Святы
Ян Божы, айцец і заснавальнік ордэну баніфратраў, які называюць таксама
шпітальным ордэнам, меў жывую сыноўнюю любоў да Найсвяцейшай Маці і
поўнасцю давяраўся Ёй. Па прыкладзе свайго заснавальніка браты штодзённа
маліліся да Бога праз Яе заступніцтва: молячыся тры часткі святога
Ружанца або цэлебруючы кожную суботу ватыўную святую Месу ў гонар
Найсвяцейшай Дзевы Марыі ва ўсіх шпіталях ордэну. У пабожнасці братоў
Маці Божая, якая пасрэднічала ім у выпрошванні ў добрага Бога ласкаў і
здароўя для душы і цела, адыгрывала такую вялікую ролю, што ў 1736 годзе
на Генеральнай капітуле ў Рыме благаслаўлёная Дзева Марыя была абраная
Апякункаю шпітальнага ордэну. Сёння ўвесь ордэн урачыста адзначае гэтае
свята ў трэцюю суботу лістапада.
У год Гасподні 1635 браты са Шпітальнага
Ордэну св. Яна Божага (Баніфратры) прыбываюць да сталіцы Вялікага
княства Літоўскага каб несці дапамогу хворым і ўбогім.
Біскуп віленскі Абрагам Война ахвяруе ім
дом (у якім размясціўся шпіталь) і касцёл Узвышэння Святога Крыжа (які і
сёння знаходзіцца на тым жа мейсцы). Да нашага часу захаваліся
дакументы з 1716 года, у якіх упершыню згадваецца Цудадзейны абраз Маці
Божай, што знаходзіўся ў касцёле баніфратраў. На жаль, не маем ніякіх
звестак аб тым адкуль гэты абраз паходзіць, ані калі дакладна быў
намаляваны. Жахлівыя пажары 1737 і 1748 гадоў знішчылі вялікую частку
горада, цалкам згарае і касцёл баніфратраў, але абраз нашай Нябеснай
Маці застаецца некрануты. З вялікай пашанаю і пабожнасцю змяшчаюць браты
святое аблічча Багародзіцы ў галоўным алтары адноўленага касцёла. Абраз
гэты цешыўся славаю ва ўсім Вялікім княстве (а значыць і на Беларусі).
На пачатку ХХ ст. віленскі прыор
баніфратраў напісаў: “Тое, якою вялікай пашанаю і набажэнствам з даўніх
часоў і сёння акружаны праз вернікаў абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі
Баніфрацкай, называны “Аздараўленне хворых”, відаць па шматлікіх вотах,
каштоўных ахвярах, прыгожых ручных вырабах, складаных у гэтым касцёле; і
вялікіх натоўпах пабожных вернікаў, што ад раніцы да вечара звяртаюцца з
гарачай малітваю і даверам да гэтай Маці Міласэрнасці і Літасці, Маці
Суцяшэння і адзінага Ратунку і абароны ў смутку і цяжкіх выпадках;
апрача гэтага, са шматлікіх сведчанняў, запісаных у касцёле, аб ласках і
цудах, атрыманых праз заступніцтва Маці Божай, перад Яе цудоўным
абразом, званым Маці Божая Аздараўлення хворых”.
Прыйсце савецкай улады вымушае віленскіх
баніфратраў пакінуць свой кляштар у 1945 годзе. Браты забіраюць з сабою
копію цудадзейнага абраза і прывозяць яе ў Лодзь (Польшча), дзе
змяшчаюць у галоўным алтары шпітальнай капліцы. Тут Марыя ў таямніцы
Аздараўлення хворых ушаноўваецца сваімі сынамі-баніфратрамі, хворымі і
ўсімі, хто ў гэтым асаблівым месцы да Яе, Нябеснай Лякаркі звяртаецца.
Верны люд атрымлівае шматлікія ласкі аздараўлення, перамянення і
навяртання.
8 верасня 2006 года арцыбіскуп Уладзіслаў
Зюлэк здзейсніў каранацыю цудадзейнага абраза і устанавіў шпітальную
капліцу Баніфрацкім Санктуарыем Маці Божай Аздараўлення Хворых. Тут
штодзённа адбываецца Адарацыя Госпада Ісуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Верым, што Марыя будзе весці церпячых і патрабуючых да свайго Адзінага Сына, Лекара целаў і душ людзкіх.
Крыніца: http://www.bonifratrzy.pl/