7. Малітва і чын

РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

МАЛІТВА І ЧЫН

 О ДУХУ СВЯТЫ, УПЭЎНЕНЫ Ў ТЫМ, ШТО ТЫ МЯНЕ ПРЫМЕШ І ПАСЛУЖЫШСЯ МНОЙ, ШТО ТЫ ПЕРАМЕНІШ СЁННЯ МАЮ СЛАБАСЦЬ У МОЦ, Я ЗАЙМАЮ МЕСЦА Ў ШЭРАГАХ ЛЕГІЁНУ І АСМЕЛЬВАЮСЯ АБЯЦАЦЬ ВЕРНУЮ СЛУЖБУ.
   Я АБЯЦАЮ ЗАХОЎВАЦЬ ДЫСЦЫПЛІНУ, ЯКАЯ ЯДНАЕ МЯНЕ З БРАТАМІ-ЛЕГІЯНЕРАМІ, РОБІЦЬ НАС ВОЙСКАМ І НАКІРОЎВАЕ НАШЫЯ ШЭРАГІ Ў РУХУ РАЗАМ З МАРЫЯЙ.

   Я асмельваюся абяцаць верную службу…
   Аб чым просіць Легіён у таго, хто да яго прыходзіць?
   “Легіён Марыі, — адказвае Падручнік, — ад самага пачатку мае мэту асабістага ўдасканалення сваіх сябраў праз малітву і актыўнае супрацоўніцтва пад кіраўніцтвам царкоўнай улады ў справе Марыі і Касцёла — раструшчыць галаву змея і ўсталяваць Валадарства Езуса Хрыста”.
   Правіла змяшчаецца ў двух словах: маліцца і дзейнічаць — дэвіз манахаў. Гэта правіла, якое змяшчае яго патрабаванні. Менавіта на гэтае павінна адказваць абяцанне вернасці.

   1. Малітва

   Маліцца. Галоўны абавязак, які нават не абмяркоўваецца: хрысціянін павінен маліцца так, як дыхае.
   Таму што Бог — гэта Бог, і нам кожную хвіліну трэба пра гэта памятаць.
   Таму што Езус сказаў, што трэба няспынна маліцца.
   Таму што без малітвы мы будзем бяссільнымі.
   Дарэмна настойваць тут на агульным абавязку для ўсіх. Можна запытацца: якую праграму малітвы прапануе Легіён?
   Тут трэба адрозніваць этапы. Таму, хто прыходзіць з добрай воляй навічка, Легіён не будзе прапаноўваць жорсткай праграмы, бо хоча адчыніць дзверы звычайнаму верніку, які згаджаецца шчыра служыць. Легіён прымае яго, паважаючы ўсе дакладныя і разнастайныя ўмовы яго жыцця, бадзяга ён ці міністр, дворнік ці ўніверсітэцкі выкладчык. Ён просіць толькі як заклад яго добрай волі вернасць штотыднёвым сходам. Ён акунецца ў вельмі разнастайнае жыццё малітвы і дзейнасці. Крок за крокам практыкаванне апостальскай духоўнай еднасці адкрые яго душу на гэтае неадчувальнае марыйнае дыханне, якое станецца дыханнем Святога Духа. Ён адчуе ўзрастаючы голад і прагу. Без навуковых тэрмінаў і магчымасцяў раскрыць механізмы малітвы, вельмі хутка, жывая еднасць з Марыяй увядзе яго ў стан еднасці з Богам — мэту самой малітвы. Гэтае ўзрастанне  залежыць ад ступені ласкі кожнага. Досвед паказвае, што служба для Марыі — гэта пэўная школа сапраўднай малітвы.
   Але нават калі напачатку Легіён не навязвае ніякага парадку малітвы — апроч Катэны —  кароткай малітвы, абавязковай для ўсіх, — ён заўсёды мае ідэал, да якога хоча прывесці сваіх сябраў, на якім бы ўзроўні яны ні былі напачатку. Ён заахвочвае іх прыняць як жыццёвае правіла: штодзённы ўдзел у Эўхарыстыі, штодзённая малітва брэвіярыя, а таксама штодзённы ружанец.
   Імша, Камунія, брэвіярый, ружанец: гэта прапанаваная праграма свецкаму легіянеру, гэта малітва, якую Легіён пажадаў бы ўсім.

