Навэнна падзякі

Пастаўце цудоўны абраз Маці Божай з Пампеі ў падыходным месцы. Калі гэта магчыма, запаліце дзве свечкі, сімвал веры і гарачыні, якія павінны запаліць вашае сэрца. Потым вазьміце ў рукі ружанец.

  1. Я стаю ля Тваіх ног, о Беззаганная Маці Езуса, якая так любіш, каб Цябе заклікалі як Маці Божую Каралеву Ружанца з Пампеі. З радасным сэрцам, з душой, перапоўненай самай гарачай падзякай, я прыходжу да Цябе, о мая шчодрая  Дабрадзейка, мая пяшчотная Спадарыня, Гаспадыня майго сэрца, да Цябе, якая паказала, што Ты мая сапраўдная Маці, Маці поўная любові да мяне. У енках Ты мяне выслухала; у смутку Ты мяне суцешыла; у трывогах Ты вярнула мне супакой. Горыч і смяротны цяжар валодалі маім сэрцам, а Ты, о Маці, з вышыні Свайго Трону ў Пампеі, супакоіла маё сэрца адным Тваім міласэрным позіркам. Хто звяртаўся да Цябе з даверам і не быў выслуханы? Калі б свет лепш ведаў Тваю дабрыню, Тваё спачуванне тым, хто церпіць, усе стварэнні прыбягалі б да Цябе! Будзь навекі бласлаўлёная, о Велічная Дзева з Пампеі, мной і ўсімі стварэннямі, людзьмі і анёламі, небам і зямлёй. Aмэн.

Вітай, Каралева…

   2. Я дзякую Богу і Табе Боская Маці, за новыя даброты, што былі дадзеныя мне дзякуючы Тваёй  дабрыні і міласэрнасці. Што б са мной сталася, калі б Ты не выслухала мае ўздыханні і слёзы? Няхай дзякуюць Табе за мяне Анёлы неба, хоры апосталаў, мучанікаў, дзеваў і веравызнаўцаў. Няхай дзякуюць табе за мяне тыя незлічоныя душы ўратаваных Табой грэшнікаў, якія цешацца цяпер у Небе сузараннем Тваёй несмяротнай прыгажосці. Я хачу, каб разам са мной Цябе любілі ўсе стварэнні і, каб увесь свет паўтараў рэха маёй падзякі. Што я магу даць Табе ўзамен, о Каралева, настолькі багатая дабрынёй і хараством? Я прысвячаю Табе рэшту майго жыцця, каб распаўсюджваць Твой культ, о Каралева Ружанца з Пампеі, бо дзякуючы таму, што я заклікаў  Цябе, мяне наведала ласка Божая. Я паўсюль буду распаўсюджваць набажэнства Твайго Ружанца; я ўсім буду распавядаць пра міласэрнасць, якую Ты выпрасіла мне; і я не перастану рапавядаць пра Тваю дабрыню да мяне, каб нават самыя нягодныя грэшнікі, як я, з даверам звярталіся да Цябе.

Вітаем, Каралева…



     3. Якім імем я магу назваць Цябе, о белая галубка супакою? Пад якім тытулам мне заклікаць Цябе, Тую, што святыя дактары называлі Валадаркай свету, Брамай Жыцця, Святыняй Бога, Палацам Святла, Хвалой Неба, Святой святых, Цудам цудаў, Раем Найвышэйшага? Ты – Скарбніца ласкаў, Усемагутнасць упрашальная, нават больш,  сама Міласэрнасць Божая, якая сыходзіць на нешчаслівых. Але я ведаю таксама, што Твайму Сэрцу прыемна, калі Цябе называюць Каралевай Ружанца з Пампейскай Даліны. І заклікаючы Цябе так, я адчуваю слодыч Твайго таямнічага Імя, о райская Ружа, перанесеная ў гэтую даліну слёз, каб суцешыць смутак бедных выгнаных дзецей Евы; румяная Ружа міласэрнасці, больш пахучая за ўсе духмянасці Лібану, якая дабрапахам Сваёй нябеснай слодычы прыцягваеш у гэтай Даліне сэрца грэшніка да Сэрца Бога. Ты – Ружа спрадвечнай свежасці, што акраплёная водамі Неба, пусціла Свае карані ў зямлю, высушаную дажджом агню; Ружа беззаганнай прыгажосці, якая ператварыла месца смутку ў Сад  радасці Госпада. Няхай Бог будзе праслаўлёны за тое, што зрабіў Тваё Імя настолькі цудоўным! Бласлаўляйце, народы, Імя Маці Божай з Пампеі, бо ўся зямля поўная Яе міласэрнасці.

