Малітвы да Св. Еўфрасінні. Малітва за беларускі народ

Малітва да св. Еўфрасінні

О, святая і слаўная апякунка й асветніца Беларускага народу, Маці нашая, Еўфрасіння! Глянь ласкавым вокам сваім на братоў і сёстраў Тваіх, што зь любоўю й надзеяй вочы душаў сваіх да Цябе падымаюць. Ты не асудзіла нас, што ў няволі сваёй доўгі час не маглі славіць у сьвятынях сваіх сьвятога імені Твайго. Бо мы ведаем, што гэта Ты сьвятымі малітвамі сваімі выпрасіла нам ласку Збаўцы нашага, і мы цяпер у сьвятых цэрквах сваіх можам аддаваць хвалу Трыадзінаму Богу і Табе, апякунцы нашай. Таму і ўдзячныя сэрцы нашы, поўныя любові й падзякі да Цябе, у захапленні сьпяваюць: РАДУЙСЯ!
Радуйся, заступніца, апякунка й малельніца наша! Радуйся, радаваньне Полацкай і ўсёй зямлі нашай! Радуйся, дзеваў чысьціня й зьзянне! Радуйся, прамень Веры нашае! Радуйся, асьвячэнне любае Беларусі нашае! Радуйся, пашыральніца дабра, праўды, красы й згоды ў краіне нашай! Радуйся, памочніца пакрыўджаных, сумных пацяшэнне! Радуйся ўдоваў і сіротаў заступніца! Радуйся, кветка з райскага саду нясьмягнучая! Радуйся, у веры нашай на выгнанні і ў пакутах падтрыманьне! Радуйся, хворых і паміраючых пацеха й выздараўленне! Радуйся, да магілы Хрыстовай зь сьвятымі духмянасцямі прыходзячая! Радуйся, усё Хрысту ахвяраваўшая! Радуйся, сьвятых угоднікаў Божых краіны нашае зьзянне, веліч і слава! Радуйся, сьвятая Маці нашая, Еўфрасіння!
Прыймі, заступніца нашая, гэтую малітву братоў і сёстраў Тваіх, як нашую невымоўную падзяку, любоў і хвалу Табе – надзея, слава й пацеха нашая! Усе мы з радасьцю аддаем сябе пад сьвятую апеку Тваю. Маліся і далей за шматпакутны народ наш перад пасадам Усявышняга, каб мы сталіся верным і набожным выбраным народам Ягоным! Каб Ён Духам Сваім Сьвятым узмацняў і прасьвятляў душы й сэрцы нашых пастыраў і правадыроў, пацяшаў і радаваў нашых удоваў і сіротаў, а ўсім нам паслаў спакой і радасць на чужыне, і прывёў нас на вольную зямельку нашу, каб мы ўсе разам там маглі славіць Цябе, і пяяць хвалу Яму, Збаўцу нашаму, ды цешыцца й радавацц ў Валадарстве славя Ягонай на вякі вякоў. Амін. (Праваслаўны малітоўнік. Таронта, 1990.)

Малітва пасьля акафісту
О, правялебная й заўждыпамятная ўсепаважная маці Еўфрасіньня, анёл у целе, Богам абраная судзіна Сьвятога Духа, царквы Хрыстовай гонару і аздабленьне, законьнікам слава і ўмацаваньне, Бацькаўшчыне, манастыру твайму ды ўсёй краіне падмога, покрыве й абаронча. Ты нібы дрэва, пасаджанае ля вытокаў вады, Духа Сьвятога аздобленая, настаўніца словам і ўчынкам, абраная, беззаганная й добрая, пачуй нас, што моляць цябе й клічуць імя тваё, бо маеш сьмеласьць да Госпада. Папрасі нам у жыцьці спрыяньня, атачы сэрцы нашыя верай, надзеяй ды любасьцю, і страхам Божым. Дай нам падмогу ў цяжкасьцях і засмучэньнях нашых, і як за жыцьцём сваім апекавалася манастыром тваім і манаствам, гэтак і цяпер клапаціся пра нас ды спрыяй нам ва ўсім, і ахіні манастыр твой супакоем ды ад ворагаў бачных і нябачных абарані, каб спасьпяваў ды квітнеў у цнатлівасьцях. Вызвалі нас ад усялякай нястачы й уціску, ад хваробаў цяжкіх ды ад нечаканае сьмерці й прывядзі нас да праўдзівага каяньня на зыходзе жыцьця гэтага. Папрасі нам у Госпада Бога канца жыцьця спакойнага, бязбольнага, неганебнага, з атрыманьнем Сьвятых Таямніцаў, правядзі нас праз мытні паветраныя, каб не пацягнулі нас каты жахлівыя за грахі нашыя, але каб праз дапамогу тваю й заступніцтва здолелі бясьпечна прайсьці выпрабаваньне паветранае ды ласку атрымаць, і без асуджэньня стаць перад страшэнным пасадам, і на страшным судзе стацца годнымі стануць праваруч Судзьдзі Праўдзівага й атрымаць у спадчыну долю праўднікаў. Дык, спадарыня шаноўная, маці Еўфрасіньня правялебная, памажы нам праз мольбы свае, абарані нас і захавай ад усялякіх падкопаў варожых, каб прашлі праз жыццё гэтае без спатыканьня ды збаўленьня праз мольбы твае атрымалі ад Хрыста Госпада, Яго ж і станемся годнымі апяваць і выслаўляць зь беспачатым Айцом і Сьвятым Духам на вякі вякоў. Амін. (Вянок акафістаў, Полацк 1999)



