понедельник, 8 декабря 2014 г.

Шкаплер – знак матчынай апекі Марыі

ГІСТОРЫЯ ШКАПЛЕРА

На пераломе XII – XIII стагоддзяў на гары Кармель у Палестыне ўзнікла новая супольнасць пустэльнікаў, якіх пазней назвалі кармелітамі. Яны вялі жыццё, поўнае малітвы і пакуты, па прыкладзе св. Іллі і называлі сябе Братамі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель. У першай палове XIII стагоддзя пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць Святую Зямлю і перабрацца ў Еўропу. Новы лад жыцця, іншая культура, а таксама непрыняцце манахаў мясцовым духавенствам сталі прычынай крызісу, у якім апынуліся кармеліты. Тады генерал ордэна Сымон Сток, пабожны ангельскі кармеліт, прасіў Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй ордэн. Паводле традыцыі, Маці Божая з’явілася яму ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251 года і, паказаўшы шкаплер, які быў верхняй часткай манаскага хабіту, учыніла яго знакам сваёй асаблівай матчынай апекі: “Гэта будзе прывілеем для цябе і для ўсіх кармелітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню пякельнага”.

Праз 70 гадоў пасля гэтай падзе папа Ян XXIII у гэтак званай “суботняй буле” ад 3 сакавіка 1322 года да ранейшых прывілеяў (захаванне ад агню пякельнага, асаблівая апека ў небяспецы душы і цела) дадаў яшчэ суботні прывілей, які датычыцца абяцання Маці Божай, што ў першую суботу пасля смерці выбавіць з чысца таго, хто пабожна насіў шкаплер. Сёння Касцёл таксама памятае і развівае гэтую пабожнасць. У 1950 годзе, з нагоды 700-годдзя аб’яўленняў Марыі Сімону Стоку, папа Пій XII скіраваў да генеральных настаяцеляў абодвух кармеліцкіх ордэнаў спецыяльны ліст, у якім нагадаў пра суботні прывілей. Папа Ян XXIII назваў суботні прывілей “вельмі каштоўным для пабожнасці вернікаў”.

Папа Ян Павел ІІ між іншым сказаў: “У шкаплернай духоўнасці ёсць вельмі моцны і глыбока ўкаранёны хрыстацэнтрычны і Марыйны парастак: ісці за Хрыстом, наследуючы Марыю! Гэтая духоўнасць мае свой бачны знак – шкаплер, які я нашу ўжо даўно. Я застаўся верным шкаплеру, ён з’яўляецца маёй сілай. Дзень Маці Божай Шкаплернай для мяне вельмі дарагі”.

“Шкаплер у сваёй сутнасці з’яўляецца “хабітам” (адзеннем). Той, хто яго прымае, далучаецца ў меньш ці больш сціслай ступені да кармелітанскага закону, прысвячае сябе служэнню Найсвяцейшай Маці, каб спазнаць салодкую матчыную прысутнасць Марыі ў штодзённай працы пераапранання ў Езуса Хрыста” (бл. Ян Павел ІІ). Цэнтрам шкаплернага набажэнства з’яўляецца адданне сябе Марыі, прысвячэнне сябе Ёй на служэнне, памяць пра Яе, жыццё ў еднасці з Ёй, імкненне быць падобным на Яе і наслядоўвання Яе цнотаў.

ДУХОЎНАЕ ЗНАЧЭННЕ ШКАПЛЕРА

• Шкаплер гэта шата Марыі, гэта знак аддання сябе пад Яе апеку і прысвячэння Ёй на службу. Хто прымае святы Шкаплер выракаецца злога духа, аднаўляе абяцанні святога Хросту і аддаецца Марыі як Яе дзіця. Хто прымае Шкаплер, той прымае, як св. Апостал Ян пад Крыжам, Марыю да сябе, каб жыць у еднасці з Ёй і Ёй служыць.
• Шкаплер азначае прысвячэнне сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі і наследаванне Яе цнотаў, асабліва цноты чысціні і пакоры. “Няхай усе, хто носіць святы Шкаплер, які з’яўляецца памяткай атрыманай ад Маці Божай, бачаць у ім знак прысвячэння сябе Беззаганнаму Сэрцу Дзевы” (бл. Ян Павел ІІ).
• Шкаплер азначае запавет сяброўства з Марыяй і удзелам у духоўным збаўленні ўласным і сваіх бліжніх. У гэтым запавеце Марыя абавязваецца дапамагчы нам ў збаўленні і шляху да святасці, а мы забавязваемся Яе наслядоўваць, служыць Ёй і павялічваць Яе годнасць.
• Шкаплер азначае хабіт (адзенне) Закону, прысвечанага служэнню і годнасці Маці Божай. Прымаючы шкаплер, мы прагнем з гэтай хвіліны жыць тым самым духам Кармелю, выконваць тую ж місію і жыць у еднасці з Марыяй, для Марыі, праз Марыю і ў Марыі.

 ДАРЫ І ЛАСКІ ШКАПЛЕРА

Хто аддаецца Марыі праз святы Шкаплер, аднаўляе ў сабе ласку дзіцяці Марыі, Як слугі, а нават брата (праз духоўнае радство). Уся марыйная традыцыя Кармелю звязвае са святым Шкаплерам пэўныя прывілеі і ласкі, якія Касцёл шматразова паццвярджаў сваім аўтарытэтам.

1. “Хто памрэ ў ім, не спазнае пякельнага агню” (словы Маці Божай, сказаныя Сімону Стоку). Марыя абяцае тым самым усім апранутым у св. Шкаплер дапамогу на шляху збаўлення.
2. Вызваленне з чысца ў першую суботу пасля нашай смерці. Гэта так званы суботні прывілей. Маці Божая запэўніла хуткае вызваленне з чысца (була папы Ільва XXIII – 1322 г.) тым, хто носячы Шкаплер, захаваюць чысціню згодна з іх становішчам і вернасць малітве. “Я, Маці ў першую суботу пасля іх смерці з любоўю прыду да іх і, калі знайду іх у чысцы, вызвалю і прывяду на святую гару вечнага жыцця”. Марыя тым самым абяцае ўсім апранутым у Шкаплер дапамогу на шляху збаўлення.
3. Дапамога і абарона ў небяспеках душы і цела. Марыя абяцае падтрымліваць нас на шляху наследавання Хрыста, а асабліва ў гадзіну нашай смерці дапамагчы нам у апошняй барацьбе за вечнае збаўленне.
4. Удзел у духовых дабротах усяго кармелітанскага Закону на працягу жыцця і пасля смерці (у св. Імшах, пакутах і малітве, адпустах і ахвярах), бо Маці і Каралева Кармелю аб’ядноўвае з сабой у адну сям’ю тых, хто прымае святы Шкаплер.

ШКАПЛЕРНЫЯ АБАВЯЗКІ

Каб атрымаць усе абяцанні звязаныя са Шкаплерам, з нашага боку трэба выканаць пэўныя абавязкі:

1. Наследаваць цноты Маці Божай і імкнуцца да святасці жыцця. Падставовыя патрабаванні для атрымання першага абяцання гэта: імкненне да ўласнага збаўлення, захоўванне прыказанняў Божых і Касцельных, пазбяганне смяротнага граху і жыццё ў асвячаючай ласцы.
2. Захоўваць чысціню згодна з жыццёвым становішчам і рабіць учынкі міласэрнасці (для душы і для цела), каб атрымаць другое абяцанне: вызваленне з чысца.
3. Штодзённа маліцца і памятаць пра Марыю. Штодзённа чытаем малітву прысвячэння Марыі, якую нам вызначыў святар у дзень прыняцця Шкаплера (звычайна гэта “Пад тваю абарону”, “Вітай, Каралева” ці тры “Вітай, Марыя”).
4. Жыць духоўнасцю кармелітанскага закону, улічваючы характар нашага асабістага паклікання, а ў еднасці з усім законам мы абавязваемся адзін раз у год адправіць з 7 па 15 ліпеня навэнну да Маці Божай Шкаплернай (прыватна ці ў супольнасці). І 16 ліпеня, у дзень урачыстасці, прыступіць да святых сакрамэнтаў, каб атрымаць поўны адпуст, ахвяраваны за сябе або за памерлых.

УНУТРАНЫЯ АБАВЯЗКОВЫЯ ЎМОВЫ ДЛЯ ПЛЁННАГА
ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА

1. Духоўная патрыхтоўка – праз паяднанне з Богам, споведзь і святую Камунію (стан асвячаючай ласкі з’яўляецца ўмовай для атрымання частковага адпусту ў дзень прыняцця св. Шкаплера, і поўнага адпусту ў дзень уступлення да шкаплернага брацтва), або хаця б абуджэнне жалю за грахі і прагнення пакуты.
2. Прагненне аддаць сябе ў апеку Марыі і прысвяціць сябе на Яе службу.
3. Прагненне насіць Шкаплер на шыі (можна яго замяніць шкаплерным медалікам). Ужыты Шкаплер нельга выкідваць, бо ён быў пасвечаны, лепш яго спаліць.
4. Прагненне штодзённа чытаць малітву, вызначаную святаром, а таксама прагненне жыць духоўнасцю Закону Маці Божай з Гары Кармель.

ЗНЕШНІЯ ЎМОВЫ ДЛЯ ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА

1. Набыць святы Шкаплер.
2. У свёй парафіі, або кляштары кармелітаў папрасіць святара пасвяціць і налажыць Шкаплер. Шкаплер павінен быць накладаны пасля пасвячэння. Кожны каталіцкі святар і дыякан можа паблаславіць і налажыць кармелітанскі Шкаплер паводле зацверджанага абраду.
3. Прыняць малітву, якую вызначыць святар пасля налажэння Шкаплера, каб штодзённа яе чытаць.
4. Запісацца ў Кнігу Шкаплернай Сям’і ў дадзенай парафіі або ў найбліжэйшым кляштары кармелітаў.

Навэнна і літанія да МБ Шкаплернай

Літанія да Маці Божай Шкаплернай

Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, змілуйся над намі.

Каралева святога шкаплера, маліся за нас.
Маці ўсіх прызначаных да хвалы,
Марыя, ззяючая хвалой Панны з Гары Кармель,
Заступніца і Пані Кармелю,
Святыня Бога,
Аздоба Гары Кармель,
Ад усялякай небяспекі, выбаў нас праз Тваё заступніцтва.
Ад усялякай нагоды да граху,
Ад усялякага неспакою і няпэўнасці сумлення,
Ад прабывання ў смяротным граху,
Ад цяренняў чысцовых,
Праз Тваю любоў да Божага Твайго Сына,
Праз спагадлівасць Тваю да людзей,
Праз усе Твае балесці і радасці,
Мы грэшныя, просім Цябе, выслухай нас.
Каб Ты мела ласку давесці нас да сапраўднага духа пакаяння,
Каб Ты мела ласку выпрасіць нам дар хрысціянскай пакоры і чысціні,
Каб пад Тваёй апекай мы маглі адысці да вечнага жыцця,
Каралева шкаплера з Гары Кармель,

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, выслу.хай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі.

P. Маліся за нас, Святая Маці Божая.
W. Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся. Божа, які меў ласку адарыць закон кармелітаў асабліваю апекаю Блаславёнай Марыі, учыні ласкава, каб мы, умацаваныя апекаю святога шкаплера, дайшлі да вечнага шчасця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.


“Modlitewnik Szkaplerzny”
FLOS KARMELI, Poznań 2000


НАВЭННА ДА МАЦІ БОЖАЙ ШКАПЛРНАЙ

На падставе разважанняў
Слугі Божай Сястры Тэрэзы ад Езуса
(Марыяны Мархоцкай)

Марыяна Мархоцкая, у законе Тэрэза ад Езуса, нарадзілася 25 чэрвеня 1603 г. У 1620 годзе, насуперак супраціву бацькоў уступіла ў першы ў Польшчы кляштар Кармелітанак Босых у Кракаве. Узначальвала заснаванне кляштараў у Львове – 1642 г. і Варшаве – 1648 г. Бог абдарыў Яе шматлікім надзвычайнымі дарамі, але таксама не пашкадаваў для Яе цярпенняў. З 1650 г. Яна ўвесь час хварэла. 16 верасня 1651 г. атрымала стыгматы. Памерла ў водару святасці 19 красавіка 1652 г.

МАЛІТВА ДА МАЦІ БОЖАЙ
НА РАСПАЧАЦЦЕ НАВЭННЫ

Прытулак грэшнікаў, Маці майго Бога, вось я, прыгнечаны(ая) цяжарам грахоў, прыбягаю пад Тваю абарону, давяраючы, што як Маці Ты не адштурхнеш мяне ад Сябе. О Марыя Панна, найпрыгажэйшае і найдасканалейшае Стварэнне Бога, дадзеная людзям як знак вечнага Запавету, я веру, што Тваё заступніцтва выпрасіць мне ў Бога прабачэнне цяпер і ў хвіліну маёй смерці. О найміласэрнейшая Панна, ніколі не было грэшніка, які б заклікаў Цябе і не быў выслуханы і не спазнаў Тваёй дапамогі. Прашу Цябе з усяго свайго сэрца, удзялі і мне гэтую ласку. Прытулак грэшнікаў, пакажы мне, што Ты Маці, цяпер і ў хвіліну маёй смерці. Амэн.

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

“Вось Маці Твая”. Гэтыя словы сказаў Хрыстос з крыжа да св. Яна Апостала. Няхай твая надзея будзе непахіснай і ўпэўненай у тым, што Найсвяцейшая Марыя Панна з’яўляецца тваёй Маці”.

Марыя, Твая любоў да людзей нястомна дзейнічае ў гісторыі свету і гісторыі людзкіх сэрцаў. Дзякую Табе за Твой святы Шкаплер, дар любові і міласэрнасці. Як “Вясёлка ў небе” ўзвышалася над зямлёй у часы Ноя, якую Бог даў людзям як знак запавету, так і Ты, Марыя, з’яўляешся для нас Прадвесніца Добрай Навіны. І той, хто прыбягае да Цябе, не будзе падмануты. Накрый мяне Тваім Шкаплерам і ўдзялі ласкі непахіснай веры, калі б’юць па мне хвалі сумневаў. Няхай пад Тваёй апекай я бяспечна вытрываю ўсе буры майго жыцця. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ДРУГІ

“Марыя – Маці ўсяго людзкога роду, які ў асобе св. Яна быў Ёй даручаны”.

