(чытаецца ў кожны дзень навэнны)
Пане, Езу
Хрыстэ, Сыне Божы, пра Муку якога мы з пабожнасцю разважаем у Будслаўскім
санктуарыі, асвяці нас сваёю ласкаю. Асвяці наш розум, каб мы больш поўна і
глыбока пазнавалі праўду. Умацуй нашую волю, каб мы палюбілі тое, чаго патрабуе
ад нас воля Бога-Айца. Запалі нашыя сэрцы, каб мы здолелі больш дасканала
палюбіць Праўду і Дабро.
Сёння мы
стаім каля падножжа Гары Блаславенняў, дзе Ты, Хрыстэ, абвяшчаеш новае,
евангельскае вучэнне аб хрысціянскай маралі. Мы хочам услухацца ў Тваё вучэнне.
Мы прагнем ператварыць яго ў жыццё.
Маці
Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву
мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на
канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы
Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй.
Просім
Цябе, Маці Божая, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў
годнасці сапраўднага чалавека. Вымалі ў свайго Сына, каб выслухаў усе нашы
просьбы, якія згодныя з воляй Божай.
Дапамажы
нам, наша Святая Пані, жыццём і малітвай яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і
да Цябе, якая валадарыш у Будслаўскім санктуарыі. Няхай дапаможа нам таксама ў
гэтым пабожнае чытанне навэны.
ПЕРШЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя ўбогія духам” (Мц 5, 3)
Мы стаім
каля падножжа гары, якую называюць Гарой Блаславенняў. На Ёй прамаўляе Хрыстус
Пан. Яго словы з’яўляюцца для нас настаўленнем. Мы слухаем іх засяроджана і са
здзіўленнем заўважаем, што сэнс гэтых слоў вельмі моцна адрзніваецца ад тэкстаў
Старога Запавету. Тады добрым Божым слугою называлі таго, хто дасканала
прытрымліваўся Божых запаведзяў. Той быў блаславёны, хто дакладна, літара ў
літару, рэалізоўваў запаведзі Старога Запавету. Цяпер Хрыстус гаворыць пра
ўбогіх духам. Ад Гары Блаславенняў павеяла нечым новым. Павеяла Новым
Запаветам. Павеяла тым, што пазней будзе названа хрысціянствам. Са слоў Хрыста
сыходзіць навізна, нараджаецца Евангелле. А Евангелле азначае Добрую Навіну.
“Блаславёныя ўбогія духам”. Належаць да іх можа толькі той, хто ў жыцці
кіруецца любоўю. Знешне можна выглядаць пабожным, унутраная ж дабрыня не можа
існаваць без глыбокага запасу любові ў чалавеку.
Духоўнае
ўбоства можа быць шматаблічным, прымаць розныя формы.
Існуе ўбоства
выкарыстання рэчаў. Калі яно носіць духоўны характар, то грунтуецца на тым, што
матэрыяльным каштоўнасцям не надаецца празмернае значэнне. Нагорная пропаведзь
вучыць нас адрозніваць матэрыяльныя рэчы, патрэбныя чалавеку, ад тых, валодаць
якімі ён імкнецца без пэўнай неабходнісці. Здараецца, што чалавек жадае іх без
меры. Чым больш мае, тым больш прагне мець. Так чалавек паступова скажае свой
характар. Прагнасць павялічвае яго эгаізм. Павышэнне матэрыяльнага ўзроўню
жыцця часта спалучаецца з парушэннем правоў і годнасці іншага чалавека.
Матэрыяльны дастатак нараджае пачуццё перавагі, а гэта супярэчаць прынцыпу
любові да бліжняга.
Але
недахоп убоства ў сферы валодання матэрыяльнымі рэчамі – гэта яшчэ не самая
вялікая загана чалавека. У Хрыстовым благаславенні ўказаны таксама іншыя
элементы паводзінаў, адсутнасць якіх яшчэ мацней скажае характар чалавека.
Убогі
духам той, хто не навязвае іншым сваёй волі. Шмат ёсць такіх людзей, якія
заўсёды навязваюць іншым сваю волю, якія лічаць, што толькі яны заўсёды маюць
рацыю. Звычайна здараецца так, што менавіта той, хто менш ведае, гучней і больш
настойліва навязвае іншым сваю думку. Шмат ёсць такіх людзей, якія прымушаюць
рэалізоўваць свае планы і намеры за кошт перакананняў іншых, не зважаючы на іх
правы. Такой не можа быць пазіцыя благаславёных паводле Нагорнай пропаведзі.
Можна
гаварыць пра ўбоства прэтэнзій. Найчасцей людзі патрабуюць справядлівасці для
сябе, у якой ім нібыта было адмоўлена. І
рэдка прызнаюцца, што самі некага не задаволілі альбо кагосьці пакрыўдзілі,
прычынілі некаму боль. Яны маюць прэтэнзіі да іншых, а самі ў сабе не
знаходзяць ніякай віны. Гэтых людзей не назавеш убогімі духам.
Многія
людзі ўсёй сілай сваёй індывідуальнасці імкнуцца да славы, да высокага
грамадскага становішча. Гэта таксама адбываецца найчасцей за кошт бліжніх, якіх
тады прыніжаюць. Гэта не можа быць пазіцыяй убогіх духам. Тыя, хто так робіць,
не зразумелі Хрыстовага вучэння.
Веліч
Маці Божай, безумоўна, найвышэйшая сярод усяго даступнага чалавеку. Ні да кога
не звяртаецца так шмат людзей са сваімі клопатамі. На свеце найбольш Марыйных
санктуарыяў. А тым часам, Маці Божая – ціхая, пакорная, спакойная; Яна ў
вышэйшай ступені ўбогая духам. Ці не таму менавіта і такая блізкая нам?
