Валадарка беларускага народу: Жыровіцкая Божая Маці

Абраз Маці Божай Жыровіцкай стаў адной з найбольшых хрысціянскіх святыняў беларускага народу, якую ўшаноўваюць як праваслаўныя, так і каталікі візантыйскага і лацінскага абраду. Маці Божая па-сапраўднаму глыбока яднае ўсіх нас у пашане Ісуса Хрыста. Вось жа таму для нашага беларускага народу абраз Маці Божай Жыровіцкай – гэта сапраўдны сымбаль экуменізму.

Здаўна славіцца сваімі шматлікімі ласкамі цудатворны абраз Маці Божай у Жыровіцах. Вось ужо больш за пяць стагоддзяў мноства вернікаў з самых розных куткоў нашай краіны — з-пад Слоніму і Горадні, з Берасьця і Пінску, з Менску, Віцебску ды Гомеля, а нават і з Польшчы, Украіны, Расеі імкнуцца ў гэтае маленькае мястэчка ў самым сэрцы Беларусі, каб прасіць заступніцтва ў нашай нябеснай Апякункі Найсьвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі ды ўзьнесьці малітвы падзякі за атрыманыя ласкі і дабрадзействы.

Жыровіцкі абраз уяўляе сабой авал з яшмы, на адным баку якога – рэльефная выява Багародзіцы тыпу Замілаваньня з Дзіцяткам Ісусам на правай руцэ. Паводле выдадзенай у часы Уніі «Гісторыі...» Ф.Баравіка (Вільня, 1622; 1628), гэтую сьвятыню знайшлі ў лясным гушчары на квітнеючай грушы-дзічцы ў другой палове XV стагоддзя, калі ўладальнікам Жыровіцаў быў падскарбій Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Солтан, ягоныя пастушкі. У пачатку XVIII стагоддзя І. Нардзі акрэсьліў больш дакладны час, калі быў знойдзены абраз Маці Божай – 1470 г., і сёння ад гэтай даты звычайна і выводзяць гісторыю цудатврорнага абраза. Праўда, праваслаўны царкоўны гісторык П. Жуковіч лічыў больш верагодным часам знаходкі абраза 1493-1495 гг.

Паданьне гаворыць, што спачатку Аляксандр Солтан, якому прынесьлі пастушкі сваю знаходку, меў намер захоўваць маленькі абразок з выявай Божай Маці ў куфэрку, аднак ён адтуль дзіўным чынам прапаў, калі падскарбій захацеў паказаць яго сваім гасьцям. Абразок зноў знайшлі па промнях сьвятла на той самай грушцы. Пабачыўшы ў гэтым здарэньні пэўны знак Нябеснай Уладаркі, Солтан вырашае пабудаваць драўляны храм Божы ў гонар Найсьвятой Багародзіцы на тым самым месцы, дзе сярод лясных дрэваў упершыню зазьзяў промнямі на грушцы абраз Божай Маці. Сам каменны абраз упрыгожваецца срэбрам і выстаўляецца для агульнага ўслаўленьня.

Мала, аднак, хто ведае, што менавіта ў тыя часы (калі яшчэ жыла памяць пра Фларэнцкую Унію, і калі беларуска-ўкраінская частка Кіеўскай мітраполіі канчаткова адасобілася ад маскоўскай) некаторыя праваслаўныя ярархі Вялікага Княства Літоўскага і шэраг радавітых баяраў думалі пра тое, каб паяднаць разьяднаных хрысьціянаў Усходняй і Заходняй Царквы, бо бачылі, якую шкоду дзяржаве і Царкве Хрыстовай прыносіць узаемная варожасць вызнаўцаў розных традыцыяў. Былі сярод тых шчырых хрысьціянаў і два браты Солтаны – Іван (Івашка) і Аляксандр, якія ў 1471 годзе нават прынялі унію. У 1476 годзе, калі з Масквы праз ВКЛ вяртаўся апостальскі нунцый папы Сікста ІV, яны разам з іншымі баярамі і духоўнымі асобамі падпісалі ліст, у якім прапаноўвалі Рыму ідэю царкоўнай уніі ў іх дзяржаве. Брат літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана Івашка быў тады ў складзе пасольства ў Рыме, якое даставіла Рымскаму папе гэты ліст, датаваны 14 сакавіка 1476 году.

