1. Дух Святы

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

ДУХ СВЯТЫ

   ДУХ СВЯТЫ, Я …
   ЖАДАЮЧЫ СЁННЯ ЎСТУПІЦЬ У ШЭРАГІ ЛЕГІЁНУ МАРЫІ,
   ВЕДАЮЧЫ ТАКСАМА, ШТО САМ ПА САБЕ Я НЕ ЗМАГУ ГОДНА ВЫКОНВАЦЬ ГЭТАЕ СЛУЖЭННЕ,
   МАЛЮ ЦЯБЕ СЫСЦІ НА МЯНЕ І НАПОЎНІЦЬ МЯНЕ САБОЙ,
   КАБ МАЯ СЦІПЛАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БЫЛА ПАДТРЫМАНАЯ ТВАЁЙ МОЦАЙ І СТАЛАСЯ ПРЫЛАДАЙ ТВАІХ НАМЕРАЎ.

   1. Прыватная роля Духа Святога

   Духу Святы… Менавіта заклікам наўпрост да Духа Бог адкрывае Абяцанне. З Ім пачынаецца кожная повязь.
   Ён у пачатку і Ён у канцы. Ён з’яўляецца Любоўю, з якой пачаўся свет, і Любоўю, што будзе аднойчы ўсім ува ўсіх. Таму душа легіянера кіруецца да Духа Святога ў гэтым жэсце, што будзе весці яго жыццё.
   Ён ведае, што яго ахвяра — гэта толькі адказ, што яго любоў — гэта толькі ўдзячнасць, належнасць да іншай Любові. Ён ведае, што аддаецца Таму, хто першы быў аддадзены. Бог першы нас палюбіў, і гэта вымагае поўнага імкнення нашай душы. Не нам належыць ініцыятыва ў гэтай повязі. Не зямля ўздымаецца да неба — гэта неба прыйшло на зямлю, дарма, па добрай волі. Бачучы чалавечую няўдзячнасць, можна нават асмеліцца сказаць: безразважна. Таму што Бог нічога не выйграў узамен. Ён не мог ані ўзрасці, ані ўзбагаціцца, не згубіўшы сваёй унутранай поўні. Ён быў і ёсць назаўсёды самадастатковай Любоўю, якая тым не менш аддаецца іншым у невымерным памкненні чыстага вялікадушша і шчодрасці.
   Менавіта гэтае мы павінны зразумець, скіроўваючыся да гэтай першай Любові, якую мы называем тут Духам Святым.
   Менавіта гэтай створчай і каралеўскай Любоўю палюбіў Бог Марыю — а нас у Ёй, — калі прыйшоў да Яе раніцай Звеставання.
   Хрысціянства можна назваць абменам дзвюх любовяў у Езусе Хрысце. Любоў, што сыходзіць з Неба, каб здзейсніць святую повязь, завецца Духам Святым. Любоў, што з зямлі ўзыходзіць Яму насустрач, мае імя Марыя.
   Марыя — гэта сапраўдны адказ асвечанага стварэння на Божае пакліканне. Марыя — гэта найвялікшы росквіт намаганняў, якія Бог Старога Запавету прыкладаў на працягу стагоддзяў, каб уфармаваць у Ізраілі народ Божы — сужонку, “асвечаную ў праўдзе і святасці”. У Марыі “зямля дала свой плён” і “Неба падаравала Збаўцу”.
   На скрыжаванні сустрэчы Бога і чалавецтва ў Ізраілі, народзе Божым, знаходзіцца Ўцелаўленне  — з усімі сваімі наступствамі.
     Асмелімся ж і мы Таго, што накрыў Марыю сваім пладаносным ценем, і імкнуцца зразумець таямніцы Духа Святога, “у якія ўглядаюцца анёлы” (пар. 1 Пятра 1, 12).
   Менавіта на Духа Святога Езус скіроўвае ўвагу вучняў у хвіліну развітання: “Але сапраўды кажу вам: лепш для вас, каб Я адышоў. Бо, калі Я не адыду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас. А калі адыду, пашлю Яго да вас” (Ян 16, 7).
    “Ён — Яго апошняе абяцанне, знак Яго прысутнасці і перамогі. Калі раніцай Пяцідзесятніцы Ён сышоў на апосталаў, сабраных у Вячэрніку, пачалася, можна сказаць, новая эпоха для свету — эпоха Духа Святога, поўня часоў.
   Таму, калі сказаць з усёй адказнасцю, менавіта праз Яго мы ўвайшлі ў гэтую апошнюю фазу гісторыі. Менавіта Яму цяпер належыць, калі можна так сказаць, авансцэна. Менавіта Ён завалодае гэтымі грэшнікамі з Галілеі і пераменіць іх у апосталаў, сыдзе на першых вернікаў і адорыць іх харызматамі, увалье ў пакутнікаў нязломную моц, пачаўшы са Сцяпана, перапаўняючы верай і Духам Святым.
   Дзеі апосталаў, што пачынаюць гісторыю Касцёла, — гэта Евангелле Духа Святога.
   Гэта Ён дае словы, каб казаць перад судом, праконсуламі і кіраўнікамі Рыму, а таксама ў штодзённых казаннях. “Маё слова і маё казанне, — скажа святы Павел, — не маюць нічога агульнага з прыёмамі пераканаўчай мудрасці”.
   Ён той, хто выбірае апосталаў: “Калі яны служылі Госпаду і пасцілі, Дух Святы сказаў: «Вылучыце мне Барнабу і Саўла на справу, да якой Я іх паклікаў» (Дз 13, 2).
   Ён — радасць пераследаваных і іх упэўненасць: “А вучні напаўняліся радасцю і Духам Святым” (Дз 13, 52).
   Ён той, хто ўзначальвае рашэнні, ад якіх залежыць будучыня Касцёла, які нараджаецца, і апосталы перадаюць свае загады наступнымі словамі: “Бо Дух Святы і мы пастанавілі не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару…” (Дз 15, 28).
   Вось у якім духу першасны Касцёл выказваў і перажываў сваю веру ў Духа Святога.

