Цуд Св. Дамініка

Прозвішча гэтага гішпанскага святога невядомае ў шырокіх колах; калі б нам пачалі распавядаць пра «св.Гусмана», спачатку б ніхто не ведаў, аб кім гаворка. А гаворка б была пра св.Дамініка – заснавальніка дамініканцаў. Уся касцёльная традыцыя ў адзін голас прызнае яго «стваральнікам» ружанца.

Прыгадайма: з часоў Аляксандра IV (1261 г.) гэта пацвердзілі трыццаць дзевяць папаў, а згадку пра св.Дамініка як першага апостала ружанца, атрыманага ад Найсвяцейшай Дзевы Марыі, знаходзім у двухстах чатырнаццаці заявах, змешчаных у папскіх булах, дэкрэтах і энцыкліках. Напрыклад, Грыгоры XIII пісаў: «Ружанец быў уведзены св.Дамінікам, каб суцішыць Божы гнеў і выпрасіць заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі». А Сыкст V навучаў у 1586 г. у энцыкліцы «Deum Innefabilis», што «Святы Псалтыр, або ружанец, натхнёны Святым Духам, быў, як вядома, абвешчаны св.Дамінікам».

Вялікі тэолаг дамініканец Грэгіналд Гарігу-Лаграгж, настаўнік Яна Паўла ІІ ў рымскім Angelicum, казаў: «Найсвяцейшая Дзева Марыя адкрыла св.Дамініку від малітвы, да таго часу невядомай, якая, як Яна сказала, будзе зброяй, адной з самых дзейсных, у бітве з будучымі аблудамі і цяжкасцямі. Натхнёны Ёю, св.Дамінік пайшоў у населеныя ерэтыкамі вёскі, сабраў натоўп і навучаў аб таямніцах выбаўлення: уцелаўленні, адкупленні, вечным жыцці. Згодна з навучаннем Марыі, ён акрэсліў розніцу паміж асобнымі таямніцамі і пасля кароткага навучання адмаўляў дзесяць «Вітай, Марыя…» Тое, чаго не магло зрабіць слова прапаведніка, дасягала ў сэрцах людзей салодкая малітва. Як і абяцала Марыя, гэта сталася самай плённай формай прапаведвання».

Звернем увагу, што настаўнік Святога Айца закранае два бакі ружанцовай традыцыі. З аднаго боку, св.Дамінік меўся атрымаць аб’яўленне, у якім Марыя перадала яму ружанец. З другой – св.Дамінік меўся стацца прыладай першага ружанцовага цуду. Пры звароце да крыніц хутка высвятляецца, што мы не можам разглядаць гэтых тэмаў паасобку, паколькі гэты цуд адбыўся як вынік аб’яўлення ружанца. І… паслухмянасці, якую Дамінік адразу ж выказаў Найсвяцейшай Маці.

Разгорнем вялікую кнігу Божай гісторыі.

1203 год. Трыццацігадовы Дамінік вырушае на евангелічную місію ў Паўднёвую Францыю, дзе шырыцца ерась альбігойцаў.

Ерась як быццам сучасная

Калі чытаеш пра гэтую ерась, складаецца ўражанне, што, памыліўшыся, перагарнуў зашмат старонак і чытаеш пра падзеі нашага часу. Але не: катары, або, па-іншаму, альбігойцы, жылі ў ХІІ ст. Іх ерась была вельмі двудушная, паколькі абвяшчала ачышчэнне звычаяў і рэформу Касцёла, прыцягваючы да сябе людзей палымяных і бескампрамісных. Але ж, як паведамляюць старыя дакументы, «вырывала з касцёльнай глебы аднолькава як зямныя, так і нябесныя расліны: тое, што сапраўды вымагала ачышчэння, і тое, што было нязменным і боскім скарбам Касцёла». Апроч таго, катары былі майстрамі прапаганды – учынялі з праступкаў клеру публічныя скандалы, выкарыстоўваючы ў сваіх мэтах.

Гэтак сама робяць і сённяшнія ерэтыкі-рэфарматары Касцёла, ствараючы ў медыях шуміху вакол грахоў духоўных асобаў.