Малітва за Беларускі Народ

Сусьветны Валадару, Прадвечны Божа, Ты ўвесь сусьвет стварў і законы для ўсяго ўстанавіў, кожнаму мейсца і мэту назначыў, а людзкі род так бясконца палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага паслаў на зямлю, каб усе, слухаючы Яго навуку ды йдучы Яго сьледам, увайшлі ў Тваё Нябеснае Валадарства. Мы, дзеці Беларускага Народу, як маглі слухаліся Тваіх загадаў, але з слабасьці чалавечае часта падалі і зьневажалі Цябе сваімі грахамі. Цяпер молім Цябе шчыра: даруй нам нашы грэшныя правіны, нашу нядбайлівасць у адносінах да сябе самых і да іншых; даруй так жа тым, хто нас крыўдзіў і зьневажаў. Молім Цябе шчыра, барані нас ад крыўды варожай і дай нам ды ворагам нашым шчодраю Тваёй рукой, духа сапраўднае хрысціянскае любові. Дай нам еднасць у веры, згоду ў сямейным і грамадзкім ды палітычным жыцьці. Загаі нашы асабістыя і ўсенародныя раны душы, якія мы самі сабе спрычынілі або ад непрыяцеляў атрымалі. У нашым штодзённым жыцьці, у змаганнях і спакусах, асьвяці наш розум Тваім евангельскім святлом, каб мы, захоўваючы Твае прыказаньні, перамаглі ўсе цяжкасці і цярпеньні ды заўсёды Цябе багаславілі. Пашлі Беларускаму Народу сьвятых і вялікіх слугаў сваіх, якія праведным, чэсным і мудрым жыцьцём і дзейнасцю вялі б Народ да лепшае долі. Дай нам сьвятое духавенства. Багаславі нашы сем’і, каб у кожнай з іх дбалы бацька і ахвярная маці, злучаныя шчыраю сьвятою любоўю, выхоўвалі Табе на славу, а Бацькаўшчыне на карысьць сваіх дзетак. Асаблівую ласку дай нашай моладзі, каб яна атрымала глыбокае хрысьціянскае ўзгадаваньне, і ўзрасла на карысных сыноў і дачок свайго народу.
Багаславі так жа нашы дачасныя дастаткі, ня дай гінуць марна тым талентам, якія Ты ссылаеш у наш народ, але дай ім свабодна разьвівацца і закрасаваць Табе на славу, а ўсяму людству на карысць. Багаславі працам сялянства на ральлі, працоўным у фабрыках, вучоным ува ўсіх галінах навукі, мастацтва і тэхнікі, каб за іх помаччу Беларускі Народ мог разумна і прыгожа жыць ды разьвівацца.
Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся за намі, а Ты сьвятая Еўфрасіння Полацкая – патронка Беларусі – ды ўсе сьвятыя заступнікі Беларускага Народу, апякуйцеся намі, каб мы сталіся народам сьвятым, выконваючым Волю Божую і сваё пасланство, каб прычыніліся да агульнага дабра тут на зямлі, а ў прышлым жыцьці атрымалі вечнае шчасьце, і Табе, прадвечнаму Валадару, прыносілі славу, чэсьць і паклон на векі вечныя. Амін. (Божым шляхам. Малітоўнік для беларусаў. Рым, 1946)


Крыніца: Уладзімір Арлоў
“Еўфрасіння Полацкая”.
Мінск “Мастацкая літаратура”, 1992 г.