   2. Эўхарыстыя — харчаванне асабістага і апостальскага жыцця

   Мы не будзем тут паўтараць усё тое, што азначае штодзённая імша і Камунія ў жыцці хрысціяніна. Калі б нашыя вернікі ведалі гэты дар Божы, дадзены нам, якім з’яўляецца Эўхарыстыя, якую б жыццядайную моц яны б там чэрпалі! Імша з Камуніяй, якая яе завяршае, — гэта дасканалая ахвяра пакланення, падзякі, прабачэння, малення.
   Яднаючыся ў гэтым, мы даем Богу тое найлепшае, што можам Яму ахвяраваць: Цела і Кроў дасканалай Ахвяры. Няма на зямлі больш узвышанага жэсту: гэта адзіны дар, гэта годная Бога падзяка, што ўздымаецца з зямлі ў неба.
   Няма дабра больш усеабдымнага ані больш плённага, таму што ўва ўсе часы і для ўсіх народаў яно дае бясконцыя заслугі адкупленчай смерці. Паколькі праз ахвяру алтара мы ўзыходзім на Галгофу, мы заўсёды знаходзім там Маці Божую і таямніцу Яе ўдзелу ў пакутах Яе Сына.
   Таксама тое, што будзе глыбока вылучаць легіянера ў гэтай сустрэчы на Эўхарыстыі, — гэта яго з’яднанасць з Марыяй. Хто лепш за Яе зможа ўвесці сваіх дзяцей у эўхарыстычную таямніцу? Толькі Маці Божая Каштоўнай Крыві можа дапамагчы нам зразумець кошт пралітай крыві, якая мела крыніцу ля Яе сэрца. Толькі Яна можа дапамагчы нам увайсці ў пачуцці свайго Сына ў хвіліну прынясення найвышэйшай ахвяры.
   Легіянер з’яднаецца з Яго ахвярай і Камуніяй. Якая ж гэта бяспека для легіянера —  магчы ахвяраваць Езусу сэрца і прыняцце Яго Маці, дазволіць Ёй прыняць Свайго Сына на нашым месцы!
   “Пасля Святой Камуніі, — піша святы Людовік дэ Манфор, — (…) вы ўвядзеце Езуса Хрыста ў сэрца Марыі. Вы аддасце Яго Маці, якая з любоўю Яго прыме, глыбока Яму паклоніцца, дасканала адорыць любоўю,  шчыра абдыме і верне Яму, у духу і праўдзе, шматлікія даўгі, пра якія мы не ведаем з-за глыбокай цемры, у якой знаходзімся”[1].
   Якая цудоўная замена! У якое цудоўнае становішча гэта нас ставіць! Мне досыць ведаць, што Яны разам ува мне, што Марыя заступіцца за Мяне, што Яна навучыць мяне цішыні, патрэбнай Богу. І вось мы ўжо далёка ад нашых мізэрных падзяк, заўсёды нявартых, смехатворных, напоўненых сабой! Гэта нашмат лепшае з таго, што я магу даць Богу, за мае бедныя нясталыя і халодныя пачуцці. Я ўжо не баюся наблізіцца з пустымі рукамі і падараваць Яму нават менш за стаенку ў Бэтлееме. Таму, хто будзе скардзіцца ў сваёй нягоднасці, Езус зможа адказаць: “Я прашу ў вас толькі Сэрца Маёй Маці”.
   Марыя хоча не толькі карміць нас Целам і Крывёй Свайго Сына; Яна хоча апроч гэтага, каб мы ішлі на вуліцы і сцежкі запрашаць шмат людзей на вяселле Ягняці. Адным словам, усё каталіцкае апостальства мае сваё завяршэнне на алтары і ў Камуніі. Гэты нястомны пошук згубленай авечкі мае толькі адзіную мэту — прывесці людзей да сакраманту адраджэння і жыцця. “Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця” (Ян 6, 53). Легіянер хоча, каб яго браты ўжо сёння пачалі жыць жыццём вечным. Ці ёсць больш прыгожая і больш матчыная місія за гэтую? І якая ўзнагарода для вернага слугі, калі Настаўнік скажа яму: “Я быў галодны, і вы накармілі мяне; я прагнуў, і вы напаілі мяне. Шчаслівы той, хто даў свайму незнаёмаму брату гэты Хлеб і гэты Келіх!”
   Але Эўхарыстыя папярэджваецца літургіяй Слова: гэта таксама таямніца ласкі.
   Імшал дорыць нам гэтае штодзённае слова Божае да свайго Касцёла як слова, актуальнае ў кантэксце сённяшняга дня. Легіянер можа не мець магчымасці кожны дзень прысутнічаць на святой імшы, але яму прапаноўваецца кожны дзень адкрываць свой малітоўнік, каб жыць словам Божым, якое яму дорыць Касцёл на працягу года.
   Падручнік дадае яшчэ адзін момант, які таксама мае сваю вартасць. Ён запрашае легіянера зрабіць Эўхарыстыю начыннем навяртання і жаданнем людзей шукаць Бога. Пакажыце ім, гаворыцца ў Падручніку, настолькі блізкага Бога — на іх вуснах і на адлегласці выцягнутай рукі — можа, яны зразумеюць, наколькі любоў Божая большая за іх самыя дзёрзкія мары. Няхай Эўхарыстыя будзе для іх не як для вучняў прычынай спрэчкі, але запрашэннем паверыць. Парада можа быць парадаксальнай. Але гэта толькі здаецца, таму што, калі Бог — гэта Любоў, то ці не з’яўляецца веравызнанне, адкрытае Ім, тым, што найглыбей дазволіць нам увайсці ў Яго Сэрца? Ці ёсць вынаходка пяшчоты і блізкасці большая за Эўхарыстыю?
   Такім чынам, легіянер стане добраахвотным звестуном гэтай найвышэйшай любові Бога, які палюбіў нас “да канца”. Апостальства не будзе сапраўды марыйным, калі яно не будзе эўхарыстычным.

