Касцёл,
як ведаем, гэта Валадарства Божае на зямлі, Апекуном якога з’яўляецца
святы Юзаф. Таму ўсе яго члонкі, незалежна ад стану і абавязкаў, могуць
давярацца гэтаму вялікаму Святому. Літанія да святога Юзафа мае шмат
ускліканняў, у якіх можна зніайсці розных людзей: сем’і, працаўнікі,
няшчасныя, хворыя, тыя, што перажываюць розныя цяжкасці, нарэшце,
паміраючыя. Для айцоў сямей – ён прыклад адказнасці айцоўства,
штодзённга клопату аб сям’і і выхавання дзяцей.
Дзеля тых, што выконваюць цяжкую працу, з
цяжкасцю здабываюць утрыманне сваім блізкім, ён патрон і апякун, якога
можна заклікаць на дапамогу і вучыцца ад яго трыванню і імкненню да
паляпшэння жыццёвых умоў. Ён дапамагае асабліва тым, што клапоцяцца пра
годнасць прауцючых асоб па ўсім свеце, не забываючыся пра безпрацоўных і
пакінутых.
Святы Юзаф з’яўляецца заступнікам і
заўсёды актуальным ўзорам на шляху да святасці, што ляжыць праз
звычайнае штодзённае жыццё. Ён змог спалучыць працу з глыбокім
сузіраннем таямніц Божых. Юзаф, як апякун працуючых па ўсім свеце,
з’яўляецца сведкам таго, што праца можа быць шляхом да святасці.
Святы Юзаф перажыў таксама страх
эмігранта і ўцекача, страх не толькі за сваё жыццё, але і за сваіх
блізкіх. Ён спазнаў таксама жыццё на чужой зямлі, дзе шукаў працу і
заробак.
Святы Юзаф блізкі тым, што не могуць
адкрыта вызнаваць сваю веру, змушаныя хавацца з-за шматлікіх небяспек.
Юзаф апякуецца тымі, што прысвячаюць сваё жыццё службе бліжнім, можа
шмат сказаць тым, што займаюцца фармацыяй прафасійнай і інтэлектуальнай.
Ён быў айцом і выхаваўцам прыёмнага сына Езуса і вельмі клапаціўся пра
яго адукацыю.
Шмат святых на працягу стагоддзяў дайшло
да дасканалай любові, углядаючыся ў прыклад св. Юзафа. Ён настаўнік
унутранай малітвы і ўзор кантэмпляцыйных душ. Яго ролю ў гэтым моцна
падкрэслівала святая Тэрэза Вялікая: “Душы, прысвечаныя ўнутранай
малітве, павінны асаблівым чынам заклікаць яго з даверам і любоўю; я не
разумею, як можна думаць пра Каралеву Анёлаў і пра тыя гады, што Яна
пражыла з Дзіцяткам Езусам, не дзякуючы святому Юзафу за адданасць, з
якой Ён апекаваўся імі.” Часам яна заахвочвала: “Хто яшчэ не знайшоў
настаўніка, які б яго навучыў яго ўнутранай малітве, няхай возьме сабе
за настаўніка і правадніка гэтага хвалебнага Святога. Пад яго
кіраўніцтвам не згубіцца”.
Юзаф з’яўляецца патронам пакліканняў,
цяжкіх шляхоў, цяжкіх сітуацый. Маладым людзям, што яго просяць,
дапамагае ў распазнанні закліку Пана і дае адвагу пайсці за ім да канца.
Ён з’яўляецца прыкладам чалавека, што ўслухоўваецца ў Слова Божае і
шукае ў ім святло для свайго жыцця. Той, хто Божым Провідам быў
пастаўлены ля Езуса і Марыі, застаецца заступнікам і прыкладам
нарачоных, сужонкаў, сямей і выхаваўцаў.
Юзаф прыпамінае нам таксама пра існаванне
свету, нябачнага для чалавека. Сам быў у кантакце з анёламі і прымаў
праз іх святло ад Бога. Ён паказвае нам, што Анёлы па Волі Божай
выконваюць таксама заданні адносна людзей, яны нашыя сябры і
дабразычлівыя апекуны, пра што мы часта забываемся.
Святы Юзаф з’яўляецца прыкладам надзеі ў
цяжкіх хвілінах, у хвілінах прыняцця крыжа. Святы Юзаф ніколі не губляў
надзеі на перамогу Бога, таму што Бог справядлівы. Яго жыццё поўнае
прыкладаў, якія паказваюць, што ў сітуацыях, якія па-людзку здаюцца
безнадзейнымі, яму дапамагала вытрываць надзея і вялікі давер Богу.
Да святога Юзафа прыбягаюць часта ўбогія,
патрабуючыя, выпрабаваныя жыццём. Умяшальніцтва святога Юзафа вельмі
частае і па-чалавечы не растлумачальнае, каб яму можна было супярэчыць. У
адказ на скіраваныя да яго просьбы, часам наіўныя, ён становіцца
падтрымкай тых, што на зямлі ні ўкога не знайшлі падтрымкі.
Юзаф, аднак, гэта не той, каго можна
лёгка падмануць. Ён прадбачлівы і сціплы, не спрыяе марнатраўству, не
падтрымлівае ляноты, але прыслухоўваецца да патрэбаў тых, хто сапраўды
патрабуе.
Святы Юзаф з’яўляецца, нарэшце, патронам
адыходзячых з гэтага свету, паміраючых. Традыцыя кажа, што св. Юзаф
памёр яшчэ да публічнай дзейнасці Езуса. Паміраў у прысутнасці Марыі і
Езуса. Вернікі давяраюць яму свой адыход да жыцця вечнага, каб ён
выпрошваў ім шчаслівы адыход да вечнасці.
З часопіса “Do Domu Ojca”
Апрацавала с. Кінга Шчурэк
Пераклала з польскай мовы Наталля Дарашкевіч
Апрацавала с. Кінга Шчурэк
Пераклала з польскай мовы Наталля Дарашкевіч