3. Малітва
Пане, Езу
Хрыстэ, які ўсіх убогіх духам назваў благаславёнымі! Дай нам зразумець, што
любоў з’яўляецца адзінай здаровай закваскай хрысціянскіх паводзінаў. Ты ніколі
не шукаў славы для сябе, але толькі дабра чалавечай душы, дзеля якой Ты памёр
на крыжы. Учыні, каб мы дараслі да разумення духа Твайго вучэння. Няхай наша
чалавечая годнасць вынікае з любові да Бога і любові да чалавека.
Маці
Божая Будслаўская! Ты з’яўляешся ўзорам любові і пакоры. Нас захапляе веліч
Тваёй місіі ў справе збаўлення чалавека пры захаванні такіх сціплых сродкаў,
што вядуць да святасці. Узбагачай нас Тваім духам усебаковага ўбоства.
Маці і Настаўніца любові да Бога і любові
да бліжняга, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя, якія плачуць” (Мц 5, 4)
Плач – неад’емны спадарожнік чалавека. Сапраўды, адны людзі плачуць часцей
і больш нястрымна, чым іншыя, але, напэўна, няма такога чалавека, які б ніколі
гэтага не рабіў. Мы схільныя нават падазраваць чалавека, які вельмі рэдка
плача, у недахопе чуласці.
Бываюць
розныя прычыны для слёз. Найчасцей слёзы з’яўляюцца тады, калі мы перажываем
якую-небудзь страту. Тады гэта плач жалю. Найбольш балюча, калі адыходзяць
блізкія нам асобы. Таму людзі плачуць на пахаваннях, плачуць, узгадваюць сваіх
памерлых блізкіх.
Плач жалю
бывае таксама тады, калі мы страчваем нейкія жыццёвыя шанцы, напрыклад, пался
няздадзенага экзамену, які быў умовай атрымання добрай пасады. Здараецца
таксама плач пасля страты нейкіх матэрыяльных рэчаў.
Вельмі
часта прычынай слёз становіцца перажытая крыўда. Нанясенне камусьці крыўды
з’яўляецца грахом. Такім чынам, грэх становіцца прычынай плачу. Мы плачам, калі
хтосьці нам здрадзіў. Асабліва балюча, калі гэта зрабіў нехта блізкі і дарагі.
Тады прычынай нашых слёз становіцца здрада якая таксама з’ўляецца грахом. Мы
плачам, калі нас хтосьці ашукаў, калі хтосьці пазбавіў нас добрага імя. Нашы
слёзы выклікае падман, паклёп і абгавор, а значыць – зноў грэх.
Мы
павінны плакаць, калі самі нанеслі каму-небудзь крыўду, калі самі ўчынілі грэх.
Гэта таксама будзе плач жалю. Шкада, што сёння ён ужо рэдкі. Мы павінны
плакаць, калі кіраваліся нянавісцю, калі падбухторвалі людзей супраць
каго-небудзь, калі пазбавілі некага шчасця.
Плач жалю
альбо болю – гэта пазітыўны плач. Існуе таксама плач негатыўны. Можа быць плач
няшчыры, прытворны. Калісьці ў пэўных выпадках запрашалі платных плакальшчыц.
Гэтыя жанчыны моцна галасілі, хоць самі нічога балючага не перажывалі. Бывае
таксама плач злосці. Здараецца, ён тады, калі нам не ўдаўся які-небудзь дрэнны
ўчынак, нейкі падвох, кал не ўдалася наша помста. Бывае таксама плач
зайздрасці. Мы плачам тады, калі хтосьці дасягнуў сваёй мэты, а нам гэта не
ўдалося. Часам плачам ад зайздрасці да чужога шчасця. Ёсць таксама плач
капрызу. Здараецца ён тады, калі нешта атрымліваецца не так, як нам хочацца.
Плач можа
быць выкліканы яшчэ многімі іншымі прычынамі. Нас не цікавяць цяпер тыя віды
плачу, якія маюць негатыўныя з маральнага боку прычыны. Але можа ўзікнуць
пытанне: што агульнага маюць тыя віды плачу, у аснове якога боль і жаль? Чаму
Хрыстос называе людзей, якія плачуць ад болю і жалю, благаславёнымі?
Кожны
шчыры плач – гэта праява нейкага няшчасця. Таму, хто плача, трэба паспачуваць.
Гэта людзі, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі; людзі, у нейкім сэнсе,
слабейшыя, пацярпелыя. Яны нешчаслівыя, часта пакрыўджаныя і зняважаныя. Ім патрэбна
суцяшэнне.
Іначай
людзей ацэньвае свет, іначай ацэньвае іх Бог. Хрыстус асабліва палюбіў слабых,
церпячых, пакінутых. Па прыкладу Хрыста дзейнічае і Касцёл. Наша каталіцкая
этыка патрабуе, каб мы дапамагалі перш за ўсё слабейшым. Кэта яны з’яўляюцца
благаславёнымі. Гэта яны будуць суцешаныя.
З
евангельскага апісання мы не даведаліся, ці часта плакала ў сваім жыцці Маці
Божая. Але культ цудоўных абразоў Маці Божай пачаўся са слёз, якія на іх
выступалі. Можа, сёння Маці Божая, гледзячы з неб, плача над нашым жыццём, над
яго рілігійным і маральным станам?
3. Малітва
Пане, Езу
Хрыстэ, які плакаў, калі страціў свайго прыяцеля Лазара, які плакаў над лёсам
Ерузалема, які вучыш нас, што тыя, хто шчыра плачуць, з’яўляюцца благаславёнымі
і будуць суцешаныя! Дзякуем Табе за тое, што Ты абараняеш слабых. Дзякуем Табе
за тое, што Ты вучыш нас разумець, што хрысціянства з’яўляецца этыкай
умацавання слабых, падбадзёрвання прыгнечаных.
