Гісторыя
закліку “Maria Auxiliatrix” (“Марыя Ўспамога”) паходзіць з ранняга
хрысціянства. Сярод вернікаў, якія звярталіся да Маці Божай з малітвай
аб прабачэнні грахоў, пачала ўсталёўвацца традыцыя ўшанавання святога
Імя Маці Божай. Хрысціяне верылі, што Яна як сапраўдная Маці не пакіне ў
бядзе і абавязкова выслухае просьбы сваіх дзяцей.
Першым, хто ў гісторыі Касцёла выкарыстаў
слова “ўспамога”, быў св. Яфрэм, дыякан і вялікі сірыйскі паэт,
Настаўнік Касцёла (373 г. н.э). Ён пісаў, што “Марыя з’яўляецца
сапраўднай апякункай для няшчасных і дапамагае грэшнікам вызваліцца ад
грахоўных пакутаў”.
Да XVI ст. існавала шмат святыняў, у якіх
хрысціяне звярталіся да Марыі Успамогі Хрысціянаў, Марыі Божай Дапамогі
або Марыі Ласкі Божай. Усе гэтыя назвы вельмі падобныя. Дактары Касцёла
ў сваіх працах заклікалі з вялікім даверам ставіцца да заступніцтва
Марыі, якую назвалі “Успамога”, і тлумачылі, што гэтае слова азначае
розныя магчымыя і жаданыя формы духоўнай ласкі і любові Усявышняга, якія
чалавек прагне атрымаць, калі звяртаецца да Маці Божай у малітве.
Прыкладна ў 1500 годзе з дазволу папы Пія
V у Ларэтанскай літаніі з’яўляецца заклік: “Maria, Auxiliatrix
Christianorum!” (“Марыя, Успамога Хрысціянаў!”). З таго часу ў гісторыі
Каталіцкага Касцёла распачынаецца яскравае развіццё культу Панны Марыі
пад гэтым тытулам. Лічыцца, што менавіта гэта Каралева дапамагае
хрысціянам змагацца за сваю веру і заўсёды мае ласку выслухоўваць
чалавека ва ўсіх яго патрэбах.
На далейшы трыумф пераможнай Каралевы
паўплывалі тры асноўныя гістарычныя падзеі ў хрысціянізацыі Еўропы XVI –
XVII стст.: перамога каталіцкага флоту над турэцкай армадай пры Лепанта
(1571г.); 30-гадовая вайна (1618-1648); слаўная перамога хрысціянаў у
Венскай бітве супраць Асманскай імпрерыі пад кіраўніцтвам польскага
караля Яна III Сабескага (1683г.)
Варта ўявіць сабе гэтыя крывавыя
гістарычныя бітвы дзвюх цывілізацый – Крыжа і Паўмесяца. Падчас бітвы
пад Лепанта (Італія) вернікі Хрыста былі ў небяспецы, хоць маглі ў любы
момант апынуцца ў варожым палоне і трапіць пад рэжым Паўмесяца ў Еўропе.
І галоўнакамандуючыя, і простыя салдаты скіроўвалі свой позірк на неба,
просячы заступніцтва Марыі ў абароне святога Касцёла і Папы. “Марыя,
Успамога Хрысціянаў, маліся за нас! Ты – наша магутная дапамога!”
Просьбы іх былі выслуханыя, Крыж Хрыста і Марыі атрымаў перамогу.
У гісторыі рэлігіі існуе меркаванне, што
культ Марыі Успамогі Хрысціянаў пачаў афіцыйнае развіццё ў Італіі, далей
ён быў пашыраны і замацаваны ў Баварыі. У 1624 г. у нямецкім мястэчку
Пасаў з’явіўся першы касцёл пад гэтым тытулам. У канцы XVII ст. у
Мюнхене, у парафіі св. Пятра, утварылася Брацтва Марыі, Успамогі
Хрысціянаў. Да сённяшняга часу вернікі ў Баварыі ўсклікаюць да Марыі:
“Maria, hilf!” (Марыя, дапамажы).
Ужо ў пачатку XVIII ст. слава і
праслаўленне Марыі Успамогі Хрысціянаў распаўсюдзілася ў Паўночнай
Італіі, дзе ў свой час святы Ян Боска стаў апосталам служэння культу
Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ён зрабіў мноства канкрэтых учынкаў, якія
пасадзейнічалі таму, што ўшанаванне гэтага тытулу Марыі стала вядомым і
папулярным ва ўсім каталіцкім свеце. Ян Боска заснаваў мужчынскую
манаскую супольнасць, дзейнасць якой была скіравана на працу з юнакамі,
ад якіх адмовіліся бацькі ці якія па іншых прычынах апынуліся на выліцы.
Пазней ён заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў. Ян
Боска нястомна праводзіў евангелізацыю сярод моладзі і прыкладам свайго
адданага служэння Богу і людзям абуджаў пакліканні да святарскага жыцця ў
супольнасці салезіянаў. У 1865-1868 гадах св. Ян Боска ўзвёў базыліку ў
гонар Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне.
Сапраўдным скарбам з’яўляецца абраз
Турынскай Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (мастак Ларэнцонэ). Гэта адна з
самых буйных у іканаграфіі выяваў – алтарны абраз мае 8 метраў у вышыню
і 4 метры ў шырыню. На ім Марыя паказана як сапраўдная Каралева,
апранутая ў чырвоную сукенку і сіні плашч. Яе галаву ўпрыгожваюць карона
і вянок з дванаццаці зорак. На левай руцэ Яна трымае Божае Дзіцятка,
якое адкрыта працягвае свае рукі, вітаючы кожнага чалавека. У правай
руцэ Маці Божая мае залаты скіпетр, а над Яе постаццю лунае Святы Дух у
выглядзе голуба. “Сучаснаму свету вельмі патрэбная апека Маці Божай, а
святому Касцёлу Езуса Хрыста патрэбна Яе дапамога…” (Ян Боска).
Соф’я Крышаловіч,
парафіянка касцёла
Маці Божай Успамогі Хрысціянаў
у Бараўлянах
Часопіс “Ave Maria” N 5/2012
парафіянка касцёла
Маці Божай Успамогі Хрысціянаў
у Бараўлянах
Часопіс “Ave Maria” N 5/2012