Мінула паўстагоддзя, і каля 1560 году здараецца бяда — агонь нішчыць царкву. Адшукаўся маленькі абразок ізноў праз цуд. Дзеці, што гуляліся непадалёку ад пажарышча, раптам заўважылі пад гарой на камені сьвечку, якая гарэла, а ля яе — незвычайнае прыгажосьці жанчыну, якая малілася. Уражаныя, яны пабеглі да настаўніка-сьвятара. На ўказаным дзецьмі месцы ён знайшоў згублены абраз Усячыстай Дзевы Марыі, а на камені, дзе гарэла сьвечка,— сьлед нагі Багародзіцы. З вялікай пашанаю жыхары мястэчка перанесьлі ў хату сьвятара цудоўна адшуканы абраз, дзе ён захоўваўся да часу, пакуль не была адноўлена царква.

Ва ўсім гэтым паданні пра зьяўленне Маці Божай у Жыровіцах яўна адчуваецца трагічная гісторыя нашай Беларусі, гарады і вёскі якой ня раз у тыя часы палалі ў агні пажарышчаў пасьля нападаў крымскіх татараў з поўдня і маскоўцаў з усходу, а часам бывалі яшчэ ў і ўнутраныя сутычкі ды ўзброеныя змаганьні. Ня так хутка і далёка ня ўсе паселішчы маглі аднавіцца пасьля такіх спусташэнняў. Не забудзьма й пра наступ ідэяў кальвінізму ў першай палове ХVІ ст., якімі захапіліся многія багатыя роды ВКЛ, вынікам чаго стала замена праваслаўных сьвятыняў на кальвінскія зборы, адкулль выкідаліся ўсе абразы. (Напэўна, таму і ня варта дзівіцца, што так мала ў нас сёньня захавалася іконаў, напісаных да ХVІ ст.) А спакутаваная душа прагнула ачышчэньня, чакала міру і злагоды, і тады на дапамогу прыходзіла Божая Маці. Менавіта Яна, Нябесная Маці, стала той “апорай хрысьціянаў”, “нашых ворагаў прагнала”, “беззаконных пакарала” – як вось ужо шмат стагоддзяў сьпяваецца ў песьні ў гонар Маці Божай Жыровіцкай.

З 1587 году ў Жыровіцах засноўваецца манаская абіцель. Але сапраўды росквіт Жыровіцаў і шырокі культ Жыровіцкага абраза Маці Божай прыпадае на часы Уніі, калі сюды прыйшлі манахі-базыльяне. Слава цудоўнага абраза Маці Божай пачала прыцягваць у мястэчка шматлікіх вернікаў.

Уладальнік Жыровіцаў смаленскі кашталян Ян Мялешка і Даніла Солтан запрасілі сюды ў 1613 годзе манахаў-базыльянаў, зрабілі вялікую фундацыю для манастыра. Першым ігуменам манастыра стаў Язафат Кунцэвіч, пазьнейшы архібіскуп Полацкі — мучанік і сьвяты. Менавіта пры Язафаце Кунцэвічы на месцы першага зьяўленьня абраза пачаў узводзіцца новы велічны мураваны храм для цудатворнага абраза Маці Божай, які быў названы ў гонар Усьпеньня Багародзіцы. Сьвяты Язафат і ягоныя наступнікі сьвядома імкнуліся стварыць у Жыровіцах моцны цэнтр Уніі, каб тут, пад апекай Маці Божай, умацоўваць еднасьць хрысьціянаў у нашым Краі. Адданая і пабожная праца айцоў-базыльянаў знаходзіла водгук як у простага люду, так і ў шляхты ды магнатаў. Ня раз ля Жыровіцкага абраза Божай Маці маліліся канцлер ВКЛ Леў Сапега, які падараваў манастыру шмат зямлі, карчму і звон для царквы; узносілі свае малітвы і атрымлівалі ацаленьні магнаты з роду Астрожскіх, Агінскіх, Войнаў Палубінскіх, Радзівілаў, Сангушак, Сапегаў, Солтанаў, Сьлізьняў, Хадкевічаў і іншыя. Слава маленькага цудатворнага абразка з Жыровіцаў дайшла і да Варшавы да самога караля. 9 сьнежня 1644 году ў Жыровіцкай сьвятыні два дні быў на ўрачыстых набажэнствах кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV з каралеваю. Дзеля праслаўленьня Багародзіцы 21 чэрвеня 1652 году кароль Ян Казімімр надаў Жыровіцам — яшчэ зусім нядаўна ціхаму мястэчку на ўскрайку пушчы — Магдэбургскае права.

