Пачынаецца 20 чэрвеня
Малітва на кожны дзень навэны
Святыя Князі Апосталаў, Пётр і Павел, мы,
вашыя пакорныя і пабожныя слугі, бласлаўляем, праслаўляем і дзякуем
нашаму Пану Езусу Хрысту за тое, што Ён зрабіў вас Абаронцамі і
Апекунамі ўсяго Каталіцкага Касцёла. Дзеля ўсяго свету вы былі першымі
прапаведнікамі евангельскай праўды, заснавальнікамі Хрысціянскай Веры,
дасканалым узорам усіх цнотаў і галоўнымі пасланнікамі вялікай Божай
міласэрнасці. Святыя Князі Апосталаў, вы – нашыя настаўнікі, нашыя
заступнікі, нашыя айцы. З вышыні вы ззяеце невыказным святлом і маеце
пасад у нябесным валадарстве. Няхай ваш дабразычлівы позірк заўсёды
будзе скіраваны на Святы Касцёл. Няхай вашыя вушы і вочы заўсёды будуць
адкрытыя на яго патрэбы, малітвы і абяцанні. Маліцеся за яго нястомна і
выпрошвайце ў Бога ўсе патрэбныя ласкі для хрысціянства. Вы заснавалі
Касцёл, вы захавалі яго да сённяшняга дня, і вы, сваім заступніцтвам,
захаваееце ў ім непамыльны Пасад вечнай праўды. Працягніце свае
дабразычлівыя рукі таму, хто займае гэты Пасад і кіруе Касцёлам, дайце
яму залаты меч, меч Боскасці, які хвалебна адгоніць усіх ворагаў праўды.
Няхай праз вас закон, супакой, любоў Езуса Хрыста валадараць па ўсім
сусвеце. Абараняйце ўсіх жыхароў Рыму і члонкаў яго дыяцэзіі. Зрабіце
так, каб асаблівым чынам сярод нас ззялі вашыя нябесныя цноты, каб праз
вашае заступніцтва, мы і ўсе нашыя браты ў Езусе Хрысце нястомна
выконвалі Яго евангельскія загады, а праз гэта атрымалі ласку падзяляць
разам з вамі шчасце ў нябесным Валадарстве. Амэн.
Антыфона. Сёння Сымон
Пётр быў узняты на крыж, сёння той, хто мае ключы Валадарства нябеснага
адышоў у поўні радасці Езуса Хрыста. Сёння Апостал Павел, святло
сусвету, паклаў галаву пад меч і атрымаў вянок пакутнцтва ў імя Езуса
Хрыста.
R. Яны абвяшчалі справы Божыя.
V. Яны мелі мудрасць спраў Божых.
V. Яны мелі мудрасць спраў Божых.
Молімся. Пане, пачуй
нашыя малітвы. Поўныя даверу ў Тваю міласэрнасці мы просім, праз
заступніцтва святых Апосталаў Пятра і Паўла, аб дапамозе Тваёй дабрыні з
вышыні неба. Праз Езуса Хрыста, нашага Пана. Амэн.
Першы дзень
Хвалебныя Апосталы святыя Пётр і Павел,
якія першымі абвяшчалі навуку неба і першымі яе наслядоўвалі, вашыя
ўчынкі заўсёды кіраваліся матывамі Божай волі, вашая смерць была
цалкавітай ахвярай шчырай паслухмянасці, выпрасіце нам, о прывілеяваныя
вучні Езуса Хрыста, гэты евангельскі дух дасканалай паслухмянасці, якія
робяць нас вернымі наслядоўцамі вашага прыкладу. Дапамажыце нам ва ўсім
выконваць Божую волю да самай смерці, каб пасля таго, як мы разам з вамі
будзем верна ісці слядамі Езуса Хрыста тут на зямлі, мы былі прынятыя ў
небе, каб усхваляць там перамогу Божай Міласэрнасці, прыгатаванай тым,
хто быў сапраўды паслухмяным.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Другі дзень
«Чыніце пакуту за свае грахі», такой,
святы Пётр, была твая выснова пасля першага казання, і гэта
фундаментальная выснова, якую ты ніколі не стамляўся абвяшчаць людзям на
працягу ўсяго часу свайго апостальства. Ты, хвалебны святы Павел, калі
жадаў паццвердзіць сваю навуку перад Агрыпай, сказаў яму, што яна
заключаецца ў тым, каб казаць людзям пра пакуту, навяртанне і шчыры жаль
за грахі. Пра гэта, о святыя Апосталы, вы кажаце нам у сваіх Пасланнях.