Маці
Божая Будслаўская! Мы глядзім на Твой цудоўны абраз і ад Твайго лагоднага
аблічча спазнаём суцяшэнне. Нас умацоўвае Твой поўны любові позірк. Улі ў сэрцы
тых, якія плачуць, бальзам Тваёй дабрыні. Асушы слёзы ўсіх, хто шчыра плача.
Маці суцяшэння, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
ТРЭЦІ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя лагодныя” (Мц 5, 5)
Хрыстова навучанне, запісанае ў Евангеллі, вылучае людзей простых:
“Благаславёныя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну”. Дзіўнае гэта вучэнне,
якое не ўзвялічвае вялікіх людзей, што дабіліся поспеху, якое не ганарыцца
гучнымі імёнамі, якое ў якасці прыкладу не ставіць багатых. Але ў патаемных
куточках чалавечай душы ўсё ж такі затоена больш альбо менш чутная прага да
грамадскага становішча, да ўшанавання і матэрыяльных дабротаў. Няўжо для
вучэння Хрыста не гэтыя каштоўнасці былі найважнейшымі? Ці Хрыстова навука не
паказвае, што духоўныя каштоўнасці з’яўляюцца першымі і найважнейшымі? Ці ж
Хрыстова настаўленне з Нагорнай пропаведзі выразна не гаворыць, што годнасць
чалавека абапіраецца на яго духоўным жыцці, што душа важнейшая за цела, дух –
за матэрыю?
Пазней
Настаўнік з Гары Благаславенняў будзе несці цяжкі крыж. Тады здзейснілася
справа найвышэйшай важнасці: адкупленне чалавека і свету. А адбывалася ж гэта
ціха і сціпла. Балеснае шэсце суправаджала няшмат асобаў. Пад крыжам таксама
была толькі групка самых блізкіх.
Бог у
сваім Провідзе выбірае, звычайна, убогія сродкі. Шмат разоў Ён выкарыстоўвае
дробныя здарэнні для дасягнення вялікай мэты. Часта Ён паслугоўваецца простымі
людзьмі. Так было са св. Францішкам з Асыжу, так было з Маці Тэрэзай з
Калькуты. Менавіта лагодныя з’яўляюцца благаславёнымі.
Хто такі
лагодны чалавек? Той, хто ў сваім жыцці кіруецца любоўю? Хто ўсё, што робіць,
робіць не для папулярнасці, але дзеля добрасумленнага выканання абавязкаў. Яго
малітва з’яўляецца сустрэчай з Панам Богам і ўмацаваннем сваёй душы, а не
дэманстрацыяй сваёй пабожнасці. Яго праца – гэта служэнне. Ён выконвае яе
нястомна, усведамляючы, што спаўняе Божую волю, якая адначасова з’яўляецца
дабром для чалавека.
Людзей
лагодных шмат. Вельмі шмат. Большасць чалавецтва складаюць такія, якіх не
будуць пісаць газеты. Найчасцей яны пройдуць праз жыццё, заўважаныя толькі
сваімі блізкімі. Большасць з іх не атрымае зямной узнагароды, не здабудзе ані
славы, ані гучнай пахвалы.
Сярод
лагодных будуць мільёны маці, якія з адданасцю служаць уласным сем’ям. Яны
робяць для сваіх блізкіх тысячы справаў, часта вельмі дробных, нязначных. Яны
глыбока перажываюць сямейныя праблемы, няшчасці і паражэнні. Яны заўсёды
гатовыя ахвяраваць сваім на нашу карысць. Лагодныя тыя бацькі, якія спакойна і
ціха параўтвараюць сваю працу і здольнасці ў даброты для сваіх сем’яў. Лагодным
можа быць святар, які цярпліва чакае ў канфесіянале і з любоўю схіляецца над
нашымі слабасцямі.
Да
лагодных належала Маці Божая падчас свайго зямнога жыцця. У цішыні Назарэта
застаў Яе Арханёл Габрыэль, які звеставаў Добрую Навіну. Лагодным было Яе
сямейнае жыццё. Балесная цішыня разлілася над Яе моцна збалелым сэрцам падчас
крыжовага шляху Сына. А ў доме Апостала Яна, Езусавага вучня, Яна была такой
ціхай, што евангеліст нават не ўзгадвае пра Яе.
Ціха
здзяйсняе сваю ролю Маці Божая і сёння, калі аздараўляе і суцяшае,
удзельнічаючы ў звашнатуральнай справе збаўлення. Людзі моляцца да Яе, а Яна не
затрымлівае іх малітвы, а накіроўвае да свайго Сына. Тая, якая першай паверыла,
чыніць так, што ў цэнтры Марыйнай пабожнасці стаіць Хрыстус.
3. Малітва
Езу, лагодны і пакорны сэрцам, дзякуем Табе за тое, што сваім прыкладам і
навучаннем Ты пацвярджаеш, што веліч чалавека грунтуецца не на прызнанні яго
знешніх якасцяў, але на яго ўнутраных, найчасцей ціхіх і нябачных каштоўнасцях.
Дзякуем Табе за тое, што Ты назваў людзей лагодных благаславёнымі. Навучы нас
разумець, што мы часта памыляемся, ацэньваючы іншых, бо бачым толькі знешняе.
Мы верым, што толькі Ты, Божа, ведаеш чалавечыя сэрцы і ўзнагароджваеш за
нябачнае для чалавечых вачэй.
Маці
Божая Будслаўская! Пакорная слуга Панская, навучы нас бачыць чалавечнасць у
чалавеку. Мы ведаем, што найшчаслівейшы той, хто ўмее і мае каго любіць. Дай,
каб мы, па Тваім прыкладзе, дайшлі да разумення таго, што веліч закладаецца не
ў славе, не ў пахвалах і не ў публічным прызнанні, але ў радасці, угрунтаванай
на ціхім служэнні Богу і бліжняму.