   3. Брэвіярый, медытацыя, ружанец. Штогадовыя рэкалекцыі

   Легіён верыць ва ўзвышаную каштоўнасць малітвы Касцёла. Таму запрашае сваіх сябраў да штодзённай малітвы брэвіярыя: частковай (напрыклад, Ранішняй і Вячэрняй малітвы) або поўнай літургіі, прынятай Касцёлам.
   Легіён не навязвае аніякай дакладнай праграмы, таму што адкрываецца на кожную асобу, якія адрозніваюцца адна ад адной. Ён трымаецца традыцыі Касцёла і таму абмяжоўваецца толькі запрашэннем да кожнага легіянера ва ўсёй поўні чэрпаць з Літургіі Гадзін, агульнай для манахаў і свецкіх, у перакананні, што малітва Касцёла вельмі важная, каб даць сваім дзецям эклезіяльную душу. Каб адчуць сябе разам з Касцёлам, Легіён запрашае маліцца разам з Касцёлам. Яго вуснамі і яго словамі. Ён ведае, што голас Сужонкі мае асаблівую чароўнасць для сэрца Сужонка, і толькі яна адна ведае прыдатныя словы і патрэбныя ноткі. Дарэчы, ці Дух Святы сам не натхніў псальмы, што складаюць галоўную частку літургіі гадзін, ці гэта не Ён, у рэшце рэшт, ажыўляе гэтую малітву сваім подыхам?
   Легіянер моліцца ў еднасці з Касцёлам і з Марыяй: гэта адзінае цэлае. Зрэшты, Марыя ведае псальмы. Яны былі спажывай Яе душы тут, на зямлі. Далучымся ж да малітвы нашай Маці. Яна схіліцца да нашага лепятання. Яна прыме нашыя мольбы ў тым самым змесце, што Яна асвяціла. Яна ўзнясе іх як ахвяру праслаўлення, якой Бог не супрацівіцца.

Медытацыя

   Падручнік удакладняе, што кожны легіянер павінен прысвяціць кожны дзень акрэслены час на медытацыю, гэта значыць, індывідуальную малітву.
    Пакідаючы такім чынам афіцыйныя формы малітвы, легіянер, у цішыні, будзе імкнуцца прасякнуцца — заўсёды ў еднасці з Марыяй –верай, надзеяй, любоўю да Бога Айца, Сына і Духа Святога; гэта напоўніць усё яго духоўнае жыццё і кантакты з бліжнімі.