Марыя, Табе Укрыжаваны Езус на Галгофе даручыў усіх людзей у асобе св. Яна, каб Ты прыняла іх як сваіх дзяцей. Ты глядзіш на мяне вачамі,  поўнымі міласэрнасці, і пакрываеш Сваім Шкаплерам, так як кожная маці апранае сваё дзіця. Няхай Твая святая шата будзе для мяне знакам Тваёй апекі, няхай нагадвае, што Ты заўсёды са мной. Я прагну чуваць над сваім сумленнем, каб не забрудзіць яго грахом, каб яго аздаблялі чысціня, праўда і справядлівасць. Падтрымлівай мяне, каб я заўсёды выбіраў(ла) тое, што падабаецца Твайму Сыну і Табе. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ТРЭЦІ

“Марыя – асаблівым чынам твая Маці, бо Яна сама ў тваім сэрцы абудзіла гарачую любоў да Сябе. Яна натхніла цябе, каб ты абраў(ла) Яе за Маці і даверыўся(лася) Яе апецы”.

Марыя, Твой чулы позірк затрымаўся на мне і прасякнуў маё сэрца. Ты абудзіла ўва мне гарачую любоў да Цябе і прыцягнула да супольнасці Тваіх дзяцей, апранутых у шату Шкаплера, каб такім чынам распаліць ува мне любоў да Бога і скіраваць мае крокі на шлях Божых прыказанняў. Дзякую Табе за гэтую ласку і прашу, няхай Твая шата, якой Ты адарыла мяне ў знак асаблівага сяброўства, падштурхоўвае мяне да ўсё больш стараннага служэння Табе і Твайму Сыну. Няхай маім самым вялікім гонарам будзе называцца Тваім сынам (дачкой), братам (сястрой) і сябрам. Няхай усім сваім жыццём я буду годна служыць Табе і прыцягваць іншых, каб яны любілі Цябе. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ЧАЦВЁРТЫ

“Як дзіця настолькі добрай Маці імкніся да ўсё большай любові сардэчнай сувязі з Ёй. Прасі аб гэтай любові самога Хрыста, Духа Святога, святога Юзафа, святую Тэрэзу і ва ўшанаванні Яе наслядуй святых, якія асаблівым чынм Яе любілі”.

Спадарыян мая і мая Маці, я прагну любіць Цябе кожным рухам майго сэрца. Няхай Твая святая шата будзе мне шчытом у штодзённым змаганні за вернасць Богу. Ты Сама падтрымліваеш тых, што змагаюцца за Валадарства Божае, узнімаеш іх, калі яны падаюць, абвязваеш іх раны, дадаеш сіл для далейшай барацьбы і захоўваеш іх ад пастак злога духа. Будзь для мяне Зброяй, будзь для мяне Шчытом у часовым жыцці і давядзі мяне да шчаслівай вечнасці, каб у небе я мог радавацца вечынм шчасцем углядацца ў бога. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ПЯТЫ

“Як дзіця ты аддаў(ла) сваю волю Марыі. Таму прасці, каб Яна ва ўсім табой кіравала і не жадай нічога рабіць паводле ўласных жаданняў, без Яе парады, бо для Маці наймілейшы(ая) той сын (тая дачка), які(ая) робіць сваімі Яе звычкі і ўпадабанні. Наслядуй цноты і ўчынкі сваёй Маці, Марыі, каб жыццём паццвердзіць, што Ты сапраўды Яе сын (дачка)."

Ты, Марыя, як добрая Маці навучаеш, як жыць, каб падабацца Богу. Ты ўказваеш мне на Яго прыказанні, а Шкаплер, якім мяне накрываеш, павінен мне нагадваць, што ярмо Пана салодкае, а яго цяжар лёгкі. Яго прыказанні і навучанне – гэта радасць для тых, што любяць Яго, а патрабаванні лёгкія для тых, што Яго ўшановаюць. Вучы мяне ісці за Богам без кампрамісаў са злом. Няхай я заўсёды абіраю тое, чаго Ён прагне, бо толькі гэта для мяне добрае. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ШОСТЫ

“Як дачка (сын) захоўвай сябе з вялікай павагай да Марыі. Прыніжай сябе, прызнаючы сваю нягоднасць, і дзякуй за незаслужанае дабрадзейства, за тое, што Яна адорвае цябе такой вялікаю любоўю. Абвяшчай Яе хвалу і імкніся распаўсюджваць набажэнства да Яе”.

Марыя, ты ў сваім жыцці больш за ўсіх наследавала Езуса, Ты была для Яго не толькі чулай Маці, але і вернай Вучаніцай. Святое Евангелле вучыць мяне жыць так, каб яшчэ больш наследаваць Твайго Сына. Я ведаю, што сам(а) нічога не магу. Толькі з Тваёй дапамогай я магу зрабіць нешта добрае. Прашу Цябе, абуджай ува мне прагненне станавіцца яшчэ больш да Цябе падобным(ай). Няхай, кранаючыся Твайго Шкаплеру, я нагадваў сабе, што разам з ім Ты даеш мне прыклад і цноты да наследавання. Выпрасі мне стараннасць у імкненні станавіцца да Цябе падобным(ай). Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ СЁМЫ

“З пакорай і даверам перажывай усё, што прыходзіць, бо хоць Маці часам карае сваё дзіця і бывае жорсткай, Яна робіць гэта для яго дабра. Ніколі не губляй надзеі і не сумнявайся ў Яе любові, хоць бы табе здавалася, што Яна цябе пакінула і перастала аказваць сваю ласкавасць. Заўсёды з аднолькавай любоўю і падданасцю ўсё прымай з Яе рукі”.

Марыя, ў жыцці ёсць сітуацыі, калі я перажываю цярпенні, хваробы і непаразуменні. Гэта мой жыццёвы крыж, які мне трэба несці з падданнем Волі Божай. Святы Шкаплер – гэта знак крыжа, нагадванне таго, што да ўваскрашэння можна дайсці толькі крыжовым шляхам. Выпрошвай мне адвагу прымаць свае цярпенні, вучы мяне, як з любові да Бога і да душаў ператвараць смутак і горыч ў заслугі, якія даюць супакой і суцяшэнне. Дадавай мне сіл і будзь са мной на крыжовым шляху майго жыцця. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ВОСЬМЫ

“Месца дзіцяці заўсёды каля Маці. Будзь у прысутнасці Марыі, абуджай веру ў тое, што Яна заўсёды побач з табой. Заўсёды май Яе ў сэрцы і памяці. Злучай Яе з Богам, бо гэта Яна пачула словы: “Пан з Табою”. Яна заўсёды з Богам, поўная ласкі, а праз ласку поўная Бога. Будзь Яе сынам (дачкой) і слугой, бо ніхто не зможа служыць Маці лепш за Яе ўласнае дзіця… Таму стань з верай і даверам перад абліччам Марыі і з гэтай хвіліны вазьмі Яе да сябе”.

Марыя, Маці мая, вось я, Тваё дзіця. Ты можаш рабіць са мной усё, што пажадаеш. Прыкладам для гэтага з’яўляецца Езус у Назарэце, які пад Тваім позіркам узрастаў у ласцы ў Бога і ў людзей. Будзь і для мяне Настаўніцай, Гаспадыняй, найлепшай Маці. Няхай Шкаплер будзе для мяне знакам таго, што я ў Тваёй школе. Абуджай ува мне прагненне быць Табе паслухмяным(ай), каб па Тваім прыкладзе я мог (магла) выканаць кожнае жаданне і загад Бога. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

ДЗЕНЬ ДЗЕВЯТЫ

“З сённяшняга дня абіраю Панну Марыю Маці Бога за сваю Маці і Гаспадыню. Аддаюся Ёй з целам і душой на ўсе часы як слуга. Абяцаю з дапамогай Бога служыць маёй Гаспадыні з усяго сэрца і аддаю для Яе хвалы сябе самую, усё, што маю і магу мець, усе мае справы і ўчынкі. Я абяцаю таксама з даверам прыбягаць да Яе дабрыні ва ўсіх патрэбах душы і цела, як да маёй Гаспадыні і Прытулку грэшнікаў… А Цябе, Каралева і Гаспадыня мая, праз хвалу і любоў Бога прашу, каб Ты, мяне, нягодную і грэшную Тваю слугжабніцу, далучыла да супольнасці Тваіх сыноў і дачок, Тваіх выбраных, якіх Ты любіш…”

Марыя, Маці і Каралева Кармелю, дзякую Табе за ўсе ласкі, якія праз дар святога Шкаплера сплываюць на маю душу. Прашу Цябе, ратуй мяне ў небяспеках, захоўвай ад граху, выпрошвай моц, каб вытрываць у ласцы Божай. Няхай шата асвячаючай ласкі, якую сімвалізуе Шкаплер, заўсёды будзе маім удзелам. А калі праз слабасць і недахоп руплівасці я ўпаду, няхай Тваё заступніцтва дапаможа мне ўстаць і абмыць свае правіны праз пакуту. Дадавай мне моцы для барацьбы з грахом, каб некалі, апрануты(ая) ў вясельную шату збаўленых, я быў(ла) дапушчаны(ая) да нябеснай вячэры і радаваўся(лася) вечным шчасцем у Доме Бога Айца. Амэн.

Вітай, Марыя… Каралева Святога Шкаплера, маліся за нас.

Для прыватнага карыстання.
Усе правы на належаць
Сёстрам Кармелітанкам Босым
Klasztor Sióstr Karmelitanek Bosych
pw. Świętych Obcowania ul. Legionów 92 a
32-600 Oświęcim, tel. 33 843 08 65
http://karmel-oswiecim.pdg.pl/



понедельник, 16 июня 2014 г.

Маці Божая Добрай Рады


 Падставай культу Маці Божай Добрай Рады з’яўляюцца біблійныя тэксты з кніг мудрасці, якія адносяць да Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама тэалагічныя тэксты св. Аўгустына, св. Ансэльма з Кантэрберы і св. Бернарда з Клерво пра Маці Божую, як пасрэдніцу ласкаў, асабліва дароў Духа Святога.

На пачатку нашага стагоддзя папа Леў XIII далучыў заклік “Maці Добрай Рады” да Ларэтанскай Літаніі.

З 1467 г. гэты тутул звязаны з абразом Маці Божай у Геназане (Італія), якая была тады сусветным цэнтрам гэтага культу. Абраз візантыйскага стылю, нагадваючы фрагмент фрэскі, у памерах 42,5 x 31 cм, прадстаўляе бюст Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, якое абдымае шыю Маці, а свой твар абапірае на Яе шчаке. Выраз Яго твару не дзіцячы. З бязмежнага позірку прамаўляе Мудрасць Божая, да слоў якой уважліва прыслухоўваецца Марыя. Спачатку гэтую выяву называлі Маці Божай Райскай, Цудоўнай або Мадоннай Албанцаў. У апошнія часы яе называюць Маці Божай Добрай Рады.

Паводле легенды, бл. Петруча з Геназаны жадала пабудаваць касцёл у гонар Маці Божай Добрай Рады, але ў яе скончыліся матэрыяльныя сродкі. Калі людзі смяяліся з яе клопатаў, Петруча запэўніла іх, што нашая добрая Гаспадыня зробіць усё, што трэба. Легенда апавядае далей, што аднойчы, дакладна ў палудзень, абраз Маці Божай зышоў на яшчэ не скончаныя муры касцёла, а да Геназаны прыехалі двое мужчын са Скутары (Албанія), якія сцвярджалі, што бачылі, як абраз адарваўся ад сцяны і ўзносіўся да неба. Тагачасны правінцыял Амброзы з Кура ў хроніцы – пад датай 25 красавіка 1467 г. – запісаў толькі тое, што “на сцяне касцёла з верху паказаўся нейкі абраз блаславёнай Дзевы”. Хранолаг нічога не кажа пра ўздымаючыся абраз, хоць напэўна быў перакананы, што гэта была надзвычайная з’ява. Праўдападобна ў той жа час нарадзілася легенда, што фрэска з’явілася, як дар неба. Не толькі жыхары горада пачалі ўшаноўваць стары абраз Марыі, але хутка пачаўся вялікі рух пілігрымаў з далёкіх краін. Ужо з першых месяцаў захаваліся шматлікія, натарыяльна зацверджаныя выпадкі выслуханых просьбаў. Гісторыя албанцаў абудзіла вялікі інтарэс і да Геназаны пачалі прыходзіць натоўпы людзей, каб паглядзець на цудоўны абраз Марыі. А калі распаўсюдзіліся навіны пра шматлікія цуды, якія адбываліся перад абразом, пілігрымкі да фрэскі ўзмацніліся.

Сучасныя даследванні не паццвярджаюць гэтай прыгожай легенды. Образ у гэтым стылю мае свае карані ва Ўсходнім Касцёле і магчыма, што ў Геназане пасяліліся людзі, якія прыйшлі туды з Усходу і прынеслі яго з сабой. Паводле апошніх даследванняў фрэска паходзіць з малярскай школы Джэнтыле Фабрыяно, далікатнае і адухаўлёнае мастацтва якога дыхае яшчэ поўняй позняй готыкі. Фрэска была намаляваня каля 1400 г. Праз некалькі гадоў Папа Марцін V (+ 1431), які падчас гарачых летніх месяцаў затрымліваўся ў Геназане, месцы свайго нараджэння, зрабіў для Аўгустыянаў прыгожы мармуровы рэльеф Мадонны з Дзіцяткам, тыповы мастацкі твор рэнесансу. Старэйшы абраз (фрэска), які не вельмі адпавядаў пачуццю прыгажосці новага стылю, быў заменены новым мастацкім творам і завешаны.

Рацыянальна цяжка растлумачыць неверагодна вялікую лічбу пілігрымаў, пра якія апавядаюць старыя хронікі, а таксама да сённяшняга трываючы іх наплыў. Папа Ян XXIII, перад распачаццем Другога Ватыканскага Сабору, таксама пілігрымаваў да Геназаны.

