У
па-бернардынскім касцёле ў Будславе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці
Божай Будслаўскай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стагоддзях. Аднаўленне яго
культу адбываецца ў наш час. У Будзе з 1589 г. Існавалі касцёл і
кляштар бернардынцаў. Тут у 1613 г. знаходзіўся абраз, пазней двойчы
перанесены ў новазбудаваныя каменныя касцёлы. Хроніка кляштара сведчыць,
што ў 1598 г. абраз быў падараваны ў Рыме Папам Кліментам VIII мінскаму
ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода
вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца (1610
г.) абраз застаўся яго капеляну ісаку Салакаю, пазней – даўгінаўскаму
вікарыю. У 1613 г. Салакай, які быў у Будславе ў вялікі чацвер і
пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама просьбай айцоў, ахвяраваў
абраз касцёлу «і там у законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».
Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз
адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і
ласкамі і ў 1635 г. быў перанесены ў галоўны алтар замест ранейшага
абраза «Наведзінаў Марыяй Альжбэты» (БАН Літвы, F. 18–170, л. 47.).
Гісторыя і цуды абраза, пачынаючы з 1617 г., былі апісаны прыёрам
Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650). Аўтар
адзначае, што сведчанні на паперы аб ласках абраза былі прыклеены на
сцены драўлянага касцёла і пры яго разборцы многія пашкодзіліся.
(Sanktuarium na Białorusi Budsław. Opr. ks. magistr Wł. Zawalniuk.
Mińsk, 1993. С.11.) Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 г. – вяртанне зроку
5-гадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым ксяндзом –
кармэлітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад падучай
хваробы, якая мучыла яго сем гадоў. Зеляевіч апісаў 42 цудоўныя
аздараўленні і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна
Кішкі, вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Ранены ротмістр трапіў у
маскоўскі палон у 1632 г. І змог шчасліва вярнуцца дзякуючы шлюбу перад
абразом яго таварыша Лукаша Уладоўскага. Магчыма, таму Ян Кішка стаў
разам з віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім і сямействам
Долмат-Iсайкоўскіх адным з фундатараў мураванага касцёла (1633–1643
гг.). Для змяшчэння цудатворнага абраза майстрам Пятром Грамелем у 1649
г. быў выразаны выдатны алтар, які захаваўся да нашага часу. Тады ж
бернардынцамі – злотнікамі Геранімам Плонскім і Бенедыктам Росманам
выкананы срэбраныя аздобы святыні – сукенка і ажурная рама. (Maria
Kałamajska-Saeed. Ołtarz w Budsławiu//Niderlandyzm w sztuce Polskiej.
Warszawa, 1995. S.444.) У час нашэсця войск цара Аляксея Міхайлавіча
абраз вывозіўся ў Саколку (на Падляшшы), адкуль вярнуўся ў 1665 г.
(Sanktuarium…с.25)
Абраз згадваецца ў кнізе А. Каяловіча аб
літоўскіх святынях (1650), а таксама ў еўрапейскіх кампендыумах В.
Гумпенберга (Atlas Marianus, 1657 i 1672) і Г.Шэрара (1702). Неназваныя
кнігі пра абраз пералічаны ў вопісе кляштарнай бібліятэкі за 1822 г. Тут
у гэты час яшчэ захоўвалася рукапісная кніга цудаў Маці Божай Будскай, а
таксама тры гравёрныя дошкі з выявай абраза.
Прафесар Раймундус Пятровіч у 1818–1825
гг. друкаваў у Будславе песні аб Найсвяцейшай Панне Марыі і штыхаваў яе
абразкі. Будслаўскі абраз карыстаўся шанаваннем найперш у літоўскай
правінцыі бернардынцаў, у некаторых касцёлах асобныя алтары былі
прысвечаны Маці Божай Будскай (напрыклад, у Магілёве). Са скасаваннем
ордэна бернардынцаў касцёл застаўся парафіяльным, але прапаганда культу
абраза аслабла. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай дыяцэзіі»
сярод 10 касцёлаў з цудадзейнымі абразамі Маці Божай згаданы і
будслаўскі. У наш час Маці Божая Будслаўская становіцца
агульнабеларускай святыняй, сведчаннем чаго з’явілася каранацыя абраза 2
ліпеня 1998 г. З 1992 г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў.
Абраз намаляваны алеем на палатне,
нацягнутым на дошку памерам 72 х 65 см, рэстаўраваны ў 1991–1992 гг.
В.Лукашэвічам (на адвароце дошкі змешчаны надпіс з вельмі каштоўнымі
звесткамі аб гісторыі абраза і алтара). Іканаграфія тыпу Адзігітрыі, але
трактаваная свабодна, у духу італьянскага Рэнесансу. Маці Божая
намаляваная па пояс, у чырвонай сукні, белым галаўным уборы і
цёмна-зялёным мафорыі з карункавым шлякам. Твар з правільнымі рысамі,
мадэліроўка аб’ёму святлоценявая, левая палова ў глыбокім ценю. Дзіця на
левай руцэ ў свабоднай позе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы.