Марыя, пакорная і лагодная слуга Панская,
маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
ЧАЦВЁРТЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя галодныя і прагнучыя справядлівасці” (Мц 5, 6)
Калі б мы маглі пералічыць усе праблемы, на якія людзі больш за ўсё наракаюць, бясспрэчна, на першым месцы стаяла б праблема недахопу справядлівасці. Пачуццё справядлівасці як бы ўліта ў душу чалавека. Усе мы прагнем справядлівасці. Яна неабходна чалавеку, як хлеб. Гэта пацвярджаюць таксама словы Хрыста: “…прагнучыя справядлівасці (…) будуць насычаныя”.
Справядлівасць патрабуе аддаць кожнаму тое, што яму належыць. Тут
пачынаюцца цяжкасці нават пры найлепшых намерах, бо ёсць розныя крытэрыі
справядлівасці. Адно належыць безабароннаму дзіцяці, і зусім іншае – вопытнаму
старэйшаму чалавеку; адно дзеяздольнаму чалавеку, і зусім іншае – хвораму.
Справядлівасць не павінна азначаць роўнасці.
Аднак
ёсць выпадкі яўнага парушэння справядлівасці. Здараецца, што мэтанакіравана
абвяшчаюцца рознага роду дыскрымінацыі. Ёсць таксама свядомае прыніжэнне
чалавека. Часта не хапае належнай дапамогі таму, каму яна патрэбна. Чалавечы
эгаізм часта спіхвае іншага чалавека на ніжэйшы ўзровень грамадскага і
эканамічнага жыцця. Занадта часта мы кіруемся ў жыцці ўласнымі выгадамі. Таму
несправядлівасць – нярэдкі госць у чалавечым жыцці. Мы лёгка знаходзім нагоду,
каб наракаць на недахоп справядлівасці, значна цяжэй нам удаецца справядліва
адносіцца да нішых.
Хрыстос,
прамаўляючы да натоўпу на Гары Блаславенняў, назваў прагнучых справядлівасці
благаславёнымі. Безумоўна, Ён думаў пра тых, каго закранула яўная
несправядлівасць. Ён думаў пра тых, хто быў пакрыўджаны.
Прычынай
узнікнення несправядлівасці з’яўляецца грэх. Той, хто назваў прагнучых
справядлівасці благаславёнымі, быў укрыжаваны ў выніку неправядлівага прысуду.
А несправядлівы прысуд – гэта грэх. Несправядлівасць заўсёды з’яўляецца там,
дзе адзін чалавек хоча панаваць над другім. А гэта – грэх. Мы дапускаем несправядлівасць
тады, калі ўсялякім коштам імкнемся здабыць як мага больш грошай. А гэта –
грэх. Кожная несправядлівасць – вынік дзеянняў чалавека.
Умовай
несправядлівасці з’яўляецца любоў да іншага чалавека, здольнасць убачыць у ім
дзіця Божае.
Бог –
справдлівы. Поўню чалавечнасці мы знаходзім, прыпадабняючыся Хрысту. Гэта –
першаснае пакліканне чалавека. Мы здольныя да любові і да прыняцця дару любові.
Чалавек ведае, што толькі любоў можа зрабіць яго шчаслівым. Бог – вялікі ў
сваёй любові. Вучэнне Хрыста нялёгкае, але поўнае любові: “…Я кажу вам: любіце
непрыяцеляў вашых. Так будзеце сынамі Айца вашага, які ёсць у небе”. (Мц 5,
44-45).
Чытаючы
Ларэтанскую літанію, мы называем Маці Божую люстрам справядлівасці. Мы верым,
што ў Ё й пасялілас ўся
паўната справядлівасці. У Ёй, як у чыстым люстэрку, адлюстроўваецца толькі
справядлівасць. І менавіта таму мы ўсведамляем, што “прагнучыя справядлівасці
будуць насычаныя”.
3. Малітва
Пане, Езу Хрыстэ, асвяці наш розум, каб мы не толькі патрабавалі справядлівасці, але таксама ўмелі заўважыць, ці прытрымліваемся яе самі. Няхай дар любові, які зыходзіць на нас з вышыні Твайго крыжа, учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі, якія ацэньваюць спазнаную крыўду не ў духу помсты і пакарання іншых, але ў святле хрысціянскай любові і прабачэння.
Маці
Божая Будслаўская, люстра справядлівасці, Настаўніца любові! Са свайго
цудоўнага абраза Ты глядзіш на нас позіркам, поўным любові. У Цябе мы шукаем справядлівасці.
Прагнем, каб, выходзячы з гэтага санктуарыя, мы былі насычаныя духам
справядлівасці і любові, прагнем так узмацінць сябе, каб нашы ўчынкі ніколі не
былі для бліжніх прычынаю несправядлівасці.
Люстра справядлівасці, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
ПЯТЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя міласэрныя” (Мц 5, 7)
Існуюць розныя віды людскога ўбоства, над якім схіляецца Бог. Хрыстос у сваёй першай пропаведзі, спасылаючыся на словы прарока Ісаі, якія ў Ім здзейсніліся, сказаў: “Дух Пана на Мне: бо Ён намасціў Мяне. Паслаў абвяшчаць добрую навіну ўбогім, аздараўляць сэрцы прыгнечаных, несці вызваленне палонным і вязням свабоду; абвяшчаць год ласкі ад Пана”. (Лк 4, 18-19)
Адбітак
убоства ляжыць на людзях, якія не маюць сродкаў на жыццё. Пра гэты від нястачы
гаворыцца найчасцей. Вобраз чалавека, сапраўды беднага, выразна кідаецца ў вочы
і кранае да глыбігі душы. Сёння гэта набыло вялікія маштабы: адны краіны жывуць
багата, а ў той жа час у іншых – людзі паміраюць з голаду.
Існуе
людское ўбоства, якое вынікае з пазбаўлення чалавека свабоды. Не толькі турмы і
лагеры абмяжоўваюць правы чалавека да мінімуму. Незалежнасць знашчаюць розныя
віды дыскрымінацыі. Пазбаўляе свабоды несправядлівая ўлада. Часта гэта чыніць
адносна свайго бліжняга сквапны чалавек.