Жахлівая па колькасці разбурэнняў і чалавечых ахвяраў вайна з Масковіяй не абмінула і Жыровіцы. У 1655 годзе 20-тысячнае казацкае войска на чале з Залатарэнкам спаліла Жыровіцы, зьнішчыла амаль усіх жыхароў. Асабліва жорстка захопнікі расправіліся з манахамі базыльянамі, частка якіх была закатавана, іншыя ж уратаваліся ўцёкамі. Сьвятыня Маці Божай была абрабавана і моцна разбурана. Некаторы час сьвятыняй апекаваліся слонімскія бернардынц, бо ў час вайны з Масковіяй, перасьледвання непрыяцелем, Уніяцкая Царква была так зьнішчаная, што многія думлаі – яна ўжо не адродзіцца. 28 чэрвеня 1660 году непадалёку ад Жыровіцаў, пад Палонкай (сёньня Баранавіцкі р-н), адбылася вырашальная бітва з маскоўскімі захопнікамі. Цудоўная перамога ў гэтай бітве нашых продкаў пад кіраўніцтвам Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага над больш колькасным праціўнікам адбылася, як тады ўсе аднадушна лічылі, выключна дзякуючы заступніцтву і апецы Маці Божай Жыровіцкай. Перамога гэтая зьмяніла ўвесь ход вайны. З гэтага часу зноў пачалі адбудоўваць сьвятыню айцы базыльяне.

19 траўня 1667 году ў Варшаве кароль Ян Казімір выдаў Жыровіцкаму манастыру прывілей, у якім ён дзякуе Ўсемагутнаму: “за Яго сьвяты Провід, за падараваны нам ласкі поўны Абраз Найсьвяцейшай Божай Маці ў Жыровіцах як месцу памілаваньня і апекі”. У прывілеі кароль адзначае: “Мы павінны вечна шанаваць гэты Абраз Божае Маці, бо праз Яе заўсёды атрымліваем блаславеньне і посьпех дзяржаве, асягаюцца добрыя вынікі, дзеля чаго ён, кароль, абвяшчае вынятковую сваю ўвагу усім, хто служыць і моліцца і хто шануе ды славіць гэты абраз Божае Маці”. Вось за маліліся ў Жыровіцах, прасілі заступніцтва Маці Божай і дзякавалі Ёй пазьней і іншыя каралі: Ян ІІІ Сабескі – перад бітвай пад Венай (1683), другі раз, разам з каралевічам Якубам – у 1688; Аўгуст ІІ Стас, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Архітэктурны ансамбль Жыровіцкага манастыра склаўся ў ХVІІ-ХVІІІ стст. Асаблівымі апекунамі і фундатарамі манастыра сталі прадстаўнікі роду Сапегаў. Да пачатку 1680-ых гадоў было скончана аднаўленьне галоўнай сьвятыні манастыра – Усьпенскага храму, дзе знаходзіцца цудатворная ікона і крынічка з гаючай вадой. Адначасова пачалося ўзьвядзеньне Зьяўленскай царквы, якая пабудавана на месцы каменя, дзе другі раз зьявіўся цудатворны абраз Маці Божай пасьля пажару. Паводле некаторых звестак, яна была ўзьведзена ў 1672 годзе, аднак іншыя крыніцы падаюць 1769 год. У 1769 г. было закончана будаўніцтва трэцяй манастырскай царквы ў гонар Узвышэньня Сьвятога Крыжа – храма Кальварыі, дзе на столі і сьценах царквы паказаны сцэны з гісторыі мучаніцтва, сьмерці на крыжы і пахаваньня Збаўцы. Асаблівасьці архітэктуры гэтага храму мелі сымбалізаваць для вернікаў паломніцтва ў Ерусалім, на Галготу. Ад уваходных дзьвярэй аж да сярэдзіны царквы пабудаваныя дробныя сходы, на кожнай прыступцы якіх у асобных алтарыках знаходзіліся мошчы сьвятых, закрытыя шклом. Зьнятыя пазьней, пасьля скасаваньня Уніі, яны былі схаваныя ў галоўным алтары. Калісьці гэты шлях малельнікі праходзілі на каленях. Паваслаўнымі гэта царква рэдка выкарыстоўвалася. А ў міжваенны час яна была нават перададзена католікам.

