Промык сонца



Еўфрасіння Полацкая. Без гэтага імя немагчыма ўявіць не толькі панараму духоўнага жыцця на ўсходнеславянскіх землях у ХІІ стагоддзі, але і ўсю шматвяковую гісторыю Беларусі. Князёўна, ігумення, выдатная асветніца, пра якую “Жыціе” кажа, што яна –  “небопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луча солнечная, просветивши всю землю Полоцкую”, святая Еўфрасіння пакінула па сабе вечную память у душы народа.

Паміж намі і часам, калі жыла знакамітая палачанка, ляжыць больш за восем стагоддзяў. Не дзіва, што гісторыя захавала пра яе не надта багатыя звесткі, але і яны дазваляюць убачыць агульнаеўрапейскую значнасць асобы гэтай жанчыны-падзвіжніцы. Ахвярная праца святой Еўфрасінні, як і яе славутых сучаснікаў Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, абумовіла культурны ўздым на зямлі нашых продкаў.

Ужо ў юнацтве Еўфрасіння перапісвала і перакладала з іншых моваў кнігі, сама пісала арыгінальныя творы. Заснаваўшы ў Полацку два манастыры, яна надала пашырэнню пісьмовага слова вялікі размах. Гісторыкі звязваюць з яе імем полацкае летапісанне і збіранне бібліятэкі Сафійскага сабора. Князёўна-ігумення рупілася, каб вучні манастырскіх школ разам з граматаю навучаліся ”чистоте духовной и бестратию телесному”.

Мудрасць Еўфрасінні выявілася і ў тым, што яна не стала на шлях барацьбы са старымі мясцовымі традыцыямі, а імкнулася асвяціць усё, што магло служыць хрысціянству.

Знаходзячыся ў цэнтры духоўнага жыцця Полацкага княства, яна нястомна збірала вакол сябе таленавітых людзей, стала нашай першаю мецэнаткай. На яе заказ дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса, якую лічыць дасканалым узорам полацкай архітэктурнай школы. Майстар-ювелір Лазар Богша зрабіў для Еўфрасінні свой слынны крыж – неацэнны твор старажытнабеларускага ўжытковага мастацтва. Яна спрыяла стварэнню унікальных фрэскавых размалёвак Спасаўскага храма.

Вялікім быў уплыў ігуменні на палітыку Полацка. Падзвіжніца ўздымала голас супраць княскіх усобіц, папярэджвала, што братазабойчыя войны могуць прывесці Бацькаўшчыну да гібелі.

Багаты плён яе працы высока падымаў аўтарытэт Полацкага княства і ўсіх земляў нашых продкаў у вачах Візантыі і іншых краін. Прыклад Еўфрасінні натхняў яе землякоў і наступнікаў: усходнеславянскага першадрукара і перакладчыка Бібліі на зразумелую народу мову Францішка Скарыну, перакладчыка і выдаўца беларускага Евангелля Васіля Цяпінскага, паэта і асветніка Сімяона Полацкага…

Пабожнае жыццё Еўфрасінні, яе бязмежнае самаадрачэнне прычынілася да росквіту ў беларускім народзе хрысціянскіх цнотаў.

Чаму ж да самага нядаўняга часу мы не маглі сустрэць згадак пра пацвіжніцу ні ў музейных экспазіцыях, ні ў школьных падручніках па гісторыі Беларусі? Чаму маўчыць пра яе пяцітомная акадэмічная “Гісторыя БССР”?

Еўфрасіння Полацкая стала адной з першых кананізаваных (прылічаных да святых) жанчын на ўсходнеславянскіх землях. Зразумела, што ў перыяд панавання “ваяўнічага атэізму” яе дзейнасць замоўчвалася або малявалася ў скажоным святле. Вядомы, фальсіфікатар гісторыі Беларусі, аўтар падручніка для сярэдняй школы Л. Абэцэдарскі нават дазваляў сабе называць выдатную асветніцу цемрашалькай.

У апошнія два дзесяцігоддзі беларускія гісторыкі, а таксама пісьменнікі, мастакі, журналісты нямала зрабілі, каб сарваць з імя Еўфрасінні недарэчныя ды зняважлівыя ярлыкі і незаплямленым вярнуць яго нашай гістарычнай свядомасці. Наогул жа, літаратура, дзе падаюцца звесткі пра жыццё і подзвігі святой, налічвае каля 150 назваў на беларускай, лацінскай, польскай, нямецкай, украінскай, ангельскай, расейскай і царкоўнаславянскай мовах.

Асноўная крыніца біяграфічных сведчанняў пра асветніцу – яе “Жыціе”, адзін з найкаштоўнейшых помнікаў старажытнабеларускай літаратуры, створаны ў канцы ХІІ стагоддзя ў Полацку, невядомым аўтарам. Ім мог быць малодшы сучаснік Еўфрасінні, манах або ігумен аднаго з полацкіх манастыроў.



Крыніца: Уладзімір Арлоў
“Еўфрасіння Полацкая”.
Мінск “Мастацкая літаратура”, 1992 г.