четверг, 17 сентября 2015 г.

Літанія і малітвы да св. Юзафа

Літанія да Святога Юзафа

Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, – змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, – змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, – змілуйся над намі.
Святая Тройца, адзіны Божа – змілуйся над намі.

Святая Марыя, – маліся за нас.
Святы Юзэфе, – маліся за нас.
Слаўны патомак Давіда, – маліся за нас.
Святло патрыярхаў, – маліся за нас.
Абраннік Багародзіцы, – маліся за нас.
Прачысты апякун Панны, – маліся за нас.
Апякуне Сына Божага, – маліся за нас.
Клапатлівы абаронца Хрыста, – маліся за нас.
Галава Найсвяцейшай Сям’і, – маліся за нас.
Юзэфе найсправядлівейшы, – маліся за нас.
Юзэфе найчысцейшы, – маліся за нас.
Юзэфе наймудрэйшы, – маліся за нас.
Юзэфе наймужнейшы, – маліся за нас.
Юзэфе найпакорнейшы, – маліся за нас.
Юзэфе найвярнейшы, – маліся за нас.
Люстра цярплівасці, – маліся за нас.
Прыхільнік убоства, – маліся за нас.
Узор працуючых, – маліся за нас.
Аздоба сямейнага жыцця, – маліся за нас.
Апякуне паннаў, – маліся за нас.
Апора сем’яў, – маліся за нас.
Суцяшэнне няшчасных, – маліся за нас.
Надзея хворых, – маліся за нас.
Апякуне паміраючых, – маліся за нас.
Пострах злых духаў, – маліся за нас.
Апякуне Касцёла святога, – маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, – змілуйся над намі.
 
С.: Устанавіў Яго панам свайго дома.
Усе: І гаспадаром усіх сваіх уладанняў
.
Молімся: Божа, Ты ў сваім цудоўным Провідзе ўчыніў святога Юзафа абраннікам Найсвяцейшай Маці Твайго Сына, дай, просім, каб, ушаноўваючы Яго як нашага апекуна на зямлі, мы былі годныя яго заступніцтва ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага.
Усе: Амэн.

Іншыя малітвы

Малітва да св. Юзафа
У Цябе, святы Юзэфе, шукаем мы паратунку ў нашай нядолі. Звяртаючыся па дапамогу да тваёй Найсвяцейшай Абранніцы Панны Марыі, з даверам просім таксама тваёй апекі. Праз любоў, якая яднала цябе з Найсвяцейшай Багародзіцай, і праз тваю айцоўскую апеку, якою ты атуляў Езуса ў дзяцінстве, пакорна просім: узглянь ласкава на спадчыну, якую Езус Хрыстус здабыў крывёю сваёю, і сваім магутным заступніцтвам дапамажы нам у патрэбах нашых.
Прадбачлівы Апякуне Сям’і Божай, апякуйся абраным патомствам Езуса Хрыста. Адхілі ад нас, мілы ойча, усялякія памылкі і спакусы. Магутны наш абаронца! Прыйдзі да нас ласкава з нябеснаю дапамогаю ў гэтым змаганні з сіламі цемры і, як некалі ў дзяцінстве выратаваў Езуса ад небяспекі, якая пагражала Ягонаму жыццю, так цяпер барані святы Касцёл Божы ад варожых нападаў і ўсялякіх перашкодаў.
Атуляй кожнага з нас нястомнаю апекаю, каб мы, па твайму прыкладу і тваёю дапамогаю падтрыманыя, маглі жыць у святасці, памерці пабожна і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Амэн.

Малітва аб цноце чыстасці
Ахоўнік і ойча паннаў, святы Юзэфе, якому ў надзейную апеку былі даручаныя сама нявіннасць – Езус Хрыстус і Панна Марыя. Праз гэты падвойны, найдаражэйшы, табе даручаны скарб, праз Езуса і Марыю, прашу і малю цябе, захавай мяне ад усялякай нячыстасці. Учыні, каб цнатлівымі думкамі, нявінным сэрцам і вольным ад граху целам я заўсёды бездакорна служыў Езусу і Марыі. Амэн.

Малітва да св. Юзафа аб ласцы добрай смерці
Святы Юзаф, суцяшэнне пакутуючых і паміраючых! Ты меў ласку заставацца пры Езусе і Яго Маці ажно да канца сваіх дзён на зямлі. Прашу цябе, заступіся за мяне, каб атрымаў я ласку добрай смерці. Будзь для мяне прыкладам у зямным жыцці і дапамагай мне, каб з пачуццём выкананай місіі, да якой Бог мяне паклікаў, з чыстым сэрцам і ў спакоі адышоў я ў хвіліну смерці на сустрэчу з Айцом. Амэн.

Малітоўныя заклікі
Езус, Марыя, святы Юзаф, вам аддаю сэрца, цела і душу маю.
Езус, Марыя, святы Юзаф, будзьце са мною пры кананні.
Езус, Марыя, святы Юзаф, пры вас я прагну аддаць Богу дух мой.
Святы Юзаф, прыклад для шанавальнікаў Найсвяцейшага Сэрца Езуса і наш апякуне, маліся за нас!