Ёсьць яшчэ чацьвёрты храм – драўляная царква сьв. Юрыя на могілках. У ёй знаходзяцца астанкі царкоўнага пісьменьніка а. Плакіда Янкоўскага.

У адным з бакавых скляпеньняў Усьпенскай царквы і сёньня знаходзіцца труна з нятленным целам вялебнага Якіма (Цеханавецкага), уніяцкага біскупа Пінскага і Тураўскага, які адзначаўся суровым рэгулямінам жыцьця і памёр у сьвятасьці ў Пінску 4 красавіка 1719 году. Паводле жаданьня Ўладыкі, пасьля сьмерці цела яго было перанесена з Пінску ў Жыровіцы і пахавана ў агульным брацкім склепе. Праз нейкі час, як кажа мясцовае паданьне, ён зьявіўся ў сьне аднаму з старцаў манастыра, а потым таксама ігумену ды братам-манахам. Было вырашана адчыніць труну, і, на вялікая зьдзіўленьне прыстуных, цела аказалася нятленным. Гэты факт у вачах праваслаўнага люду – асаблівае сьведчанне сьвятасці спачылага тут біскупа-базыльяніна, хоць многія нават і ня ведалі, што ён быў уніятам. Вядома, што ў перыяд пасьля скасаваньня Уніі і да ІІ Сусьветнай вайны праваслаўныя зьверхнікі манастыра з пашанай ставіліся да яго і двойчы на год – 4 красавіка і 9 верасьня – сьпецыяльна адпраўлялі набажэнствы за супакой душы багалюбнага біскупа Якіма. (На жаль, невядома, ці захавалася такая практыка цяпер.) Такім чынам гэты сьвяты Ўладыка стаў нязвыклым зьвяном, якое ядане ў манастыры сучаснае праваслаўе з яго ўніяцкім мінулым і, напэўна, гэта можна назваць яшчэ цудам, учыненым Маці Божай Жыровіцкай.

Вялікая слава Жыровіцкага абраза дайшла нават да Рыму. Калі ў жніўні 1718 году ў царкве сьв. Сяргея і Вакха, якую Папа Рымскі аддаў айцам базыльянам нашай Літоўскай правінцыі, падчас рамонту пад тынкам у адной з сьценаў будынку выпадкова выявілі абраз Маці Божай, яны не сумняваліся – да іх зьявілася такім цудоўным чынам Маці Божая Жыровіцкая. Абраз у рымскай царкве айцоў базыльянаў зьяўляецца копіяй выявы на камені ў Жыровіцах. Гэтая ікона ў Рыме, вядомая сярод мясцовага люду як Madonna del Pascolo, таксама стала вельмі шанаванай, бо дзякуючы заступніцтву Маці Божай атрымалі цудоўныя ацаленьні многія італійскія вернікі.

19 верасьня 1730 году цудатворны абраз Маці Божай у Жыровіцах быў каранаваны залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жырові
цкая з блаславеньня Папы Рымскага Клімента XII, які асабліва шмат клапаціўся пра Ўсходнюю Царкву, была ўрачыста абвешчана Каралевай беларускага народу. Каранаваць абраз меў намер 8 верасьня 1728 году яшчэ мітрапаліт Леў Кішка, аднак тагачасная сітуацыя ў краіне не спрыяла гэтаму, і каранаваньне адклалі; зьдзейсьніў яе ўжо наступнік гэтага мітрапаліта.

