Св. Людвік-Марыя Грыньён дэ Манфор паходзіў са старога францускага роду. Нарадзіўся ён 31 снежня 1673 года ў Манфорце. Быў другім з васямнаццаці дзяцей. Пасля заканчэння мясцовай
школы Людвік вучыўся ў калегіуме езуітаў у Рэне (1685-1693). Потым
паехаў у Парыж, дзе ў сульпіцыянаў вучыў тэалогію (1693-1700). Пасля
таго, як ён стаў святаром, у пісьме да свайго настаяцеля напісаў
наступную праграму сваёй дзейнасці: «Адчуваю вялікае жаданне любіць
нашага Пана і Яго Святую Маці. Я б хацеў, як просты бедны святар, вучыць
бедных сялян і заахвочваць грэшнікаў да набажэнства да Святой Дзевы».
Пасля святарскага пасвячэння ён працаваў
капэлянам у шпіталі ў Пуац’е (1701-1703). Заснаваў з Марыяй-Луізай Трышэ
жаночую кангрэгацыю пад назвай “Божай Мудрасці” дзеля апекі над
хворымі. Потым, па волі настаяцеляў стаў місіянерам. Вандраваў з вёскі
да вёскі, з адной мясцовасці да другой, і абвяшчаў Слова Божае.
Неспадзявана сутыкнуўся, аднак, з супраціўленнем мясцовых душпастыраў,
бо яны лічылі, што ён умешваецца ў іх справы. Пайшоў тады наш Святы да
Рыму і выпрасіў у папы Клеменса XI прывілей прапаведваць па ўсёй
Францыі. Перамагаў янсэнізм, які ў гэты час распаўсюджваўся і ў
якім ён бачыў галоўнага ворага хрысціянскай пабожнасці. Падчас сваіх
вандровак св. Людвік правёў каля 200 рэкалекцый і місій. Кожная місія
цягнулася да 5 тыдняў: ён вучыў рэлігійным спевам, запісваў вернікаў у
брацтвы: “Сятога Ружанца”, “Пакутнікаў”, “44 Дзеваў”, “Міліцыі св.
Міхала” і “Сяброў Крыжа”. Каб надаць плённасць сваім словам, ён складаў у
інтэнцыі навяртання грэшнікаў шмат пакутаў, што ўзрушвала сэрцы.
Людвік асаблівым чынам ушаноўваў Маці
Божую. Ён аддаўся Ёй у “няволю любові” i цалкавітую ўласнасць. У Яе рукі
аддаў усе свае заслугі, малітвы, пасты, пакутныя ўчынкі, апостальскую
працу, усю сваю асобу. Напісаў “Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найвяцейшай Дзевы”, у якім шырока развіў і абгрунтаваў прывілеі, якія дае
гэтае цалкавітае аддане сябе Марыі. Напісаў таксама правілы дзеля ўсіх
вышэй названых брацтваў, якія заснаваў, а таксама тэксты пабожных песен,
якія ён сам склаў. Пакінуў у рэшце рэшт некалькі тэалагічных і аскетычных
трактатаў, з якіх самы цікавы гэта “Любоў да Спрадвечанай Мудрасці”.
Вельмі напружаная апостальская праца
вычарпала сілы Святога. Ён развітаўся з зямлёй 28 красавіка 1716 года,
маючы ледзьве 43 гады. Пакінуў пасля сябе два законы: «Таварыства Марыі»
i «Супольнасць Дачок Мудрасці (Божай)». Сваім сынам і дачкам вызначыў
мэту навучання убогай моладзі, наведванне і дагляд хворых у шпіталях,
прытулках і прыватных дамах, а таксама несці дапамогу ўсім, хто аб гэтым
папросіць. Акт аддання сябе Марыі практыкавалі пазней папы, тэолагі, а
менавіта св. Пій X, Бенэдыкт XV i Пій XI, Стэфан Кардынал Вышынскі і Ян
Павел II, які ў сваім гербе змясціў прысвячэнне Багародзіцы: «Totus
Tuus» – «Увесь Твой». Ён таксама ўрачыстым актам прысвяціў Найсвяцейшай
Дзеве Марыі Касцёл і ўвесь свет.
Людвіка дэ Манфора беатыфікаваў у 1888 годзе папа
Леў XIII, a kананізаваў ў 1947 годзе папа Пій XII. Рэліквіі св. Людвіка
знаходзяцца ў касцеле ў Сэн-Ларан-сюр-Сэўр, там, дзе ён памёр.