Няхай вашыя нябесныя галасы кранаюць нашыя сэрцы, напаўняюць збаўчай
бояззю, напаўняюць нашыя вочы слязамі скрухі і дапамагаюць верна ісці
вашымі слядамі ў практыкаванні пакуты, каб мы атрымалі ў небе радасць
быць разам з тымі, хто на зямлі праліваў слёзы аплакваючы свае грахі.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Трэці дзень
Хвалебныя Апосталы святыя Пётр і Павел,
дзеля ўсяго свету, а асабліва для Рыма, вы былі першымі апосталамі
Евангелля Езуса Хрыста і першымі заснавальнікамі веры. Паглядзіце на
нас, о святыя Апосталы, з той самай дабрынёй, з якой вы глядзелі на
першых хрысціянаў і выпрасіце нам тую ж веру, дзейсную, шчырую, шчодрую,
якая іх асвячала праз вашую апостальскую паслугу. Яны былі жывымі
помнікамі моцы вашай апосталькай паслугі. Зрабіце так, каб і мы сталіся
не менш прыгожымі помнікамі моцы вашай апекі. Няхай нашыя ўчынкі і нашыя
звычаі будуць такімі ж, як учынкі і звычаі тых шчаслівых хрысціян, бо
мы цалкам з імі з’яднаныя праз вызнанне той самай Веры. І дапамажыце
нам, каб мы былі ў Небе з Езусам Хрыстом, разам з нашчадкамі вечнай
радасці, пасля таго, як на зямлі мы будзем, праз Міласэрнасць Божую,
нашчадкамі іх веры.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Чацвёрты дзень
О хвалебны Князю Апосталаў, святы Пётр,
ты кажаш нам: «Памятайце, браты, што Езус Хрыстус адрадзіў нас праз Сваё
Ўваскрашэнне і даў нам надзею ўваскрэснуць з Ім у гэтай надзеі, калі мы
захаваем яе да смерці, і Ён дасць нам спадчыну, якая будзе трываць
вечна.» І ты, хвалебны святы Павел, ты пішаш вернікам, што на шляху Пана
сустракаецца шмат цяжкасцяў, але з надзеяй у Езуса Хрыста іх усе можна
перамагчы, таму што гэтая надзея не можа нас падмануць. О святыя
Апосталы, вы мелі гэтую боскую цноту ў самай дасканлай ступені. На зямлі
вы скаштавалі яе найцудоўнейшыя плёны і цяпер атрымалі яе ўзнагароду ў
Небе. Праз гэтую гераічную надзею, якой вас абдараваў Езус Хрыстус на
зямлі, праз хвалебныя плёны гэтай цноты ў вашай апостальскай працы і
вялікую ўзнагароду ў небе выпрасіце нам усім хрысціянскую надзею,
непарушную і шчодрую, якая дасць нам ласку захваць Закон Божы і прывядзе
да вечнага збаўлення. Няхай гэтая надзея дадае нам мужнасці і дапамагае
верна супрацоўнічаць з ласкай, а таксама прывядзе да вечнай спадчыны ў
небе.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Пяты дзень
Хвалебныя Князі Апосталаў, святыя Пётр і
Павел, дасканалы ўзор хрысціянскай цярплівасці, праз нястомнае і
гераічнае практыкаванне гэтай цноты вы былі сапраўднымі слугамі Бога і
Яго годнымі пасланнікамі сярод людзей, каб абвяшчаць ім вечную праўду.
