Маці Божая з Пампеі

МАЦІ БОЖАЯ З ПАМПЕІ
  
У падножжа Везувія, у прыгожай даліне, дзе знаходзяцца руіны антычнай Пампеі, узвышаецца сёння святыня ў гонар Каралевы Ружанца.
   Гэта Лурд у Італіі.
   У гэтым блаславёным Санктуарыі, Найсвяцейшая Дзева абедзвюма рукамі рассыпае ласкі на ўвесь свет.
 Незлічоныя ex voto, што пакрываюць сцяну касцёла, пацвярджаюць толькі маленькую частку цудаў, атрыманых праз заступніцтва Мадонны з Пампеі.

**********************
   У ценю санктуарыя квітнеюць дабрачынныя справы, якія падказала Марыя і якія падтрымліваюцца хрысціянскай міласэрнасцю: Дзіцячы дом для дзяўчат, дзве школы без інтэрнату, Прытулак, Установа дзеля дзяўчат і (асобна) хлопцаў, чые бацькі знаходзяцца ў турмах, Тыпаграфічнае Выдаўніцтва, падрыхтоўчая Школа мастацтваў і рамёстваў. Тысячы дзяцей знаходзяцца ў гэтых установах міласэрнасці і больш за тысячу пампейскіх дзяцей у дзьвух школах без інтэрнату.
   Непрыкметная вёсачка, якую не наведвалі турысты на працягу доўгіх гадоў, вельмі хутка пачала развівацца і ператварылася ў прыгожы горад: Пампейскую Даліну[1].
   Гісторыя Пампейскай Даліны была напісаная на ўсіх мовах. Імя вялікай Каралевы Ружанца вядомае ад Усходу да Захаду, ад Поўначы да Поўдня, а Яе абраз ушаноўваецца ў самых далёкіх кутках Азіі, Афрыкі і Амерыкі.


