2. Маці Божая

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

МАЦІ БОЖАЯ

   Я ТАКСАМА ВЕДАЮ, ШТО ТЫ, ЯКІ ПРЫЙШОЎ АДРАДЗІЦЬ СВЕТ У ГОСПАДЗЕ НАШЫМ ЕЗУСЕ ХРЫСЦЕ, ПАЖАДАЎ ЗРАБІЦЬ ГЭТА ТОЛЬКІ З УДЗЕЛАМ НАЙЧЫСЦЕЙШАЙ ДЗЕВЫ МАРЫІ.

   1. Повязь Святога Духа і Маці Божай

   Хрысціянства, можна сказаць, гэта повязь двух любовяў ў Езусе Хрысце. Абяцанне паўтарае гэта ў сваю чаргу, выразна аб’ядноўваючы Святога Духа і Маці Божую, што з’яўляецца таксама вызнаннем веры.
   Дух Святы — гэта любоў Бога, што сыходзіць да нас.
   Маці Божая — гэта чалавечая любоў — самая чыстая з усяго створанага, — што ўздымаецца да Бога.
   Езус Хрыстус — гэта сэрца повязі, спатканне падвойнай пяшчоты.
   Мы павінны зразумець, што азначае для практыкавання хрысціянскага жыцця гэтая повязь Духа Святога і Яго начыння — Найсвяцейшай Дзевы. Нам таксама трэба адкрыць, наколькі глыбока Хрыстус з’яўляецца плодам гэтай узаемнай любові.
   У сэрцы каталіцкага Крэда мы сустракаем такія словы: “І Езус уцелавіўся са справай Духа Святога ў Дзеве Марыі”. Святар, калі кажа гэта пры алтары, становіцца на калені, каб вызнаць таямніцу таямніц.
   Мы б хацелі на наступных старонках з павагай засяродзіцца на сэрцы гэтай таямніцы — сустрэчы Духа Святога і Марыі. Не дзеля таго, каб паўтарыць тое, што кажа нам Евангелле наконт мінулага, але пастарацца прасякнуць у жывыя актуальныя водгукі гэтай цудоўнай повязі, што змацоўвае новая і вечная повязь.
   “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц  Найвышэйшага ахіне Цябе…”
   Пасланне Анёла да Марыі не абмяжоўвалася толькі тым, каб абяцаць прамінальныы сыход Духа Святога, аднамомантавае выліццё, прызначанае толькі дзеля нараджэння таго Сына, што назавецца Езусам, бо будзе Збаўцам. Таямніца ўцелаўлення адкрыецца ў яшчэ большай глыбіні, і яго цудоўнасць вымяраецца стагоддзямі. Марыя так добра гэта зразумела, што ў свамі магніфікаце не баіцца выказаць гэтае пераможнае прароцтва: “І цяпер бласлаўляць мяне будуць усе пакаленні”. Яна ведала, што гісторыя свету ўзрадуецца ў Ёй.
   Мацярынства Марыі мае свае карані у самім Уцелаўленні. Менавіта да гэтага трэба заўсёды вяртацца. Таму што Ўцелаўленне змяшчае ўжо сэнс самога Адкуплення. Той, што нараджаецца, прыходзіць у свет толькі каб памерці ў ахвяры. Ён не памірае, як кожнае чалавечае дзіця, таму што нарадзіўся: Ён нараджаецца, каб памерці. Ён нараджаецца святаром і ахвярай Адкуплення. Нашыя маці нараджаюць сыноў, якія, магчыма, некалі стануць святарамі. Дзеля іх святарская годнасць будзе дармовым дарам, які не даецца паводле закону. Марыя наадварот: Яна Маці Езуса, які нараджаецца святаром; праз нараджэнне Ён Ягнё Божае.
   Таму мацярынства Марыі завяршаецца таямніцай Адкуплення.