Марыя заслугоўвае тытул Маці Добрай Рады ў шматлікім сэнсе. Яна нарадзіла прадказанага прарокам Ісайям “Сапраўднага Дарадчыка”, на якім спачывае Дух Божы. Аднак сама Марыя таксама з’яўляецца добрай Дарадчыцай. Словамі Евангелля св. Яна: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”, яна дае канчатковую параду; бо той, хто шукаючаму парады пакажа на Хрыста і Яго Слова, заўсёды добра раіць.

Абраз каранаваў у 1682 г. папа Інакенцій XI, a ў 1867 г. з нагоды 400-годдзя аб’яўленняў яшчэ раз папа Пій IX. Развіццё культу адбылося пад канец XVII ст. у сувязі з каранацыяй абраза. Шматлікія копіі з XVIII i XIX ст. былі распаўсюджаны ў Італіі, Гішпаніі, Бельгіі, Германіі, Чэхіі і Польшчы, а таксама ў Амерыцы, Аўстраліі і Афрыцы.

Вакол цудоўных абразоў паўставалі сантуарыі і пілігрымковыя цэнтры; асабліва ў касцёлах Аўгустыянаў. Маці Божая Добрай Рады з’яўляецца галоўнай апякункай Албаніі.

Свята на ўспамін цудоўнага аб’яўлення абраза зацвердзіў 25 IV 1727 г. папа Бенэдыкт XIII, a папа Пій VI перанёс яго на 26 IV (з-за таго, што 25 IV выпадае ўрачыстасць св. Марка Евангеліста).

Марыя – Успамога Хрысціянаў


Першым, хто ў гісторыі Касцёла выкарыстаў слова “ўспамога”, быў св. Яфрэм, дыякан і вялікі сірыйскі паэт, Настаўнік Касцёла (373 г. н.э). Ён пісаў, што “Марыя з’яўляецца сапраўднай апякункай для няшчасных і дапамагае грэшнікам вызваліцца ад грахоўных пакутаў”.

Да XVI ст. існавала шмат святыняў, у якіх хрысціяне звярталіся да Марыі Успамогі Хрысціянаў, Марыі Божай Дапамогі або Марыі Ласкі Божай. Усе гэтыя назвы вельмі падобныя. Дактары Касцёла ў сваіх працах заклікалі з вялікім даверам ставіцца да заступніцтва Марыі, якую назвалі “Успамога”, і тлумачылі, што гэтае слова азначае розныя магчымыя і жаданыя формы духоўнай ласкі і любові Усявышняга, якія чалавек прагне атрымаць, калі звяртаецца да Маці Божай у малітве.

Прыкладна ў 1500 годзе з дазволу папы Пія V у Ларэтанскай літаніі з’яўляецца заклік: “Maria, Auxiliatrix Christianorum!” (“Марыя, Успамога Хрысціянаў!”). З таго часу ў гісторыі Каталіцкага Касцёла распачынаецца яскравае развіццё культу Панны Марыі пад гэтым тытулам. Лічыцца, што менавіта гэта Каралева дапамагае хрысціянам змагацца за сваю веру і заўсёды мае ласку выслухоўваць чалавека ва ўсіх яго патрэбах.

На далейшы трыумф пераможнай Каралевы паўплывалі тры асноўныя гістарычныя падзеі ў хрысціянізацыі Еўропы XVI – XVII стст.: перамога каталіцкага флоту над турэцкай армадай пры Лепанта (1571г.); 30-гадовая вайна (1618-1648); слаўная перамога хрысціянаў у Венскай бітве супраць Асманскай імпрерыі пад кіраўніцтвам польскага караля Яна III Сабескага (1683г.)

Варта ўявіць сабе гэтыя крывавыя гістарычныя бітвы дзвюх цывілізацый – Крыжа і Паўмесяца. Падчас бітвы пад Лепанта (Італія) вернікі Хрыста былі ў небяспецы, хоць маглі ў любы момант апынуцца ў варожым палоне і трапіць пад рэжым Паўмесяца ў Еўропе. І галоўнакамандуючыя, і простыя салдаты скіроўвалі свой позірк на неба, просячы заступніцтва Марыі ў абароне святога Касцёла і Папы. “Марыя, Успамога Хрысціянаў, маліся за нас! Ты – наша магутная дапамога!” Просьбы іх былі выслуханыя, Крыж Хрыста і Марыі атрымаў перамогу.

У гісторыі рэлігіі існуе меркаванне, што культ Марыі Успамогі Хрысціянаў пачаў афіцыйнае развіццё ў Італіі, далей ён быў пашыраны і замацаваны ў Баварыі. У 1624 г. у нямецкім мястэчку Пасаў з’явіўся першы касцёл пад гэтым тытулам. У канцы XVII ст. у Мюнхене, у парафіі св. Пятра, утварылася Брацтва Марыі, Успамогі Хрысціянаў. Да сённяшняга часу вернікі ў Баварыі ўсклікаюць да Марыі: “Maria, hilf!” (Марыя, дапамажы).

Ужо ў пачатку XVIII ст. слава і праслаўленне Марыі Успамогі Хрысціянаў распаўсюдзілася ў Паўночнай Італіі, дзе ў свой час святы Ян Боска стаў апосталам служэння культу Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ён зрабіў мноства канкрэтых учынкаў, якія пасадзейнічалі таму, што ўшанаванне гэтага тытулу Марыі стала вядомым і папулярным ва ўсім каталіцкім свеце. Ян Боска заснаваў мужчынскую манаскую супольнасць, дзейнасць якой была скіравана на працу з юнакамі, ад якіх адмовіліся бацькі ці якія па іншых прычынах апынуліся на выліцы. Пазней ён заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ян Боска нястомна праводзіў евангелізацыю сярод моладзі і прыкладам свайго адданага служэння Богу і людзям абуджаў пакліканні да святарскага жыцця ў супольнасці салезіянаў. У 1865-1868 гадах св. Ян Боска ўзвёў базыліку ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.

Сапраўдным скарбам з’яўляецца абраз Турынскай Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (мастак Ларэнцонэ). Гэта адна з самых буйных у іканаграфіі выяваў – алтарны абраз мае 8 метраў у вышыню і 4 метры ў шырыню. На ім Марыя паказана як сапраўдная Каралева, апранутая ў чырвоную сукенку і сіні плашч. Яе галаву ўпрыгожваюць карона і вянок з дванаццаці зорак. На левай руцэ Яна трымае Божае Дзіцятка, якое адкрыта працягвае свае рукі, вітаючы кожнага чалавека. У правай руцэ Маці Божая мае залаты скіпетр, а над Яе постаццю лунае Святы Дух у выглядзе голуба. “Сучаснаму свету вельмі патрэбная апека Маці Божай, а святому Касцёлу Езуса Хрыста патрэбна Яе дапамога…” (Ян Боска).

Соф’я Крышаловіч,
парафіянка касцёла
Маці Божай Успамогі Хрысціянаў
у Бараўлянах
Часопіс “Ave Maria” N 5/2012

Навэнна да МБ Успамогі Хрысціянаў

Першы дзень (15 мая)

О Найсвяцейшая Марыя, магутная ўспамога хрысціянаў, якія з даверам звяртаюцца да трона Тваёй міласэрнасці! Пачуй просьбы свайго народу, які просіць Цябе аб дапамозе, патрэбнай для пазбягання граху і ўсялякіх абставінаў, якія вядуць да яго.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна, – дай нам сілу супраць непрыяцеляў Тваіх.

Молімся. Усемагутны і міласэрны Божа, для абароны хрысціянскага народу Ты прызначыў благаслаўлёную Панну Марыю вечнай нашай памочніцай. Просім, учыні ласкава, каб, падтрыманыя Яе апекаю, змагаючыся пры жыцці і ў хвіліну смерці, мы маглі атрымаць перамогу над непрыяцелямі нашага збаўлення. Амэн.

Другі дзень (16 мая)

О Найсвяцейшая Марыя, непераможная Каралева і Маці Касцёла! На працягу вякоў Ты бяспечна кіравала яго лодкаю пачас страшэнных бураў, учыні, каб як мага хутчэй зніклі ўсе падзелы сярод веруючых і хутка настала адна аўчарня і адзін Пастыр, Твой Сын Езус Хрыстус.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Трэці дзень (17 мая)

О Марыя, любімая Маці! Ты была магутнаю апякункаю Пія VII і іншых папаў аж да сённяшняга дня. Аіхіні плашчом мацярнскай апекі наступніка Хрыста на зямлі – Святога Айца. Нястомна ахоўвай яго падчас небяспекі, распалі ў ім агонь духа, будзь для яго натхненнем і правадніцаю, каб ён мог паяднаць усіх людзей добрай волі ў хрыстовым Касцёле.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Чацвёрты дзень (18 мая)

О Марыя, Каралева Апосталаў! Вазьмі пад сваю магутную апеку біскупаў, святароў і ўвесь народ верны. Выпрасі для іх дух еднасці, дасканалай паслухмянасці Святому Айцу і сапраўднага клопату пра збаўленне душаў. Перадусім шчыра апякуйся місіянерамі, каб іх служэнне прычынілася да ўмацавання Божага Валадарства на зямлі, да праслаўлення Бога і збаўлення ўсіх у небе.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Пяты дзень (19 мая)

О Найсвяцейшая Марыя, Каралева мучанікаў! Падчас свайго зямнога жыцця Ты спазнала вялікія цярпенні, умацуй нашую волю ў верным служэнні Табе, каб мы з адвагаю і пераканана спаўнялі свае рэлігійныя абавязкі, заўсёды былі Тваімі вернымі дзецьмі.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Шосты дзень (20 мая)

О Марыя Успамога Хрысціянаў! Выпрасі для нас ласку трываласці ў святой веры і захаванні ў сабе свабоды дзяцей Божых. У Сваю чаргу абяцаем Табе прыкласці ўсе намаганні, каб нашае жыццё было нястомнаю ахвяраю для Бога, Айца нашага, ахвяраю, якую мы будзем прыносіць праз Езуса, Твайго Сына, які гарантаваў нам вечнае збаўленне.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Сёмы дзень (21 мая)

О Найсвяцейшая Марыя, ласкавая і літасцівая Маці! Сваім дзейсным заступніцтвам Ты на раз вызваляла народ хрысціянскі ад жыццёвых няшчасцяў і зямных пакаранняў. Ратуй нас ад напасці бязвер’я і вольнасці звычаяў, з-за якіх душы становяцца абыякавымі і аддаляюцца ад Бога. Умацоўвай добрых, падтрымлівай слабых, пакліч да пакаяння закаранелых грэшнікаў.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Восьмы дзень (22 мая)

О Найсвяцейшая Марыя, найласкавейшая Маці свайго Боскага Сына! Пачуўшы вестку аб Яго смерці, Ты з трывогаю шукала Яго тры дні і тры ночы, просім Цябе, глянь вокам сваёй матчынай любові на нашых дзяцей і моладзь. Надзейная Дапамога ў справах выхавання, вядзі маладое пакаленне да Езуса Хрыста, дапамагай моладзі расці ў атмасферы праўды і любові і захавай ад граху.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Дзевяты дзень (23 мая)

О Марыя, Найласкавейшая Маці! Ва ўсе часы Ты была ўспамогаю хрысціянаў, атулі нас сваёю чулаю апекаю пры жыцці і асабліва – у хвіліну смерці нашай. Учыні, каб мы, любячы і ўшаноўваючы Цябе на зямлі, маглі праслаўляць Тваю міласэрнасць у небе.

Вітай, Марыя…, Хвала Айцу…
Марыя Успамога Вернікаў, – маліся за нас.
Дазволь нам праслаўляць Цябе, о Святая Панна…

Малітва
(складзена св. Янам Боскам паводле біблійных тэкстаў)
О, Марыя,
Магутная Панна,
велічная і прыгожая Абарона Касцёла,
цудоўная Успамога хрысціянаў!
Нязломная, як войска ў баявым парадку,
Ты сама знішчыла
ўсе аблуды, што атручваюць свет.
Просім, абарані нас ад ворага
ў горы, барацьбе
і безнадзейнасці,
а ў хвіліну смерці
вазьмі ў неба.
Амэн.

Вастрабрамская Божая Маці

Звыш 300 гадоў Вастрабрамская Божая Маці з’яўляецца асаблівай Заступніцай літоўскай, беларускай і польскай земляў. Прыгожае адлюстраване Найсвяцейшай Марыі Панны са злёгку схіленай галавой у арэоле з дванаццаці зоркаў і шматлікіх праменняў схіляе да роздуму і малітвы. Далікатная стройная постаць Багародзіцы з прыадкрытымі вачамі і скрыжаванымі на грудзях далонямі абуджае любоў і давер. Несамавітая лагоднасць, задуменнасць, асалода і адначасова глыбокая павага выпраменьваюцца з гэтай выявы.

Як цудоўны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, так і капліца, дзе ён размяшчаецца, і сама Вострая Брама маюць багатую гісторыю, якая звязана з гісторыяй развіцця Вільні. У канцы XVст. пачатку XVI ст. паўстала дзевяць гарадскіх брамаў, з ліку якіх адна (адзіная, якая захавалася да нашага часу) насіла назву Мядніцкая ці інакш Крэўская. Крыху пазней “прыжылася” іншая назва брамы – Вострая (ад назвы часткі паўднёвага прадмесця, якую называлі Востры Канец). Паводле традыцыі на абарончых брамах вешалі святыя абразы. У 1626 г. айцы-кармеліты заснавалі ў гэтым месцы свой кляштар, а ў самой браме пабудавалі невялікую капліцу, дзе памясцілі абраз Божай Маці Міласэрнасці. 12 красавіка 1671 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне абраза віленскім біскупам у прысутнасці найвышэйшых свецкіх саноўнікаў Вялікага княства Літоўскага, прафесараў і студэнтаў Віленскай Акадэміі, прадстаўнікоў магістрату горада і вільнянаў. Варта дадаць, што Вострая Брама мела іншыя абразы па абодва яе бакі, якія праз некаторы час былі знішчаны.