ЯК НАРАДЗІЛАСЯ НАВЭННА ПРОСЬБА,
ЯКУЮ БЛАСЛАВІЛА СВЯТАЯ ДЗЕВА

   Я сем гадоў працаваў, у цемры і няведанні, у гэтай Пампейскай Даліне, дзеля майго збаўлення, распаўсюджваючы сярод убогіх Ружанцовае набажэнства, пакуль Пан ледзь не ўвагнаў мяне ў магілу з-за цяжкай хваробы.
   Гэта здарылася ў ліпені 1879 года. Шмат тых, што прымалі ўдзел у будаванні новай Святыні, жадалі мець адзіную дакладную форму малітвы, каб выпрошваць ласкі ў Каралевы Святога Ружанца з Пампеі, ласкі, якія Яна таямніча дарыла сем’ям сваіх адданых слугаў.
   Я бачыў, што набліжаецца мой канец, і вырашыў у якасці свайго апошняга твору (я ўжо паміраў і скончваў выпраўляць апошнюю старонку “Пятнаццаці Суботаў”) напісаць “Навэнну да Цудоўнай Каралевы Ружанца з Пампеі”, каб прасіць аб ласках у самых безнадзейных выпадках. Я зрабіў гэта за месяц, гэта значыць перад святам Унебаўзяцця Марыі.
   Памятаю, што амаль кожны дзень каля палудня, замучаны ўпартым тыфам, што мяне канчаткова забіваў, я ішоў да капліцы з Цудоўным абразом і ў гэтым самотным месцы, у цішыні, я ўголас перачытваў адну з пяці рэдагаваных частак. Менавіта перад гэтым абразом я рэдагаваў усе тэксты. І, калі пасля заканчэння працы, маё сэрца пачынала хвалявацца і слёзы скатваліся на паперу, толькі тады мне здавался, што ў мяне атрымалася.
   Наступіла свята Ўнебаўзяця Марыі (15 жніўня). Тады быў каранаваны шанаваны абраз, пра што можна прачытаць у “Гісторыі Санктуарыя”. Але ў гэты дзень я заставаўся ў ложку з-за пагаршэння свайго стану. Разам са мной былі ўсе мае сябры, а таксама шаноўны Айцец М. Радэнтэ. Яны маліліся да Маці Божай аб маім выздараўленні. Не было нават і промня надзеі.
   Каб паспрабаваць яшчэ раз, я папрасіў, каб абраз Маці Божай з капліцы быў прынесены да майго пакою. Прысутныя казалі: “Мы паверым у цуды Маці Божай з Пампеі, калі гэты хворы выздаравіць”.
   Звярнуўшыся з даверам да Святой Кацярыны Сіенскай, я сказаў: “Мая дарагая сястра, я напісаў пра цябе ў “Пятнаццаці Суботах”. Я напісаў, што ты скардзішся з Неба, што ў свеце так мала вернікаў, якія звяртаюцца да цябе за дапамогай, каб атрымаць ласкі, як бы ўлада, якую ты атрымала ад Езуса, была абмежаваная Небам. Як жа мае чытачы павераць у твае словы, калі я, той, што іх напісаў, не магу атрымаць ласку свайго аздараўлення? Як жа яны павераць у цуды Каралевы Ружанца з Пампеі, калі Маці Божая пакідае паміраць таго, хто будуе Яе Святыню і абвяшчае Яе цуды?
   Якая ж невыказная дабрыня гэтай Маці! Яна выслухала малітвы святой Кацярыны.
   Апоўначы я адкрыў вочы: боль у шыі і пазваночніку зніклі разам з тэмпературай. І першы промень сонца ўпершыню мякка крануўся маіх вачэй пасля таго доўгага часу, калі яны не маглі знесці святла, якое прычыняла вялікі боль!
   І пакорны аўтар “Гісторыі Дзевы з Пампеі” і прыхільнік Святой Кацярыны, насуперак усім чаканням, выжыў і жыве да гэтай хвіліны, і працягвае падтрымліваць вялікі цяжар выдання штомесячнага часопіса і іншых аскетычных твораў. Ці гэта не вялікі цуд?
   Але Святая Дзева, якая хоча паказаць у Пампейскім Санктуарыі ўсю сваю ўладу, якую Яна мае разам са Сваім Сынам, і Сваю міласэрнасць да грэшнікаў, пабудавала Свой трон на месцы, дзе раней быў трон ідалаў і дэманаў. Тут Яна пажадала выслухаць інтэнцыі і цяжкасці беднага грэшніка і ўдзяліць ласкі ўсім тым, хто да Яе моліцца Навэннай, напісанай Яе адданым паміраючым слугой.