Ружанец

  Да гэтай вялікай урачыстай літургічнай малітвы Легіён далучае іншую больш простую і вядомую форму  — ружанец. Мы пагаворым тут пра гэта і ўбачым, што гэта не проста малітва ўголас, а малітва, прасякнутая і ажыўленая разважаннямі над таямніцамі.
   Спынімся на некалькі хвілін, каб зразумець яго таямнічую душу і паказаць духоўны скарб, які хавае ў сабе ружанец, часта называны рымскімі пантыфікамі “псалтырам Маці Божай”.
   Перш за ўсё, трэба зразумець, што нас не просяць любіць ружанец дзеля яго самога, толькі таму, што гэтая малітва нам падабаецца, таму, што яна прыемная, і нам трэба перабіраць пацеркі ланцужку з “Вітай, Марыя”. Кожны вольны думаць, што гэтыя паўторы манатонныя і нудныя, або скардзіцца на няўважлівасць, якую яны выклікаюць.
   Калі Касцёл просіць аб малітве ружанца, гэта менавіта таму, што гэтая малітва падабаецца Каралеве Неба. Нам досыць ведаць, што Яна любіць Яе слухаць: усё змяшчаецца ў гэтым.
   Леў XIII напісаў пятнаццаць энцыклік пра ружанец, каб кожны ведаў пра важнае месца, якое надае яму Касцёл сярод іншых малітваў.
   І Ян Павел II з запалам гэта паўтарае.
   Можна да бясконцасці павялічваць сведчанні Касцёла і святых. Мы б хацелі ў гэтым каментары Абяцання паказаць ружанец у асаблівым значэнні, гэта значыць, рэпрэзентаваць яго як прыладу набажэнства да Духа Святога – мэты Абяцання.
   Так, у такім святле яго бачыць той, хто прасякнецца яго канчатковай рэчаіснасцю, хто адкрые еднасць пад наплывам праслаўленняў, хто зразумее нітачку, што звязвае гэтыя пацеркі.
   Дзеля гэтага досыць зразумець, што гэта больш малітва Маці Божай, чым нашая: у гэтым ключ яе моцы і прывабнасці для сэрца Бога. Калі нашыя пальцы перабіраюць гэтыя Ave, Маці Божая ператварае іх у найцудоўнейшы спеў, пачуць які можа толькі Рай. Адбываецца музычная замена, падобная да той, што граюць нашыя музычныя інструменты. Напрыклад, вось кружэлка. Я стаўлю на яе маленькую сталёвую іголку, і яна адразу ж пачынае манатонна бегчы па гукавых сцежках. Глухі слухач нічога не зразумее ў гэтым гранні, пустым і нудным. Але той, хто мае вушы, каб слухаць, пачуе цудоўны голас, што плыве адтуль; ён не надта ведае, як гэта адбываецца з металёвай іголкай, што няспынна бяжыць па коле. І хутка ўздымаецца музыка і напаўняе прастору.
    Вось аддалены вобраз таго, што адбываецца, калі я, у еднасці Марыяй, адмаўляю ружанец. Як толькі я праз акт унутранай прыналежнасці яднаюся з Ёй, як гэтая сталёвая іголка на кружэлцы, і калі я перабіраю пацеркі гэтых “Вітай, Марыя”, Маці Божая авалодвае гэтым рухам малітвы, і гэта Яна пачынае спяваць перад Богам замест мяне і для мяне “алілуя” сваёй радасці, “fiat” свайго болю і аmen сваёй хвалы. Вось слухае неба, таму што Марыя паўтарае Богу ўсе пачуцці свайго Сэрца. Гэты спеў — няспынная камунія з Духам Святым, які чыніць ў Езусе і ў Ёй усе цуды, пра якія згадвае ружанец. Таму што, пачынаючы з першай радаснай таямніцы Звеставання аж да апошняй хвалебнай таямніцы Ўкаранавання Маці Божай, мы прысутнічаем у галоўных момантах Яе паслухмянасці дзеянню Духа Святога.

Штогадовыя рэкалекцыі

   Падручнік нагадвае: “Усе легіянеры павінны, калі гэта магчыма, кожны год удзельнічаць у закрытых рэкалекцыях. Пасля таго, як яны самі паспрабуюць каштоўныя перавагі гэтых рэкалекцыяў, яны змогуць запрапанаваць нешта падобнае іншым і працаваць над тым, каб праводзіць такія рэкалекцыі там, дзе гэта больш не адбываецца”.


