Размова з магістрам тэалёгіі, сястрой манаскай кангрэгацыі “Сёстры ад анёлаў” Марынай Пашук зь Менску.
Гэтая кангрэгацыя, існуе ў Беларусі ад
1889 году, калі яе стварыў магілеўскі каталіцкі архібіскуп Вінцэнт
Ключынскі. Сёстры гэтай кангрэгацыі – безхабітныя, гэта значыць, яны ня
маюць спэцыяльнага манаскага адзеньня. Паколькі анёлы – гэта нябачныя
істоты, якія дапамагаюць людзям, дык і манашкі кангрэгацыі “Сёстры ад
анёлаў” пакліканыя праз нябачную паслугу дапамагаць людзям. Так і
працуюць яны непрыкметна ў царкве. Сёньня іх дамы ёсьць у некалькіх
месцах Беларусі.
(Абламейка: ) “Сястра Марына, напачатку, калі ласка, падайце агульнае стаўленьне Каталіцкай царквы да анёлаў”.
(Пашук: ) “Катэхізіс Каталіцкага касьцёла
гаворыць нам, што анёлы – гэта чыстыя духі або інакш – дасканалыя і
нябачныя. Анёлы падразьдзяляюцца ня як пэўныя істоты на розныя рангі,
але менавіта паводле роду іх служэньня. Бо менавіта з грэцкай мовы
“ангелёс” – гэта зьвястун, пасланец. На габрэйскай гэта гучыць “мэах” –
таксама зьвястун, пасланец. Такім чынам, яны – гэта тыя духі, якія
выконваюць пасланьніцтва Пана Бога сярод людзей”.
(Абламейка: ) “А якая існуе герархія гэтых духаў і якія іх функцыі?”
(Пашук: ) “Справа ў тым, што герархію
анёлаў традыцыя касьцёла звычайна вызначае праз дзевяць анёльскіх хораў.
Але, на жаль, у Сьвятым Пісаньні гэтага канкрэтнага падразьдзяленьня на
дзевяць анёльскіх хораў няма. А распрацаваў гэтую тэорыю Псэўдадыянізі.
У Старым Запавеце мы ведаем толькі пра
нейкіх сэрафімаў. На габрэйскай мове “сэрафім” – полымя. Стары запавет
нам кажа, што гэта такая істота, якая мае шэсьць крылаў, а іканаграфія
прадстаўляе яго ў чырвоным адзеньні, бо менавіта паводле веры
старажытных габрэяў гэты анёл быў заўсёды перад тронам Пана Бога і
праслаўляў Яго. Інакш кажучы, ён вечна славіць Пана Бога і акружае Яго
трон.
Хэрубімы (на габрэйскай “кэруб” – анёл)
узятыя зь месапатамскай міталёгіі. Габрэі прынялі іх таксама і лічаць,
што гэта самы магутны анёл, бо ён падтрымлівае трон Пана Бога, ахоўвае
Браму раю і дае вечную славу Пану Богу. Ён мае чатыры крылы. І таму
менавіта сэрафімі і хэрубімы знайшліся таксама ў сьвятыні Салямона каля
аркі.
Пра наступныя хоры анёлаў – троны,
панаваньні, валадарствы і моцы – мы даведваемся з Повага Запавету, з
пасланьняў Сьвятога Паўла – Да габрэяў, Да каласянаў, Да эфэсцаў. Што
кажа Сьвятое Пісаньне пра іх?
Троны. Лічаць, што гэтыя анёлы зьяўляюцца
жывым тронам Бога Ўсемагутнага, і да іх звычайна хрысьціяне моляцца і
просяць аб дапамозе збурыць троны злога духа – шатана, і каб панаваньне
было толькі Хрыста.
Панаваньні – гэта анёлы, да якіх мы зьвяртаемся, каб запанавала любоў, згода, ласка і супакой Божы ў сьвеце.
Панаваньні – гэта анёлы, да якіх мы зьвяртаемся, каб запанавала любоў, згода, ласка і супакой Божы ў сьвеце.
Валадарствы – гэта анёлы, якія заўсёды дапамагаюць нам сваёю моцаю, каб мы змагаліся са злом гэтага сьвету.
Моцы – гэта тыя анёлы, якія ўдзяляюць моц нашым думкам, словам, учынкам, каб Валадарства Божае пашыралася ў сьвеце.
Наступныя хоры – княствы, арханёлы,
анёлы-апекуны – гэта ўжо тая герархія, якая фрагментарна зьяўляецца і ў
Старым, і ў Новым Запавеце.
Сярод арханёлаў самыя вядомыя Міхаіл,
Гаўрыіл і Рафал. Іхныя назвы – гэта не назвы асобаў, а менавіта іх
функцыі. Гэта тое, пра што мы казалі на самым пачатку – іхнае служэньне.
Міхаіл – гэта хто ж як ня Бог, Рафаіл – гэта Бог аздараўляе, і Габрыэль
– у Богу моц.
Кожны чалавек мае свайго анёла апекуна. І
самая галоўная роля анёла – гэта аб’яўляць волю Божую чалавеку,
дапамагаць яму ў справе збаўленьня. Яны ахоўваюць людзей, даносяць да
Пана Бога малітвы сьвятых і праведных, а таксама нясуць душы праведных у
рай. Інакш кажучы, гэта сужбовыя духі, якія спадарожнічаюць кожнаму
чалавеку.
І традыцыя хрысьціянская кажа, што
паводле місіі кожнага чалавека ў сьвеце, кожны з нас мае менавіта анёла з
пэўнага хору. І калі нашая місія ў гэтым сьвеце, удзеленая нам ад Пана
Бога, вельмі вялікая, то можа нам нават спадарожнічаць ня толькі
анёл-апякун дзявятага хору паводле традыцыі, але можа быць і з хора
тронаў, панаваньняў, валадарстваў, а можа, нават, і з самых блізкіх да
Пана Бога – сэрафімаў або хэрубімаў”.
(Абламейка: ) “Сястра Марына, а яшчэ ж ёсьць злыя анёлы…”
(Пашук: ) “Справа ў тым, што анёлы – гэта
духі, якія маюць абмежаванае веданьне, або ня ўсё ім дадзена пазнаць
так як чалавеку. І кожны зь іх мае вольную волю. І таму яны таксама
могуць праяўляць гэтую вольную волю – або служыць Пану Богу, выконваць
гэтую службовую функцыю, або не служыць Пану Богу. І вось менавіта анёл,
які ўпаў і які называўся анёлам сьвятла, быў самым дасканалым сярод
анёлаў, праявіў гэтую волю зусім інакш – ён сказаў, што ня будзе
выконваць волю Пана Бога. І, такім чынам, маем злых духаў – анёлаў, якія
супрацівіліся волі Божай”.
Сяргей Абламейка
http://archive.svaboda.org/prahram/symbal/symb0408.html