Багата аздобленыя каштоўнымі каменямі залатыя кароны, выкананыя ў Рыме, ахвяравала для абраза княгіня Ганна Радзівіл з роду Сангушкаў, а з Рыму іх даставіў яе сын Геранім Радзівіл. Вось жа 19 верасьня 1730 году (8 верасьня па старым стылі, у сьвята Нараджэньня Багародзіцы) уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі Апанас Шаптыцкі ў прысутнасьці пасланьніка Папы, двух біскупаў (Тэафіла Гадэбскага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасьцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), духавенства абодвух абрадаў і дзясяткаў тысячаў вернікаў зьдзейсьніў урачысты акт каранацыі слыннага ласкамі абраза Маці Божай у Жыровіцах. Падчас урачыстасьці працэсія прайшла праз шэсьць трыюмфальных брамаў, пабудаваных на шляху з Слоніма ў Жыровіцы. На працягу тыдня ля цудатворнага абраза не спыняліся набажэнствы, каля 140 тысячаў вернікаў абодвух абрадаў прыйшлі за гэты час спавядацца і прычашчацца Сьвятымі Тайнамі. У гэты ж час былі нават занатаваны сем цудоўных здарэньняў. У памяць пра гэтую вялікую ўрачыстасьць у Жыровіцах былі адліты памятныя медалі.

Жыровіцкі абраз двойчы пакідаў сьцены манастыра. Першы раз гэта здарылася ў 1660 годзе, у час «Патопу» — вайны з Масковіяй, калі абраз, каб уратаваць ад чужынскіх захопнікаў, манахі вымушаны былі вывезьці ў манастыр базыльянаў у Быцені. Другі раз — у 1915 годзе, калі пачалася сусьветная вайна. Яго вывезьлі ў Маскву, а адтуль Жыровіцкі абраз вярнуўся ўжо бяз большасьці аздобаў.

Галоўная святыня беларускага народу – абраз Маці Божай Жыровіцкай на камені – сёньня належыць праваслаўным. Аднак у Жыровіцкі праваслаўны манастыр памаліцца да Маці Божай часта прыязджаюць і грэка-каталікі. У часы Уніі сярод усіх абразоў Маці Божай, якія былі ва ўніяцкіх сьвятынях Беларусі, найбольш пашыраныя былі якраз копіі з Жыровіцкай іконы.
Сёньня варта асабліва адзначыць сярод розных копіяў Жыровіцкага абраза дзьве цудатворныя іконы, якія належаць католікам. Адна з гэтых сьвятыняў дагэтуль знаходзіцца ў Рыме ў царкве Madonna del Pascolo (сьв. Сяргея і Вакха айцоў-базыльянаў), якой цяпер карыстаюцца ўкраінскія грэка-католікі. Час ад часу ў гэтым храме ля цудатворнай іконы Маці Божай Жыровіцкай моляцца і беларускія грэка-католікі. Цікавая гісторыя й лёс другой цудатворнай копіі. Сёньня яна знаходзіцца ў рыма-каталіцкім касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме. Аднак мала хто ведае, што і гэтая ікона мае грэка-каталіцкае мінулае...

Гэты абраз Маці Божай Жыровіцкай даволі вялікі, намаляваны на палатне, і зьяўляецца копіяй як раз таго, што ў Рыме, у царкве базыльянаў. У 1738 годзе нашыя базыльяне, што жылі ў Вечным горадзе, вырашылі падараваць на Бацькаўшчыну базыльянам у Жыровіцы копію свайго цудатворнага абраза Madonna del Pascolo. Падобна, што іх замову выконваў нейкі італійскі іканапісец, бо ў надпісу на царкоўна-славянскай мове вакол выявы Маці Божай з Дзіцяткам Езусам з прычына няведаньня гэтае мовы ён дапусьціў пэўныя недакладнасьці. Вось жа гэтая копія рымскай цудатворнай іконы Маці Божай Жыровіцкай была першапачаткова зьмешчана айцамі базыльянамі ў царкве сьв. Юрыя на могілках у Жыровіцах, і там яна знаходзілася ўвесь час да скасаваньня Уніі ў 1839 годзе. Пазьней яна належала праваслаўным, ажно да пачатку 1939 году. Менавіта тады праваслаўныя перадалі гэтую рымскую копію рыма-католікам, якія тады валодалі храмам-Кальварыяй – царквой Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў Жыровіцкім манастыры. Цяпер гэты храм зноў належыць праваслаўным, а падараваная базыльянамі рымская копія іконы Маці Божай Жыровіцкай сёньня знаходзіцца над галоўным алтаром фундаванага некалі Сапегамі цудоўнага касьцёла сьвятога апостала Андрэя, якім апякуюцца айцы-капуцыны.