Культ Маці Міласэрнасці з Вострай Брамы – вельмі вялікі і непараўнальны па сваёй сіле. Ён пачаў развівацца ў другой палавіне XVII ст. і быў звязаны з абаронай гарадскіх муроў. Гэты культ набраў сваю сілу ў I палове XVIII ст. Асаблівае развіццё ўшанавання да Маці Міласэрнасці наступіла пасля падзелу Польшчы. Вуліца, якая вяла праз Вострую Браму, была вельмі ажыўленай гарадской артэрыяй.Размяшчэнне там абраза зрабіла гэтую звычайную вуліцу месцам малітвы. Гэта там маліліся Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі, Юзаф Ігнацый Крашэўскі, а Вострая Брама была на працягу стагоддзяў нараўне з Яснай Гарой Марыйным санктуарыем, які славіўся шматлікімі ласкамі. У 1993 г. Ян Павел II маліўся ў капліцы ў Вострай Браме. Ён ахвяраваў тады Божай Маці Міласэрнасці папскую залатую ружу.

Каля 1671 г. выява Маці Міласэрнасці была закрыта сярэбранай пазалочанай сукенкай. Сярэбраны паўмесяц з выгравіраваным надпісам: “Падзяку Табе складаю Божая Маці за тое, што Ты выслухала мае просьбы і прашу Цябе, Маці Міласэрнасці, будзь ласкавая да мяне”, які знаходзіцца ў ніжняй частцы абраза – гэта вота з 1849 г. Галаву Божай Маці аздабляюць дзве кароны. Адна – у стыле барока для Каралевы Нябёсаў, другая – у стылі ракако – для Каралевы Польшчы. Вострая Брама звязана таксама з культам Божай Міласэрнасці. Абраз Божай Міласэрнасці быў намаляваны ў Вільні і выстаўлены для публічнага агляду менавіта ў Вострай Браме (26 – 28 красавіка 1935 г.). Тут таксама св. Фаустына мела аб’яўленне трыумфу абраза Божай Міласэрнасці. Гэтае аб’яўленне здзейснілася. Вуснамі тысячаў пілігрымаў з усяго свету можна сказаць: “Я схіляю галаву, аглядаючы Цябе, Каралеву ўсяго Сусвету, і прашу Твайго благаславення”.

Вастрабрамскую Божую Маці называюць Маці Міласэрнасці. Гэты тытул мае глыбокі тэалагічны сэнс. У энцыкліцы пра Божую Міласэрнасць Божы слуга Ян Павел II піша, што Марыя, становячыся Маці Уцелаўлёнага Сына, адчула (выключным чынам) Божую Міласэрнасць, але адначасова акупіла свой удзел у аб’яўленні Божай Міласэрнасці ахвярай сэрца. Таму Марыя – гэта Тая, якая цалкам ведае таямніцы Божай Міласэрнасці. Яна накіроўвае свае міласэрныя вочы да турботаў кожнага засмучанага чалавека і выпрошвае ласку. Пастаянна Бог спачувае чалавеку цераз мацярынства Марыі Панны. Яна як Упрашальная Усемагутнасць, Маці Літасці, Пасрэдніца Усіх Ласкаў і Маці Міласэрнасці, перапоўнена чуллівасцю да людзей, да іх няўмеласці, мізэрнасці і слабасці, заўжды выбягае насупраць засмучаным сваім дзецям.


Навэнна, літанія і малітвы да МБ Міласэрнасці з Вострай Брамы

(з 7 па 15 лістапада)

Дзень першы – 7 лістапада
О Найхвалебнейшая Каралева і Маці Міласэрнасці, вядомая цудамі ў Вострабрамскім абразе, вітаю Цябе. Я падаю на калені перад Тваім святым Вобразам. Пакорна прашу Цябе, распалі маё сэрца любоўю і выпрасі мне ласку вытрывання ў служэнні Табе і Твайму Сыну, Езусу Хрысту, каб з Тваёй дапамогай я мог выканаць волю Божую і дасягнуць вечнага шчасця!
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень другі – 8 лістапада
Святая Марыя, Маці Міласэрнасці і Валадарка свету, якая ў Вострай Браме адорваеш вялікімі ласкамі ўсіх тых, што да Цябе звяртаюцца, я вітаю Цябе любоўю ўсяго стварэння і пакорна прашу Цябе, выпрасі мне ў Свайго Сына патрэбныя ласкі і адчыні мне браму нябеснай хвалы!
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень трэці – 9 лістапада
Маці Міласэрнасці, Найсвяцейшая Панна Марыя, якая змясціла Свой цудоўны Абраз у Вострай Браме, каб усе маглі яго аглядаць, каб усе прытуляліся да Цябе ва ўсіх сваіх патрэбах як да Маці і Апякункі; я прыходжу да Цябе як сын марнатраўны, пакорна просячы, каб Ты прыняла мяне як Сваё дзіця і даручыла Свайму ўмілаванаму Сыну, Езусу Хрысту.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень чацвёрты – 10 лістапада
Святая Марыя, Маці Міласэрнасці, Ты праз Свой святы Абраз у Вострай Браме аздараўляеш хворых і ўваскрашаеш памерлых. Я прашу Цябе, аздараві душу маю, прыгнечаную цяжарам грахоў, каб з Тваёй дапамогай я пазбег вечнай смерці і жыў разам з Табой і Тваім Сынам, Езусам Хрыстом, у вечным шчасці.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень пяты – 11 лістапада
Святая Марыя, Маці Міласэрнасці, Крыніца жывой вады, з багацця якой усе могуць зачэрпнуць, падтрымай мяне Сваёй святой ласкай і барані ад небяспекаў гэтага свету, каб з Тваёй дапамогай я шчасліва дайшоў да порту збаўлення.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень шосты – 12 лістапада
Святая Марыя, Маці Міласэрнасці і Валадарка ўсяго свету, якая праз Свой святы Абраз адорваеш бязмежнымі ласкамі ўсіх тых, хто да Цябе прыбягае, дапамажы маёй бязраднасці, каб жывучы на зямлі, я сэрцам заўсёды быў у небе і нястомна хваліў Цябе, а гэтым заслужыў ласку сузіраць Цябе і з Табою вечна валадарыць.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень сёмы – 13 лістапада
Святая Марыя, Маці Міласэрнасці, ласкавая і шчодрая ў Сваім святым Абразе, вось я, нягоднае і няўдзячнае дзіця Тваё, стаю перад Табою, вызнаючы сваю ўбогасць і мізэрнасць, і прашу Цябе, выпрасі мне ў Свайго Сына, майго найдаражэйшага Збаўцы, Езуса Хрыста, ласку веры, надзеі і любові, каб праз Тваё заступніцтва я дасягнуў вечнага шчасця.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень восьмы – 14 лістапада
Святая Марыя, Маці Міласэрнасці, суцяшальніца засмучаных, я падаю на калені перад Тваім святым Абразом з сэрцам поўным болю. Да каго ж мне яшчэ пайсці ў сваім цярпенні, як не да Цябе, Маці Міласэрнасці? Мяне прыцягвае да Цябе ўлада, якую Ты маеш у небе, і дабрыня Твайго Сэрца. Выпрасі мне ў Бога, Найсвяцейшая Дзева, ласку хрысціянскай цярплівасці, каб я пакорна і з падданнем Волі Божай зносіў усе цяжкасці і выпрабаванні, як узнагароду Божай справядлівасці за свае грахі і, каб выпрасіць ўзнагароду ў жыцці вечным.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.

Дзень дзевяты – 15 лістапада
О, самая годная Маці нашага Збаўцы! Беззаганная Вострабрамская Дзева Марыя, поўная дзіўнай слодычы і лагоднасці, я падаю на калені перад Тваім святым Абразом і прашу аб Тваёй міласэрнасці. З даверам у Тваю дабрыню і ласкавасць я аддаюся пад Тваю абарону, дзе слабыя знаходзяць моц і падтрымку.
О Вострабрамская Марыя, не пераставай з гэтай хвіліны і да апошняй гадзіны майго жыцця з дабрынёй Свайго Сэрца спаглядаць на мяне з неба. Наведай мяне ў хвіліну смерці разам з маім святым Анёлам Апекуном, маім святым Патронам і Тваім Найчысцейшым Абраннікам святым Юзафам, каб я атрымаў ласку перапрасіць Боскае Аблічча Твайго Сына, якога я так часта зневажаў сваімі цяжкімі грахамі. “Святая Марыя, Маці Божая! Маці Міласэрнасці, маліся за мяне цяпер і ў хвіліну маёй смерці”. Амэн.
Маці Міласэрнасці, выпрасі мне таксама ў Свайго Сына ласку …, аб якой я пакорна і з даверам прашу ў Яго праз Тваё заступніцтва падчас гэтай навэны.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Maці Міласэрнасці – маліся за нас.


Літанія да Маці Божай Міласэрнасці


Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон,
Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
Хрыстэ, выслухай нас.
Божа Ойча, багаты ў міласэрнасці, змілуйся над намі.
Сыне Божы, адсланяючы міласэрнасць Айца, змілуйся над намі.
Духу Святы, крыніца любові і міласэрнасці, змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, які праз Свой Провід апякуешся над ўсім
стварэннем, змілуйся над намі.

Маці прыгожай любові, маліся за нас.
Маці Міласэрнасці, маліся за нас.
Маці літасці і ласкі, маліся за нас.
Маці ахвярнасці і дабрыні, маліся за нас.
Маці прысвячэння і служэння, маліся за нас.
Усемагутная Заступніца, маліся за нас.
Захавальніца Божай Міласэрнасці, маліся за нас.
Прытулак грэшнікаў і вінаватых, маліся за нас.
Дапаможніца галодных і прагнучых, маліся за нас.
Сховішча бяздомных і бадзягаў, маліся за нас.
Апякунка ўбогіх і прыніжаных, маліся за нас.
Заступніца ўдоў і сірот, маліся за нас.
Кіруючая Зорка блукаючых і згубленых, маліся за нас.
Заступніца скалечаных і зняволеных, маліся за нас.
Надзея вязняў і самотных, маліся за нас.
Суцяшэнне тых, што ў сумненні і роспачы, маліся за нас.
Апора церпячых і канаючых, маліся за нас.
Умілаваная Дачка Спрадвечнага Айца, пачуй нашыя просьбы.
Маці Адзінароднага Сына Божага, пачуй нашыя просьбы.
Сужонка Духа Святога, пачуй нашыя просьбы.

Праз прывілей Беззаганнага Пачацця, асаблівы дар Божай Міласэрнасці,
выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз Звеставанне Ўцелаўлення Сына Божага і ўдзел у збаўчым плане Божым, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз наведванне Святой Альжбеты і праслаўленне ў Яе доме песняй Магніфікат міласэрнасці Створцы з пакалення ў пакаленне, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз Нараджэнне Езуса Хрыста ў стаенцы, убогасці і холадзе дзеля таго, каб узбагаціць усіх нас Сваёю шчодрасцю, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз Ахвяраванне ў святыні Богу Свайго Сына як узнагароду за грахі свету і згоду на прыняцце меча болю, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз Знаходжанне Езуса ў святыні і разважанне ў сэрцы над Яго словамі пра патрэбу прысутнасці ў справах Божых, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз Свой клопат у Кане Галілейскай i тое, што Ты выпрошваеш у Збаўцы цудоўную дапамогу ўсім патрабуючым, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз цярплівае чаканне спаткання з навучаючым Хрыстом і пакорнае падпарадкаванне Свайго жыцця збаўчым намерам Божым, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз Свой удзел у справе адкуплення на Крыжы і прыняцце, згодна з воляй Сына, матчынай апекі на Касцёлам і ўсім чалавецтвам, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз чуванне на малітве разам з Апосталамі ў Вячэрніку, каб выпрасіць чалавецтву моц і дары Духа Святога, выпрасі нам злітаванне Божае.
Праз таямніцу Ўнебаўзяцця, якая няспынна прыносіць нам плады Твайго заступніцтва перад Богам i пасрэдніцтва ва ўсялякіх ласк, выпрасі нам злітаванне Божае.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі.

С.: Маліся за нас, Маці Міласэрнасці.
Усе: Каб Бог абдарыў нас Сваёй міласэрнасцю.

Молімся. Божа, адзіны ў Святой Тройцы, Міласэрная Любоў, пакорна просім Цябе праз заступніцтва Маці Міласэрнасці, прабач нам грахі нашыя, вылячы нашыя слабасці, разарві ланцугі няволі, узмацняй у хвілінах выпрабаванняў і падтрымлівай у перашкодах лёсу. Навучы нас таксама ісці шляхам Тваіх прыказанняў i блаславенстваў, а таксама рабіць учынкі міласэрнасці, каб мы, стаючыся соллю зямлі і святлом свету, маглі імкнуцца да з’яднання з Табою ў небе. Які жываш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

Малітвы да Маці Божай Міласэрнасці

Штодзённая малітва перад цудоўным абразом Маці Божай Міласэрнасці
О, Пані мая, Святая Марыя, Тваёй ласцы, міласэрнасці і Твайму асабліваму заступніцтву, сёння і кожны дзень, і ў хвіліну маёй смерці я душу і цела свае давяраю. Усе надзеі і суцехі мае, усе смуткі і цяжкасці, жыццё і канец жыцця майго я Табе даручаю, каб праз Твае заслугі ўсе мае ўчынкі былі накіраваныя на выкананне волі Тваёй і Твайго Сына. Амэн.

Малітва да Маці Міласэрнасці
Маці Міласэрнасці, Найсвяцейшая Панна Марыя, якая змясціла Свой цудоўны Абраз у Вострай Браме, каб усе маглі яго аглядаць, каб усе прытуляліся да Цябе ва ўсіх сваіх патрэбах як да Маці і Апякункі; я прыходжу да Цябе як сын марнатраўны, пакорна просячы, каб Ты прыняла мяне як Сваё дзіця і даручыла Свайму ўмілаванаму Сыну, Езусу Хрысту.

