу).  Толькі Ты можаш мне яе выпрасіць, бо Ты - мая адзіная надзея, маё суцяшэнне, мая слодыч, усё маё жыццё. Я на гэта спадзяюся. Амэн.

Вітай, Каралева…

       5. О Дзева і Каралева Святога Ружанца, Ты  - Дачка нябеснага Айца, Маці Боскага Сына, Сужонка Духа сямі дароў, Ты, якая можаш усё выпрасіць у Святой Тройцы, Ты павінна выпрасіць мне ласку, якая мне так патрэбна, калі гэта не будзе перашкодай для майго вечнага збаўлення (назваць патрэбу). Прашу Цябе аб гэтым праз Твае Беззаганнае Зачацце, праз Тваё Боскае Мацярынства, праз Твае радасці, горычы і перамогі. Прашу Цябе аб гэтым праз Сэрца Твайго любага Езуса, праз тыя дзевяць месяцаў, якія Ты насіла Яго ў Сваім улонні, праз цярпенні Яго жыцця, праз Яго жудасную Пакуту, праз Яго смерць на Крыжы, праз Яго Найсвяцейшае Імя, праз Яго Найкаштоўнейшую кроў. Прашу Цябе аб гэтым праз Тваё Найпяшчотнейшае Сэрца, праз Тваё хвалебнае Імя, о Марыя, Зорка Мора, магутная Спадарыня, Маці Балесная, Брама да Неба і Маці ўсялякай Ласкі. Я давяраю Табе, я ва ўсім на Цябе спадзяюся, Ты павінна мяне ўратаваць. Амэн!

Вітай, Каралева…

     На заканчэнне:
    Маліся за нас, Каралева Святога Ружанца !
    Каб мы сталіся годнымі абяцанняў Хрыста !

 Молімся: Божа, Твой Адзінародны Сын Сваім жыццём, смерцю і ўваскрасеннем адарыў нас скарбам вечнага шчасця. Зрабі, просім Цябе, каб разважаючы над гэтымі Таямніцамі святога Ружанца Дзевы Марыі, мы маглі наследаваць тое, што ў іх змешчана, і атрымаць тое, што ў іх абяцана. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.


Малітва да святога Дамініка і святой Кацярыны Сіенскай,
каб выпрасіць ласкі Святой Дзевы з Пампеі
   О Святы Святар Бога і хвалебны Патрыярх, святы Дамінік, ты быў сябрам, улюбёным сынам і даверанай асобай Каралевы Неба, ты які ўчыніў столькі цудаў праз моц Святога Ружанца, і ты Святая Кацярына Сіенская, галоўная дачка гэтага Ружанцовага Закону і магутная заступніца каля трону Марыі і каля Сэрца Езуса, з якім ты абмянялася сэрцам; вы, мае дарагія Святыя, паглядзіце на мае патрэбы і злітуйцеся над маім станам, у якім я цяпер знаходжуся. На зямлі вашыя сэрцы былі адкрытыя на патрэбы вашых бліжніх, а вашыя рукі – моцныя, каб ім дапамагчы: цяпер у небе вашая міласэрнасць і моц не меншыя, чым на зямлі. Маліцеся за мяне да Маці Ружанца і да Яе Боскага Сына, бо я моцна веру, што з вашай дапамогай я атрымаю ласкі, якіх я вельмі прагну.



Перакладзена з італьянскай мовы