   4. Апостальская дзейнасць “неабходная” ў справе Божай

   Я асмельваюся абяцаць верную службу.
   Верны малітве. Верны таксама прынятай працы. Легіянер ведае, што Бог разлічвае на яго, каб завяршыць справу адкуплення людзей.
   Гэтая апостальская служба неабходная гэтак сама, як і сакрамэнтальны матэрыял. Без вады няма хросту. Без хлеба і віна няма Цела і Крыві Езуса. Бог, праз добрую волю, звязаў ласку хросту, як цуд кансэкрацыі, з прысутнасцю неабходных элементаў. Гэтак сама і з выратаваннем свету. Бог даверыў гэтае заданне людзям. Як правіла, без іх бачнага і адчувальнага ўдзелу ўратаванне не будзе перададзена. Патрэбны жэст з нашага боку. Гэта важнасць і патрэба легіянерскага апостальства. Верна служыць для легіянера азначае выйсці вечарам, калі б ён хацеў адпачыць дома ў супакоі, ісці і пастукаць у дзверы, не ведаючы, якім будзе прыём, не баяцца дрэннага надвор’я, іроніі ці халоднасці людзей, якія маюць шмат заняткаў замест таго, каб заняцца сваім вечным збаўленнем, з усмешкай згадзіцца на дрэнны прыём і атрымаць запрашэнне ўвайсці ў кватэру праз пяшчотную і цярплівую пакору, раздзяліць клопат сваіх братоў і стаць іх сябрам…
   Верна служыць — гэта ахвяравацца на разнастайнае апостальства, ува ўсіх прадугледжаных і непрадугледжаных формах, з адзіным клопатам пракласці шлях Богу. Па прыкладзе слугаў з вяселля ў Кане, што атрымалі ад Езуса дзіўны загад напоўніць збаны вадой, хоць не хапала віна. Але досыць было таго, што быў дадзены загад да краёў напоўніць кожны збан вадой; нічога не разумеючы, слугі паслухаліся. Гэтак сама і легіянер падчас выканання працы, за якую бярэцца: ён ахвяруе Настаўніку ваду сваёй добрай волі, каб Ён мог уліць у людзей віно збаўчай ласкі. Нічога страшнага ў тым, што паміж нашымі ўчынкамі і Ягонымі ёсць вялікая розніца. Галоўнае — зрабіць гэта, бо Бог звязаў чалавечыя прызначэнні адзін з адным, як праваднік у гарах звязвае вяроўкай кожнага ўдзельніка групы, што ўздымаецца на гару.
   Скажам яшчэ раз: хрысціянін у свеце не мае права хавацца ў цішыні. Слова ідзе за верай, як самае непасрэднае наступства. “Апосталы былі напоўненыя Духам Святым і пачалі гаварыць”. Складаецца ланцужок. “Я паверыў — і таму загаварыў”, —  кажа святы Павел Карынцянам як пра нешта натуральнае.
   Ці трэба пра гэта казаць? Мы таксама недаацэньваем кантэмпляцыйнае жыццё, да якога Бог кліча абраныя душы. Іх маўчанне — не пустэча, а поўня, гэта не дэзертырства, але дзейнасць іншага роду, “па-за гучаннем”. Гэтыя месцы малітвы, куды яны адыходзяць, як вялікія ўстаноўкі, што ўлаўліваюць высокачастотныя хвалі і кормяць увесь рэгіён. Іх самотныя месцы — гэта порт ласкі. Ці трэба яшчэ шукаць жаўнераў, якія б жадалі скарыстаць з гэтых боепрыпасаў і змагацца тварам да ворага? Менавіта да гэтых жаўнераў мы звяртаемся, да ўсіх хрысціянаў, што жывуць у свеце і маюць абавязак упраўляцца з мячом Слова Божага і бачным чынам усталёўваць Яго валадарства.