Старажытная малітва да Маці Міласэрнасці
Марыя Вострабрамская! Маці Міласэрнасці, якая валадарыш у Вострай Браме, не пераставай з гэтай і да апошняй гадзіны майго жыцця з дабрынёй Свайго Сэрца спаглядаць на мяне з вышыні Свайго Трону ў небе.
Наведай мяне ў хвіліну смерці разам з маім Анёлам Апекуном і маім святым Патронам, каб я атрымаў ласку перапрасіць Боскае Аблічча Сына Твайго, якога я так часта абражаў сваімі цяжкімі грахамі. Святая Марыя, Маці Божая! Маці Міласэрнасці, маліся за мяне цяпер і ў хвіліну смерці маёй. Амэн.

Малітва да Маці Божай Вострабрамскай
Вітаем Цябе, Найхвалебнейшая Каралева і Маці Міласэрнасця, вядомая цудамі ў Вострабрамскім Абразе. Мы падаем на калені перад Тваім святым Абразом. Мы пакорна просім Цябе, распалі нашыя сэрцы любоўю і ўдзялі нам ласку выртрывання ў служэнні Табе і Твайму Сыну, Езусу Хрысту.
Давяраем Табе, о Маці Міласэрнасці і Маці Касцёла, усю нашую дыяцэзію, яе душпастыраў, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў. Выпрасі нам у Свайго Сына ласку узмацнення сярод нас еднасці і веры для дабра ўсяго Касцёла, каб, з’яднаныя повязямі любові, мы ахвярна працавалі ў Вінаградніку Касцёла Святога і будавалі Валадарства Божае ў сэрцах людзей.
Ты шчыра прытуляеш нас да Свайго Сэрца, Найміласэрнейшая Маці, і працягваеш да нас рукі, поўныя ўсялякіх ласк і дароў. Тваё матчынае сэрца прагне абдарыць нас усі, чаго мы патрабуем. Заахвочаныя гэтай дабрынёй з даверам мы звяртаемся да Цябе. Вырасі нам, Маці, усё тое, што нам патрэбна, а перш за ўсё, зрабі Сваім магутным заступніцтвам, каб мы захоўвалі чысціню і нявіннасць, верна і вытрывала захоўвалі дзіцячую любоў да Цябе, а ў сэрцы насілі вобраз Твайго Сына. Няхай Тваё Сэрца нас абараняе, кіруе намі і давядзе нас да вечнага святла. Амэн.

Перакладзена з польскай мовы

Цудоўны абраз МБ Будслаўскай

У па-бернардынскім касцёле ў Будславе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стагоддзях. Аднаўленне яго культу адбываецца ў наш час. У Будзе з 1589 г. Існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тут у 1613 г. знаходзіўся абраз, пазней двойчы перанесены ў новазбудаваныя каменныя касцёлы. Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме Папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца (1610 г.) абраз застаўся яго капеляну ісаку Салакаю, пазней – даўгінаўскаму вікарыю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама просьбай айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу «і там у законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».

Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар замест ранейшага абраза «Наведзінаў Марыяй Альжбэты» (БАН Літвы, F. 18–170, л. 47.). Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650). Аўтар адзначае, што сведчанні на паперы аб ласках абраза былі прыклеены на сцены драўлянага касцёла і пры яго разборцы многія пашкодзіліся. (Sanktuarium na Białorusi Budsław. Opr. ks. magistr Wł. Zawalniuk. Mińsk, 1993. С.11.) Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 г. – вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым ксяндзом – кармэлітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад падучай хваробы, якая мучыла яго сем гадоў. Зеляевіч апісаў 42 цудоўныя аздараўленні і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі, вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Ранены ротмістр трапіў у маскоўскі палон у 1632 г. І змог шчасліва вярнуцца дзякуючы шлюбу перад абразом яго таварыша Лукаша Уладоўскага. Магчыма, таму Ян Кішка стаў разам з віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім і сямействам Долмат-Iсайкоўскіх адным з фундатараў мураванага касцёла (1633–1643 гг.). Для змяшчэння цудатворнага абраза майстрам Пятром Грамелем у 1649 г. быў выразаны выдатны алтар, які захаваўся да нашага часу. Тады ж бернардынцамі – злотнікамі Геранімам Плонскім і Бенедыктам Росманам выкананы срэбраныя аздобы святыні – сукенка і ажурная рама. (Maria Kałamajska-Saeed. Ołtarz w Budsławiu//Niderlandyzm w sztuce Polskiej. Warszawa, 1995. S.444.) У час нашэсця войск цара Аляксея Міхайлавіча абраз вывозіўся ў Саколку (на Падляшшы), адкуль вярнуўся ў 1665 г. (Sanktuarium…с.25)

Абраз згадваецца ў кнізе А. Каяловіча аб літоўскіх святынях (1650), а таксама ў еўрапейскіх кампендыумах В. Гумпенберга (Atlas Marianus, 1657 i 1672) і Г.Шэрара (1702). Неназваныя кнігі пра абраз пералічаны ў вопісе кляштарнай бібліятэкі за 1822 г. Тут у гэты час яшчэ захоўвалася рукапісная кніга цудаў Маці Божай Будскай, а таксама тры гравёрныя дошкі з выявай абраза.

Прафесар Раймундус Пятровіч у 1818–1825 гг. друкаваў у Будславе песні аб Найсвяцейшай Панне Марыі і штыхаваў яе абразкі. Будслаўскі абраз карыстаўся шанаваннем найперш у літоўскай правінцыі бернардынцаў, у некаторых касцёлах асобныя алтары былі прысвечаны Маці Божай Будскай (напрыклад, у Магілёве). Са скасаваннем ордэна бернардынцаў касцёл застаўся парафіяльным, але прапаганда культу абраза аслабла. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай дыяцэзіі» сярод 10 касцёлаў з цудадзейнымі абразамі Маці Божай згаданы і будслаўскі. У наш час Маці Божая Будслаўская становіцца агульнабеларускай святыняй, сведчаннем чаго з’явілася каранацыя абраза 2 ліпеня 1998 г. З 1992 г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.

Абраз намаляваны алеем на палатне, нацягнутым на дошку памерам 72 х 65 см, рэстаўраваны ў 1991–1992 гг. В.Лукашэвічам (на адвароце дошкі змешчаны надпіс з вельмі каштоўнымі звесткамі аб гісторыі абраза і алтара). Іканаграфія тыпу Адзігітрыі, але трактаваная свабодна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая намаляваная па пояс, у чырвонай сукні, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавым шлякам. Твар з правільнымі рысамі, мадэліроўка аб’ёму святлоценявая, левая палова ў глыбокім ценю. Дзіця на левай руцэ ў свабоднай позе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнуты да Маці: правая благаслаўляе, а левай Езус нібы падае Маці плод граната, шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама Касцёла, шматлікіх вернікаў якога ўвасабляюць зярняткі (J.C.Cooper. Lexikon alter Symbole. Leipzig, 1986). Твар прыгожы, з тонкімі рысамі, позірк скіраваны да гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі промнямі.

На абразе – срэбраная шата, арнаментаваная свабодна раскіданымі кветкамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз абкладзены срэбранай рамай з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесансу, у які ўпісаны фігуры св. Казіміра і, магчыма, св. Ядвігі. Усё гэтае аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага майстэрства на Беларусі.

Можна было б спадзявацца, што копіі цудадзейнага абраза існавалі перш за ўсё у наваколлі Будслава. Аднак тыя абразы, якія дайшлі да нашага часу, знаходзяцца досыць далёка ад знакамітага бернардынскага кляштара. У неагатычным касцёле св. Уладзіслава ў Суботніках (на Гродзеншчыне) захаваўся абраз Маці Божай Будслаўскай ХVІІІ ст., намаляваны алеем на палатне, магчыма, з папярэдняга касцёла 1774 г. Не выключана, што абраз маляваўся непасрэдна з прататыпу: у ім досыць добра перададзены абліччы Марыі і Дзіцяці, хоць ёсць нязначныя адхіленні ў жэстах рук. Масіўны контур фігур і выраз твараў сведчыць аб мясцовай перапрацоўцы італьянскага прататыпу. На абразе няма ні металічнай шаты, ні каронаў – прыкметаў шанавання, ён невялікага памеру. Не выключана, што абраз паходзіць з якой-небудзь маёнткавай капліцы.

У царкве Нараджэння Багародзіцы ў Глыбокім выяўлены невялікі абразок Маці Божай Будслаўскай на палатне, датаваны 1738 годам. Хутчэй за ўсё, ён застаўся ад тутэйшага касцёла кармэлітаў, пераробленага ў 1860-я гг. пад царкву.

Вельмі дакладна перадае іканаграфічныя рысы будслаўскага абраза яго паўтор з Воўпы, таксама на палатне, магчыма, 2-й паловы ХVІІ ст. Аб майстэрстве мастака меркаваць пакуль немагчыма з-за дрэннага стану абраза. Невядомы злотнік у 1763 г. аздобіў яго знешне простай, але выразнай шатай з мноствам разнастайных дэталяў у стылі нізавога барока. Кампазіцыя ў асноўным паўтарае будслаўскую шату, аднак са своеасаблівымі дэталямі, адкрыты толькі твары. Паверхня мафорыя не гладкая, як на будслаўскім абразе, але апрацаваная «рыбнай луской», а адварот – далікатнай гравіроўкай. Кветкавыя парасткі – не тонкія маньерыстычныя арабескі, а рэдкія, з буйнымі пышнымі бутонамі. Рукавы сукенкі воўпенскі майстар завяршыў карункамі, а таксама «надзеў» на руку Марыі бранзалет з караляў. Цяжкую карону над галавой Багародзіцы трымаюць анёлкі-пуцці, якія сядзяць на аблоках.

Маці Божая Будслаўская ў мосарскім касцёле – гэта ўжо не копія цудадзейнага абраза, а дастаткова свабоднае барокавае ўвасабленне вядомага іканаграфічнага тыпу. Фігура паказана велічнай, падоўжанай, кампазіцыйна ўпісваецца ў тыповы для барока трохвугольнік. Манументальнасць вобраза падкрэслівае металёвая шата, шчыльна запоўненая арнаментальнымі палосамі. Змянілася аблічча Марыі: ад далікатных рысаў твару італьянскага абраза ў накірунку беларускай іканаграфіі Багародзіцы эпохі барока з позіркам, звернутым да гледача. Больш блізкае да прататыпу аблічча Езуса. Вакол галавы замест кругавога німба замацаваны вялізныя, не надта зграбныя прамяні.

Грубаватымі рысамі нізавога барока адрозніваюцца абліччы Марыі і Дзіцяці на абразе з царквы ў вёсцы Богіна на Браслаўшчыне, аднак агульная кампазіцыя і характэрныя рысы іканаграфіі перададзены дастаткова блізка да арыгіналу. Абраз закрыты шатай, характар арнаментацыі якой здалёку нагадвае будслаўскую. Няясна, ці той самы гэта «Угорскі» абраз Маці Божай, што згадваецца ў канцы ХІХ стагоддзя.

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ
“ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ”
Крыніца: http://media.catholic.by/nv/n16/art2.htm

Навэнна да МБ Будслаўскай



Уступная малітва
(чытаецца ў кожны дзень навэнны)

  Пане, Езу Хрыстэ, Сыне Божы, пра Муку якога мы з пабожнасцю разважаем у Будслаўскім санктуарыі, асвяці нас сваёю ласкаю. Асвяці наш розум, каб мы больш поўна і глыбока пазнавалі праўду. Умацуй нашую волю, каб мы палюбілі тое, чаго патрабуе ад нас воля Бога-Айца. Запалі нашыя сэрцы, каб мы здолелі больш дасканала палюбіць Праўду і Дабро.
   Сёння мы стаім каля падножжа Гары Блаславенняў, дзе Ты, Хрыстэ, абвяшчаеш новае, евангельскае вучэнне аб хрысціянскай маралі. Мы хочам услухацца ў Тваё вучэнне. Мы прагнем ператварыць яго ў жыццё.
   Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
   Просім Цябе, Маці Божая, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці сапраўднага чалавека. Вымалі ў свайго Сына, каб выслухаў усе нашы просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
   Дапамажы нам, наша Святая Пані, жыццём і малітвай яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, якая валадарыш у Будслаўскім санктуарыі. Няхай дапаможа нам таксама ў гэтым пабожнае чытанне навэны.




ПЕРШЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя ўбогія духам” (Мц 5, 3)

   Мы стаім каля падножжа гары, якую называюць Гарой Блаславенняў. На Ёй прамаўляе Хрыстус Пан. Яго словы з’яўляюцца для нас настаўленнем. Мы слухаем іх засяроджана і са здзіўленнем заўважаем, што сэнс гэтых слоў вельмі моцна адрзніваецца ад тэкстаў Старога Запавету. Тады добрым Божым слугою называлі таго, хто дасканала прытрымліваўся Божых запаведзяў. Той быў блаславёны, хто дакладна, літара ў літару, рэалізоўваў запаведзі Старога Запавету. Цяпер Хрыстус гаворыць пра ўбогіх духам. Ад Гары Блаславенняў павеяла нечым новым. Павеяла Новым Запаветам. Павеяла тым, што пазней будзе названа хрысціянствам. Са слоў Хрыста сыходзіць навізна, нараджаецца Евангелле. А Евангелле азначае Добрую Навіну.
   “Блаславёныя ўбогія духам”. Належаць да іх можа толькі той, хто ў жыцці кіруецца любоўю. Знешне можна выглядаць пабожным, унутраная ж дабрыня не можа існаваць без глыбокага запасу любові ў чалавеку.
   Духоўнае ўбоства можа быць шматаблічным, прымаць розныя формы.
   Існуе ўбоства выкарыстання рэчаў. Калі яно носіць духоўны характар, то грунтуецца на тым, што матэрыяльным каштоўнасцям не надаецца празмернае значэнне. Нагорная пропаведзь вучыць нас адрозніваць матэрыяльныя рэчы, патрэбныя чалавеку, ад тых, валодаць якімі ён імкнецца без пэўнай неабходнісці. Здараецца, што чалавек жадае іх без меры. Чым больш мае, тым больш прагне мець. Так чалавек паступова скажае свой характар. Прагнасць павялічвае яго эгаізм. Павышэнне матэрыяльнага ўзроўню жыцця часта спалучаецца з парушэннем правоў і годнасці іншага чалавека. Матэрыяльны дастатак нараджае пачуццё перавагі, а гэта супярэчаць прынцыпу любові да бліжняга.
   Але недахоп убоства ў сферы валодання матэрыяльнымі рэчамі – гэта яшчэ не самая вялікая загана чалавека. У Хрыстовым благаславенні ўказаны таксама іншыя элементы паводзінаў, адсутнасць якіх яшчэ мацней скажае характар чалавека.
   Убогі духам той, хто не навязвае іншым сваёй волі. Шмат ёсць такіх людзей, якія заўсёды навязваюць іншым сваю волю, якія лічаць, што толькі яны заўсёды маюць рацыю. Звычайна здараецца так, што менавіта той, хто менш ведае, гучней і больш настойліва навязвае іншым сваю думку. Шмат ёсць такіх людзей, якія прымушаюць рэалізоўваць свае планы і намеры за кошт перакананняў іншых, не зважаючы на іх правы. Такой не можа быць пазіцыя благаславёных паводле Нагорнай пропаведзі.
   Можна гаварыць пра ўбоства прэтэнзій. Найчасцей людзі патрабуюць справядлівасці для сябе,  у якой ім нібыта было адмоўлена. І рэдка прызнаюцца, што самі некага не задаволілі альбо кагосьці пакрыўдзілі, прычынілі некаму боль. Яны маюць прэтэнзіі да іншых, а самі ў сабе не знаходзяць ніякай віны. Гэтых людзей не назавеш убогімі духам.
   Многія людзі ўсёй сілай сваёй індывідуальнасці імкнуцца да славы, да высокага грамадскага становішча. Гэта таксама адбываецца найчасцей за кошт бліжніх, якіх тады прыніжаюць. Гэта не можа быць пазіцыяй убогіх духам. Тыя, хто так робіць, не зразумелі Хрыстовага вучэння.
   Веліч Маці Божай, безумоўна, найвышэйшая сярод усяго даступнага чалавеку. Ні да кога не звяртаецца так шмат людзей са сваімі клопатамі. На свеце найбольш Марыйных санктуарыяў. А тым часам, Маці Божая – ціхая, пакорная, спакойная; Яна ў вышэйшай ступені ўбогая духам. Ці не таму менавіта і такая блізкая нам?

  
3. Малітва
  
   Пане, Езу Хрыстэ, які ўсіх убогіх духам назваў благаславёнымі! Дай нам зразумець, што любоў з’яўляецца адзінай здаровай закваскай хрысціянскіх паводзінаў. Ты ніколі не шукаў славы для сябе, але толькі дабра чалавечай душы, дзеля якой Ты памёр на крыжы. Учыні, каб мы дараслі да разумення духа Твайго вучэння. Няхай наша чалавечая годнасць вынікае з любові да Бога і любові да чалавека.
   Маці Божая Будслаўская! Ты з’яўляешся ўзорам любові і пакоры. Нас захапляе веліч Тваёй місіі ў справе збаўлення чалавека пры захаванні такіх сціплых сродкаў, што вядуць да святасці. Узбагачай нас Тваім духам усебаковага ўбоства.
   Маці і Настаўніца любові да Бога і любові да бліжняга, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская





                                                                          ДРУГІ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя, якія плачуць” (Мц 5, 4)

   Плач – неад’емны спадарожнік чалавека. Сапраўды, адны людзі плачуць часцей і больш нястрымна, чым іншыя, але, напэўна, няма такога чалавека, які б ніколі гэтага не рабіў. Мы схільныя нават падазраваць чалавека, які вельмі рэдка плача, у недахопе чуласці.
   Бываюць розныя прычыны для слёз. Найчасцей слёзы з’яўляюцца тады, калі мы перажываем якую-небудзь страту. Тады гэта плач жалю. Найбольш балюча, калі адыходзяць блізкія нам асобы. Таму людзі плачуць на пахаваннях, плачуць, узгадваюць сваіх памерлых блізкіх.
   Плач жалю бывае таксама тады, калі мы страчваем нейкія жыццёвыя шанцы, напрыклад, пался няздадзенага экзамену, які быў умовай атрымання добрай пасады. Здараецца таксама плач пасля страты нейкіх матэрыяльных рэчаў.
   Вельмі часта прычынай слёз становіцца перажытая крыўда. Нанясенне камусьці крыўды з’яўляецца грахом. Такім чынам, грэх становіцца прычынай плачу. Мы плачам, калі хтосьці нам здрадзіў. Асабліва балюча, калі гэта зрабіў нехта блізкі і дарагі. Тады прычынай нашых слёз становіцца здрада якая таксама з’ўляецца грахом. Мы плачам, калі нас хтосьці ашукаў, калі хтосьці пазбавіў нас добрага імя. Нашы слёзы выклікае падман, паклёп і абгавор, а значыць – зноў грэх.
   Мы павінны плакаць, калі самі нанеслі каму-небудзь крыўду, калі самі ўчынілі грэх. Гэта таксама будзе плач жалю. Шкада, што сёння ён ужо рэдкі. Мы павінны плакаць, калі кіраваліся нянавісцю, калі падбухторвалі людзей супраць каго-небудзь, калі пазбавілі некага шчасця.
   Плач жалю альбо болю – гэта пазітыўны плач. Існуе таксама плач негатыўны. Можа быць плач няшчыры, прытворны. Калісьці ў пэўных выпадках запрашалі платных плакальшчыц. Гэтыя жанчыны моцна галасілі, хоць самі нічога балючага не перажывалі. Бывае таксама плач злосці. Здараецца, ён тады, калі нам не ўдаўся які-небудзь дрэнны ўчынак, нейкі падвох, кал не ўдалася наша помста. Бывае таксама плач зайздрасці. Мы плачам тады, калі хтосьці дасягнуў сваёй мэты, а нам гэта не ўдалося. Часам плачам ад зайздрасці да чужога шчасця. Ёсць таксама плач капрызу. Здараецца ён тады, калі нешта атрымліваецца не так, як нам хочацца.
   Плач можа быць выкліканы яшчэ многімі іншымі прычынамі. Нас не цікавяць цяпер тыя віды плачу, якія маюць негатыўныя з маральнага боку прычыны. Але можа ўзікнуць пытанне: што агульнага маюць тыя віды плачу, у аснове якога боль і жаль? Чаму Хрыстос называе людзей, якія плачуць ад болю і жалю, благаславёнымі?
   Кожны шчыры плач – гэта праява нейкага няшчасця. Таму, хто плача, трэба паспачуваць. Гэта людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі; людзі, у нейкім сэнсе, слабейшыя, пацярпелыя. Яны нешчаслівыя, часта пакрыўджаныя і зняважаныя. Ім патрэбна суцяшэнне.
   Іначай людзей ацэньвае свет, іначай ацэньвае іх Бог. Хрыстус асабліва палюбіў слабых, церпячых, пакінутых. Па прыкладу Хрыста дзейнічае і Касцёл. Наша каталіцкая этыка патрабуе, каб мы дапамагалі перш за ўсё слабейшым. Кэта яны з’яўляюцца благаславёнымі. Гэта яны будуць суцешаныя.
   З евангельскага апісання мы не даведаліся, ці часта плакала ў сваім жыцці Маці Божая. Але культ цудоўных абразоў Маці Божай пачаўся са слёз, якія на іх выступалі. Можа, сёння Маці Божая, гледзячы з неб, плача над нашым жыццём, над яго рілігійным і маральным станам?

 
 3. Малітва

   Пане, Езу Хрыстэ, які плакаў, калі страціў свайго прыяцеля Лазара, які плакаў над лёсам Ерузалема, які вучыш нас, што тыя, хто шчыра плачуць, з’яўляюцца благаславёнымі і будуць суцешаныя! Дзякуем Табе за тое, што Ты абараняеш слабых. Дзякуем Табе за тое, што Ты вучыш нас разумець, што хрысціянства з’яўляецца этыкай умацавання слабых, падбадзёрвання прыгнечаных.
   Маці Божая Будслаўская! Мы глядзім на Твой цудоўны абраз і ад Твайго лагоднага аблічча спазнаём суцяшэнне. Нас умацоўвае Твой поўны любові позірк. Улі ў сэрцы тых, якія плачуць, бальзам Тваёй дабрыні. Асушы слёзы ўсіх, хто шчыра плача.
   Маці суцяшэння, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская





ТРЭЦІ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя лагодныя” (Мц 5, 5)

   Хрыстова навучанне, запісанае ў Евангеллі, вылучае людзей простых: “Благаславёныя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну”. Дзіўнае гэта вучэнне, якое не ўзвялічвае вялікіх людзей, што дабіліся поспеху, якое не ганарыцца гучнымі імёнамі, якое ў якасці прыкладу не ставіць багатых. Але ў патаемных куточках чалавечай душы ўсё ж такі затоена больш альбо менш чутная прага да грамадскага становішча, да ўшанавання і матэрыяльных дабротаў. Няўжо для вучэння Хрыста не гэтыя каштоўнасці былі найважнейшымі? Ці Хрыстова навука не паказвае, што духоўныя каштоўнасці з’яўляюцца першымі і найважнейшымі? Ці ж Хрыстова настаўленне з Нагорнай пропаведзі выразна не гаворыць, што годнасць чалавека абапіраецца на яго духоўным жыцці, што душа важнейшая за цела, дух – за матэрыю?
   Пазней Настаўнік з Гары Благаславенняў будзе несці цяжкі крыж. Тады здзейснілася справа найвышэйшай важнасці: адкупленне чалавека і свету. А адбывалася ж гэта ціха і сціпла. Балеснае шэсце суправаджала няшмат асобаў. Пад крыжам таксама была толькі групка самых блізкіх.
   Бог у сваім Провідзе выбірае, звычайна, убогія сродкі. Шмат разоў Ён выкарыстоўвае дробныя здарэнні для дасягнення вялікай мэты. Часта Ён паслугоўваецца простымі людзьмі. Так было са св. Францішкам з Асыжу, так было з Маці Тэрэзай з Калькуты. Менавіта лагодныя з’яўляюцца благаславёнымі.
   Хто такі лагодны чалавек? Той, хто ў сваім жыцці кіруецца любоўю? Хто ўсё, што робіць, робіць не для папулярнасці, але дзеля добрасумленнага выканання абавязкаў. Яго малітва з’яўляецца сустрэчай з Панам Богам і ўмацаваннем сваёй душы, а не дэманстрацыяй сваёй пабожнасці. Яго праца – гэта служэнне. Ён выконвае яе нястомна, усведамляючы, што спаўняе Божую волю, якая адначасова з’яўляецца дабром для чалавека.
   Людзей лагодных шмат. Вельмі шмат. Большасць чалавецтва складаюць такія, якіх не будуць пісаць газеты. Найчасцей яны пройдуць праз жыццё, заўважаныя толькі сваімі блізкімі. Большасць з іх не атрымае зямной узнагароды, не здабудзе ані славы, ані гучнай пахвалы.
   Сярод лагодных будуць мільёны маці, якія з адданасцю служаць уласным сем’ям. Яны робяць для сваіх блізкіх тысячы справаў, часта вельмі дробных, нязначных. Яны глыбока перажываюць сямейныя праблемы, няшчасці і паражэнні. Яны заўсёды гатовыя ахвяраваць сваім на нашу карысць. Лагодныя тыя бацькі, якія спакойна і ціха параўтвараюць сваю працу і здольнасці ў даброты для сваіх сем’яў. Лагодным можа быць святар, які цярпліва чакае ў канфесіянале і з любоўю схіляецца над нашымі слабасцямі.
   Да лагодных належала Маці Божая падчас свайго зямнога жыцця. У цішыні Назарэта застаў Яе Арханёл Габрыэль, які звеставаў Добрую Навіну. Лагодным было Яе сямейнае жыццё. Балесная цішыня разлілася над Яе моцна збалелым сэрцам падчас крыжовага шляху Сына. А ў доме Апостала Яна, Езусавага вучня, Яна была такой ціхай, што евангеліст нават не ўзгадвае пра Яе.
   Ціха здзяйсняе сваю ролю Маці Божая і сёння, калі аздараўляе і суцяшае, удзельнічаючы ў звашнатуральнай справе збаўлення. Людзі моляцца да Яе, а Яна не затрымлівае іх малітвы, а накіроўвае да свайго Сына. Тая, якая першай паверыла, чыніць так, што ў цэнтры Марыйнай пабожнасці стаіць Хрыстус.

