Легіянерская прысяга

     Дух Святы, я (імя кандыдата),

   Жадаючы сёння ўступіць у шэрагі Легіёну Марыі,
Ведаючы таксама, што сам па сабе я не змагу годна выконваць гэтае служэнне,
Малю Цябе сысці на мяне і напоўніць мяне Сабой,
Каб мая сціплая дзейнасць была падтрыманая Тваёй моцай і сталася прыладай Тваіх усемагутных намераў.
Я таксама ведаю, што Ты, які прыйшоў адрадзіць свет у Госпадзе нашым Езусе Хрысце,
Пажадаў зрабіць гэта толькі з удзелам Найчысцейшай Дзевы Марыі;
Я ведаю, што без Яе мы не зможам ані пазнаць, ані палюбіць Цябе,
Што менавіта праз Яе ўдзяляюцца дары, цноты і ласкі тым, каму Яна хоча, столькі і так, як Яна пажадае;
І я бачу, што таямніца дасканалага служэння легіянера —
У тым, каб цалкам з’яднацца з Той, што  была цалкам з’яднаная з Табой.
Таму, беручы ў рукі вэксілюм Легіёна, які адлюстроўвае гэтыя праўды,
Я стаю перад Табой як Яе жаўнер і Яе дзіця
І абвяшчаю такім чынам маю поўную залежнасць ад Яе.
Яна — Маці маёй душы, Яе сэрца і маё — адзіныя;
І з глыбіні гэтага адзінага сэрца
Яна ізноў кажа, як раней: “Вось я, слуга Божая”;
І Ты ізноў прыходзіш, каб учыніць праз Яе вялікія справы.
Няхай мяне пакрые Твая моц і ўвойдзе ў маю душу, каб прынесці ў яе агонь і любоў.
Няхай мая душа будзе адным з любоўю Дзевы Марыі і Яе воляй уратаваць свет;
Каб я стаўся чыстым у Той, каго Ты стварыў Беззаганнай!
Каб праз Цябе ўва мне ўзрастаў наш Госпад Езус Хрыстус;
Каб разам з Ёй, Яго Маці, я мог несці Яго свету і людзям, якія Яго патрабуюць!
І каб пасля перамогі ўсе гэтыя душы і я сам маглі вечна валадарыць з Ёй у хвале Найсвяцейшай Тройцы.
О Духу Святы, упэўнены ў тым, што Ты мяне прымеш і паслужышся мной, што Ты пераменіш сёння маю слабасць у моц,
Я займаю месца ў шэрагах Легіёна і асмельваюся абяцаць верную службу.
Я абяцаю захоўваць дысцыпліну, якая яднае мяне з братамі-легіянерамі,
Робіць нас войскам і накіроўвае нашыя шэрагі ў руху наперад разам з Марыяй,
Каб выканаць Тваю волю, каб аб’явіць цуды Тваёй Ласкі,
Якія адновяць аблічча зямлі і ўстановяць, о Найсвяцейшы Духу, Тваё панаванне над усім.

У імя Айца, і Сына, і Святога Духа. Амэн.