   5. Апостальская дзейнасць — агульны абавязак для ўсіх

   Быць апосталам! “Але гэта заданне, — скажа хтосьці, — не па нашых сілах. Толькі святыя ўратуюць свет… а мы не святыя. Таму не падштурхоўвайце нас да немагчымых заданняў”. Дзіўная адгаворка! І як яна маскуе страх і баязлівасць пад сарамлівым выглядам ілжывай вельмі зручнай сціпласці. Канечне, каб навярнуць свет, патрэбныя святыя. Няхай неба дасць іх вельмі шмат нашаму беднаму загубленаму свету! Патрэбныя гіганты, каб супрацьстаяць злу і раз’юшаным пякельным сілам. Нам патрэбныя Аўгустыны і Баніфацыі, Францыскі і Дамінікі, Вінцэнты Фэр’е і Кзаўе, пустэльнікі і прарокі. А таксама святыя, што адыходзяць у пустэльню, каб быць толькі для Бога, каб больш быць для нас. Але мы не маем права казаць, што толькі святыя могуць займацца душамі і адказваюць за ўратаванне сваіх братоў.
   Калі б толькі святыя павінны былі выканаць гэтае заданне, папы, якія заклікаюць з такой настойлівасцю ўсіх свецкіх да неабходнага апостальства, назвалі б гэта немагчымым патрабаваннем. Але Бог патрабуе на сваёй службе кожную добрую волю. Кожны з нас, якой бы ні была ступень яго асабістай дасканаласці, можа і павінен быць прыладай у Яго руках. Бог ужывае кожнага з нас, і Яго ласка нас узвышае. З Ім і ў Ім, мы ідзем далей, чым дазваляюць нашыя сродкі. Ёсць ласкі, якія Бог дае таму ці іншаму чалавеку, нават калі ён недасведчаны ці нягодны. Усе тэолагі кажуць пра ласкі, называныя дармовымі, каб падкрэсліць, што яны не асвячаюць таго, хто іх атрымоўвае, але Бог прызначае іх для супольнасці праз таго, хто іх мае. Харызматы першага Касцёла добра пра гэта сведчаць.
   Бог не прыстасоўвае сваю марнатраўнасць да нашай здольнасці прыняць, як фантан не памяншаецца да памераў вазы ці нашай смагі. Але Ён хоча, каб кожны з нас дазволіў напоўніць сябе Ім.
      Апостальства — гэта не манаполія лепшых. Яно абавязвае нас усіх як блаславёны абавязак, што Бог зрабіў настойлівым і магчымым, велічным, але ў нашых сілах. Выгнаны са свайго ўмацавання, д’ябал, тым не менш, ужывае паралізуючыя довады. Сярод нашых сучаснікаў, занятых сваёй вольнасцю больш, чым праўдай, ён няспынна распаўсюджвае пад рознымі выглядамі падступны дэвіз: “Апостальства, — нашэптвае ён, — гэта замах на законную вольнасць іншага, гвалт над яго свядомасцю”. Здараецца, што хрысціяне захапляюцца місіянерам, які едзе навяртаць эскімосаў, і асуджаюць таго, што хоча ўратаваць душу свайго суседа. Апостальства — гэта бесцырымоннае ўмяшальніцтва? Але, калі несвядомая вера роўная тэалагальнай, рушыцца сама падстава ўсіх місіяў. Без сумневу, Бог мае ласкі міласэрнасці дзеля таго, хто Яго не ведае і пакланяецца ідалам. Але Ён таксама захоўвае для іх скарбы глыбокага, поўнага невымоўнага багацця, божага жыцця, і хоча, каб усе людзі жылі гэтым і каб мы гэта ім неслі. Без сумневу, не трэба ламаць