  2. Дух Святы, што фармуе ў нас Хрыста

   Я ведаю, што Ты, які прыйшоў адрадзіць свет у Госпадзе нашым Езусе Хрысце, пажадаў зрабіць гэта толькі з удзелам Найчысцейшай Дзевы Марыі.
   Гэтыя словы паказваюць нам справу Духа Святога, Яго незаменную місію — адрадзіць свет у Езусе Хрысце. Ён прыходзіць як пасланец Сына, як Той, хто працягвае і завяршае Яго справу.
   Хрыстос усё нам заслужыў праз сваю  пакуту, якая ўратавала свет, але Ён усё нам дадаў праз Духа. Святы Дух, гэты Дух жыцця, які стварае жывых, прыходзіць, каб знутры зрабіць яснымі словы Настаўніка, каб весці нас мудрасцю Слова, каб раскрыць заплюшчаныя вочы, раскрыць вушы духоўна глухіх, увесці нас “ва ўсю праўду”. Яго місія — не дадаць нешта да таго, што не было сказана ў Адкрыцці Хрыста.
   Гэта адцінае карані ўсялякай цягі да прыватных аб’яўленняў, якія так любяць нашыя сучаснікі з-за слабасці веры. Роля Духа Святога — не прынесці свету новае аб’яўленне.
   Гэтая перасцярога каталіцкай традыцыі не прадугледжвае адмаўленне прыватных аб’яўленняў і іх дабротаў, але разглядае іх у святле дактрыны. Гэта дзеля таго, каб падкрэсліць, наколькі Дух Святы з’яўляецца прадаўжальнікам Хрыста і, калі можна так сказаць, Яго выканаўцам.

  3. Маці Божая, што прымае ў нас Хрыста

   Мы дадаем з поўнай упэўненасцю: хто хоча жыць Хрыстом, павінен адкрыцца на Марыю.
   Гэтая Марыйная пабожнасць мае сваё завяршэнне ў Езусе, як рака ўпадае ў мора. Адзіная і сталая думка пра Марыю змешчана ў гэтыя словы, сказаныя слугам у Кане: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”. Яна не мае іншага паслання. У кожным Яе аб’яўленні на працягу гісторыі мы чуем у той ці іншай форме адгалосак гэтых словаў, што адкрываць нам усю Яе душу. Марыя не проста хрыстацэнтрычная. Яна — першая хрысціянка.
   Святыя не былі такімі сціплымі, як мы, і яны  ўсхвалялі гэтае злучэнне душаў Маці і Сына: “Езу, Сэрца Марыі, змілуйся над намі”, — гэтае ўскліканне вельмі блізкае святому Яну Эду, які не лічыў яго дзёрзкім. Лепш за святога Паўла і іншых святых Марыя можа сведчыць: “Ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстос”. Паміж імі ўсталяваўся невыказны абмен, нешта кшталту духовага пералівання.
   Усё Яе пасярэдніцтва імкнецца да таго, каб зрабіць з нас другога Хрыста, укшталтаваць у нас, рыса за рысай, вобраз Езуса. Усёй сваёй істотай Яна “Маці Езуса”, Яе мацярынства дзейнічае ў нас.
   Павел VI на закрыццё Сабору, па абвяшчэнні Марыі Маці Касцёла, а значыць, усяго Божага люду, як простых вернікаў, так і пастыраў, моцна падкрэсліў, як Марыя дапамагае нам апрануцца ў Хрыста.
   “У сваім зямным жыцці, — казаў ён, — Марыя здзейсніла дасканалы вобраз вучня Хрыста: люстра ўсіх цнотаў, Яна ўвасобіла блаславенствы, абвешчаныя Хрыстом. Таксама і Касцёл… дасягае ў Ёй найбольш аўтэнтычнай формы наследавання Хрыста… (Яна) ўзор веры і поўнага адказу на кожны заклік Бога, узор поўнага прыпадабнення навучанню Хрыста і Яго любові… Як заклікаў ужо вялікі святы Амброзі: “Няхай кожны мае сэрца Марыі, каб узвялічваць Бога, няхай кожны мае духа Марыі, каб праслаўляць Бога”.[1] 









[1].Працытавана Рэнэ Ларантэнам у кнізе “Дзева на Саборы”//Lethielleux, Paris, 1965. С. 48.