Ва
ўбостве жывуць таксама духоўна сляпыя. Гэта тыя, хто не бачыць прыгажосці
стварэння, хто не бачыць прыгажосці стварэння, хто не бачыць бляску праўды, чыё
жыццё страціла каштоўнасць. Сярод іх ёсць шмат такіх, якія выракліся Пана Бога,
- адкінулі крыніцу мудрасці і шчасця.
У
духоўным убостве жывць тыя, хто адчувае боль сэрца. Хто зведаў няварнасць. Быў
адкінуты. Каго закранула несправядлівасць. Хто сутыкнуўся з нянавісцю. Тыя,
каго хтосьці пазбавіў добрага імя.
Ва
ўбостве жывуць таксама грэшнікі. Іх сумленне гняце невыносны цяжар, яно
пазабаўлена спакою. Сумленне не дае ім спаць, часам, нават проста паглядзець
іншаму чалавеку ў вочы. Здараецца, што яны не могуць знайсці сабе месца, бо
грэшніка гняце нанесеная камусьці крыўда.
Над
убогім трэба схіліцца. У Евангеллі негатыўна пададзены святар і левіт, якія абыякава
прайшлі каля чалавека, што пацярпеў ад разбойнікаў. Людзі, няздольныя да
міласэрнасці, не могуць называцца сапраўднымі хрысціянамі. Хрыстос абяцае тым,
хто здоле быць міласэрным, што яны атрымаюць міласэрнасць ад самога Бога. Усе
мы робім памылкі і грахі, таму ўсім нам патрэбна любоў, якая прабачае. У
найвышэйшай ступені ўвасабляе яе сам Пан Бог.
Аб тым,
якое вяліка значэнне мае міласэрнасць, сведчыць выдадзеная Святым Айцом Янам
Паўлам II спецыяльная энцыкліка “Dives in Misericordia”. У гэтым дакуменце Маці Божая названа Маці
Міласэрнасці. Гэта Яна, наведваючы св. Альжбету, сказала: “Бо вялікае ўчыніў
мне Усемагутны, (…) і міласэрнасць Ягоная з пакалення на пакаленне да тых, хто баіцца Яго” (Лк 1, 49-50). Святы
Айцец піша ў сваёй энцыкліцы: “Ніхто так, як Маці Укрыжаванага, не спазнаў
таямніцу крыжа – гэтага “пацалунку”, які міласэрнасць удзяліла справядлівасці.
Марыя з’яўляецца Той, якая найбольш поўна ведае таямніцу Божай міласэрнасці”.
3.
Малітва
Пане, Езу Хрыстэ! Сваім вучэннем і ўласным жыццём Ты абвясціў, што ў свеце, у якім мы жывём, інсуе любоў. Любоў сутыкнулася з цярпеннем. На крыжы Ты прамовіў словы: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”. Тады было здзейснена ўкаранаванне Твайго вучэння аб міласэрнасці.
Маці
Божая Будслаўская! Маці Міласэрнасці, Ты асаблівым чынам набліжаеш да людзей любоў, якую
абвясціў Твой Сын. Гэта менавіта да Цябе звяртаюцца людзі са сваімі просьбамі.
Менавіта Ты выслухоўваеш ад іх найбольш скаргаў на ўбоства. Відавочна, што
скаргі гэтыя не застаюцца бясплённымі, бо вернікі прыходзяць да Твайго абраза
зноў і зноў і прыводзяць да Цябе іншых.
Маці
мілсэрнасці, будзь заўсёды з намі ў кожнай нашай чалавечай патрэбе. Будзь
заўсёды з намі калі нам патрэбны любоў і міласэрнасць.
Маці
міласэрнасці, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
ШОСТЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя міласэрныя” (Мц 5, 7)
Сэрца – сімвал любові. Сэрца – сімвал дабрыні. Калі мы гаворым пра яког-небудзь чалавека, што ён мае адкрытае сэрца, то выкзаваем тым самым сваё меркаванне, што гэты чалавек асабліва добры і поўны любові. Можна таксама гаварыць пра чыстае сэрца – гэта азначае, што пэўны чалавек не абцяжараны грахамі, што яго не гняце нанесеная камусьці крыўда, што з-за яго ніхто не плача, што ён заўсёды гатовы да служэння Богу і бліжняму. Такім людзям Хрыстус абяцае Валадарства Нябеснае: “…яны Бога ўбачаць”.
Пра тое,
ці чыстае наша сэрца, гаворыць нам уласнае сумленне. Кожны чалавек носіць у
сабе гэты голас самога Бога. Носіць яго і той, хто не прызнае Пана Бога. Чаму
голас сумлення з’яўляецца голасам Бога? Таму што гэты голас гаворыць не тое,
што хацеў бы пачуць чалавек, але загадвае тое, чаго хоча сам Бог, альбо
забараняе тое, што супярэчыць Ягонай волі. Гэта голас Божы, бо ён прамаўляе да
ўсіх людзей, незалежна ад месяца і часу. Толькі Бог здольны на гэта – Яго голас
даходзіць да кожнага чалавека, у кожную гістарычную эпоху і ў кожным месцы.
Другі
Ватыканскі Сабор назваў сумленне чалавека санктуарыем. “Гэта святое месца, дзе
Бог сустракаецца з чалавекам. Гэта інтымнае месца, - гаворыць далей Сабор, -
гэта значыць, асабістае, патаемнае, сардэчнае”. Благаславёны той, хто можа
сустракацца з Панам Богам з чыстым сэрцам, з чыстым сумленнем.