Пухлыя ручкі працягнуты да Маці: правая благаслаўляе, а левай Езус нібы
падае Маці плод граната, шматзначны сімвал вечнага жыцця, а таксама
Касцёла, шматлікіх вернікаў якога ўвасабляюць зярняткі (J.C.Cooper.
Lexikon alter Symbole. Leipzig, 1986). Твар прыгожы, з тонкімі рысамі,
позірк скіраваны да гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення,
німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі промнямі.
На абразе – срэбраная шата,
арнаментаваная свабодна раскіданымі кветкамі, і карона з каштоўнымі
камянямі. Абраз абкладзены срэбранай рамай з арабескавым арнаментам у
стылі позняга Рэнесансу, у які ўпісаны фігуры св. Казіміра і, магчыма,
св. Ядвігі. Усё гэтае аздабленне належыць да лепшых узораў злотніцкага
майстэрства на Беларусі.
Можна было б спадзявацца, што копіі
цудадзейнага абраза існавалі перш за ўсё у наваколлі Будслава. Аднак тыя
абразы, якія дайшлі да нашага часу, знаходзяцца досыць далёка ад
знакамітага бернардынскага кляштара. У неагатычным касцёле св.
Уладзіслава ў Суботніках (на Гродзеншчыне) захаваўся абраз Маці Божай
Будслаўскай ХVІІІ ст., намаляваны алеем на палатне, магчыма, з
папярэдняга касцёла 1774 г. Не выключана, што абраз маляваўся непасрэдна
з прататыпу: у ім досыць добра перададзены абліччы Марыі і Дзіцяці,
хоць ёсць нязначныя адхіленні ў жэстах рук. Масіўны контур фігур і выраз
твараў сведчыць аб мясцовай перапрацоўцы італьянскага прататыпу. На
абразе няма ні металічнай шаты, ні каронаў – прыкметаў шанавання, ён
невялікага памеру. Не выключана, што абраз паходзіць з якой-небудзь
маёнткавай капліцы.
У царкве Нараджэння Багародзіцы ў
Глыбокім выяўлены невялікі абразок Маці Божай Будслаўскай на палатне,
датаваны 1738 годам. Хутчэй за ўсё, ён застаўся ад тутэйшага касцёла
кармэлітаў, пераробленага ў 1860-я гг. пад царкву.
Вельмі дакладна перадае іканаграфічныя
рысы будслаўскага абраза яго паўтор з Воўпы, таксама на палатне,
магчыма, 2-й паловы ХVІІ ст. Аб майстэрстве мастака меркаваць пакуль
немагчыма з-за дрэннага стану абраза. Невядомы злотнік у 1763 г. аздобіў
яго знешне простай, але выразнай шатай з мноствам разнастайных дэталяў у
стылі нізавога барока. Кампазіцыя ў асноўным паўтарае будслаўскую шату,
аднак са своеасаблівымі дэталямі, адкрыты толькі твары. Паверхня
мафорыя не гладкая, як на будслаўскім абразе, але апрацаваная «рыбнай
луской», а адварот – далікатнай гравіроўкай. Кветкавыя парасткі – не
тонкія маньерыстычныя арабескі, а рэдкія, з буйнымі пышнымі бутонамі.
Рукавы сукенкі воўпенскі майстар завяршыў карункамі, а таксама «надзеў»
на руку Марыі бранзалет з караляў. Цяжкую карону над галавой Багародзіцы
трымаюць анёлкі-пуцці, якія сядзяць на аблоках.
Маці Божая Будслаўская ў мосарскім
касцёле – гэта ўжо не копія цудадзейнага абраза, а дастаткова свабоднае
барокавае ўвасабленне вядомага іканаграфічнага тыпу. Фігура паказана
велічнай, падоўжанай, кампазіцыйна ўпісваецца ў тыповы для барока
трохвугольнік. Манументальнасць вобраза падкрэслівае металёвая шата,
шчыльна запоўненая арнаментальнымі палосамі. Змянілася аблічча Марыі: ад
далікатных рысаў твару італьянскага абраза ў накірунку беларускай
іканаграфіі Багародзіцы эпохі барока з позіркам, звернутым да гледача.
Больш блізкае да прататыпу аблічча Езуса. Вакол галавы замест кругавога
німба замацаваны вялізныя, не надта зграбныя прамяні.
Грубаватымі рысамі нізавога барока
адрозніваюцца абліччы Марыі і Дзіцяці на абразе з царквы ў вёсцы Богіна
на Браслаўшчыне, аднак агульная кампазіцыя і характэрныя рысы
іканаграфіі перададзены дастаткова блізка да арыгіналу. Абраз закрыты
шатай, характар арнаментацыі якой здалёку нагадвае будслаўскую. Няясна,
ці той самы гэта «Угорскі» абраз Маці Божай, што згадваецца ў канцы ХІХ
стагоддзя.
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ
“ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ”
“ЦУДАДЗЕЙНЫ І СТАРАЖЫТНЫ”
Крыніца: http://media.catholic.by/nv/n16/art2.htm