воскресенье, 18 марта 2012 г.

Прысвячэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі

 
Толькі ў Богу нашае навяртанне. “Ён можа перамяніць камяні ў сыноў Абрагама, каб сталіся Яго людам, які прыходзіць з усіх куткоў зямлі, каб упасці перад Ім на калені, аб’яднаным ў адзінай малітве, пакутуючым, просячым аб прабачэнні, ласцы і суцяшэнні для сябе і для сваіх далёкіх братоў, прабачаючым і спяваючым гімны падзякі, просьбаў і праслаўлення нашаму Богу (…) а таксама Яго і нашай Маці, якую выслаў як Пасланніцу супакою, ласкі, прабачэння і любові, напаўняючай увесь сусвет…” Гэта словы, напоўненыя містычным захапленнем, з нескончаных запісаў Сястры Лючыі.

   Эфектыўнае навяртанне, якое адбываецца “ў коле Марыі”, у Фаціме атрымала ўласнае імя: набажэнства да Яе Беззаганнаага Сэрца. “Бог хоча ўстанавіць на свеце набажэнства да майго Беззаганнага Сэрца” – сказала Марыя ў ліпені 1917 года. Адзін тэолаг растлумачыў гэта коратка: “Бог хоча, каб Марыя ўладарыла ў свеце.” Бо набажэнства да Божай Маці – гэта аддаць Ёй сваё жыццё.

   Што такое сапраўднае набажэнства да Сэрца Марыі? Лацінскае слова “devotio” паходзіць ад дзеяслова “devovere”, што азначае “прысвяціць сябе”, “цалкам аддаць сябе”. Марыйнае набажэнства – гэта прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Маці, гэта быць для Яе “Totus Tuus” (“Цалкам Твой”). Хто шануе Марыю, той прысвячае сябе Ёй. Поўнае прысвячэнне сябе Ёй дазваляе Марыі валадарыць у нашых сэрцах і ўва ўсім свеце.

    Прысвячэнне, – дапаўняе Сястра Лючыя, – гэта не толькі акт пабожнасці, але таксама адмаўленне ад таго, да чаго мы маем прыхільнасць. “Перадусім, гаворка ідзе аб прысвячэнні нас саміх, нашых нядобрых схільнасцяў, адрачэнні ад нашых грэшных схільнасцяў, якія маюць свае каранні ў пачуццях, эгаізме, выгадзе, амбіцыях.” Гэта “прысвячэнне, да якога кожны з нас павінен сам сябе прымусіць.” Мы павіны “пакінуць жыццё у граху і ісці дарогай дабрасумленнасці, чысціні, справядлівасці, праўды і любові.”

   Фаціма заклікае да евангелічнага навяртання “ у коле Марыі” праз прысвячэнне сябе Ёй і дазвол валадарыць у нашых сэрцах. Гэтая праграма дакранаецца ўсіх аспектаў нашага жыцця. Гэта акт, які дазваляе Марыі дзейнічаць у свеце, знішчыць у ім зло і прынесці супакой.