У літаніі
да Маці Божай мы просім: “Маці прачыстая, маліся за нас”. Молімся мы таксама да
Беззаганнама Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Усё Яе жыццё – адлюстраване
цнатлівасці. Яна сама з’яўляецца Беззаганным Пачаццем. У часе Звеставання Яна
назвала сябе слугою Пана. Гэтаму азначэнню Марыя засталася верная да канца
жыцця. Святы Айцец Ян Павел II піша ў сваёй
энцыкліцы “Redemptoris Mater”: “Марыя стала першай сярод тых, хто служачы Хрысту ў бліжніх, пакораю і
цярплівасцю прыводзіць братоў сваіх да Валадара, служыць якому – азначае
валадарыць. Яна ва ўсёй паўнаце дасягнула гэтага стану каралеўскай свабоды,
уласцівай вучням Хрыста”.
У гэтай
жа энцыкліцы Папа піша: “Багародзіца – гэта першавобраз Касцёла ў тым, што
датычыць веры, любові і дасканалага яднання з Хрыстом. Таму Марыя атрымлівае ад
Касцёла асаблівую пашану – Яна ўшаноўваецца ад пачэсным імем Багародзіцы, чыёй
абароне аддаюцца ў малітвах вернікі ва ўсіх няшчасцях і патрэбах”.
Мы
называем Маці Божую Каралевай Паннаў. Дзявіцтва з’яўляецца знакам цнатлівасці.
Дзявіцтва азначае панаванне над сабою.
Дзявіцтва не мае нічога агульнага з эгаізмам. Дзявіцтва настройвае на служэнне
Богу і бліжняму.
Прачыстая
Панна валадарыць сёння ў Небе. І ўсім людзям чыстага сэрца Хрыстус абяцае, што
“яны Бога ўбачаць”.
3. Малітва
Пане, Езу Хрыстэ! Ты ведаеш чалавечыя цярпенні, бо сам цярпеў на крыжы! Тваё чыстае Сэрца было прабіта тады дзідаю. Мы верым, што Ты шырока адчыняеш браму неба для ўсіх людзей, чыстых сэрцам. Правядзі і нас у гэтую браму.
Маці
Божая Будслаўская! Панна прачыстая, дапамажы нам, каб мы заўсёды адчувалі
сорам, тады, калі нашыя сэрцы не зусім чыстыя, кам адчувалі агіду да граху. Усёй
сілай свайго духу мы прагнем мець чыстыя сэрцы, каб дзякуючы ім споўнілася ў
нас абяцанне Твайго Сына, што ў вечнасці мы ўбачым Пана Бога нашага.
Панна прачыстая, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
СЁМЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя міратворцы” (Мц 5, 9)
Супакой,
гэтак жа, як і справядлівасць, з’яўляецца спрадвечным прагненнем людзей і
спрадвечнай нашага свету. Усе прагнуць сапраўднага супакою і моляцца аб ім, але
толькі некаторыя і толькі на кароткі час спазнаюць яго.
Часта
гавораць, што супакой пануе там, дзе няма вайны. Гэта толькі напалову праўда.
Супакой – штосьці большае, чым адсутнасць вайны. Супакой – гэта глыбокая
станоўчая каштоўнасць.
Папа Ян XXIII у сваёй энцыкліцы “Pacem in terris” піша, што “супакой не можа будавацца і ўсталёўваццца іначай, як толькі
праз вернае захоўванне парадку, устаноўленага Богам, бо ўсё, што Бог учыніў,
адлюстроўвае Яго бязмежную мудрасць”. Стварэнне свету адбывалася таксама ў
любові, а дакладней, нянавісць, з’яўляецца прычынай адсутнасці супакою. Гэта
праз грэх ён парушаецца.
Вайна,
забойствы людзей, знявага чалавечай годнасці – усё гэта вынік людской
зайздрасці, прэтэнзій і эгаізму. Калі б людзі былі свабодныя ад гэты дрэнных
схільнасцяў, на свеце панаваў бы супакой.
Пазітыўны
супакой для цэлых народаў пануе там, дзе ні яны
самі, ні іх суседзі не праяўляюць нянавісці, агрэсіі, дзе ёсць месца
ўзаемапавазе і супрацоўніцтву. Для звычайнага чалавека пазітыўны супакой
запануе тады, калі яму будзе каго любіць і яго будуць любіць іншыя; калі ў яго
будзе чыстае сумленне; калі ён будзе адчуваць чыстае сумленне; калі ён будзе
адчуваць дапамогу і падтрымку з боку іншых людзей, перша з ўсё сваіх блізкіх.
Супакой запануе, калі людзі будуць вольныя і не будуць злоўжываць сваёй
свабодай; калі кожны будзе бачыць у іншым чалавеку бліжняга, а не рэч, якая яму
толькі перашкаджае.
Святы
Францішак стараўся глядзець на чалавека вачыма самога Пана Бога. Ведаў, што
калі Бог любіць нашага бліжняга нават тады, калі той пракажоны альбо злачынец,
то ці ж можна паводзіць сябе іначай.
Хрыстус
абяцаў нам: “Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам” (Ян 14, 27). Касцёл праз
пакаленні імкнецца перадаваць гэтае пасланне. На працягу многіх стагоддзяў ён
указвае нам шлях да Таго, хто з’яўляецц крыніцаю любові і супакою. Сярод люду
Божага знаходзіцца Маці Езуса. Мы называем Яе Каралеваю супакою. Касцёл заўсёды
лічыў Яе лекаркаю ўсялякіх ранаў, нанесеных свету і паасобным людзям; верыў,
што яна выпрошвае для свету дар еднасці і вучыць варагуючых паяднанню. Святы
Айцец Ян Павел II у сваёй адгартацыі “Christefideles laici” моліцца, звяртаючыся да Марыі:
“Прачыстая Маці, вядзі нас і падтрымлівай, каб мы жылі заўсёды як сапраўдныя
сыны і дочкі Касцёла Твайго Сына і спрыялі ўмацаванню тут, на зямлі,
цывілізацыі праўды і любові, згодна з Божай воляй і дзеля Яго хвалы”.
