Ёга. Усходнія віды спорту

Ёга – гэта небяспечна!
     Айцец Манжакал

 Ёга вельмі моцна закаранёная ў філасофію і рэлігійны свет якія галоўным чынам супярэчаць Хрысціянскай веры. Яе мэта – дайсці да стану змены свядомасці, які вядзе да духоўнага “прасвятлення”. Магчыма патэнцыйная небяспека для хрысціян, якія практыкуюць ёгу, найлепш адлюстравана ў шчырым прызнанні Фюрштейна і Бодыяна: “Відавочна, што шматлікія аспекты ёгі маюць індуістычны густ, напрыклад, mantra sanskrit (святыя гукі), якія практыкуючыя ёгу могуць паўтараць у голас і пра сябе, а таксама ідэі пра маральнае пакаранне (Карму) і рэінкарнацыю… Людзі розных рэлігій і духоўных перакананняў, як і вальнадумцы агностыкі, могуць практыкаваць ёгу з вялікім поспехам. Аднак, з бегам часу, гэта вядзе да практыкавання розных відаў ёгі, якія прымушаюць практыкуючых падзяляць або прымаць тэорыю, якую дае традыцыя ёгі (павялічаная эмфаза). Разумееш? А я думаў, што ёга гэта толькі фізічныя практыкаванні…”

 Бяспечная ёга?
Др. Джон Анкерберг
 Калі людзі захаду карыстаюцца тэхнікай ёгі, каб паправіць сваё здароўе, яны павінны памятаць, што такім чынам яны могуць мець тонкія ўнутраныя змены, якія справакуюць паважныя наступствы ў духоўным плане. Якім бы не было цячэнне або рэлігійная традыцыя, з якой яна выйшла, ёга, ў сваёй практыцы, імкнецца да таго, каб змяніць свядомасць асобы акультным шляхам.

Ёга можа нарадзіць вельмі паважную акультную змену, нават, калі яе проста прыктыкуюць. “Можна выклікаць змены асобы праз хатха ёгу, змяняючы цела такім чынам, што гэта будзе змяняць дух”[1]. Спынімся на выпадку Крыстыны Гроф, якая да таго, як пачаць займацца ёгай, была звычайнай хатняй гаспадыняй са звычайнымі планамі на сваё жыццё. Яна пачала практыкаваць ёгу без найменшага падазрэння, знаходзячы ў ёй практыку, якая можа ёй дапамагчы падчас цяжарнасці. Ці не кажуць нам паўсюль, што “падчас цяжарнасці, практыкаванні ёгі вельмі спрыяльныя і дапамогуць вам застацца гібкай і паменшыць напружанасць”[2].

Крыстына знайшла нашмат больш. Дзякуючы хатха ёзе яна ператварылася са звычайнай хатняй гаспадыні ў лідэра Нью Эйдж. Адзіная рэч, якую яна павінна была рабіць, гэта “запісацца на курсы хатха ёгі, каб выконваць практыкаванні”, і лагічны працяг меў месца…

“Падчас нараджэння майго першага дзіцяці, да якога я падрыхтавалася з дапамогай дыхальнай методыкі Ламаз (яна вельмі падобная да пранайяма ёгі), вельмі вялікая духоўная моц улілася ў мяне. Канешне, я не разумела, што гэта было, і, як толькі дзіця нарадзілася, мне ўвялі морфій, каб яе спыніць… Тое ж самае было і ў момант нараджэння майго другога дзіцяці. Гэта прывяло да таго, што я пачала рабіць усё, каб гэты досвет паўтараўся зноў і зноў. Тады я цалкам пагрузілася ў ёгу, не разумеючы, што гэта была толькі духоўная прылада. Мая сустрэча са Свамі Муктананда была сапраўды рашаючай і развязала ўсё тое, што было далей. Гэта быў каталізатар, каб абудзіць усё тое, чаму я супраціўлялася раней, а дакладна кундаліні (паўсюдная жыцядайная моц).”[3]

Менавіта такім чынам серыя практыкаванняў ёгі, якія яна рабіла вельмі нявінна, прывялі яе да розных псіхічных станаў, якія, наслойваючыся адно на адно, вельмі радыкальна змянілі яе жыццё. Яна стала вучаніцай індыйскага гуру Муктананды, потым, як мы ўжо сказалі, лідэрам у руху Нью Эйдж, дзе ёй даручылі вельмі спецыяльную місію: прыходзіць на дапамогу людзям, якія знаходзіліся ў “духоўнай патрэбе” пасля практыкаванняў, каб яны маглі “належным чынам інтэрпрэтаваць” і з поспехам уводзіць гэтыя “боскія” досведы” ў сваё жыццё. [4]