Вось такім дзіўным спосабам Маці Божая Жыровіцкая лучыць наш беларускі народ, вызнаўцаў праваслаўя і каталіцтва, каталікоў візантыйскага і лацінскага абрадаў. І таму ікону Маці Божай Жыровіцкай можам называць яшчэ й Маці Божай Еднасьці.
У 2003 годзе, зьвяртаючыся да каталіцкіх ярархаў Беларусі падчас іх візіту «ad limina Apostolorum», менавіта Яе апецы даручыў Папа Рымскі Ян Павел II Беларусь: «Даручаю ўсіх апецы Найсьвяцейшай Панны Марыі, якая ўшаноўваецца на вашай зямлі пад імем Маці Божай Жыровіцкай. Прашу Яе быць заступніцай вас, вялебныя і любыя Сабраты, і вашых бліжэйшых памочнікаў — сьвятароў, законьнікаў і законьніц, семінарыстаў і сьвецкіх асобаў, якія актыўна займаюцца апостальскай дзейнасьцю, і ўсёй каталіцкай грамады, што жыве ў Беларусі. Няхай на ўсіх і на кожнага прасьцягне Яна разам са сьвятымі Заступнікамі вашай зямлі, сваю матчыну апеку».

Газета “Царква” № 4 (47), сьнежань 2005


Маці Божая Жыровіцкая 
Суцяшальніца ўсіх 3асмучаных

3ьяўленне гэтага абраза на жыровіцкай зямлi папярэдзіў цуд. У 1470 г. пастушкі, якія пасьвілi ў лесе жывелу ўбачылі аднойчы на дзікай грушцы нейкі прадмет, ад якога ва усе бакi разыходзіліся ясныя прамяні. Гата быў маленькi абразок Маці Божай, які зьзяў незвычайным бляскам. Хлопчыкi забралi яго і занесьлi да свайго пана - лiтоўскага падскарбiя Аляксандра Солтана, якi загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную сьвятыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровiчаў вялiкую колькасьць набожнага люду. 

Праз некалькi дзесяткаў гадоў маленькая драўляная каплічка раптам згарэла - на вачах уражаных жыхароў над алтаром абвалiлася столь і абраз зьнік у агнi. Пазьней, каля пагарэлiшча дзеці заўважылі Панну незвычайнай прыгажосьці, акружаную яснымі прамянямi. Калi на гатае месца прыйшлі сьвятары, яны знайшлi на каменi некрануты цудоўны абраз, перад якiм палілася сьвечка. 

У часы Рафармацыі, якая ігнаравала Багародзіцу, культ жыровіцкага абраза амаль не пашыраўся. У 1613 г. тагачасны уладальнiк Жыровічаў, Ян Мялешка пабудаваў тут мураваную сьвятыню і кляштар і запрасіў да працы базыліянаў. Першым прыорам кляштару быў Іязафат Кунцэвіч. Разьмешчаныя на мяжы Літвы, Русі і Кароны, Жыровічы маглі аб'ядноўваць вернiкаў, што услаўлялі Маці Божую, і стваралі адну хрысьціянскую сям'ю. Шматлікiя цудоўныя аздараўленні невылечна хворых і іншыя незвычайныя цуды, якія адбываліся тут, прыцягвалі да сьвятога месца тысячныя натоўпы, таму слава мястэчка пашыралася далёка за межы краіны. Дзякуючы апецы сваёй Заступніцы, Жыровічы не ведалі ніякіх непаразуменняў і ненавісьцi: панавала адзіная вера, якая яднала розныя канфесіі. Падчас урачыстай каранацыі цудоўнага абраза, якая адбылася у 1730 г. і стварыла глыбокі рэлiгійны настрой, сабралася шмат пілігрымаў. Княгіня Ганна Сангушка ахвяравала Маці Божай дзве залатыя кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі. 

У 1839 г. царскiм указам сьвятыня з абразом Мацi Божай Жыровіцкай былі перададзены праваслаўнай Царкве. 

Сьвята Жыровiцкай Божай Мацi сьвяткуецца штогод 7 мая.

Крыніца: http://www.belapc.org