Уся зямля была сведкам вашага прыкладу цудоўнай цярплівасці, а асаблівым
чынам Рым. Ужо больш за дзевятнаццаць стагоддзяў Рым успамінае і
пабожна ўшаноўвае дамы, вязніцы, ланцугі і крыжы, якія вы асвяцілі
гераічнымі ўчынкамі вашай цярплівасці. Гэтыя ж самыя ўчынкі цярплівасці
заахвоцілі шматлікіх рымлянаў пайсці за Езусам Хрыстом. Яны так палюбілі
Закон Езуса Хрыста, што шмат хто з іх праліў за яго сваю кроў і
паццвердзіў сваю цярплівасць пакутніцтвам. Няхай ваш прыклад дае нам
вялікую моц, так як даў нашым хвалебным папярэднікам. І няхай святыя
помнікі вашай цярплівасці, што захоўвае вечны горад і дае сховішча
Намесніку Езуса Хрыста, будуць цэнтрам праўды дзеля ўсяго свету. Няхай
гэтыя помнікі, несучы далёка па свеце збаўчы ўплыў вашых цнотаў,
дапамогуць нам мужна прыняць свой крыж і шчыра крочыць па слядах Езуса
Хрыста, пакуль мы не дойдзем разам з вамі да Яго Валадарства і не
знойдзем у ім вечны супакой.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Шосты дзень
Хвалебныя Князі Апосталаў, святыя Пётр і
Павел, менавіта вам дзякуе Каталіцкі Касцёл за стараннасць ў
распаўсюджванні веры, за будаванне і захаванне Касцёла. Святы Пётр,
перад тым, як аддаць сваё жыццё за Хрыста, ты па-айцоўску паабяцаў усім
хрысціянам, што духоўна заўсёды будзеш побач з імі і будзеш памятаць пра
іх, калі будзеш побач з Панам. Святы Павел, калі ты быў яшчэ тут на
зямлі, прасіў цябе дапамагчы не толькі тым, што жылі ў тыя часы, але і
тым, што прыдуць у наступныя стагоддзі. Дапамагай таксама і нам. Зрабі
таксама для нас тое, што ты абяцаў: няхай, праз тваё заступніцтва,
усемагутны Бог працягне нам Сваю дабразычлівую руку, так як Ён ужо
зрабіў гэта для шматлікіх народаў праз цноту твайго прапаведвання. Няхай
Пан дасць сваім слугам тую ж цноту, што і табе. Няхай Ён захавае ва
ўсім Касцёле тую святую веру, якую ты заснаваў, і няхай усе народы
вызнаюць і пакланяюцца Айцу, Сыну і Духу Святому, адзінаму Богу ў трох
Асобах.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Сёмы дзень
O Хвалебныя Князі Апосталаў, святыя Пётр і
Павел, шчаслівыя жыхары Рыму – гэта найцудоўнейшы і найхвалебныйшы
помнік тваёй вялікай міласэрнасці. Стары Рым выпіў келіх сораму распусты
і бязбожнасці, яго паглынула кроў нязмернай колькасці пакутнікаў Езуса
Хрыста. А як пакаранне за злачыннасці і варажбу, ён быў зруйнаваны і
больш не існаваў. Сённяшні Рым існуе дзякуючы хвале Апосталькага Пасаду,
дзякуючы вашым магілам, о Хвалебныя Апосталы. Паглядзіце на ваш горад і
адорвайце яго ў наступныя стагоддзі дабрадзействамі вашай апекі.
Аддаліце ад гэтага горада і яго жыхароў усё зло, якое зруйнавала стары
вінаваты Рым. Дапамажыце ім узрастаць і ўдасканальвацца ў цнотах, якія
павінны ззяць ў Горадзе Веравызнання Езуса Хрыста і зрабіце так, каб
хвалебны Пасад праўды быў усе больш шанаваным і хвалебным. Агарніце
асаблівай апекай нашага Святога Айца, Святы Калегіум, Біскупаў і ўсіх
Пастыраў, кіраўнікоў дзяржаў, хрысціянскія народы, каб яны сведчылі пра
веру святым жыццём, няверуючыя народы, схізматыкаў і ератыкоў, каб яны
дайшлі да пазнання Праўды, усіх справядлівых, каб яны засталіся вернымі
справядлівасці, усіх грэшнікаў, каб яны навярнуліся, усіх памерлых
вернікаў, каб яны дайшлі да хвалы вечнай, пасля жыцця ў заснаванай праз
вас веры.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Восьмы дзень
Хвалебныя Князі Апосталаў, святыя Пётр і
Павел, каб паказаць сваю хвалу і апеку, каб зрабіць вашую ўладу любай і
адначасова пужаючай па ўсім свеце і асабліва ў Рыме, вы паклікалі
вялікага святога Ільва, каб пасароміць пыху і гнеў Атылы, які пагражаў
зруйнаваць ўсю Італію, а галоўным чынам Рым. Гэты варварскі кароль
убачыў вас побач з шаноўным Панціфікам: ён убачыў вашыя рукі, ўзброеныя
мечам Пана і пагрозу яго жыццю з вашаго боку, калі ён адмовіцца быць вам
паслухмяным. Ён збялеў і задрыўжаў, гэты варвар, і пачаў паважаць
Ільва, аддаў яму пашану і паслухаўся яго, да здзіўлення ўсяго свету, а
потым пайшоў іншым шляхам. Такім чынам, дзякуючы вам, Рым быў уратаваны
ад разні і іншага гвалту. O цудоўная моц! O сорам чалавечай
ганарлівасці! O нязмерная хвала апекі Апосталаў! О святыя Апосталы,
узнясіце таксама над намі свае дабрадзейныя і палохаючыя рукі.