Пад заклікам альбігойцаў да ачышчэння Касцёла хавалася вучэнне, што цалкам пярэчыла хрысціянству. Але затое адпавядала чалавечаму разуменню свету! Ерэтыкі навучалі, што гэта не Бог, а д’ябал стварыў бачны свет, і таму ў ім столькі пакутаў і граху. (Дагэтуль самым важкім аргументам супраць існавання Бога з’яўляецца сам факт існавання зла, і людзі з ахвотай прыслухоўваюцца да вучэнняў, здольных проста разабрацца з гэтай праблемай.) Альбігойцы абвяшчалі вучэнне, заснаванае на раннехрысціянскай ерасі маніхейства аб існаванні двух найвышэйшых істотаў: Дабра і Зла; першая кіруе справамі духа, а другая – матэрыяй. Як вынік – адмаўлялі ўсё звязанае з матэрыяй: ежу, пітво, размнажэнне, валоданне зямнымі дабротамі. Яны абвяшчалі скрайнюю аскезу і нават заахвочвалі да канчатковага акту адмаўлення матэрыі, якім было для іх самагубства (і пазбаўленне жыцця самых блізкіх, нават малых дзяцей). Свет, які яны хацелі стварыць, меў усе рысы «цывілізацыі смерці», якой сёння з такой моцай супрацьстаіць Папа і якая аказваецца такой стойкай да любых дзеянняў і любой аргументацыі.

Моц ілжывага вучэння

Ерась альбігойцаў аказалася цяжка перамагчы. Безвынікова ваявалі з ёй пасланыя ў паўднёвую Францыю цыстэрцыянцы, асмяяныя за іх атлусцеласць і неаскетычнасць. Няўдачай скончылася нават місія св.Бэрнарда з Клерво. Навярнуць ерэтыкоў стала цяжэй яшчэ й таму, што ў хуткім часе дуалізм, які яны вызнавалі, стаўся грамадскім і палітычным рухам, выклікаючы хваляванні і крывавыя паўстанні. Не перамог яго нават крыжовы паход, скліканы каталіцкім Касцёлам у 1181 г. Марнай была місія папскіх легатаў і прапаведнікаў у 1206 г. Калі пасланцы папы сустрэліся з св.Дамінікам, ён патлумачыў, што ерэтыкоў можна перамагчы толькі адной зброяй – аскезай, большай за іх уласную. Хутка высветлілася, што ён таксама не меў рацыі.

Шмат гадоў Дамінік дзейнічаў палымяна, але цалкам бясплённа. Марнымі здаваліся палымяныя прамовы, спробы гутарыць індывідуальна, няспынныя вандроўкі па краіне, ахопленай сярэднявечнай «цывілізацыяй смерці». Святы Дамінік перамагаў альбігойцаў яшчэ больш суровым ладам жыцця і пагардай да цела: «Як выбіваючы клін клінам, пасціў… на хлебе і халоднай вадзе, чуваў начамі». Ерэтыкі захапляліся Дамінікам, але стаялі на сваім.

Марыйны аргумент

Але ж было нешта, што прыцягнула ўвагу альбігойцаў, чаго яны не маглі ані абсмяяць, ані выкарыстаць у свой бок. Цяпер Дамінік дапаўняў сваю дзейнасць няспыннай малітвай да Божай Маці. Крочачы шляхамі Еўропы, ён гучна спяваў у гонар Марыі «Ave Maris Stella» («Вітай, Зорка мора»). Ён маліўся да Міласэрнай Маці і да такой ступені зрабіў Яе святасць цэнтрам сваёй прапаведніцкай дзейнасці, што ў шматлікіх дакументах яго называлі «слугой Бога і Найсвяцейшай Дзевы Марыі».

Менавіта ў гэтым ключ да яго будучага поспеху… Цяпер жа справа Дамініка здавалася марнай. Марнай настолькі, што святы прызнаў, што няма сэнсу ў апостальстве ўзорным забіваннем плоці і казаннямі, якіх ніхто не слухае. Засталося адно: цалкам прысвяціць сябе форме апостальства, якую нельга было аспрэчыць. Аддацца малітве Найсвяцейшай Дзеве Марыі. Так ён і зрабіў. І тады неба нарэшце адказала.