 
    3. Малітва

   Езу, лагодны і пакорны сэрцам, дзякуем Табе за тое, што сваім прыкладам і навучаннем Ты пацвярджаеш, што веліч чалавека грунтуецца не на прызнанні яго знешніх якасцяў, але на яго ўнутраных, найчасцей ціхіх і нябачных каштоўнасцях. Дзякуем Табе за тое, што Ты назваў людзей лагодных благаславёнымі. Навучы нас разумець, што мы часта памыляемся, ацэньваючы іншых, бо бачым толькі знешняе. Мы верым, што толькі Ты, Божа, ведаеш чалавечыя сэрцы і ўзнагароджваеш за нябачнае для чалавечых вачэй.
   Маці Божая Будслаўская! Пакорная слуга Панская, навучы нас бачыць чалавечнасць у чалавеку. Мы ведаем, што найшчаслівейшы той, хто ўмее і мае каго любіць. Дай, каб мы, па Тваім прыкладзе, дайшлі да разумення таго, што веліч закладаецца не ў славе, не ў пахвалах і не ў публічным прызнанні, але ў радасці, угрунтаванай на ціхім служэнні Богу і бліжняму.
   Марыя, пакорная і лагодная слуга Панская, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская



ЧАЦВЁРТЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя галодныя і прагнучыя справядлівасці” (Мц 5, 6)

   Калі б мы маглі пералічыць усе праблемы, на якія людзі больш за ўсё наракаюць, бясспрэчна, на першым месцы стаяла б праблема недахопу справядлівасці. Пачуццё справядлівасці як бы ўліта ў душу чалавека. Усе мы прагнем справядлівасці. Яна неабходна чалавеку, як хлеб. Гэта пацвярджаюць таксама словы Хрыста: “…прагнучыя справядлівасці (…) будуць насычаныя”.
   Справядлівасць патрабуе аддаць кожнаму тое, што яму належыць. Тут пачынаюцца цяжкасці нават пры найлепшых намерах, бо ёсць розныя крытэрыі справядлівасці. Адно належыць безабароннаму дзіцяці, і зусім іншае – вопытнаму старэйшаму чалавеку; адно дзеяздольнаму чалавеку, і зусім іншае – хвораму. Справядлівасць не павінна азначаць роўнасці.
   Аднак ёсць выпадкі яўнага парушэння справядлівасці. Здараецца, што мэтанакіравана абвяшчаюцца рознага роду дыскрымінацыі. Ёсць таксама свядомае прыніжэнне чалавека. Часта не хапае належнай дапамогі таму, каму яна патрэбна. Чалавечы эгаізм часта спіхвае іншага чалавека на ніжэйшы ўзровень грамадскага і эканамічнага жыцця. Занадта часта мы кіруемся ў жыцці ўласнымі выгадамі. Таму несправядлівасць – нярэдкі госць у чалавечым жыцці. Мы лёгка знаходзім нагоду, каб наракаць на недахоп справядлівасці, значна цяжэй нам удаецца справядліва адносіцца да нішых.
   Хрыстос, прамаўляючы да натоўпу на Гары Блаславенняў, назваў прагнучых справядлівасці благаславёнымі. Безумоўна, Ён думаў пра тых, каго закранула яўная несправядлівасць. Ён думаў пра тых, хто быў пакрыўджаны.
   Прычынай узнікнення несправядлівасці з’яўляецца грэх. Той, хто назваў прагнучых справядлівасці благаславёнымі, быў укрыжаваны ў выніку неправядлівага прысуду. А несправядлівы прысуд – гэта грэх. Несправядлівасць заўсёды з’яўляецца там, дзе адзін чалавек хоча панаваць над другім. А гэта – грэх. Мы дапускаем несправядлівасць тады, калі ўсялякім коштам імкнемся здабыць як мага больш грошай. А гэта – грэх. Кожная несправядлівасць – вынік дзеянняў чалавека.
   Умовай несправядлівасці з’яўляецца любоў да іншага чалавека, здольнасць убачыць у ім дзіця Божае.
   Бог – справдлівы. Поўню чалавечнасці мы знаходзім, прыпадабняючыся Хрысту. Гэта – першаснае пакліканне чалавека. Мы здольныя да любові і да прыняцця дару любові. Чалавек ведае, што толькі любоў можа зрабіць яго шчаслівым. Бог – вялікі ў сваёй любові. Вучэнне Хрыста нялёгкае, але поўнае любові: “…Я кажу вам: любіце непрыяцеляў вашых. Так будзеце сынамі Айца вашага, які ёсць у небе”. (Мц 5, 44-45).
   Чытаючы Ларэтанскую літанію, мы называем Маці Божую люстрам справядлівасці. Мы верым, што ў Ё               й пасялілас ўся паўната справядлівасці. У Ёй, як у чыстым люстэрку, адлюстроўваецца толькі справядлівасць. І менавіта таму мы ўсведамляем, што “прагнучыя справядлівасці будуць насычаныя”.

   3. Малітва

   Пане, Езу Хрыстэ, асвяці наш розум, каб мы не толькі патрабавалі справядлівасці, але таксама ўмелі заўважыць, ці прытрымліваемся яе самі. Няхай дар любові, які зыходзіць на нас з вышыні Твайго крыжа, учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі, якія ацэньваюць спазнаную крыўду не ў духу помсты і пакарання іншых, але ў святле хрысціянскай любові і прабачэння.
   Маці Божая Будслаўская, люстра справядлівасці, Настаўніца любові! Са свайго цудоўнага абраза Ты глядзіш на нас позіркам, поўным любові. У Цябе мы шукаем справядлівасці. Прагнем, каб, выходзячы з гэтага санктуарыя, мы былі насычаныя духам справядлівасці і любові, прагнем так узмацінць сябе, каб нашы ўчынкі ніколі не былі для бліжніх прычынаю несправядлівасці.
   Люстра справядлівасці, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская




ПЯТЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя міласэрныя” (Мц 5, 7)

   Існуюць розныя віды людскога ўбоства, над якім схіляецца Бог. Хрыстос у сваёй першай пропаведзі, спасылаючыся на словы прарока Ісаі, якія ў Ім здзейсніліся, сказаў: “Дух Пана на Мне: бо Ён намасціў Мяне. Паслаў абвяшчаць добрую навіну ўбогім, аздараўляць сэрцы прыгнечаных, несці вызваленне палонным і вязням свабоду; абвяшчаць год ласкі ад Пана”. (Лк 4, 18-19)
   Адбітак убоства ляжыць на людзях, якія не маюць сродкаў на жыццё. Пра гэты від нястачы гаворыцца найчасцей. Вобраз чалавека, сапраўды беднага, выразна кідаецца ў вочы і кранае да глыбігі душы. Сёння гэта набыло вялікія маштабы: адны краіны жывуць багата, а ў той жа час у іншых – людзі паміраюць з голаду.
   Існуе людское ўбоства, якое вынікае з пазбаўлення чалавека свабоды. Не толькі турмы і лагеры абмяжоўваюць правы чалавека да мінімуму. Незалежнасць знашчаюць розныя віды дыскрымінацыі. Пазбаўляе свабоды несправядлівая ўлада. Часта гэта чыніць адносна свайго бліжняга сквапны чалавек.
   Ва ўбостве жывуць таксама духоўна сляпыя. Гэта тыя, хто не бачыць прыгажосці стварэння, хто не бачыць прыгажосці стварэння, хто не бачыць бляску праўды, чыё жыццё страціла каштоўнасць. Сярод іх ёсць шмат такіх, якія выракліся Пана Бога, - адкінулі крыніцу мудрасці і шчасця.
   У духоўным убостве жывць тыя, хто адчувае боль сэрца. Хто зведаў няварнасць. Быў адкінуты. Каго закранула несправядлівасць. Хто сутыкнуўся з нянавісцю. Тыя, каго хтосьці пазбавіў добрага імя.
   Ва ўбостве жывуць таксама грэшнікі. Іх сумленне гняце невыносны цяжар, яно пазабаўлена спакою. Сумленне не дае ім спаць, часам, нават проста паглядзець іншаму чалавеку ў вочы. Здараецца, што яны не могуць знайсці сабе месца, бо грэшніка гняце нанесеная камусьці крыўда.
   Над убогім трэба схіліцца. У Евангеллі негатыўна пададзены святар і левіт, якія абыякава прайшлі каля чалавека, што пацярпеў ад разбойнікаў. Людзі, няздольныя да міласэрнасці, не могуць называцца сапраўднымі хрысціянамі. Хрыстос абяцае тым, хто здоле быць міласэрным, што яны атрымаюць міласэрнасць ад самога Бога. Усе мы робім памылкі і грахі, таму ўсім нам патрэбна любоў, якая прабачае. У найвышэйшай ступені ўвасабляе яе сам Пан Бог.
   Аб тым, якое вяліка значэнне мае міласэрнасць, сведчыць выдадзеная Святым Айцом Янам Паўлам II спецыяльная энцыкліка “Dives in Misericordia”. У гэтым дакуменце Маці Божая названа Маці Міласэрнасці. Гэта Яна, наведваючы св. Альжбету, сказала: “Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны, (…) і міласэрнасць Ягоная з пакалення на пакаленне да  тых, хто баіцца Яго” (Лк 1, 49-50). Святы Айцец піша ў сваёй энцыкліцы: “Ніхто так, як Маці Укрыжаванага, не спазнаў таямніцу крыжа – гэтага “пацалунку”, які міласэрнасць удзяліла справядлівасці. Марыя з’яўляецца Той, якая найбольш поўна ведае таямніцу Божай міласэрнасці”.

   3. Малітва
 
   Пане, Езу Хрыстэ! Сваім вучэннем і ўласным жыццём Ты абвясціў, што ў свеце, у якім мы жывём, інсуе любоў. Любоў сутыкнулася з цярпеннем. На крыжы Ты прамовіў словы: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Тады было здзейснена ўкаранаванне Твайго вучэння аб міласэрнасці.
   Маці Божая Будслаўская! Маці Міласэрнасці, Ты асаблівым  чынам набліжаеш да людзей любоў, якую абвясціў Твой Сын. Гэта менавіта да Цябе звяртаюцца людзі са сваімі просьбамі. Менавіта Ты выслухоўваеш ад іх найбольш скаргаў на ўбоства. Відавочна, што скаргі гэтыя не застаюцца бясплённымі, бо вернікі прыходзяць да Твайго абраза зноў і зноў і прыводзяць да Цябе іншых.
   Маці мілсэрнасці, будзь заўсёды з намі ў кожнай нашай чалавечай патрэбе. Будзь заўсёды з намі калі нам патрэбны любоў і міласэрнасць.
   Маці міласэрнасці, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская




 ШОСТЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя міласэрныя” (Мц 5, 7)

   Сэрца – сімвал любові. Сэрца – сімвал дабрыні. Калі мы гаворым пра яког-небудзь чалавека, што ён  мае адкрытае сэрца, то выкзаваем тым самым сваё меркаванне, што гэты чалавек асабліва добры і поўны любові. Можна таксама гаварыць пра чыстае сэрца – гэта азначае, што пэўны чалавек не абцяжараны грахамі, што яго не гняце нанесеная камусьці крыўда, што з-за яго ніхто не плача, што ён заўсёды гатовы да служэння Богу і бліжняму. Такім людзям Хрыстус абяцае Валадарства Нябеснае: “…яны Бога ўбачаць”.
   Пра тое, ці чыстае наша сэрца, гаворыць нам уласнае сумленне. Кожны чалавек носіць у сабе гэты голас самога Бога. Носіць яго і той, хто не прызнае Пана Бога. Чаму голас сумлення з’яўляецца голасам Бога? Таму што гэты голас гаворыць не тое, што хацеў бы пачуць чалавек, але загадвае тое, чаго хоча сам Бог, альбо забараняе тое, што супярэчыць Ягонай волі. Гэта голас Божы, бо ён прамаўляе да ўсіх людзей, незалежна ад месяца і часу. Толькі Бог здольны на гэта – Яго голас даходзіць да кожнага чалавека, у кожную гістарычную эпоху і ў кожным месцы.
   Другі Ватыканскі Сабор назваў сумленне чалавека санктуарыем. “Гэта святое месца, дзе Бог сустракаецца з чалавекам. Гэта інтымнае месца, - гаворыць далей Сабор, - гэта значыць, асабістае, патаемнае, сардэчнае”. Благаславёны той, хто можа сустракацца з Панам Богам з чыстым сэрцам, з чыстым сумленнем.
   У літаніі да Маці Божай мы просім: “Маці прачыстая, маліся за нас”. Молімся мы таксама да Беззаганнама Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Усё Яе жыццё – адлюстраване цнатлівасці. Яна сама з’яўляецца Беззаганным Пачаццем. У часе Звеставання Яна назвала сябе слугою Пана. Гэтаму азначэнню Марыя засталася верная да канца жыцця. Святы Айцец Ян Павел II піша ў сваёй энцыкліцы “Redemptoris Mater”: “Марыя стала першай сярод тых, хто служачы Хрысту ў бліжніх, пакораю і цярплівасцю прыводзіць братоў сваіх да Валадара, служыць якому – азначае валадарыць. Яна ва ўсёй паўнаце дасягнула гэтага стану каралеўскай свабоды, уласцівай вучням Хрыста”.
   У гэтай жа энцыкліцы Папа піша: “Багародзіца – гэта першавобраз Касцёла ў тым, што датычыць веры, любові і дасканалага яднання з Хрыстом. Таму Марыя атрымлівае ад Касцёла асаблівую пашану – Яна ўшаноўваецца ад пачэсным імем Багародзіцы, чыёй абароне аддаюцца ў малітвах вернікі ва ўсіх няшчасцях і патрэбах”.
   Мы называем Маці Божую Каралевай Паннаў. Дзявіцтва з’яўляецца знакам цнатлівасці. Дзявіцтва азначае панаванне над  сабою. Дзявіцтва не мае нічога агульнага з эгаізмам. Дзявіцтва настройвае на служэнне Богу і бліжняму.
   Прачыстая Панна валадарыць сёння ў Небе. І ўсім людзям чыстага сэрца Хрыстус абяцае, што “яны Бога ўбачаць”.