   І вось, о Сэрца Марыі, поўнае любові! Яна пажадала аб’явіцца дачцэ Камандора Агрэлі з Неапаля і паўтарыць ёй гэтыя салодкія словы: “Кожны раз, калі ты будзеш прасіць у Мяне ласкі, маліся тры НАВЭННЫ, адмаўляючы тры часткі ружанца, а потым тры іншыя НАВЭННЫ, як падзяку”. Маладая Фартунаціна Агрэлі, пасля таго, як яна дакладна зрабіла ўсё, што ёй сказала Маці Божая, атрымала цудоўнае аздараўленне.
   Ідучы за яе прыкладам, пасля малітвы трох НАВЭННАЎ, тысячы асобаў атрымлівалі цудоўныя аздараўленні і асаблівыя ласкі не толькі ў Італіі і ў іншых краінах Еўропы, але таксама ў Амерыцы, Афрыцы і нават у Індыі і Чылі.
   Апавяданні пра атрыманыя ласкі і цудоўныя аздараўленні, атрыманыя пасля Навэнны, можна прачытаць у часопісе “Ружанец і Новая Пампея”, пачынаючы з 1884 года аж да сённяшняга дня, з подпісамі сведкаў і пасведчаннямі лекараў.
   І гэтая Навэнна, напісаная паміраючым грэшнікам, была прынятая Марыяй. Гэтая Навэнна, якую Каралева Ружанца прыняла і блаславіла, удзяляючы незлічоныя ласкі, была зацверджана 29 лістапада 1887 года. Яе ўзбагаціў цалкавітым Адпустам Святы Айцец Леў XIII і падтрымаў Папа Пій X.
   І нарэшце, найчысцейшая Каралева Перамогі дала Сваё нябеснае замацаванне гэтай форме  малітвы праз іншы цуд у горадзе Арпіна, каб прасіць аб ласках праз заступніцтва Святой Кацярыны Сіенскай, той самай святой дзевы, сястры з Трэцяга Ордэна Святога Дамініка, што выпрасіла ў Найсвяцейшай Дзевы Каралевы Ружанца аздараўленне і жыццё для таго, хто піша гэтыя радкі. Гэты цудоўны выпадак быў апублікаваны ў часопісе “Ружанец і Новая Пампея” у маі 1894 год.
   2 сакавіка 1894 года святая Кацярына Сіенская, якая намаляваная ў ног Каралевы Ружанца і мае алтар у свой гонар у Санктуарыі ў Пампеі, аб’явілася адной паміраючай асобе і параіла ёй маліцца НАВЭННУ  да Дзевы з Пампеі, каб атрымаць ласку аздараўлення.
   Цудоўная рэч! Святая сама вырашыла маліцца разам з пакорнай хворай Навэнну, і пасля яе заканчэння, да паміраючай цалкам вярнулася здароўе.
   Трэба заўважыць, што, калі яны дайшлі да трэцяй страфы Навэнны, святая Кацярына павярнулася да хворай і сказала: “Паўтары тры разы гэтыя словы: “Ты абяцала святому Дамініку, што той, хто хоча атрымаць ласкі, атрымае іх праз твой Ружанец; і я, з тваім Ружанцам у руцэ, адважна нагадваю Табе, о Маці, аб тваім святым абяцанні.”.
    Дзякуючы гэтаму выпадку мы маем новае ўказанне і больш жывы давер,  каб атрымаць новыя ласкі ад Найсвяцейшай Дзевы. Спачатку, перад тым, як распачаць Навэнну да Найсвяцейшай Дзевы з Пампеі, неабходна папрасіць святую  Кацярыну, каб яна малілася разам з намі, так, як Яна малілася разам з хворай з Арпіны.
   Потым, калі мы дойдзем да трэцяй часткі Навэнны, паўторым два разы словы, адрасаваныя Дзеве з Пампеі, якія святая жадала, каб мы паўтаралі: “Ты абяцала святому Дамініку, што той, хто хоча атрымаць ласкі, атрымае іх праз твой Ружанец; і я, з тваім Ружанцам у руцэ, адважна нагадваю Табе, о Маці, аб тваім святым абяцанні.
   Пачынаючы з 1879 года да сённяшняга дня было столькі выданняў гэтай Навэнны, што ўжо амаль немагчыма вызначыць іх колькасць.
   Яна была перакладзеная і выдадзеная на наступных мовах: кітайскай, малайскай, арабскай, тамульскай, тэлугскай, польскай, гішпанскай, партугальскай, грэцкай, на дыялекце Сард лагурдурэ, мальтайскай, славацкай, валонскай, хіндустанскай, дравідыйскай, ангельскай, нямецкай, французкай, албанскай, урду, кангале, лацінскай, сірыйскай і эсперанта.