Легенда, а можа, факт

Св.Людовік да Манфор шмат разоў распавядаў пра гэты цуд. Няхай нас не бянтэжыць мова легенды, якой ён карыстаецца ў сваёй лекцыі; мы не ведаем, колькі апісаных ім надзвычайных з’яваў мела гістарычны характар, а колькі дыдактычны. Аўтар Трактату піша:  «Св. Дамінік, бачучы, што цяжар грахоў робіць немагчымым навяртанне альбігойцаў, сышоў у лясы пад Тулузай, дзе бесперапынна маліўся тры дні і тры начы… Тады яму з’явілася Найсвяцейшая Дзева Марыя з трыма анёламі і сказала: «Дарагі Дамінік, ведаеш, якую зброю хоча выкарыстаць Блаславёная Тройца, каб змяніць гэты свет?.. Хачу, каб ты ведаў, што ў гэтай вайне таранам заўсёды будзе Анельскі Псалтыр, які з’яўляецца кутнім каменем Новага Запавету. Калі ж ты хочаш захапіць гэтыя скамянелыя душы і здабыць іх для Бога, абвяшчай мой Псалтыр». Св.Дамінік устаў суцешаны і, палымнеючы прагай навяртання навакольных людзей, рушыў проста да катэдры». 

Цяпер пра цудоўныя з’явы, якім мы можам, але не мусім даць веры.

«Адразу ж нябачныя анёлы зазванілі ў званы, каб сабраць людзей на казанне св.Дамініка. У самым пачатку казання ўзнялася жахлівая бура, зямля задрыжала, сонца перастала свяціць, а гром і маланкі былі такія, што ўсіх ахапіў пярэпалах. Яшчэ большая трывога агарнула іх, калі зірнулі на абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі, змешчаны ў алтары, і ўбачылі, што Марыя тры разы ўзняла рукі да неба, каб заклікаць Божую помсту, калі яны не навернуцца, каб выправіць сваё жыццё і шукаць апекі Святой Багародзіцы.

Праз гэтыя звышнатуральныя з’явы Бог хацеў распаўсюдзіць новае набажэнства святога ружанца і зрабіць яго шырокавядомым. Нарэшце ў адказ на малітву св.Дамініка бура сціхла, і ён пачаў навучаць».

Вернемся да гістарычнага тэксту. Св.Людовік сканчае сваю аповесць наступнымі словамі: «Ён так горача і пераканаўча тлумачыў значэнне і вартасць святога ружанца, што амаль усе жыхары Тулузы прынялі яго і адмовіліся ад ілжывых вераванняў. Хутка ў горадзе заўважылася шмат зменаў да лепшага. Людзі пачалі весці хрысціянскае жыццё і пакінулі свае былыя кепскія звычаі».
Вядома, што з таго часу св.Дамінік прысвячаў свае казанні тлумачэнню асобных праўдаў веры (змешчаных у форме ружанцовых таямніцаў) і тлумачыў слухачам, як трэба маліцца (прамаўляць ружанцовыя малітвы). У хуткім часе ён меўся навярнуць усю паўднёвую Францыю, адступнікі меліся з радасцю вярнуцца ва ўлонне Касцёла, і ад альбігойцаў не засталося і следу. Кажуць, што праз св.Дамініка сама Маці Божая Ружанцовая патушыла агонь ерасі дажджом ласкі і вярнула свой народ у яснае сонца Божага стварэння, каб славіў Жыццё, выхваляў Існаванне і бласлаўляў свайго Творцу.

Спосаб просты і дзейсны

Калі кагосьці здзіўляе цудоўная дзейснасць марыйнай катэхезы св.Дамініка, няхай згадае, што адбылося 10 снежня 1836 г. ў парыжскім касцёле Маці Божай Пераможнай. Больш за дзесяць гадоў гэты храм пуставаў, на імшы і набажэнствы, якія служыў палымяны пробашч, прыходзіла ад сілы пару сталых жанчын. Калі кс.а.Караль Дэгенэт пачуў у атрыманай з неба з’яве, што мае прысвяціць парафію Беззаганнаму Сэрцу Марыі, то падчас нядзельнай літургіі абвясціў, што ўвечары адслужыць марыйныя нешпары, пасля чаго дасць інфармацыю аб дзейнасці Брацтва Божай Маці. І на вечаровай сустрэчы храм быў перапоўнены! Гэта быў пачатак росквіту касцёла Notre Dame de Victoires, які праз некалькі гадоў ужо прымаў пілігрымаў амаль з усяго свету.

Так і св.Дамінік звярнуўся да таго, што найглыбей схаванае ў людзях і наймілейшае Богу: да матчынай прысутнасці Марыі. І да ружанца – прылады, абранай небам, каб уратаваць свет.
Можа, і мы мусім з яго дапамогай супрацьстаяць сучаснай «цывілізацыі смерці»?