Праслаўленне
Найсвяцейшай Панны Марыі (Святы Ян Дамаскін)
Святы Ян Дамаскін (каля 675–749 гг.) — айцец Касцёла, багаслоў і
філосаф, сістэматызатар хрысціянскай веры, а таксама знакаміты складальнік
гімнаў праслаўлення, многія з якіх увайшлі ў склад царкоўных набажэнстваў.
Некаторыя заклікі Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай), якімі мы
асаблівым чынам ушаноўваем Маці Божую падчас маёвых набажэнстваў, паходзяць
менавіта з яго твораў. «Для Маці Божай непатрэбныя пахвалы нашыя, — тлумачыў
св. Ян Дамаскін у сваім „Слове на Унебаўзяцце Найсвяцейшай Багародзіцы“, — але
мы маем патрэбу ў Яе славе».
Ні мова чалавечая, ні розум анёлаў, якія па-над гэтым светам, не могуць
годна ўсхваліць тую [адзіную, якая неспасціжным і найнатуральнейшым чынам
невыказна ўмясціла ў сябе найнатуральнейшае Слова Божае], праз якую дадзена нам
яскрава бачыць хвалу Божую. Дык што ж? Не маючы сілаў усхваляць адпаведна
годнасці, ці ж будзем мы маўчаць, звязаныя бояззю? Не. Ці пакрочым бясстрашна
і, забыўшыся пра сваю абмежаванасць, cкінуўшы аброць страху, дакранемся
бязбоезна да недатыкальнага? Не. Лепей мы растворым боязь любоўю і руплівасцю
і, сплёўшы з іх вянец, са свяшчэнным трымценнем, дрыжачаю рукою з палаючаю
душою прынясём недасканалыя парасткі нашага розуму, як належную даніну
ўдзячнасці, да Каралевы Маці, Дабрадзейкі ўсяе прыроды.
Але як мы ўзвялічым Цябе, Валадарка наша? З якімі словамі звернемся да
Цябе? Якімі пахваламі ўвянчаем Тваю святую і слаўную галаву, Прычына дабротаў,
Давальніца скарбаў, Упрыгожанне чалавечага роду, Слава ўсёй прыроды, бо праз
Цябе яна зрабілася сапраўды благаслаўлёнаю, праз Цябе яна ўмясціла Таго, каго
дагэтуль не ўмяшчала, і на каго дагэтуль бяссільная была падняць вочы, а цяпер
глядзіць з адкрытым тварам. О Слова Божае! Вытанчы марудлівы ў словах язык наш;
дай нам слова жыватворнае, каб і мы маглі адкрыць вусны свае (Эф 6, 19); удыхні
ў нас тую ласку Духа, з якою рыбакі красамоўнічаюць, і непісьменныя вяшчаюць
мудрасць звышчалавечую, каб і мы, слабагалосыя, маглі абвясціць, хоць і не
моцным голасам, веліч Тваёй улюбёнай Маці.
Яна, выбраная з даўніх часоў па прадвызначэнні і ласцы Бога і Айца, з якога
Ты народжаны без болю і цярпення перад усімі вякамі, Яна нарадзіла Цябе — Жыццё
ад Жыцця, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, уцелаўлёнага
ад Яе ў астатнія часы. Незвычайным было Яе нараджэнне, пераўзыходзілі прыроду і
мысленне збаўчыя для свету народзіны, векапомным і сапраўды святым было Яе
хвалебнае ўнебаўзяцце. Яе прадвызначыў Айцец, Яе прадвясцілі прарокі Духам
Святым, а асвячальная моц Духа ахапіла Яе, ачысціла, асвяціла і як бы арасіла.
Тады невымоўна ўсяліўся ў Яе Ты — мяжа і Слова Айца, і паклікаў нашую нікчэмную
натуру на бязмежныя вышыні Тваёй неспасцігальнай Боскасці. Прыняўшы пачаткі
нашай натуры ад найчысцейшай і беззаганнай святой Дзевы, Ты ўтварыў сам сабе
цела, адушаўлёнае славеснаю і разумнаю душою, успрыняў яго на сябе і стаўся
дасканалым чалавекам, не перастаючы быць дасканалым Богам і адзінасутным Айцу
Твайму, толькі па невымоўнай дабрыні сэрца ўспрыняўшым на сябе нашую слабасць.
І Ты нарадзіўся з Яе — адзіны Хрыстус, адзіны Пан, адзіны Сын, Бог і разам з
тым чалавек. Стаўшы пасрэднікам паміж Богам і чалавекам, Ты знішчыў варожасць і
прывёў адступнікаў да Айца Твайго, заблукалае навярнуў, азмрочанае прасвятліў,
заняпалае аднавіў, тленнае перамяніў у нятленнае, стварэнне вызваліў ад
памылковага ўяўлення аб мнагабожжы, людзей учыніў дзецьмі Божымі, зняслаўленых
аб’явіў удзельнікамі Боскай славы, прыгаворанага да прабывання ў адхлані ўзвёў
вышэй за ўсялякія начальствы і ўлады, асуджанага зноў стаць зямлёю і прабываць
у пекле пасадзіў у самім сабе на каралеўскі трон. Але хто ж быў раскошнаю
палатаю, дзе падрыхтоўваліся гэтыя бязмежныя даброты, што пераўзыходзяць
усялякі розум і разуменне? Ці ж не Найчысцейшая Дзева, якая нарадзіла Цябе?
Яе нараджэнне было абвешчана праз анёла: бо трэба было, каб тая, што па
целу стане Маці адзінага сапраўды дасканалага Бога, і ў гэтым не саступала
нікому і не займала другога месца. Потым Яна прысвячаецца святому храму Божаму
і жыве тут, выяўляючы перад усімі асаблівую чысціню і дасканаласць у спосабе
жыцця, аддаліўшыся ад усялякіх зносінаў з мужчынамі і жанчынамі, нявольнікамі
грахоў. Калі ж дасягнула паўналецця і паводле закону не магла заставацца ў
святыні, тады саборам святароў даручаецца Юзафу, апекуну Яе дзявоцтва, які, у
параўнанні з іншымі, да старасці захаваў закон непарушным. Вось у яго і
прабывала гэтая святая і найчысцейшая дзяўчына, цалкам аддаўшыся хатнім
заняткам і не ведаючы нічога, што адбывалася па-за Яе домам.
Але калі надышла паўната часу, як кажа Боскі Апостал (Гал 4, 4), то да
гэтай праўдзівай дачкі Божай быў пасланы анёл Габрыэль і прамовіў да Яе:
«Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28). Якое прыгожае і цудоўнае гэтае
анёльскае прывітанне, звернутае да той, якая вышэй за анёлаў: яно прыносіць
радасць для ўсяго свету. Але тая, што вырашыла непарушна захоўваць дзявоцтва,
не прывычная да размовы з мужчынамі, збянтэжылася ад гэтых cловаў. «Што можа
азначаць такое прывітанне?» — разважала Яна. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся,
Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана» (Лк 1, 30). Сапраўды, знайшла ласку Тая, што
была годная ласкі. Знайшла ласку Тая, што [супрацоўнічала з ласкаю], вырошчвала
яе і атрымала багатае жніво. Знайшла ласку Тая, што нарадзіла насенне ласкі і
сабрала багатыя каласы яе. Знайшла бездань ласкі Тая, што захавала непашкоджаным
карабель двайнога дзявоцтва, бо Яна і душу, не менш за цела, зберагла чыстаю,
таму захавалася і чыстасць цела. «І народзіш Сына, — сказаў анёл, — і дасі Яму
імя Езус» (Лк 1, 31). А Езус азначае Збаўца, «бо Ён збавіць народ свой ад
ягоных грахоў» (Мц 1, 21). Што ж адказвае гэтая скарбніца праўдзівай мудрасці?
Яна не наследуе прамаці Еву, а наадварот, выпраўляе яе неасцярожнасць і,
засцярогшы сябе прыродаю, вось як адказвае на словы анёла: «Як станецца гэта,
калі я мужа не ведаю? (Лк 1, 34) Ты кажаш пра немагчымае. Словы твае разбураюць
межы прыроды, пастаўленыя Тварцом. Не згаджуся быць другою Еваю і парушыць волю
Стварыцеля! Калі ты не гаворыш супраціўнага Богу, то рассёй маё сумненне,
растлумач мне спосаб зачацця». На гэта адказаў Ёй анёл ісціны: «Дух Святы сыдзе
на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа
Сынам Божым (Лк 1, 35). Тое, што здзяйсняецца сёння, не падпарадкаванае законам
прыроды, бо Творца і Валадар прыроды па сваёй уладзе змяняе законы прыроды». Яна
ж, пачуўшы з глыбокаю пашанаю гэтае заўсёды жаданае і высокашаноўнае імя,
прамовіла словы пакорнасці, поўныя боязі і радасці: «Вось я, слуга Пана. Няхай
мне станецца паводле твайго слова».
О глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога, — скажу сёння і я разам з
Апосталам. Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя! (Рым 11,
33). Якая бязмерная міласць Божая! Якая нязмерная любоў! Той, хто кліча да
існавання тое, што не існуе (Рым 4, 17), хто напаўняе неба і зямлю, каму неба
служыць тронам, а зямля падножжам, учыніў сабе прасторнае жыллё ва ўлонні рабы
сваёй і ў ёй здзейсніў самую дзівосную з усіх таямніцаў. Бо Ён, які ёсць Богам,
робіцца чалавекам, у вызначаны час найнатуральнейшым чынам нараджаецца,
пакідаючы ключы дзявоцтва непарушанымі; і як немаўля носяць зямныя рукі Таго,
хто ёсць адлюстраваннем славы Айца і вобразам Ягонай сутнасці, хто ўсё трымае
словам вуснаў сваіх (Гбр 1, 3). О сапраўды Боскія цуды! О таямніцы, што
пераўзыходзяць прыроду і разуменне! О праслаўленне дзявоцтва, якое вышэй за
чалавечую прыроду! Што азначае гэтая вялікая таямніца пра Цябе, о святая Маці і
Дзева? «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго! (Лк
1, 42) Благаслаўлёная Ты з роду ў род, адзіная благаслаўлёная ва ўсе вякі! Вось
ужо благаслаўляюць Цябе ўсе пакаленні, як Ты сказала (Лк 1, 48).
Перад Табою і мы стаім сёння, Панна над паннамі, Маці непарушная! Да
спадзявання на Цябе, як да нейкага моцнага і непарушнага якара, прымацавалі мы
свае душы, Табе прыносім саміх сябе цалкам: розум, душу, цела; Цябе ўшаноўваем
па магчымасці (бо годна ўшанаваць Цябе немагчыма) псальмамі і гімнамі і
духоўнымі песнямі. Калі — як навучае нас святое Слова — пашана, якую мы
складаем, такім, як мы, слугам служыць доказам нашай руплівасці ў адносінах да
агульнага Валадара, то ці можам мы не ўшаноўваць Цябе, нарадзіўшую Пана? Для
тых, хто пабожна ўшаноўвае Тваю памяць, сапраўды дастаткова каштоўнага дару
памятання пра Цябе, бо яно дае неад’емную радасць. Сапраўды, якім
задавальненнем, якімі дабротамі не напоўніцца той, хто ўчыніць свой розум
сховішчам найсвяцейшай Тваёй памяці? Як сведчанне нашай удзячнасці мы прыносім
Табе гэтыя парасткі словаў, гэтае ўзліванне ўбогага розуму, які кіруецца любоўю
да Цябе, забыўшыся пра сваё бяссілле. Прымі прыхільна гэтую нашу руплівасць, бо
Ты ведаеш, што ёй не адпавядаюць нашыя сілы. Узглянь на нас у Тваёй дабрыні,
Валадарка наша, Маці найдабрэйшага Пана, уладкуй справы нашыя, уціхамір парывы
агідных жарсцяў нашых; увядзі нас у ціхае прыстанішча Божай волі, учыні нас
годнымі слодычы будучага шчасця і непасрэднага азарэння ад уцелаўлёнага з Цябе
Бога Слова, з якім хвала, пашана, валадарства і велічанне Айцу разам са святым
і жыватворным Духам, цяпер і на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Ірына Бурак