Аднак, у той момант, калі класічныя сімптомы кундаліні праявіліся ў яе жыцці, дыягназ ужо не быў добрым. Крыстына Гроф сама была ў вельмі моцнай духоўнай патрэбе і ўсё больш і больш перакананая, што яна становіцца звар’яванай. “Я была перакананая, што іду прама ў кірунку псіхапатычнага жыцця. Я баялася згубіць розум”. [5] Аднак, святло і парады акультнай філасофіі дазволілі ёй паставіць рэчы на сваё “сапраўднае” месца. Яна зруйнавала сваё сужэнскае жыццё, “тое, што павінна было адбыцца ў любым выпадку”. Ёй параілі ўзяць ЛСД і пайсці да Стана Грофа, спецыяліста па справах стану свядомасці, каб ён мог яе накіраваць.

Крыстына і Стан Гроф ажаніліся і кіруюць сёння больш за 50 інфармацыйнымі каналамі SEN (Сетка духоўнай патрэбы) у розных рэгіёнах свету.[6] Яны публікуюць таксама вялікую колькасць выданняў у вобласці акультнай метафізікі. Тое, як яны інтэрпрэтуюць паталагічныя феномены выкліканыя акультнымі практыкаваннямі – у якасці пазітыўнай духоўнай трансфармацыі (форма “духоўнага” адраджэння) – не толькі стварае дапамогу ў падтрымцы і зацвярджэнні акультнай вобласці, а таксама стрымліваюць яе распазнанне.


НEКАЛЬКІ ДУМАК СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

 “Ахвяры гульні свядомасці”
Др. Джон Анкерберг
“Людзі, якія практыкуюць ёгу толькі як фізічныя і разумовыя практыкаванні ў рэшце рэшт становяцца ахвярамі гульні свядомасці. Ім абяцаюць лепшае здароўе: яны нават не падазраюць, што канчатковай мэтай ёгі з’яўляецца зруйнаванне іх як індывідуумаў. Як кажуць Фюрштейн і Мілер, ёга імкнецца да “прагрэсіўнага разбурэння людзкой асобы, якая скончваецца цалкавітай дэструкцыяй. На кожным этапе (анга) тое, што мы называем “чалавекам”, больш і больш разбураецца.”

“Не існуе ніякай “нейтральнай” ёгі”
Джоана Майкельсен
“Людзі захаду памыляюцца, калі думаюць, што можна практыкаваць хатха ёгу, аддзяліўшы яе ад філасофскіх і рэлігійных вераванняў, якія яе падтрымліваюць. Гаворка ідзе пра цалкам аблуднае вераванне… Нельга аддзяліць практыкаванне ад філасофіі… Самі рухі становяцца ў нейкім сэнсе медытацыяй. Ці хочаце вы таго, ці не, а бесперапынныя і паўтараныя заняткі гэтымі практыкаваннямі скончацца тым, што пачнуць уплываць на вас і ўцягваць у містычную ўсходнуюю перспектыву. Менавіта гэта і ёсць мэта!… Сама сабой зразумела, не існуе ніякага “нейтральнага” практыкавання ёгі”.

“Ёга захоўвае рэлігійны ўплыў гэтай сістэмы”
Джім Броўн
“Ёга мае індускія карані і захоўвае рэлігійны ўплыў гэтай сістэмы. Выкладчыкі індускай мовы першымі прызнаюць, што нельга аддзяліць ёгі ад яе рэлігійнага фундаменту. Гэта можа быць першым крокам да няправільнага накірунку.”


Перакладзена з французскай мовы.
Тытул арыгіналу “Chrétiens Magazine. Le Nouvel Age…”
№ 231, Avril 2011. Yoga, page 7-9.


[1] Ann Hill, ed., A Visual Encyclopedia of Unconventional Medicine, New York: Crown Publishers, 1979, p. 223.
[2] Brian Inglis, Ruth West, The Alternative Health Guide, New York, NY: Alfred A. Knopf, 1983, p.143.
[3] Stan and Christina Grof, “Spiritual Emergencies”, Yoga Journal, July-August 1984, p.40
[4] Stanislav Grof, Christina Grof (eds), Spiritual Emergency, Los Angeles, CA: J.P. Tarcher, 1989.
[5] Grof, Yoga Journal, p. 41
[6] cf. Grof, Spiritual Emergency, p. 227.