   2. Павага да дзеяння Бога

   Абяцанне звяртаецца менавіта да Духа Святога. Мы з самага пачатку кажам Яму, што адчуваем сябе не вартымі місіі, якую Ён нам даручыць:
   Жадаючы сёння ўступіць у шэрагі Легіёну Марыі,
   Ведаючы таксама, што сам па сабе я не змагу годна выконваць гэтае служэнне,
   Малю Цябе сысці на мяне і напоўніць мяне Сабой,
   Каб мая сціплая дзейнасць была падтрыманая Тваёй моцай і сталася прыладай Тваіх усемагутных намераў.
   Мы прыносім Яму свядомасць сваёй беднасці, поўнае вызнанне сваёй слабасці, нявернасці, бясконцую баязлівасць.
   І цяпер Ён павінен напоўніць нашую душу сваімі дарамі і харызматамі; мы ж павінны перадаць кожную атрыманую ласку і парыў. Ён будзе нас насычаць, мы ж — дзяліцца гэтым з нашымі братамі. Ён уварвецца ў нас, як моцны струмень, што пракладвае сабе шлях у скале, каб потым выліцца на суседнія раўніны; мы ж павінны даць Яму душу адкрытую, ачышчаную ад нашых чалавечых поглядаў, пазбаўленую ўлады над сабой.
   Не, мы гэтага не ведаем. Мы можам толькі схіліцца перад дзеяннем Бога, як перад Ім самім. Калі Бог дае нам годнасць быць Яму патрэбнымі, Ён адзіны ведае мэту, шлях і сцежкі, што туды вядуць. Калі хтосьці хоча быць апосталам, ён павінен ведаць, што сам не зможа ані годна несці службу, ані рызыкаваць у незнаёмай краіне.
   Нам трэба памятаць пра гэта, калі мы будзем уваходзіць у кантакт з душамі. Асабліва ў хвіліны паразаў, калі нашая вера будзе выпрабоўвацца, і мы будзем спакушацца тым, што не падабаемся Богу сваімі няўдачамі. Калі мы будзем ісці ў цемры начы. Тады, у першую чаргу, Легіён прапаноўвае сваім жаўнерам усвядоміць сваю ўбогасць і нікчэмнасць. Гэта ўводзіць у стан апостальскай ласкі. Калі я называю сябе грэшнікам, менавіта тады Бог называем мяне сваім сябрам. Калі я прызнаю сябе непатрэбным слугой, тады Бог можа паслужыцца мной без боязі і з радасцю як “прыладай сваіх усемагутных намераў”.