Маці
Божая Добрай Рады – гэта тытул наданы Найсвяцейшай Дзеве Марыі з мэтай
падкрэсліць Яе ролю пасрэдніцы і настаўніцы, якая выпрошвае ў Бога
святло ў цяжкіх сітуцыях, асабліва тых, што патрабуюць разважлівых
рашэнняў у духоўным жыцці або апостальскай дзейнасці.
Падставай культу Маці Божай Добрай Рады
з’яўляюцца біблійныя тэксты з кніг мудрасці, якія адносяць да
Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама тэалагічныя тэксты св. Аўгустына,
св. Ансэльма з Кантэрберы і св. Бернарда з Клерво пра Маці Божую, як
пасрэдніцу ласкаў, асабліва дароў Духа Святога.
На пачатку нашага стагоддзя папа Леў XIII далучыў заклік “Maці Добрай Рады” да Ларэтанскай Літаніі.
З 1467 г. гэты тутул звязаны з абразом
Маці Божай у Геназане (Італія), якая была тады сусветным цэнтрам гэтага
культу. Абраз візантыйскага стылю, нагадваючы фрагмент фрэскі, у памерах
42,5 x 31 cм, прадстаўляе бюст Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, якое
абдымае шыю Маці, а свой твар абапірае на Яе шчаке. Выраз Яго твару не
дзіцячы. З бязмежнага позірку прамаўляе Мудрасць Божая, да слоў якой
уважліва прыслухоўваецца Марыя. Спачатку гэтую выяву называлі Маці Божай
Райскай, Цудоўнай або Мадоннай Албанцаў. У апошнія часы яе называюць
Маці Божай Добрай Рады.
Паводле легенды, бл. Петруча з Геназаны
жадала пабудаваць касцёл у гонар Маці Божай Добрай Рады, але ў яе
скончыліся матэрыяльныя сродкі. Калі людзі смяяліся з яе клопатаў,
Петруча запэўніла іх, што нашая добрая Гаспадыня зробіць усё, што трэба.
Легенда апавядае далей, што аднойчы, дакладна ў палудзень, абраз Маці
Божай зышоў на яшчэ не скончаныя муры касцёла, а да Геназаны прыехалі
двое мужчын са Скутары (Албанія), якія сцвярджалі, што бачылі, як абраз
адарваўся ад сцяны і ўзносіўся да неба. Тагачасны правінцыял Амброзы з
Кура ў хроніцы – пад датай 25 красавіка 1467 г. – запісаў толькі тое,
што “на сцяне касцёла з верху паказаўся нейкі абраз блаславёнай Дзевы”.
Хранолаг нічога не кажа пра ўздымаючыся абраз, хоць напэўна быў
перакананы, што гэта была надзвычайная з’ява. Праўдападобна ў той жа час
нарадзілася легенда, што фрэска з’явілася, як дар неба. Не толькі
жыхары горада пачалі ўшаноўваць стары абраз Марыі, але хутка пачаўся
вялікі рух пілігрымаў з далёкіх краін. Ужо з першых месяцаў захаваліся
шматлікія, натарыяльна зацверджаныя выпадкі выслуханых просьбаў.
Гісторыя албанцаў абудзіла вялікі інтарэс і да Геназаны пачалі
прыходзіць натоўпы людзей, каб паглядзець на цудоўны абраз Марыі. А калі
распаўсюдзіліся навіны пра шматлікія цуды, якія адбываліся перад
абразом, пілігрымкі да фрэскі ўзмацніліся.
Сучасныя даследванні не паццвярджаюць
гэтай прыгожай легенды. Образ у гэтым стылю мае свае карані ва Ўсходнім
Касцёле і магчыма, што ў Геназане пасяліліся людзі, якія прыйшлі туды з
Усходу і прынеслі яго з сабой. Паводле апошніх даследванняў фрэска
паходзіць з малярскай школы Джэнтыле Фабрыяно, далікатнае і адухаўлёнае
мастацтва якога дыхае яшчэ поўняй позняй готыкі. Фрэска была намаляваня
каля 1400 г. Праз некалькі гадоў Папа Марцін V (+ 1431), які падчас
гарачых летніх месяцаў затрымліваўся ў Геназане, месцы свайго
нараджэння, зрабіў для Аўгустыянаў прыгожы мармуровы рэльеф Мадонны з
Дзіцяткам, тыповы мастацкі твор рэнесансу. Старэйшы абраз (фрэска), які
не вельмі адпавядаў пачуццю прыгажосці новага стылю, быў заменены новым
мастацкім творам і завешаны.
Рацыянальна цяжка растлумачыць
неверагодна вялікую лічбу пілігрымаў, пра якія апавядаюць старыя
хронікі, а таксама да сённяшняга трываючы іх наплыў. Папа Ян XXIII,
перад распачаццем Другога Ватыканскага Сабору, таксама пілігрымаваў да
Геназаны.
Марыя заслугоўвае тытул Маці Добрай Рады ў
шматлікім сэнсе. Яна нарадзіла прадказанага прарокам Ісайям
“Сапраўднага Дарадчыка”, на якім спачывае Дух Божы. Аднак сама Марыя
таксама з’яўляецца добрай Дарадчыцай. Словамі Евангелля св. Яна:
“Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”, яна дае канчатковую параду; бо той, хто
шукаючаму парады пакажа на Хрыста і Яго Слова, заўсёды добра раіць.
Абраз каранаваў у 1682 г. папа Інакенцій
XI, a ў 1867 г. з нагоды 400-годдзя аб’яўленняў яшчэ раз папа Пій IX.
Развіццё культу адбылося пад канец XVII ст. у сувязі з каранацыяй
абраза. Шматлікія копіі з XVIII i XIX ст. былі распаўсюджаны ў Італіі,
Гішпаніі, Бельгіі, Германіі, Чэхіі і Польшчы, а таксама ў Амерыцы,
Аўстраліі і Афрыцы.
Вакол цудоўных абразоў паўставалі
сантуарыі і пілігрымковыя цэнтры; асабліва ў касцёлах Аўгустыянаў. Маці
Божая Добрай Рады з’яўляецца галоўнай апякункай Албаніі.
Свята на ўспамін цудоўнага аб’яўлення
абраза зацвердзіў 25 IV 1727 г. папа Бенэдыкт XIII, a папа Пій VI
перанёс яго на 26 IV (з-за таго, што 25 IV выпадае ўрачыстасць св. Марка
Евангеліста).