свядомасць і авалодваць ім пры дапамозе вялікай бітвы. Але ёсць “словы жыцця”, якія мы не маем права хаваць для сябе, нават калі бліжні не сумняецца ў іх блаславёнасці. У справе любові да бліжняга існуюць грахі занядбання, больш паважныя за іншыя, за якія Бог будзе нас судзіць. І вышэй за ўсё, за ўсе іншыя абавязкі, тое, каб праз нас здзейснілася Божая хвала, каб просьбы малітвы “Ойча наш” былі выслуханыя і ператвораныя ў чын: “прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі”. Кажучы пра місіянерскі абавязак, Касцёл глядзіць перш за ўсё не на людзей, а на аблічча Бога. Каб заахвоціць да заваявання сваіх маладых манахаў, святы Ігнацы пісаў ім гэтыя радкі, палаючыя  тэацэнтрызмам: “Дзе сёння пакланяюцца велічы Божай? Дзе шануюць Яго моц? Дзе ведаюць Яго бясконцую дабрыню, Яго бясконцую цярплівасць?” Неадпаведная сённяшняму дню, толькі гэтая мова сумяшчаецца з Евангеллем. Яна вучыць нас, што не толькі Бог павінен аддавацца людзям, але трэба, каб людзі таксама аддаваліся Богу і адкрыліся на Яго Таямніцу.
   Але мы яшчэ не прызнаем сябе пераможанымі, і нараджаецца сцвярджэнне: “Быць апосталам — гэта справа выхаваных і адукаваных асобаў. У мяне няма належнай адукацыі, каб выканаць гэтае заданне”. Новая, такая самая ілжывая, як і папярэдняя, адгаворка, і такая ж марная. Бог не звязаў абавязак апостальства з нейкай універсітэцкай адукацыяй. Яго выбар дванаццаці рыбакоў з Галілеі, вядома ж, не сведчыць аб тым, што дзеля таго, каб усталяваць Божае валадарства, патрэбны высокі інтэлектуальны ўзровень. Ёсць нават месца ў Евангеллі, дзе мы бачым Езуса, які ўсклікае з радасці, што Айцец адкрыў малым і пакорным таямніцы, схаваныя ад мудрых і разумных гэтага свету. Дарэчы, гісторыя Касцёла паказвае нам ад пачатку, што самая вялікая колькасць навяртанняў адбываецца праз простых людзей: нявольнікаў, мастакоў, жаўнераў і вандроўнікаў. Навукоўцы прыйшлі ў сваю чаргу, але яны не былі першымі, як мудрацы ў стаенцы. Каб пераканаць свайго бліжняга, досыць жывой і шчырай веры, і казаць яму як роўны роўнаму — тады мова заўсёды будзе нармальным шляхам, каб закрануць яго сэрца. Канечне, наступным крокам, калі трэба будзе пры ўзнікненні неабходнасці, даваць пашыраныя рэлігійныя парады або, сустрэўшыся з асаблівымі супярэчнасцямі, давядзецца звярнуцца да навукоўца. Але гэта не першы крок: веру не адкрываюць раптоўнымі высновамі. 
   Ідэя шукаць кандыдатаў у легіянеры сярод людзей розных узроўняў вельмі каштоўная для Легіёну, бо ён пацвярджае жывое правіла каталіцызму, змешчанае ў перакананні, што ўсе дзеці Касцёла, нават самыя простыя, пакліканыя да апостальства. Гэтая праўда зацямняецца, і звычайна мы спакушаныя шукаць кандыдатаў сярод людзей, добра адукаваных духоўна або інтэлектуальна. Гэта азначае забыцца аб тым, што Бог “не глядзіць на аблічча” і ўсіх кліча да неабходнай дзейнасці.

