27 чэрвеня беларускія грэка-католікі адзначаюць сьвята іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Гэтая Ікона – не дэкаратыўны элемент. Гэта абраз, які нясе пэўнае пасланьне; гэта катэхізацыя, якая тлумачыць галоўную таямніцу нашай веры.
Важнае месца сярод прадметаў культу ў
Царкве займаюць іконы. Працэс іх фармаваньня пачаўся з першых стагоддзяў
хрысьціянства. Іканаграфічная мова, жанры кампазіцый фармаваліся
павольна, праходзячы розныя этапы. Толькі пасля легалізацыі Царквы ў 313
г. былі ўстаноўленыя традыцыйныя іканаграфічныя кампазіцыі, якія бяз
значных зменаў дайшлі да сёньняшняга дня.
Першыя хрысьціянскія сімвалы (рыбак, рыба
каля кошыка, Багародзіца з прарокам і інш.), якія малявалі на сьценах,
былі зьмястоўнымі і зразумелымі толькі для хрысьціянаў, а для іншых –
звычайным аздабленьнем, што было абумоўлена ў значнай ступені
небясьпекай пераследаваньня. Іх мэтай было заахвоціць першых хрысьціянаў
да самаадданай веры. Такая пачатковая іканаграфічная пропаведзь цудоўна
выканала заданьне ў небясьпечных абставінах, абвяшчаючы Хрыстовую
праўду верным, але хаваючы яе перад ворагамі. На Захадзе такая сімволіка
існавала да раньняга сярэднявечча. На Ўсходзе, калі адпала патрэба
выкарыстоўваць таямнічыя сімвалы, пачалі пашырацца рэальныя выявы Хрыста
і Багародзіцы. Пачаўся працэс адухаўленьня іканаграфіі і напаўнення яе
багаслоўскім зьместам.
Асаблівасьцю іконы стала тое, што яна
паказвала чалавека жывога пасля сьмерці, надпрыроднага, абожанага. Ікона
перадае Божую праўду сродкамі мастацтва, як Сьвятое Пісаньне перадае яе
сродкамі мовы. Як праява хрысьціянскай веры, яна зьяўляецца носьбітам
духоўнасьці. Іканаграфія нарадзілася ва ўлоньні веруючай Царквы і стала
своеасаблівым сімвалічным вакном у духоўны сьвет. Кожная ікона гэта
пэўны сімвал, знак, які адкрывае нам рэальнасьць Валадарства Божага,
якое не ад гэтага сьвету.
Значную частку іканаграфіі складаюць
іконы Багародзіцы. Існуе паданьне, што першую ікону Багародзіцы яшчэ пры
жыцьці напісаў евангеліст Лука, аднак, гістарычных доказаў гэтага да VI
ст. няма. Сярод мноства выяваў выдзяляюць сем асноўных тыпаў ікон
Багародзіцы: Правадніца (Адыгітрыя), Замілаваньне, Аранта, Знаменьне,
Балесная, Пасад Мудрасьці і Неапалімая Купіна.
Сярэднявечнае паданьне распавядае пра
купца, які ўкраў цудатворную ікону ў адной з цэркваў выспы Крыт. Праз
год ён разам з выкрадзенай іконай апынуўся ў Рыме, дзе захварэў і памёр,
запавядаючы перадаць ікону ў храм.
У 1866 г. пра ікону даведаліся
манахі-рэдэмптарысты, якія адшукалі яе, і 26 красавіка 1866 г.
цудатворная ікона была выстаўлена для ўсеагульнага пакланеньня ў рымскім
храме сьв. Альфонса. Паводле падання, Папа Пій IX пры гэтым сказаў:
“Зрабіце так, каб гэтую ікону ведалі ва ўсім сьвеце”, – даручыўшы такім
чынам Кангрэгацыі рэдэмптарыстаў справу распаўсюджаньня культу Маці
Божай Нястомнай Дапамогі.
Ікона напісаная ананімным аўтарам у
адпаведнасці з канонам Багародзіцы Балеснай, які ўжываўся для
прадстаўленьня хрысьціянскай таямніцы адкупленьня. На ёй Найсьвятая Маці
пяшчотна глядзіць на сваіх шанавальнікаў і гатовая пасьпяшацца ім на
дапамогу ў любой патрэбе.
Ікона Маці Божай Нястомнай Дапамогі –
гэта не дэкаратыўны элемэнт, гэта вобраз, які нясе пэўнае пасланьне.
Гэта катэхізацыя, якая тлумачыць галоўную таямніцу нашай веры. Розныя
элемэнты, паказаныя ў ёй, гавораць нам пра Бога, які прысутнічае сярод
нас, пра Крыжовы шлях, пра поўнае любові заступніцтва Марыі і пра
зьзяньне будучай славы.
У цэнтры іконы – злучаныя рукі Маці і
Немаўля, намаляваныя так, што Дзева Марыя паказвае на свайго сына Ісуса
Хрыста, Сына Божага, які ахвяруе жыцьцё за ўсіх нас. Немаўля Ісус
паказаны як ахвяра, прыгатаваная для прынашэньня, што зьдзейсьніцца так,
як гэта апісвае евангеліст у сцэне прынесеньня да храму (Лк. 2:22-40). А
тое, як стаіць Багародзіца, нагадвае нам словы Евангельля: “Каля крыжа
Ісуса стаяла Маці Ягоная” (Ян. 19:25), – стаіць цвёрда, нязломленая
болем.
Усе элементы кампазіцыі падкрэсліваюць
рэальнасьць пакуты, якая выяўлена на твары Маці, у рэзкім руху Немаўляці
Ісуса і ў наяўнасьці прыладаў пакуты. Аднак у той жа час
падкрэсьліваецца ўрачыстасьць Ісуса, пазначаная залатым фонам, і тым, як
урачыста анёлы трымаюць прылады сьмерці. Яны здаюцца ня столькі
прыладамі кары, як трафеямі перамогі; іх быццам забралі з Галгофы ў
раніцу Ўваскрасеньня. Зразумела, чаму вобраз Маці Божай Нястомнай
Дапамогі кліча да малітвы. Бо ў ім – уся Таямніца Адкупленьня.
Бр. Зьміцер Чарнель, рэдэмптарыст