Гісторыя дачкі Камандора Агрэлі

    На працягу 13 месяцаў Фартунаціна, дачка каменданта Агрэлі, пакутавала ад сутаргаў, ванітаў і іншых фізічных хваробаў.
    16 лютага 1884 яна пачала Ружанцовыя навэны і Святая Дзева аб’явілася ёй 3 сакавіка ў постаці Маці Божай з Пампеі. Яна сядзела на троне з Дзіцяткам Езусам на каленях і ружанцам у руках.  Яе суправаджалі святая Кацярына Сіенская і святы Дамінік.
    Дзева растлумачыла ёй: «Маё дзіцятка, ты заклікала Мяне рознымі імёнамі і прасіла аб ласках. Але цяпер, калі ты называеш Мяне Каралевай Ружанца, што Мне асабліва падабаецца,  Я не хачу больш адмаўляць табе ў ласцы, аб якой Ты Мяне прасіла, бо гэтае імя самае дарагое для Мяне за ўсе астатнія. Памаліся яшчэ тры навэнны і ты атрымаеш усё».
    Месяцам пазней, падчас другога аб’яўлення, Фартунаціна пачула наступныя словы: «Хто хоча папрасіць Мяне аб ласках, няхай  памоліцца тры навэнны, адмаўляючы ружанец, і тры іншыя навэнны, у знак падзякі за атрыманыя ласкі».  8 мая Фартунаціна аздаравілася.
    Гэта ўразіла папу Льва XIII, які афіцыйна заахвоціў да гэтага набажэнства.
    Як сказала Святая Дзева, трэба адправіць тры навэнны ружанцовыя з малітвамі просьбаў і тры навэнны ружанцовыя з малітвамі падзякі!  Гэта значыць, што на працягу 54 дзён трэба маліцца тры (або чатыры) часткі Ружанца кожны дзень.


Адкуль узялася Навэнна падзякі
Паводле благаславёнага Бартоло Лонго

   У жніўні 1879 года,  калі я быў вельмі хворы, я напісаў малітву ў гонар Маці Божай з Пампеі, каб атрымаць Яе ласкі; гэта Навэна да Маці Божай з Пампеі, каб атрымаць ласку ў безнадзейных выпадках. Шмат разоў і ў розных аб’яўленнях, асабліва ў Ласэдоніі 28 ліпеня 1888, міласэрная Святая Дзева з невыказнай спагадлівасцю паказала Сваё задавальненне тым, што Яе заклікаюць і ўшаноўваюць праз гэтую навэнну. Пасля Свайго аб’яўлення дачцэ камандора Агрэлі ў сакавіку 1884 Яна больш ясна паказала, як Яна хоча, каб Яе заклікалі, каб атрымаць Яе ласкі. «Няхай тыя, што хочуць атрымаць ад Мяне ласкі, казала Яна хворай Фартунаціне Агрэлі, моляцца тры навэнны і адмаўляюць 15 (з 2002 года Ружанец мае 20 таямніцаў) Таямніцаў Ружанца, пасля няхай моляцца тры навэнны падзякі». З таго дня, як часопіс «Ружанец і Новая Пампея» распавёў пра гэту незвычайную падзею, столькі людзей у Італіі і па-за яе межамі адчулі сапраўднасць гэтага аб’ўялення і атрымалі незлічоныя ласкі, молячыся тры навэнны, пра якія сказала Найсвяцейшая Дзева! Пацверджанні, надрукаваныя часопісам, з’яўляюцца гэтаму безумоўным доказам. Я таксама меў шмат прапаноў напісаць спецыяльную Навэнну падзякі, якая паўтараецца тры разы, гэта значыць на працягу 27 дзён, пасля атрымання ласкі, як прасіла Блаславёная Дзева Марыя. І дзякуй Богу, 15 жніўня 1889, гэта значыць праз 10 год пасля першай публікацыі Навэнны просьбы, э’явілася гэтая Навэнна падзякі. Яна была перакладзеная і надрукаваная на шмат замежных моваў.»



[1] У 1928 годзе назва Даліна Пампеі змянілася на класічную назву Пампеі.
   




Перакладзена з францускай мовы. 
Aрыгінал Avocat Bartolo Longo.
Neuvaines à Notre-Dame du Rosaire de Pompéi.
Impétration et Action de grâces.
Pompéi. Ecole Typographique Pontificale fondée par Bartolo Longo, 1979.