Усходнія віды спорту – небяспека для хрысціяніна

Многія людзі, якія займаюцца ўсходнімі адзінаборствамі, такімі, як каратэ, таэквандо, кунг-фу, джыў-джытсу, дзюдо, айкідо, кэндо, цалкам упэўнены, што гэтыя віды спорту сумяшчальныя з хрысціянствам, і таму часта не заўважаюць ні небяспекі, якая хаваецца ў іх, ні зла, якое незаўважна ўкрадваецца ў іх саміх. Паспрабуем растлумачыць, чаму ж заняткі ўсходнімі адзінаборствамі несумяшчальныя з хрысціянскім светапоглядам.

Мастацтва барацьбы без зброі ў сусветнай культуры было вядома даўно. Яшчэ 5 тысяч гадоў таму ў Грэцыі набылі папулярнасць кулачныя бойкі і барацьба. Спартанцы зрабілі баі без прымянення зброі элементам выхаваўчай працы з падлеткамі, якія рыхтаваліся да ваеннай кар’еры. У Атэнах таксама выкарыстоўвалі падобнае мастацтва бою з усебаковым развіццём фізічных, разумовых і маральных сфераў.
Усход у гэтым плане нашмат адставаў. Спецыяльныя сістэмы развіцця і ўдасканалення духу і цела пачалі з’яўляцца там параўнальна нядаўна, становячыся своеасаблівым рэлігійным шляхам для манаха-байца.
Прынята лічыць, што на чале развіцця ўсходніх адзінаборстваў стаяў 28-мы індыйскі патрыярх Бадхідхарма – непасрэдны нашчадак лініі Буды ў Індыі. Мяркуючы, што будызм сказілі, ён вырашыў перасяліцца ў Кітай і там стварыць новую сістэму, выкідваючы з яе рытуалы і абраднасць, адначасова прапагандуючы прастату ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. У Кітай пасля шматлікіх прыгодаў і цяжкасцяў ён прыехаў каля 520 года. У манастыры Шаолінь шматгадзінныя медытацыі ў спалучэнні з аскетычным ладам жыцця станавіліся прычынай таго, што многія манахі часта проста засыналі. Каб дапамагчы ім, настаўнік увёў фізічныя практыкаванні, заснаваныя на тэхніцы бою і падгледжаныя ў рухах жывёлаў. З часам гэтыя практыкаванні ўвайшлі ў распарадак манастыра і сталі неад’емнай часткай медытацый, атрымаўшы назву “Шы-Па-Ло-Хан-Шо” (“васямнаццаць рук Ло-Хан”). Сам тэрмін “Ло-Хан” азначае прыхільнікаў гістарычнага буды і з’яўляецца прешаю назваю мастацтва барацьбы. Існуе думка, што Бадхідхарма з’яўляецца таксама заснавальнікам секты чань, вядомай сёння як дзэн. Яе мэтаю было развіццё духу і цела праз медытацыю і фізічныя практыкаванні, якія перадаюць рухі жывёлаў. Пазней высветлілася, што гэтыя практыкаванні вельмі выніковыя ў ваенных дзеяннях.
Будыйскія манахі мелі канкурэнтаў сярод даоскіх манахаў. Іх стыль характарызаваўся тым, што яны засяроджваліся на касмічнай энергіі, якую выкарыстоўвалі для развіцця сваёй унутранай энергіі, сілы розуму і пазнання свету.
У ХІІ ст. адбыўся канфлікт паміж гэтымі манахамі, і яны не пасаромеліся прымяніць сваю фізічную падрыхтоўку для ўмацавання інтарэсаў у Кітаі. Ваюючы, яны ўдасканальвалі сваё баявое мастацтва і распаўсюджвалі яго на Далёкім Усходзе. Пад іх уплывам з’яўляліся новыя сістэмы: у Акінаве – каратэ, у Японіі – джыў-джытсу і айкідо, у Карэі – таэквандо, у Тайландзе – тайскі бокс. З часам баявыя мастацтвы Усходу пачалі распаўсюджвацца па ўсім свеце.
Чалавек, які трэніруецца ва ўсходніх адзінаборствах, павінен зразумець, што нельга адрываць баявое мастацтва ад яго філасофіі – не існуе дрэва без каранёў.
У аснове кожнага ўсходняга адзінаборства ляжыць актывацыя ў целе чалавека энергіі, якая вызваляецца ў канкрэтных тэхніках бою. Кітайцы і японцы называюць яе “чы”, або “кі”, індусы – “прана”, палінэзійцы – “мана”. Для ўсходняй філасофіі і рэлігіі паняцце гэтай энергіі з’яўляецца фундаментальным – гэтая энергія напаўняе ўвесь сусвет і нібыта з’яўляецца першапрычынаю ўсялякага быцця.
