ГІСТОРЫЯ ШКАПЛЕРА
На
пераломе XII – XIII стагоддзяў на гары Кармель у Палестыне ўзнікла
новая супольнасць пустэльнікаў, якіх пазней назвалі кармелітамі. Яны
вялі жыццё, поўнае малітвы і пакуты, па прыкладзе св. Іллі і называлі
сябе Братамі Найсвяцейшай Панны Марыі з Гары Кармель. У першай палове
XIII стагоддзя пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць
Святую Зямлю і перабрацца ў Еўропу. Новы лад жыцця, іншая культура, а
таксама непрыняцце манахаў мясцовым духавенствам сталі прычынай крызісу,
у якім апынуліся кармеліты. Тады генерал ордэна Сымон Сток, пабожны
ангельскі кармеліт, прасіў Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй ордэн.
Паводле традыцыі, Маці Божая з’явілася яму ноччу з 15 на 16 ліпеня 1251
года і, паказаўшы шкаплер, які быў верхняй часткай манаскага хабіту,
учыніла яго знакам сваёй асаблівай матчынай апекі: “Гэта будзе прывілеем
для цябе і для ўсіх кармелітаў: хто ў ім памрэ, не спазнае агню
пякельнага”.
Праз 70 гадоў пасля гэтай падзе папа Ян
XXIII у гэтак званай “суботняй буле” ад 3 сакавіка 1322 года да ранейшых
прывілеяў (захаванне ад агню пякельнага, асаблівая апека ў небяспецы
душы і цела) дадаў яшчэ суботні прывілей, які датычыцца абяцання Маці
Божай, што ў першую суботу пасля смерці выбавіць з чысца таго, хто
пабожна насіў шкаплер. Сёння Касцёл таксама памятае і развівае гэтую
пабожнасць. У 1950 годзе, з нагоды 700-годдзя аб’яўленняў Марыі Сімону
Стоку, папа Пій XII скіраваў да генеральных настаяцеляў абодвух
кармеліцкіх ордэнаў спецыяльны ліст, у якім нагадаў пра суботні
прывілей. Папа Ян XXIII назваў суботні прывілей “вельмі каштоўным для
пабожнасці вернікаў”.
Папа Ян Павел ІІ між іншым сказаў: “У
шкаплернай духоўнасці ёсць вельмі моцны і глыбока ўкаранёны
хрыстацэнтрычны і Марыйны парастак: ісці за Хрыстом, наследуючы Марыю!
Гэтая духоўнасць мае свой бачны знак – шкаплер, які я нашу ўжо даўно. Я
застаўся верным шкаплеру, ён з’яўляецца маёй сілай. Дзень Маці Божай
Шкаплернай для мяне вельмі дарагі”.
“Шкаплер у сваёй сутнасці з’яўляецца
“хабітам” (адзеннем). Той, хто яго прымае, далучаецца ў меньш ці больш
сціслай ступені да кармелітанскага закону, прысвячае сябе служэнню
Найсвяцейшай Маці, каб спазнаць салодкую матчыную прысутнасць Марыі ў
штодзённай працы пераапранання ў Езуса Хрыста” (бл. Ян Павел ІІ).
Цэнтрам шкаплернага набажэнства з’яўляецца адданне сябе Марыі,
прысвячэнне сябе Ёй на служэнне, памяць пра Яе, жыццё ў еднасці з Ёй,
імкненне быць падобным на Яе і наслядоўвання Яе цнотаў.
ДУХОЎНАЕ ЗНАЧЭННЕ ШКАПЛЕРА
• Шкаплер гэта шата Марыі, гэта знак
аддання сябе пад Яе апеку і прысвячэння Ёй на службу. Хто прымае святы
Шкаплер выракаецца злога духа, аднаўляе абяцанні святога Хросту і
аддаецца Марыі як Яе дзіця. Хто прымае Шкаплер, той прымае, як св.
Апостал Ян пад Крыжам, Марыю да сябе, каб жыць у еднасці з Ёй і Ёй
служыць.
• Шкаплер азначае прысвячэнне сябе
Беззаганнаму Сэрцу Марыі і наследаванне Яе цнотаў, асабліва цноты
чысціні і пакоры. “Няхай усе, хто носіць святы Шкаплер, які з’яўляецца
памяткай атрыманай ад Маці Божай, бачаць у ім знак прысвячэння сябе
Беззаганнаму Сэрцу Дзевы” (бл. Ян Павел ІІ).
• Шкаплер азначае запавет сяброўства з
Марыяй і удзелам у духоўным збаўленні ўласным і сваіх бліжніх. У гэтым
запавеце Марыя абавязваецца дапамагчы нам ў збаўленні і шляху да
святасці, а мы забавязваемся Яе наслядоўваць, служыць Ёй і павялічваць
Яе годнасць.
• Шкаплер азначае хабіт (адзенне) Закону,
прысвечанага служэнню і годнасці Маці Божай. Прымаючы шкаплер, мы
прагнем з гэтай хвіліны жыць тым самым духам Кармелю, выконваць тую ж
місію і жыць у еднасці з Марыяй, для Марыі, праз Марыю і ў Марыі.