Вітаем, Каралева…

  4. Сярод  навальніцаў, якія паглынулі мяне, я ўзняў свае вочы да Цябе, новая Зорка надзеі, што з’явілася ў нашыя дні над Далінай руінаў. З глыбіні маёй горычы я паклікаў Цябе, о Каралева Ружанца з Пампеі, і я пакаштаваў моц гэтага тытулу, настолькі любага Табе. Вітай,  заўсёды буду я ўсклікаць, вітай, о Маці міласэрнасці, бязмежнае мора ласкаў, акіян дабрыні і спачування! Хто зможа годна ўспяваць  хвалу Твайго Ружанца і перамогу Тваёй Кароны? Свету, які вырываецца з рук Езуса, каб аддацца дэману, Ты рыхтуеш паратунак ў гэтай даліне, дзе шатан раней паглынаў душы. Ты, трыюмфуючая, зруйнавала рэшткі язычніцкіх святыняў і на руінах ідалапаклонства Ты ўсталявала падножжа Сваёй улады. Ты перамяніла краіну смерці ў Даліну ўваскрашэння і жыцця і на зямлі, дзе валадарыў Твой вораг, Ты пабудавала Цытадэль прытулку, дзе Ты прымаеш народы, каб іх уратаваць. І вось Твае дзеці, раскіданыя па свеце, тут узвялі Трон, як сведчанне Тваіх цудаў, як шлях Тваёй міласэрнасці. З вышыні гэтага трону, Ты паклікала таксама і мяне, каб быць сярод Тваіх абраных дзяцей: на мне грэшным спачыў позірк Тваёй міласэрнасці. Няхай Твае справы будуць вечна бласлаўлёныя, о Спадарыня; і няхай будуць бласлаўлёныя Твае цуды, якія Ты ўчыніла ў гэтай даліне адчаю і спусташэння!

Вітаем, Каралева…

   5. Няхай на ўсіх мовах гучыць Твая хвала, о Спадарыня, і вечар перадае раніцы спевы нашых бласлаўленняў! Няхай усе народы называюць Цябе Бласлаўленай, і няхай усе канцы зямлі і ўсе куткі нябёсаў паўтараюць, што Ты Бласлаўлёная! Я таксама тройчы назаву Цябе Бласлаўлёнай разам з Анёламі, з Арханёламі і з Княствамі; тройчы Бласлаўлёнай з Магуццямі Анёльскімі, з Валадарствамі Неба і з вярхоўнымі Панаваннямі. Я абвяшчу Цябе самай Бласлаўлёнай з Тронамі, з Хэрубімамі і з Серафімамі. O Валадарка, мая  Збавіцелька, не пераставай скіроўваць Свой міласэрны позірк на гэту сям’ю, на гэты народ, на ўвесь Касцёл. Асабліва не адмаўляй мне ў самай вялікай ласцы: каб мая слабасць ніколі не разлучыла мяне з Табой. Зрабі, каб я застаўся цвёрдым да самага апошняга ўздоху ў веры і любові, якой палае ў гэты момант мая душа. Зрабі, каб усе, хто працуе на карысць Твайго Санктуарыя ў Пампеі і развіцця яго спраў міласэрнасці, былі аднойчы ў ліку выбраных!
   O Ружанцовы Вянок маёй Маці, я прытуляю Цябе да майго сэрца і з павагай уцалоўваю (тут пацалуйце свой ружанец). Ты - шлях, які вядзе да ўсіх цнотаў, скарб заслугаў для Вечнасці, знак майго прызначэння, моцны ланцуг, які скоўвае ворага, крыніца супакою для тых, хто ўшаноўвае Цябе на працягу жыцця, прадвеснік перамогі для тых, хто цалуе Цябе ў хвіліну смерці. У гэты апошні час я чакаю Цябе, о Маці. Твой прыход будзе знакам майго збаулення; Твой Ружанец адчыніць мне дзверы Неба. Амэн.

Вітаем, Каралева…

   V. Каралева Святога Ружанца, маліся за нас.
   R. Каб мы сталіся годнымі абяцанняў Хрыста.


   Молімся. O Божа і Ойча Пана нашага Езуса хрыста, які навучыў нас прыбягаць да Цябе з даверам і называць Цябе Нашым Айцом, які ёсць у Небе. О добры Божа, Ты заўсёды Міласэрны і прабачаеш, праз заступніцтва Беззаганнай Дзевы Марыі, выслухай нас, тых, хто ганарыцца называць сябе дзецьмі Ружанца; прымі нашыя пакорныя падзякі за дары, якія мы ад Цябе атрымалі; зрабі таксама, каб Трон, які Ты пабудаваў у Пампейскім Санктуарыі, з кожным днём быў усё больш хвалебным і непахісным, праз заслугі Езуса Хрыста, нашага Пана. Амэн.

Перакладзена з італьянскай мовы