Суправаджайце і абараняйце нас супраць ворагаў Закону Езуса Хрыста;
упакорце іх сваім магутным голасам; дайце ім ласку скрухі і жалю, каб і
яны пазналі і паверылі ў Езуса Хрыста і мелі шчасце дайсці да святасці і
дасягнуць вечнага збаўлення.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Дзевяты дзень
Хвалебныя Князі Апосталаў, святыя Пётр і
Павел, ад Бога вы атрымалі самыя каштоўныя ласкі Духа Езуса Хрыста. Гэта
Дух любові і міласэрнасці. Менавіта гэты Дух любові і міласэрнасці
няспынна ажыўляў вас у апостальскай працы. Гэтым Духам вы асвяцілі ўвесь
свет і асабліва Рым. Часам у вязніцы, часам закутыя ў ланцугі, на
эшафоце і ў руках катаў вы паказвалі людзям тое, што можа ўчыніць у
сэрцы хрысціяніна любоў да Езуса Хрыста. Як неразбуральны помнік гэтай
любові, вы пажадалі, каб Рым быў нашчадкам вашай смерці, каб там
спачывалі вашыя астанкі, каб там былі ўшанаваныя вашыя святыя магілы.
Нахай жа гэтыя каштоўныя помнікі будуць красамоўнымі для нас, і няхай
гэтая зямля, асвечаная вашай кроўю і найвышэйшым і дасканалым актам
вашай любові да Бога, будзе заўсёды прыносіць плёны гэтай Божай любові.
Няхай гэтая любоў, праз вашае заступніцтва, распальвае нашыя сэрцы, а
успамін пра дні вашага мучаніцтва і любові да Бога, будзе для нас плёнам
практыкавання гэтай цноты. Няхай дух любові да Езуса Хрыста ажыўляе
дні, якія нам яшчэ трэбна правесці на гэтай зямлі, а нашым апошнім актам
будзе акт дасканалай любові, які скончваючы нашыя смяротныя дні, будзе
пачаткам дней бессмяротных, падчас якіх мы зможам разам з вамі любіць,
бласлаўляць і дзякаваць Айцу, Сыну і Духу Святому праз усе вякі вечныя.
Амэн.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Малітва на заканчэнне навэны
O святыя Апосталы Пётр і Павел, я (імя),
абіраю вас сёння і назаўжды за сваіх патронаў і заступнікаў. Я пакорна
радуюся разам з табой, святы Апостал Пётр, таму што ты той камень, на
якім Езус Хрыстус збудаваў Свой Касцёл, і разам з табой, святы Павел, бо
цябе Бог выбраў, каб несці праўду ўсім народам. Выпрасіце мне, малю
вас, жывую веру, цвёрдую надзею і дасканалую Любоў, цалкавітую свабоду
ад самога сябе, пагарду светам, цярплівасць у выпрабаваннях, пакору ў
багацці, увагу ў малітве, чысціню сэрца, святасць у мэтах маіх учынкаў,
стараннасць у выконванні абавязкаў, вернасць сваім абяцанням,
паслухмянасць волі Божай, сталасць у ласцы Божай да самай смерці, каб
пасля таго, як я перамагу, праз вашае заступніцтва і заслугі, ўсе
спакусы свету, дэмана і плоці, я быў годным стаць перад абліччам вечнага
Пастыра душ, Езуса Хрыста, які разам з Айцом і Духам Святым жыве і
валадарыць праз усе вякі вечныя, і каб я мог вечна радавацца з Ім і
любіць Яго. Амэн.
Ойча наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу.
Папскім пасланнем 28 ліпеня 1778, Папа
Пій VI устанавіў 100 дзён адпусту ўсім хрысціянам, што са скрушаным
сэрцам прачытаюць хоць адзін раз у дзень гэтую малітву, разам з Ойча
наш, Вітай Марыя, Хвала Айцу ў гонар святых Апосталаў Пятра і Паўла. А
таксама поўны адпуст тым, хто ў свята Святога Пятра ці ў свята Святога
Паўла, альбо ў адзін з дзевяці дзён, што папярэднічаюць святу, альбу ў
адзін з васмі дзён пасля свята, паспавядаўшыся і прыняўшы Святую
Камунію, пабожна наведаюць касцёл ці алтар, прысвечаны гэтым апосталам, і
прачытаюць гэтую малітву і пацер за Святы Касцёл і Папу Рымскага.
Imprimatur + Ig. Episc Marianopolitanus
Перакладзена з французкай мовы.