ДАРЫ І ЛАСКІ ШКАПЛЕРА
Хто аддаецца Марыі праз святы Шкаплер,
аднаўляе ў сабе ласку дзіцяці Марыі, Як слугі, а нават брата (праз
духоўнае радство). Уся марыйная традыцыя Кармелю звязвае са святым
Шкаплерам пэўныя прывілеі і ласкі, якія Касцёл шматразова паццвярджаў
сваім аўтарытэтам.
1. “Хто памрэ ў ім, не спазнае пякельнага агню” (словы Маці Божай, сказаныя Сімону Стоку). Марыя абяцае тым самым усім апранутым у св. Шкаплер дапамогу на шляху збаўлення.
2. Вызваленне з чысца ў першую суботу пасля нашай смерці.
Гэта так званы суботні прывілей. Маці Божая запэўніла хуткае вызваленне
з чысца (була папы Ільва XXIII – 1322 г.) тым, хто носячы Шкаплер,
захаваюць чысціню згодна з іх становішчам і вернасць малітве. “Я, Маці ў
першую суботу пасля іх смерці з любоўю прыду да іх і, калі знайду іх у
чысцы, вызвалю і прывяду на святую гару вечнага жыцця”. Марыя тым самым
абяцае ўсім апранутым у Шкаплер дапамогу на шляху збаўлення.
3. Дапамога і абарона ў небяспеках душы і цела.
Марыя абяцае падтрымліваць нас на шляху наследавання Хрыста, а асабліва
ў гадзіну нашай смерці дапамагчы нам у апошняй барацьбе за вечнае
збаўленне.
4. Удзел у духовых дабротах усяго кармелітанскага Закону на працягу жыцця і пасля смерці
(у св. Імшах, пакутах і малітве, адпустах і ахвярах), бо Маці і
Каралева Кармелю аб’ядноўвае з сабой у адну сям’ю тых, хто прымае святы
Шкаплер.
ШКАПЛЕРНЫЯ АБАВЯЗКІ
Каб атрымаць усе абяцанні звязаныя са Шкаплерам, з нашага боку трэба выканаць пэўныя абавязкі:
1. Наследаваць цноты Маці Божай і імкнуцца да святасці жыцця.
Падставовыя патрабаванні для атрымання першага абяцання гэта: імкненне
да ўласнага збаўлення, захоўванне прыказанняў Божых і Касцельных,
пазбяганне смяротнага граху і жыццё ў асвячаючай ласцы.
2. Захоўваць чысціню згодна з жыццёвым становішчам і рабіць учынкі міласэрнасці (для душы і для цела), каб атрымаць другое абяцанне: вызваленне з чысца.
3. Штодзённа маліцца і памятаць пра Марыю.
Штодзённа чытаем малітву прысвячэння Марыі, якую нам вызначыў святар у
дзень прыняцця Шкаплера (звычайна гэта “Пад тваю абарону”, “Вітай,
Каралева” ці тры “Вітай, Марыя”).
4. Жыць духоўнасцю кармелітанскага закону, улічваючы характар нашага асабістага паклікання,
а ў еднасці з усім законам мы абавязваемся адзін раз у год адправіць з 7
па 15 ліпеня навэнну да Маці Божай Шкаплернай (прыватна ці ў
супольнасці). І 16 ліпеня, у дзень урачыстасці, прыступіць да святых
сакрамэнтаў, каб атрымаць поўны адпуст, ахвяраваны за сябе або за
памерлых.
УНУТРАНЫЯ АБАВЯЗКОВЫЯ ЎМОВЫ ДЛЯ ПЛЁННАГА
ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА
ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА
1. Духоўная патрыхтоўка – праз паяднанне з
Богам, споведзь і святую Камунію (стан асвячаючай ласкі з’яўляецца
ўмовай для атрымання частковага адпусту ў дзень прыняцця св. Шкаплера, і
поўнага адпусту ў дзень уступлення да шкаплернага брацтва), або хаця б
абуджэнне жалю за грахі і прагнення пакуты.
2. Прагненне аддаць сябе ў апеку Марыі і прысвяціць сябе на Яе службу.
3. Прагненне насіць Шкаплер на шыі (можна
яго замяніць шкаплерным медалікам). Ужыты Шкаплер нельга выкідваць, бо
ён быў пасвечаны, лепш яго спаліць.
4. Прагненне штодзённа чытаць малітву,
вызначаную святаром, а таксама прагненне жыць духоўнасцю Закону Маці
Божай з Гары Кармель.
ЗНЕШНІЯ ЎМОВЫ ДЛЯ ПРЫНЯЦЦЯ ШКАПЛЕРА
1. Набыць святы Шкаплер.
2. У свёй парафіі, або кляштары
кармелітаў папрасіць святара пасвяціць і налажыць Шкаплер. Шкаплер
павінен быць накладаны пасля пасвячэння. Кожны каталіцкі святар і дыякан
можа паблаславіць і налажыць кармелітанскі Шкаплер паводле
зацверджанага абраду.
3. Прыняць малітву, якую вызначыць святар пасля налажэння Шкаплера, каб штодзённа яе чытаць.
4. Запісацца ў Кнігу Шкаплернай Сям’і ў дадзенай парафіі або ў найбліжэйшым кляштары кармелітаў.