Такая канцэпцыя светапогляду карэнным чынам супярэчыць хрысціянскаму светапогляду і вучэнню.
Выкарыстоўваючы розныя тэхнікі медытацыі, мантраў, ёгі, тэхнікі дыхання, людзі спрабуюць адкрыцца на гэтую энергію, каб выкарыстоўваць яе не толькі ў баявых мастацтвах. Філасофія Усходу падносіць сваім прыхільнікам мноства іншых спакусаў – уз’яднанне з космасам і сусветам, лячэнне біяэнергіяй, перасцярогу ад небяспекі, пазнанне думак іншых людзей, валоданне часам, прастораю, рознымі прыроднымі з’явамі і ўсялякімі парапсіхалагічнымі магчымасцямі. Усё гэта ставіць чалавека над Богам і прыводзіць да найстарэйшай са спакусаў: “І будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло” (Быц 3, 5). Гэта таксама супярэчыць вучэнню Бібліі пра тое, што быццё чалавека залежыць ад яго ўласных сілаў, што існуе Божы Провід і Яго дапамога, без якой чалавек не можа наогул існаваць.
Аднак мноства веруючых людзей, якія займаюцца ёгай або каратэ выключна ў форме фізічнага адпачынку або самаабароны, сцвярджаюць, што яны робяць гэта без усялякай філасофіі, але гэта не так.
Майстар Йо Чынг Вонг гаварыў: “Практыка мастацтва барацьбы кунг-фу без даоскай філасофіі не існуе. Кожны рух мае глыбока філасофскі характар і такім чынам яднае адэпта з гэтай філасофіяй. Трэніроўка засноўваецца па сваёй сутнасці на ўз’яднанні філасофіі “чынг” (кніга варажбы) з рухамі бою”
Будыйскі манах і майстар каратэ Рон Таганшы таксама казаў: “Людзі забыліся, што ўсходнія адзінаборствы – гэта рэлігія. Прыходзячы ў спартзалу некалькі разоў на тыдзень і знаходзячыся там па дзве гадзіны, чалавек праводзіць у ёй больш часу, чым у святыні. Мы робім чалавека рэлігійным. Каратэ з’яўляецца адной з праяваў будызму, яго фізічным вымярэннем, брамаю духоўнай асветы”.
Падобных выказванняў мноства, таму варта ўсё ж усвядоміць, што пад звычайнымі фізічнымі практыкаваннямі хаваецца і незаўважна пранікае ў розум усходняя сістэма рэлігійных вераванняў і маральна-філасофскіх ідэяў. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць прамой сувязі паміж усходнімі адзінаборствамі і акультызмам, дэманалогіяй: падчас імітацый рухаў пераўвасобіцца ў тыгра або леапарда, страціць сваё “я”, сваю волю, паддацца волі іншай. Усё гэта супярэчыць хрысціянскаму вучэнню.
Гэтыя практыкі тым больш заганныя, калі да іх звяртаюцца з намерам нашкодзіць камусьці праз умяшальніцтва злых духаў. Таксама заслугоўвае ганьбавання звычка насіць амулеты. Зварот да так званай народнай медыцыны не ўзаконьвае ні заклікання злых духаў, ні эксплуатацыю чыёй-небудзь даверлівасці (гл. ККК 2116-2117). Як бы чалавек ні стараўся і якія б ні рабіў практыкаванні – звышчалавечыя магчымасці не ўласцівыя самой чалавечай прыродзе, а гэта значыць, што такі чалавек, не атрымліваючы іх ад Бога, набывае іх з супраціўнага боку.
Сустракаючы на кожным кроку рэкламныя плакаты і аб’явы, чалавек лёгка можа паддацца спакусе і заняцца ўсходнімі практыкаваннямі, якія абяцаюць яму здароўе, прыгажосць, маладосць, сілу, упэўненасць і шмат чаго іншага. Аднак чалавек веруючы заўсёды павінен памятаць пра адну з галоўных запаведзяў Бога: “Не май іншых багоў, апроч Мяне” (Зых 20, 3).

Айцец Аляксандр Улас OFMConv
Часопіс Ave Maria № 7-8/2013, стар. 30-31