   6. Напружаная і дысцыплінаваная апостальская дзейнасць

   Напружаная і дысцыплінаваная апостальская дзейнасць.
   Гэта напружаны час і намаганне.
   Легіён надае асаблівую каштоўнасць напружанасці вернай службы. Цэлы раздзел Падручніка прысвечаны “напружанаму намаганню на службе Марыі”. Трэба жыва гэта сабе ўсвядоміць, не прымяншаючы тым самым ролю ласкі.
   Нягодны слуга і супрацоўнік Бога — гэта чыстая праўда, кожны аспект якой трэба заўсёды падтрымліваць. Еднасць з Марыяй — гэтая няспынная жывая залежнасць і няспыннае дыханне Духа Святога — захавае легіянера ад падводных камянёў кветызму і натуральнага актывізму. Але Яна навучыць яго таксама кошту намагання.
   Нярэдка можна сустрэць хрысціянаў, якія, здаецца, робяць няшмат намаганняў у выкананні апостальскіх абавязкаў і апраўдваюцца, кажучы: “Я нічога не магу, я цалкам давяраюся Богу”. Як быццам бы гэтая адсутнасць уяўлення, працы і спосабаў з’яўлялася выразам найвышэйшай цноты даверу Богу. Трэба вызнаць без двузначнасці: лянота — гэта не пашана, якую можна аддаць Богу, і бяздзейнасць — не сродак прыцягнуць ласку. Каб у гэтым пераканацца, досыць прачытаць у Евангеллі раздзел пра схаваныя таленты. Спакуса спрытна робіць высновы на падставе “без Мяне вы нічога не можаце зрабіць”, каб у выніку скласці рукі. Гэта азначае забыцца, што трэба любіць і служыць Богу “ўсім сэрцам, усёй душой і ўсімі сіламі”, а не занадта ціха і асцярожна. Гэта не ведаць каштоўнасці, якую маюць дзеля Бога нашыя намаганні, і парадак провіду, устаноўлены Ім, азначае іх належную ролю. Езус тут, у табэрнакулюме, са Сваёй усемагутнай любоўю. І калі ніводны святар не прыйдзе, каб адчыніць дзверы гэтага табэрнакулюма і даць Гостыю таму, хто хоча прыняць Камунію, сакрамэнтальная ласка не будзе яму дадзеная. Бог пажадаў мець патрэбу ў чалавеку. І паколькі гэта задума Божая, начынне, якім мы з’яўляемся, павінна ісці да канца сваіх схаваных магчымасцяў. Набажэнства да Марыі ў апостальскай дзейнасці будзе азначаць добра зробленую працу, энэргічнасць, спрытнасць, чуласць. Не трэба чакаць, што Каралева Неба зробіць тое, што мы па інэрцыі не зрабілі. Нашая шчодрасць павінна адпавядаць нашаму даверу, і першае не вызваляе ад другога.
   Верная служба, а значыць, дысцыплінаваная.
   Колькі змарнаваных высілкаў на службе дабра праз адсутнасць згуртаванасці і таму, што мы змагаемся рассеянымі шэрагамі! Легіён хоча называцца войскам, а войска хоча мець дысцыпліну. Дзякуючы ёй кожны суправаджаны, падтрыманы, ідзе згодна сваім сілам. Пры адзінай умове — быць паслухмяным. І гэта ясным, дакладным і кантраляваным чынам. Нярэдка здараецца, што ад Легіёну аддаляюцца з-за гэтага сур’ёзнага моманту, на якім Легіён катэгарычна настойвае. Ён аддае перавагу, дзеля барацьбы Божай, некалькім цалкам адданым асобам перад шматлікай нез’яднанай колькасцю. Тры тысячы жаўнераў Гедэона лепш за войска наймітаў з умоўнай вернасцю.
   Паслухмянасць — гэта сіла.
   Гэта таксама ласка.
   Таму што яна забяспечвае вольнасць Божага ўмяшальніцтва. Растлумачым гэта. Нішто не прымушае нас думаць, што нашыя кіраўнікі ў любых умовах прымаюць правільныя рашэнні, нават калі ёсць некалькі прычынаў думаць, што яны памыляюцца часцей за нас. Але паслухмянасць не мае за мэту выканаць працу як найлепш, але “настолькі аддаць сябе ў рукі Божыя, каб Ён мог выявіць у нас больш, чым мы здольныя зразумець ці зрабіць”.
   Кіраўніцтва, што аддае загады, будзе як сакрамэнт чысціні нашых інтэнцыяў і шлях, адчынены на ўваход Бога ў гэтую гульню. Слухацца — гэта пераўзысці сябе, гэта ахвяравацца Богу ў новай паставе і больш ачышчанай і поўнай любові. Слухацца — гэта гарантыя і бяспека супраць нас саміх.
   Супраць чалавечай нясталасці Легіён загадвае штотыднёвы сход.
   Супраць недакладнасці — дакладную  справаздачу аб выкананай працы.
   Супраць нясталага апостальскага жадання — істотнае і загадзя прызначанае заданне, пакідаючы кожнаму ініцыятыву знайсці і прапанаваць астатнім нешта іншае.
   Здаецца, у гэтым ёсць лек супраць слабасцяў, уласцівых чалавечай натуры, што — пры падтрымцы — дае неспадзяваны плён.
   Урэшце, слухацца — гэта радасць, бо такім чынам мы ўваходзім у місію самога Збаўцы. Згаджаючыся на дадзенае заданне, легіянер жыве ў штодзённых дробязях прынятым загадам: “Ідзіце, абвяшчаце ўсім народам”.
   Легіянер не ідзе адзін, пакладаючыся на сваё ўласнае святло. Ён атрымаў яснае і дакладнае пасланне. Ён ідзе туды, куды пасылае яго Бог, у суправаджэнні Марыі. Ён шчаслівы адказаць, як слугі з Каны, на загад Яго Маці. Вось чаму Абяцанне просіць легіянера аддаць сябе ў рукі Марыі.
   Я абяцаю захоўваць дысцыпліну, якая яднае мяне з братамі-легіянерамі,
   Робіць нас войскам і накіроўвае нашыя шэрагі ў руху наперад разам з Марыяй.



[1]. Св. Людовік дэ Манфор. Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы Марыі.