Супакоем
адорвае Маці Божая і будслаўскіх пілігрымаў. Вялізная большасць з гэтых ласкаў
застаецца ў таямніцы чалавечых сэрцаў, існуюць, аднак, пэўныя знешнія знакі,
якія сведчаць пра гэтую праўду: шмат людзей выказвае падзяку Маці Божай
пісьмова. Многія зноў і зноў прыходзяць да Яе абраза. Мноства вернікаў
заахвочваюць іншых, каб прыходзілі на гэтае месца. Тут заўсёды можна атрымаць
суцяшэнне. Удзячныя Марыйныя спевы ад вякоў гучаць у свеце.
Будзем жа
маліцца аб супакоі заўсёды, калі ўдзельнічаем у Святой Імшы. Аб супакоі ў
свеце, у нашай краіне, аб супакоі для нас саміх молімся мы тут, у санктуарыі
Маці Божай Будслаўскай. Да святла супакою далучайма нашыя намаганні і добрыя
ўчынкі.
3. Малітва
Пане, Езу Хрыстэ! Ты назваў сынамі Божымі тых, хто прыносіць супакой.
Супакой людзям добрай волі абвяшчалі пры Тваім нараджэнні Анёлы. У сваіх
развітальных словах Ты перадаў нам свой супакой, “не так, як свет дае” (гл. Ян
14, 27). Учыні нас пастаяннымі абвяшчальнікамі і носьбітамі Твайго супакою.
Маці Божая
Будслаўская! Каралева супакою, навучы нас зразумець, што сапраўдны Хрыстовы
супакой дасягаецца любоўю і дабрынёй; што супакой Хрыста робіць чалавека
шчаслівым тут, на зямлі, і ўпэнена вядзе да Твайго Сына. Ты як Маці Касцёла
служыш гэтым каштоўнасцям. Улі ў нашыя сэрцы радасць супакою.
Каралева супакою, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
ВОСЬМЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя, каго пераследуюць” (Мц 5, 10)
Езус Хрыстус не абяцаў лёгкага жыцця тым, хто прымае Яго Добрую Навіну. Ён
прадбачыў, што будзе пераслед, і назваў таго, каго пераследуюць,
благаславёнымі.
Хрыстус
сам стаў першай Ахвярай Новага Запавету, першым, хто цярпеў дзеля
справядлівасці. Ен быў асуджаны на смерць як злачынец, а потым з усёй
жорсткасцю ўкрыжаваны. З вышыні крыжа Ён маліўся за сваіх пераследнікаў: “Ойча,
прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).
Святы
Айцец Ян Павел II адзначыў: “Хрыстус церпіць пераслед дзеля
справядлівасці з поўнай свядомасцю, што менавіта гэты пераслед адчыняе перад
чалавецтвам брамы вечнага жыцця” (7 чэрвеня 1999 года, Быдгошч, Польшча).
За сваім
Настаўнікам пойдуць вучні. Укаменаваны св. Сцяпан, паміраючы, моліцца за сваіх
пераследнікаў: “Пане, не лічы гэта ім за грэх” (Дз 7, 60).
Мучаніцкай смерцю паміралі Апосталы і першыя Папы. Ахвяры пераследу за
веру былі ў кожным стагоддзі. Асабліва шмат іх было ў першыя трыста гадоў
хрысціянства, а таксама ў XX стагоддзі.
Цяперашні Папа беатыфікуе і кананізуе вельмі шмат сучасных мучанікаў за веру.
Гэта мучанікі з В’етнама, Мексікі, Іспаніі і іншых краінаў.
13
чэрвеня 1999 года Святы Айцец беатыфікаваў 108 польскіх мучанікаў з часоў
апошняй вайны, сярод якіх ёсць 9
мучанікаў, звязаных з нашым краем. З-за адсунасці адпаведнай дакументацыі мы не
ведаем многіх ахвяраў пераследу за веру ў савецкія часы. Вынесеныя на алтар –
гэта толькі нешматлікія прадстаўнікі тых, хто за яе загінуў.
Мучаніцтва, прынятае за Праўду, з’яўляецца найвышэйшай ахвярай чалавека.
Гэта найбольшае выпрабаванне чалавечнасці. Гэта адначасова сведчанне аб
Праўдзе, такой важнай і вялікай, што за яе варта аддаць сваё жыццё. Мучаніцтва
з’яўляецца ўмацаваннем глебы, на якой разрастаецца дрэва Божага Валадарства.
Важнасць
і веліч веры пацвярджаюць таксама паводзіны саміх пераследнікаў. Справа веры
павінна быць чымсьці вялікім, калі яны ўкладаюць у яе знішчэнне так шмат
зайздрасці і энэргіі, бо не забіваецца так шмат людзей з-за якой-небудзь дробнай
справы.
Маці
Божую мы называем таксама Каралевай Мучанікаў. Гаворым так, хоць ніхто не мучаў
Яе фізічна, хоць ніякі кат ніколі не дакрануўся да Яе цела. Мы можам называць
Яе так, прынамсі, па дзвюх прычынах. Па-першае, Яна з’яўляецца Маці Божаю Балеснаю.
Гэты тытул належыць Ёй, паколькі Яна ўдзельнічае ў цярпеннях Сына і ў цярпеннях
Касцёла. Боль спачування можа прыраўнівацца да фізічнага болю і нават можа
пераўзыходзіць яго. Па-другое, роля Маці Божай ў жыцці Касцёла ніколі не была
пасіўнай. Марыя заўсёды клапоціцца аб узрастанні духоўнага жыцця Касцёла. Кроў
мучанікаў – гэта больш моцны вокліч аб Праўдзе, ён робіць гэтую Праўду
агульнадаступна.
3. Малітва
Пане, Езу Хрыстэ, які цярпеў за нас на крыжы! Дзякуем Табе за вяртанне цярпенню яго вартасці. З дня балесных падзей на Галгофе Касцёл жыве плёнам Тваёй Мукі. На працягу двух тысячагоддзяў існавання Твайго Касцёла незлічоныя шэрагі Тваіх вучняў праз адданне ўласнага жыцця за веру пацвердзілі Праўду, якой Ты з’яўляешся для нас. Просім Цябе аб ласцы адвагі жыць у Праўдзе і дзеля Праўды.
Маці
Божая Будслаўская, Каралева мучанікаў! Пад крыжам на Галгофе Ты цярпела разам
са сваім Сынам. Сёння Ты – Маці Касцёла. Гэты Касцёл акроплены крывёю
мучанікаў. Прывядзі ўсіх пераследаваных да Неба, “бо іх ёсць Валадарства
Нябеснае”.
Маці Божая Балесная, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская
ДЗЕВЯТЫ ДЗЕНЬ
1. Уступная малітва
2. Разважанне: “Благаславёныя, калі будуць здзеквацца з вас” (Мц 5, 11)
У канцы сваёй Нагорнай пропаведзі Хрыстус называе благаславёнымі тых, з
каго людзі здзекваюцца і гавораць пра іх няпраўду з прычыны іх веры. Пропаведзь
заканчваецца словамі: “Радуйцеся і
весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая на небе; так гналі і прарокаў, якія
былі раней за вас” (Мц 5, 12).
Праўдападобна, што абодва гэтыя благаславенні – тое, над якім мы цяпер
разважаем, і папярэдняе – можна злучыць у адно. У абодвух выпадках размова ідзе
аб пераследах. Ёсць такія, што заканчваюцца смерцю, і такія, з якімі трэба жыць
далей. Гэта не азначае, што апошнія лёгка пераносяцца і нічога нявартыя.
Кожны
чалавек, які паяднаўся з Хрыстом праз ласку, абавязаны вызнаваць сваю веру.
Часам гэта патрабуе вялікай ахвяры. Гэта можа набыць форму гераізму і
мучаніцтва. Асабліва пакутліва, калі пераслед адбываецца штодзённа, часам, на
працягу доўгага перыяду і нават усяго жыцця.
Праціўнікі веры, выкарыстоўваюць шмат шляхоў для знішчэння таго, што
Божае. Кпіны, высмейванне, здзекі тут звычайная справа. Асабліва
спецыялізаваўся ў гэтым атэістычны камунізм. Улады адчынялі музеі атэізму ў
папярэдне зачыненых касцёлах. На школьных уроках мільёны разоў высмейвалася ўсё
самае святое ў рэлігіі. Забівалі святароў, заяўляючы, што яны з’яўляюцца
ворагамі простых людзей. Зачынялі жаночыя кляштары, распаўсюджваючы звесткі,
што яны – цэнтры прастытуцыі. Як жа цяжка ў такіх абставінах даваць сведчанне
веры! Той, каго пераследуюць, бывае тады глыбока зранены. Калечыцца яго
чалавечнасць, знішчаецца яго чалавечая годнасць. Часам лягчэй вынесці боль да
фізічнай раны, чым ад раны, нанесенай душы.
Калі мы
разам разважаем пра Муку Хрыста, мы часцей думаем пра раны, выкліканыя
забіваннем цвікоў у распрасцёртыя рукі, чым пра барвовы плашч, які быў сімвалам
іроніі над Яго Валадарствам, ці пра здзекі, схаваныя ў насмешлівых паклонах і
вітаннях, што прыніжалі годнасць асобы Езуса.
Відавочна
тое, што ні фізічны пераслед, ні душэўныя раны ад здзекаў і няпраўды не змаглі
і не змогуць адабраць у людзей іх веру. Відавочна таксама тое, што сіла ў
слабасці ўдасканальваецца, што выпрабаванне ачышчае нашу веру і паглыбляе яе.
Напрыканцы нашых разважанняў звернем увагу на агульны сэнс Хрыстовых
благаславенняў. Благаславёны – гэта чалавек лагодны, убогі духам, міласэрны і
той, каго пераследуюць. Гэта перш за ўсё людзі добрыя, але найчасцей слабыя;
добразычлівыя, але церпячыя; спагадлівыя, але пераважна тыя, каму таксама
патрэбна спачуванне. Філосаф Фрыдрых Ніцшэ назваў такіх людзей духоўнымі
нявольнікамі. Яго ідэалам было насілле і панаванне. Для Хрыста ідэалам
з’яўляецца годнасць чалавека. У хрысціянстве вартасць мае не тое, што прыгнятае
і знішчае, а тое, што жыве і ўзрастае; не насілле, а прабачэнне.
Евангелле
– гэта культ чыста чалавечых каштоўнасцяў. Калі ёсць слабыя, трэба ім
дапамагчы. “Іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 10).
Маці
Божая падтрымлівае Касцёл, які ідзе менавіта гэтым шляхам.
3. Малітва
Пане, Езу Хрыстэ! Твая цярнёвая карона – гэта не толькі боль увагнаных у скроні церняў; гэта таксама, а можа найперш, цярпенні, што вынікаюць з насмешак над Тваім Валадарствам. Умацуй у веры ўсіх тых, чыю веру высмейваюць іншыя. Дай ім сілу вытрываць да канца. Няхай усе зразумеюць, што Евангелле абвяшчае любоў таксама і тым, хто з нас здзекуецца.
Маці
Божая Будслаўская, Каралева Усіх Святых! Абараняй душы ўсіх дзяцей, якія
выхоўваюцца сярод атак і насмешак над нашай верай. Няхай у сэрцах маладых
людзей і ў нашых уласных сэрцах расквітнеюць дабрыня і высакароднасць. Няхай
разрастаецца і ўмацоўваецца Касцёл, для якога Ты – найлепшая Маці.
Маці Сына, які цярпеў і над якім
насміхаліся, маліся за нас.
Ойча
наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Літанія Ларэтанская