   3. Малітва

   Пане, Езу Хрыстэ! Ты ведаеш чалавечыя цярпенні, бо сам цярпеў на крыжы! Тваё чыстае Сэрца было прабіта тады дзідаю. Мы верым, што Ты шырока адчыняеш браму неба для ўсіх людзей, чыстых сэрцам. Правядзі і нас у гэтую браму.
   Маці Божая Будслаўская! Панна прачыстая, дапамажы нам, каб мы заўсёды адчувалі сорам, тады, калі нашыя сэрцы не зусім чыстыя, кам адчувалі агіду да граху. Усёй сілай свайго духу мы прагнем мець чыстыя сэрцы, каб дзякуючы ім споўнілася ў нас абяцанне Твайго Сына, што ў вечнасці мы ўбачым Пана Бога нашага.
   Панна прачыстая, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
  



СЁМЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя міратворцы” (Мц 5, 9)

   Супакой, гэтак жа, як і справядлівасць, з’яўляецца спрадвечным прагненнем людзей і спрадвечнай нашага свету. Усе прагнуць сапраўднага супакою і моляцца аб ім, але толькі некаторыя і толькі на кароткі час спазнаюць яго.
   Часта гавораць, што супакой пануе там, дзе няма вайны. Гэта толькі напалову праўда. Супакой – штосьці большае, чым адсутнасць вайны. Супакой – гэта глыбокая станоўчая каштоўнасць.
   Папа Ян XXIII у сваёй энцыкліцы “Pacem in terris” піша, што “супакой не можа будавацца і ўсталёўваццца іначай, як толькі праз вернае захоўванне парадку, устаноўленага Богам, бо ўсё, што Бог учыніў, адлюстроўвае Яго бязмежную мудрасць”. Стварэнне свету адбывалася таксама ў любові, а дакладней, нянавісць, з’яўляецца прычынай адсутнасці супакою. Гэта праз грэх ён парушаецца.
   Вайна, забойствы людзей, знявага чалавечай годнасці – усё гэта вынік людской зайздрасці, прэтэнзій і эгаізму. Калі б людзі былі свабодныя ад гэты дрэнных схільнасцяў, на свеце панаваў бы супакой.
   Пазітыўны супакой для цэлых народаў пануе там, дзе ні яны  самі, ні іх суседзі не праяўляюць нянавісці, агрэсіі, дзе ёсць месца ўзаемапавазе і супрацоўніцтву. Для звычайнага чалавека пазітыўны супакой запануе тады, калі яму будзе каго любіць і яго будуць любіць іншыя; калі ў яго будзе чыстае сумленне; калі ён будзе адчуваць чыстае сумленне; калі ён будзе адчуваць дапамогу і падтрымку з боку іншых людзей, перша з ўсё сваіх блізкіх. Супакой запануе, калі людзі будуць вольныя і не будуць злоўжываць сваёй свабодай; калі кожны будзе бачыць у іншым чалавеку бліжняга, а не рэч, якая яму толькі перашкаджае.
   Святы Францішак стараўся глядзець на чалавека вачыма самога Пана Бога. Ведаў, што калі Бог любіць нашага бліжняга нават тады, калі той пракажоны альбо злачынец, то ці ж можна паводзіць сябе іначай.
   Хрыстус абяцаў нам: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам” (Ян 14, 27). Касцёл праз пакаленні імкнецца перадаваць гэтае пасланне. На працягу многіх стагоддзяў ён указвае нам шлях да Таго, хто з’яўляецц крыніцаю любові і супакою. Сярод люду Божага знаходзіцца Маці Езуса. Мы называем Яе Каралеваю супакою. Касцёл заўсёды лічыў Яе лекаркаю ўсялякіх ранаў, нанесеных свету і паасобным людзям; верыў, што яна выпрошвае для свету дар еднасці і вучыць варагуючых паяднанню. Святы Айцец Ян Павел II у сваёй адгартацыі “Christefideles laici моліцца, звяртаючыся да Марыі: “Прачыстая Маці, вядзі нас і падтрымлівай, каб мы жылі заўсёды як сапраўдныя сыны і дочкі Касцёла Твайго Сына і спрыялі ўмацаванню тут, на зямлі, цывілізацыі праўды і любові, згодна з Божай воляй і дзеля Яго хвалы”.
   Супакоем адорвае Маці Божая і будслаўскіх пілігрымаў. Вялізная большасць з гэтых ласкаў застаецца ў таямніцы чалавечых сэрцаў, існуюць, аднак, пэўныя знешнія знакі, якія сведчаць пра гэтую праўду: шмат людзей выказвае падзяку Маці Божай пісьмова. Многія зноў і зноў прыходзяць да Яе абраза. Мноства вернікаў заахвочваюць іншых, каб прыходзілі на гэтае месца. Тут заўсёды можна атрымаць суцяшэнне. Удзячныя Марыйныя спевы ад вякоў гучаць у свеце.
   Будзем жа маліцца аб супакоі заўсёды, калі ўдзельнічаем у Святой Імшы. Аб супакоі ў свеце, у нашай краіне, аб супакоі для нас саміх молімся мы тут, у санктуарыі Маці Божай Будслаўскай. Да святла супакою далучайма нашыя намаганні і добрыя ўчынкі.
  
   3. Малітва

   Пане, Езу Хрыстэ! Ты назваў сынамі Божымі тых, хто прыносіць супакой. Супакой людзям добрай волі абвяшчалі пры Тваім нараджэнні Анёлы. У сваіх развітальных словах Ты перадаў нам свой супакой, “не так, як свет дае” (гл. Ян 14, 27). Учыні нас пастаяннымі абвяшчальнікамі і носьбітамі Твайго супакою.
   Маці Божая Будслаўская! Каралева супакою, навучы нас зразумець, што сапраўдны Хрыстовы супакой дасягаецца любоўю і дабрынёй; што супакой Хрыста робіць чалавека шчаслівым тут, на зямлі, і ўпэнена вядзе да Твайго Сына. Ты як Маці Касцёла служыш гэтым каштоўнасцям. Улі ў нашыя сэрцы радасць супакою.
   Каралева супакою, маліся за нас.
 
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская




 ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя, каго пераследуюць” (Мц 5, 10)

   Езус Хрыстус не абяцаў лёгкага жыцця тым, хто прымае Яго Добрую Навіну. Ён прадбачыў, што будзе пераслед, і назваў таго, каго пераследуюць, благаславёнымі.
   Хрыстус сам стаў першай Ахвярай Новага Запавету, першым, хто цярпеў дзеля справядлівасці. Ен быў асуджаны на смерць як злачынец, а потым з усёй жорсткасцю ўкрыжаваны. З вышыні крыжа Ён маліўся за сваіх пераследнікаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).
   Святы Айцец Ян Павел II адзначыў: “Хрыстус церпіць пераслед дзеля справядлівасці з поўнай свядомасцю, што менавіта гэты пераслед адчыняе перад чалавецтвам брамы вечнага жыцця” (7 чэрвеня 1999 года, Быдгошч, Польшча).
   За сваім Настаўнікам пойдуць вучні. Укаменаваны св. Сцяпан, паміраючы, моліцца за сваіх пераследнікаў: “Пане, не лічы гэта ім за грэх” (Дз 7, 60).
   Мучаніцкай смерцю паміралі Апосталы і першыя Папы. Ахвяры пераследу за веру былі ў кожным стагоддзі. Асабліва шмат іх было ў першыя трыста гадоў хрысціянства, а таксама ў XX стагоддзі. Цяперашні Папа беатыфікуе і кананізуе вельмі шмат сучасных мучанікаў за веру. Гэта мучанікі з В’етнама, Мексікі, Іспаніі і іншых краінаў.
   13 чэрвеня 1999 года Святы Айцец беатыфікаваў 108 польскіх мучанікаў з часоў апошняй вайны, сярод якіх ёсць  9 мучанікаў, звязаных з нашым краем. З-за адсунасці адпаведнай дакументацыі мы не ведаем многіх ахвяраў пераследу за веру ў савецкія часы. Вынесеныя на алтар – гэта толькі нешматлікія прадстаўнікі тых, хто за яе загінуў.
   Мучаніцтва, прынятае за Праўду, з’яўляецца найвышэйшай ахвярай чалавека. Гэта найбольшае выпрабаванне чалавечнасці. Гэта адначасова сведчанне аб Праўдзе, такой важнай і вялікай, што за яе варта аддаць сваё жыццё. Мучаніцтва з’яўляецца ўмацаваннем глебы, на якой разрастаецца дрэва Божага Валадарства.
   Важнасць і веліч веры пацвярджаюць таксама паводзіны саміх пераследнікаў. Справа веры павінна быць чымсьці вялікім, калі яны ўкладаюць у яе знішчэнне так шмат зайздрасці і энэргіі, бо не забіваецца так шмат людзей з-за якой-небудзь дробнай справы.
   Маці Божую мы называем таксама Каралевай Мучанікаў. Гаворым так, хоць ніхто не мучаў Яе фізічна, хоць ніякі кат ніколі не дакрануўся да Яе цела. Мы можам называць Яе так, прынамсі, па дзвюх прычынах. Па-першае, Яна з’яўляецца Маці Божаю Балеснаю. Гэты тытул належыць Ёй, паколькі Яна ўдзельнічае ў цярпеннях Сына і ў цярпеннях Касцёла. Боль спачування можа прыраўнівацца да фізічнага болю і нават можа пераўзыходзіць яго. Па-другое, роля Маці Божай ў жыцці Касцёла ніколі не была пасіўнай. Марыя заўсёды клапоціцца аб узрастанні духоўнага жыцця Касцёла. Кроў мучанікаў – гэта больш моцны вокліч аб Праўдзе, ён робіць гэтую Праўду агульнадаступна.
 
   3. Малітва

  
Пане, Езу Хрыстэ, які цярпеў за нас на крыжы! Дзякуем Табе за вяртанне цярпенню яго вартасці. З дня балесных падзей на Галгофе Касцёл жыве плёнам Тваёй Мукі. На працягу двух тысячагоддзяў існавання Твайго Касцёла незлічоныя шэрагі Тваіх вучняў праз адданне ўласнага жыцця за веру пацвердзілі Праўду, якой Ты з’яўляешся для нас. Просім Цябе аб ласцы адвагі жыць у Праўдзе і дзеля Праўды.
   Маці Божая Будслаўская, Каралева мучанікаў! Пад крыжам на Галгофе Ты цярпела разам са сваім Сынам. Сёння Ты – Маці Касцёла. Гэты Касцёл акроплены крывёю мучанікаў. Прывядзі ўсіх пераследаваных да Неба, “бо іх ёсць Валадарства Нябеснае”.
   Маці Божая Балесная, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская




  ДЗЕВЯТЫ ДЗЕНЬ

   1. Уступная малітва

   2. Разважанне: “Благаславёныя, калі будуць здзеквацца з вас” (Мц 5, 11)

   У канцы сваёй Нагорнай пропаведзі Хрыстус называе благаславёнымі тых, з каго людзі здзекваюцца і гавораць пра іх няпраўду з прычыны іх веры. Пропаведзь заканчваецца  словамі: “Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая на небе; так гналі і прарокаў, якія былі раней за вас” (Мц 5, 12).
   Праўдападобна, што абодва гэтыя благаславенні – тое, над якім мы цяпер разважаем, і папярэдняе – можна злучыць у адно. У абодвух выпадках размова ідзе аб пераследах. Ёсць такія, што заканчваюцца смерцю, і такія, з якімі трэба жыць далей. Гэта не азначае, што апошнія лёгка пераносяцца і нічога нявартыя.
   Кожны чалавек, які паяднаўся з Хрыстом праз ласку, абавязаны вызнаваць сваю веру. Часам гэта патрабуе вялікай ахвяры. Гэта можа набыць форму гераізму і мучаніцтва. Асабліва пакутліва, калі пераслед адбываецца штодзённа, часам, на працягу доўгага перыяду і нават усяго жыцця.
   Праціўнікі веры, выкарыстоўваюць шмат шляхоў для знішчэння таго, што Божае. Кпіны, высмейванне, здзекі тут звычайная справа. Асабліва спецыялізаваўся ў гэтым атэістычны камунізм. Улады адчынялі музеі атэізму ў папярэдне зачыненых касцёлах. На школьных уроках мільёны разоў высмейвалася ўсё самае святое ў рэлігіі. Забівалі святароў, заяўляючы, што яны з’яўляюцца ворагамі простых людзей. Зачынялі жаночыя кляштары, распаўсюджваючы звесткі, што яны – цэнтры прастытуцыі. Як жа цяжка ў такіх абставінах даваць сведчанне веры! Той, каго пераследуюць, бывае тады глыбока зранены. Калечыцца яго чалавечнасць, знішчаецца яго чалавечая годнасць. Часам лягчэй вынесці боль да фізічнай раны, чым ад раны, нанесенай душы.
   Калі мы разам разважаем пра Муку Хрыста, мы часцей думаем пра раны, выкліканыя забіваннем цвікоў у распрасцёртыя рукі, чым пра барвовы плашч, які быў сімвалам іроніі над Яго Валадарствам, ці пра здзекі, схаваныя ў насмешлівых паклонах і вітаннях, што прыніжалі годнасць асобы Езуса.
   Відавочна тое, што ні фізічны пераслед, ні душэўныя раны ад здзекаў і няпраўды не змаглі і не змогуць адабраць у людзей іх веру. Відавочна таксама тое, што сіла ў слабасці ўдасканальваецца, што выпрабаванне ачышчае нашу веру і паглыбляе яе.
   Напрыканцы нашых разважанняў звернем увагу на агульны сэнс Хрыстовых благаславенняў. Благаславёны – гэта чалавек лагодны, убогі духам, міласэрны і той, каго пераследуюць. Гэта перш за ўсё людзі добрыя, але найчасцей слабыя; добразычлівыя, але церпячыя; спагадлівыя, але пераважна тыя, каму таксама патрэбна спачуванне. Філосаф Фрыдрых Ніцшэ назваў такіх людзей духоўнымі нявольнікамі. Яго ідэалам было насілле і панаванне. Для Хрыста ідэалам з’яўляецца годнасць чалавека. У хрысціянстве вартасць мае не тое, што прыгнятае і знішчае, а тое, што жыве і ўзрастае; не насілле, а прабачэнне.
   Евангелле – гэта культ чыста чалавечых каштоўнасцяў. Калі ёсць слабыя, трэба ім дапамагчы. “Іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 10).
   Маці Божая падтрымлівае Касцёл, які ідзе менавіта гэтым шляхам.

   3. Малітва

  
Пане, Езу Хрыстэ! Твая цярнёвая карона – гэта не толькі боль увагнаных у скроні церняў; гэта таксама, а можа найперш, цярпенні, што вынікаюць з насмешак над Тваім Валадарствам. Умацуй у веры ўсіх тых, чыю веру высмейваюць іншыя. Дай ім сілу вытрываць да канца. Няхай усе зразумеюць, што Евангелле абвяшчае любоў таксама і тым, хто з нас здзекуецца.
   Маці Божая Будслаўская, Каралева Усіх Святых! Абараняй душы ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца сярод атак і насмешак над нашай верай. Няхай у сэрцах маладых людзей і ў нашых уласных сэрцах расквітнеюць дабрыня і высакароднасць. Няхай разрастаецца і ўмацоўваецца Касцёл, для якога Ты – найлепшая Маці.
   Маці Сына, які цярпеў і над якім насміхаліся, маліся за нас.

Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская