понедельник, 14 апреля 2025 г.

Галоўная



 Вітаем на беларускай старонцы
Легіёна Марыі!

 

Легіён Марыі – гэта супольнасць каталікоў, якія са згоды Каталіцкага Касцёла і пад апекаю Беззаганнай Марыі, Пасрэдніцы ласкаў, арганізаваныя на ўзор арміі, каб дапамагаць Касцёлу ў ратаванні душ і ў барацьбе супраць зла. Члонкі гэтай супольнасці выбралі менавіта Марыю як самы надзейны і самы кароткі шлях да святасці і збаўлення.

 

Легіён Марыі – гэта рух свецкіх людзей, што імкнуцца зрабіць веру лейтматывам свайго жыцця аж да дасягнення асабістай святасці. Нашае пакліканне – быць закваскаю сярод Божага народу. Яно адначасова з’яўляецца хрысціянскім натхненнем да дзейнасці ў сучасным свеце, а таксама пакліканнем да таго, каб набліжаць святара да людзей, і з адказнасцю адносіцца да асноўных заданняў Касцёла. 

 

Нашая духоўнасць – гэта цалкам марыйная духоўнасць. Мы ікнемся служыць з Марыяй, праз Марыю і як Марыя кожнай чалавечай асобе, якая з’яўляецца вобразам Хрыста. Неследуючы пакору Беззаганнай Маці, мы ідзем з Ёю на заданне, каб кожную душу прывесці да Хрыста.

 

Наш сайт дапаможа вам лепш пазнаць Легіён Марыі, яго фундамент, духоўнасць і дзейнасць у Беларусі.

 

Вы зможаце даведацца пра вялікіх асобаў Легіёна Марыі: Фрэнка Дафа, яго заснавальніка; Эдель Куін, якая заснавала Легіён ва ўсходняй Афрыцы; Альфі Лэмба, які зрабіў тую ж самую працу ў Паўднёвай Амерыцы.

 

Прыемных пошукаў!


Па ўсіх пытаннях лістуйце на адрас legionmaryi@gmail.com


Шукайце нас таксама ў фейсбуку https://www.facebook.com/legionmaryi






Навэнна да Божай Міласэрнасці

Навэнна да Божай Міласэрнасці, якую Езус мне загадаў напісаць і маліцца перад святам Міласэрнасці. Яна распачынаецца ў Вялікую Пятніцу.

Я жадаю, каб у гэтыя дзевяць дзён ты прыводзіла душы да крыніцы Маёй міласэрнасці, каб яны чэрпалі ў ёй сілу і прахалоду, і ўсялякую ласку, якая неабходная ім у жыццёвых цяжкасцях, і асабліва ў гадзіну смерці. Кожны дзень ты будзеш прыводзіць да Майго сэрца групы душаў і акунаць іх у моры Маёй міласэрнасці. А Я ўвяду ўсе гэтыя душы ў дом Майго Айца. Рабіць гэта ты будзеш і ў гэтым жыцці, і ў будучым. І Я не адмоўлю ні ў чым ніводнай душы, якую ты прывядзеш да крыніцы Маёй Міласэрнасці. Кожны дзень дзеля Маёй балеснай мукі ты будзеш прасіць Майго Айца аб ласках для гэтых душаў.

Я адказала: "Езу, я не ведаю, як адпраўляць гэтую навэнну і якія душы найперш прывесці да Твайго Найсаладзейшага Сэрца". Езус адказаў, што Ён скажа мне, якія душы кожны дзень я павінна прыводзіць да Яго Сэрца.

Дзённік, 1209

Дзень першы

Сёння прывядзі да Мяне ўсё чалавецтва, і асабліва ўсіх грэшнікаў, і акуні іх у мора Маёй міласэрнасці. Гэтым ты суцешыш Мяне ў горкім смутку, у які Мяне прыводзіць страта душаў.

Езу найміласэрнейшы, які літуешся над намі і прабачаеш нам. Не зважай на грахі нашыя, але зважай на наш давер, які ўскладаем на бясконцую дабрыню Тваю, і прымі ўсіх нас у дом Найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас з яго навекі. Просім Цябе праз Тваю любоў, якая яднае Цябе з Айцом і Духам Святым.

Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці асабліва на бедных грэшнікаў і на ўсё чалавецтва, укрытае ў найлітасцівейшым Сэрцы Езуса, і дзеля Яго балеснай мукі акажы нам сваю міласэрнасць, каб мы праслаўлялі ўсемагутнасць Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн. (Дзённік, 1210-1211)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень другі

Сёння прывядзі да Мяне святарскія і манаскія душы і акуні іх у Маю невычэрпную міласэрнасць. Яны далі Мне сілы вытрываць горкую муку, праз іх, як праз каналы, сплывае на чалавецтва Мая міласэрнасць. 

Езу найміласэрнейшы, ад Цябе сыходзіць усё добрае, памнож у нас ласку, каб мы годна выконвалі ўчынкі міласэрнасці, каб тыя, што на нас глядзяць, праслаўлялі Айца міласэрнасці, які ёсць у небе.

Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на супольнасць абраных у вінаградніку сваім, на душы святарскія і манаскія, і адары іх моцаю свайго благаслаўлення, а дзеля пачуццяў Сэрца Сына свайго, у якім душы гэтыя прабываюць, удзялі ім моцы святла свайго, каб маглі яны весці іншых па дарогах збаўлення, каб разам спявалі хвалу невычэрпнай міласэрнасці Тваёй на векі вечныя. Амэн. (Дзённік, 1212-1213)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень трэці

Сёння прывядзі да Мяне ўсе душы пабожныя і веруючыя і акуні іх у мора Маёй міласэрнасці; гэтыя душы суцешылі Мяне на Крыжовым шляху, яны былі кропляю радасці  ў моры горычы.

Езу найміласэрнейшы, Ты ўсім надзвычай шчодра ўдзяляеш свае ласкі са скарбніцы міласэрнасці сваёй. Прымі нас у дом найлітасцівейшага Сэрца свайго і не адпускай нас навекі. Просім Цябе аб гэтым праз Тваю  неспасцігальную любоў, якою палае Тваё Сэрца да Айца Нябеснага.

Ойча Спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы верныя як на спадчыну Сына свайго і дзеля Яго балеснай мукі ўдзялі ім сваё благаслаўленне і атуляй іх сваёю нястомнаю апекаю, каб яны не страцілі любові і скарбу святой веры, але каб з усімі анёламі праслаўлялі Тваю бязмежную міласэрнасць на векі вечныя. Амэн. (Дзённік, 1214-1215)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень чацвёрты

Сёння прывядзі да Мяне язычнікаў і тых, хто Мяне яшчэ не ведае. Пра іх Я таксама думаў падчас сваёй горкай мукі, а будучая іх руплівасць суцешыла Маё сэрца. Акуні іх у мора Маёй міласэрнасці.

Езу найлітасцівйшы, Ты – святло ўсяму свету,  прымі ў дом найлітасцівейшага Сэрца свайго душы язычнікаў, якія Цябе яшчэ не ведаюць; няхай промні Тваёй ласкі асветляць іх, каб і яны разам з намі праслаўлялі цуды Тваёй міласэрнасці, і не адпускай іх з дому найлітасцівейшага Сэрца свайго.

Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці на душы язычнікаў і тых, хто Цябе яшчэ не ведае і хто прабывае ў Найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Прыцягні іх да святла Евангелля. Гэтыя душы не ведаюць, якое гэта шчасце - любіц Цябе; учыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць Тваёй міласэрнасці на векі вечныя. Амэн. (Дзённік, 1216-1217)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень пяты

Сёння прывядзі да Мяне душы ерэтыкоў і тых, што адлучыліся, і акуні іх у мора Маёй міласэрнасці; падчас горкай мукі яны разрывалі Мой Касцёл. Калі яны вяртаюцца да еднасці з Касцёлам, гояцца Мае раны і такім чынам лягчэйшаю становіцца Мая мука. 

Езу наймiласэрнейшы, Ты – сама дабрыня і не адмаўляеш у святле тым, хто просіць Цябе. Прымі ў дом найлітасцівейшага Сэрца свайго душы ерэтыкоў і душы адлучаных і прыцягні іх сваім святлом да еднасці з Касцёлам, і не адпускай іх з дому найлітасцівейшага Сэрца свайго, але ўчыні, каб і яны праслаўлялі шчодрасць Тваёй міласэрнасці.

Ойча спрадвечны, глянь вокам міласэрнасці сваёй на душы ерэтыкоў і адлучаных, якія растрацілі Тваё багацце, упарта прабываючы ў сваёй заблуканасці. Не глядзі на іх памылкі, але на любоў свайго Сына і на Яго балесную муку, якую Ён прыняў дзеля іх, таму што і яны прабываюць у найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Учыні, каб і яны праслаўлялі Тваю вялікую міласэрнасць на векі вечныя. Амэн. (Дзённік, 1218-1219)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень шосты

Сёння прывядзі да Мяне душы ціхія і пакорныя, і душы малых дзяцей, і акуні іх у Маю міласэрнасць. Гэтыя душы найбольш падобныя да Майго сэрца. Яны ўмацоўвалі Мяне падчас балеснай смяротнай мукі; Я бачыў іх як зямных анёлаў, якія будуць чуваць каля Маіх алтароў. На іх Я праліваю цэлыя патокі ласкаў. Маю ласку здольныя прыняць толькі пакорная душа; пакорныя душы Я адорваю сваім даверам. 

Езу наймiласэрнейшы, Ты сам сказаў: «Навучыцеся ад Мяне, бо Я цiхi i пакорны сэрцам», - прымi ў дом свайго найлiтасцiвейшага Сэрца душы цiхiя i пакорныя, i душы малых дзяцей. Гэтыя душы прыводзяць у захапленне ўсё неба i з'яўляюцца асаблiвым упадабаннем Айца Нябеснага, і духмяным букетам перад Божым тронам, ад водару якога сам Бог мае асалоду. Гэтыя душы пастаянна знаходзяцца ў доме найлiтасцiвейшага Сэрца Езуса i нястомна спяваюць гiмн любовi i мiласэрнасцi навекi.

Ойча Спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi на душы цiхiя і пакорныя, i на душы малых дзяцей, якiя прабываюць у доме найлiтасцiвейшага Сэрца Езуса. Гэтыя душы найбольш упадобненыя да Сына Твайго, водар гэтых душаў узносiцца з зямлi i дасягае Твайго трону. Ойча мiласэрнасцi i ўсялякай дабрынi, прашу Цябе праз любоў i ўпадабанне, якiя маеш у гэтых душах, благаславi ўвесь свет, каб усе душы разам спявалi пашану Тваёй мiласэрнасцi на векi вечныя. Амэн. (Дзённік, 1222-1223)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень сёмы

Сёння прывядзі да Мяне душы, якія асабліва ўшаноўваюць і праслаўляюць Маю міласэрнасць, і акуні іх у Маю міласэрнасць. Гэтыя душы найбольш смуткавалі над Маёю мукаю і найглыбей пранікліся Маім духам. Яны - жывое адлюстраванне Майго літасцівага сэрца. Гэтыя душы будуць ззяць асаблівым святлом у будучым жыцці. Ніводнай з іх не закране пякельны агонь. Кожную Я буду асабліва ахоўваць у гадзіну смерці.

Езу наймiласэрнейшы, Сэрца Тваё – сама любоў, прымi ў дом Найлiтасцiвейшага Сэрца свайго душы, якія асаблiва ўшаноўваюць i праслаўляюць велiч мiласэрнасцi Тваёй. Душы гэтыя, магутныя сiлаю самога Бога; сярод пакутаў i цяжкасцяў яны iдуць наперад, давяраючы Тваёй мiласэрнасці. Паяднаныя з Табою, Езу, душы гэтыя нясуць усё чалавецтва на сваіх плячах. Яны не будуць асуджаныя сурова, а мiласэрнасць Твая атуліць iх у хвiлiну смерцi.

Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi на душы, якiя праслаўляюць i ўшаноўваюць Тваю найвялікшую ўласцівасць - Тваю невычэрпную мiласэрнасць, і якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Душы гэтыя з’яўляюцца жывым Евангеллем, рукi iх поўняцца ўчынкамi мiласэрнасцi, а сэрцы, перапоўненыя радасцю, спяваюць песню мiласэрнасцi Найвышэйшаму. Малю Цябе, Божа, акажы iм сваю мiласэрнасць паводле надзеi i даверу, якiя на Цябе ўскладалi. Няхай споўнiцца на iх абяцанне Езуса, якi сказаў ім: Душы, якiя будуць ушаноўваць гэтую Маю невычэрпную мiласэрнасць, Я сам буду баранiць у жыццi, а асаблiва ў гадзіну смерцi, як сваю хвалу. (Дзённік, 1224-1225)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Дзень восьмы

Сёння прывядзі да Мяне душы, якія знаходзяцца ў вязніцы чыстца, і акуні іх у бездань Маёй міласэрнасці. Няхай струмені Маёй крыві ахалодзіць іх жар. Я вельмі палюбіў усе гэтыя душы, яны сплачваюць Майму правасуддзю; у тваіх сілах прынесці ім палёгку. Бяры са скарбніцы Майго Касцёла ўсе адпусты і ахвяруй за іх... О, калі б ты ведала іх цярпенні, ты пастаянна ахвяроўвала б за іх міласціну духу і сплачвала б іх даўгі Майму правасуддзю.

Езу наймiласэрнейшы, якi сказаў, што хочаш міласэрнасці, вось я прыводжу ў дом Твайго найлітасцівейшага Сэрца душы з чыстца, душы, мілыя Табе, але якія павінны сплачваць даўгі Твайму правасуддзю. Няхай струмені крыві і вады, якія выплылі з Твайго Сэрца, згасяць чыстцовы агонь, каб і там праславілася моц Тваёй міласэрнасці. 

Ойча спрадвечны, глянь вокам мiласэрнасцi на душы, церпячыя ў чыстцы, і ўкрытыя ў найлітасцівейшым Сэрцы Езуса. Малю Цябе праз балесную муку Езуса, Сына Твайго, і праз горыч, якою была залітая Яго найсвяцейшая Душа, акажы сваю міласэрнасць душам, якія знаходзяцца пад Тваім справядлівым наглядам. Глядзі на іх не інакш, як толькі праз раны Езуса, Твайго наймілейшага Сына, бо мы верым, што Твая дабрыня і літасць бязмежныя. Амэн. (Дзённік, 1226-1227)

Чытаецца Вяночак да Божай міласэрнасці.

Дзень дзявяты

Сёння прывядзі да Мяне абыякавыя душы і акуні іх у бездань Маёй міласэрнасці. Гэтыя душы найбольш балюча раняць Маё сэрца. Найбольшую непрыязнасць у Гетсэманскім садзе Мая душы зведала ад абыякавай душы. Яны былі прычынаю таго, што Я прамовіў: "Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх." Для іх апошняя надзея на ратунак - звярнуцца да Маёй міласэрнасці.

Езу найлітасцівейшы, Ты – сама лiтасць, Я прыводжу ў дом Твайго Найлiтасцiвейшага Сэрца ўсе абыякавыя душы. Няхай у агні Тваёй чыстай любовi адаграюцца гэтыя заледзянелыя, падобныя да мерцвякоў душы, якiя выклікаюць ў Цябе агiду. О Езу найлiтасцiвейшы, выкарыстай усемагутнасць сваёй мiласэрнасцi, прыцягнi iх у самы жар сваёй любовi і адары іх святой любоўю, бо Ты ўсё можаш.

Ойча спрадвечны, глянь сваім вокам мiласэрнасцi на абыякавыя душы, якiя прабываюць у Найлiтасцiвейшым Сэрцы Езуса. Ойча мiласэрнасцi, малю Цябе: праз балесную муку Сына Твайго i праз Яго трохгадзiннае кананне на крыжы, дазволь, каб i яны праслаўлялi бяздоннасць Тваёй мiласэрнасцi... (Дзённік, 1228-1229)

Чытаецца Вяночак да Божай Міласэрнасці.