Асветніца, Апостал, Апякунка Беларусі

Унучка Чарадзея

Будучая святая нарадзілася ў сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына Усяслава Чарадзея. Здарылася гэта праз колькі гадоў пасля смерці знакамітага полацкага валадара.
Дзяўчынку назвалі старажытным крывіцкім імем Прадслава. Паводле тагачаснага звычаю, атрыманае адразу па нараджэнні імя пасля хрышчэння магло змяніцца, але маленькая князёўна засталася Прадславаю. […]
Вучылася Прадслава ў школе пры Сафійскім Саборы або дома, пры княжым двары (гэта больш верагодна). Настаўнікамі былі духоўныя асобы, найперш манахі, падручнікамі – Святое Пісанне, жыційная літаратура… […]
Княская дачка мела доступ да самых розных кніг. Ужо ў бацькоўскім доме, апрача набажэнскай і іншай рэлігійнай літаратуры, Прадслава магла чытаць “Ізборнікі” з афарызмамі і выслоўямі, перакладзены з грэцкае мовы раман аб подзвігаг Аляксандра Македонскага – “Александрыю”, вострасюжэтную “Аповесць пра Акіра Прамудрага”… Пазней іх замянілі творы з багаслоўскімі тлумачэннямі сутнасці прыроды, кнігі па антычнай гісторыі. […]
Слава аб прыгажосці і адукаванасці Прадславы разнеслася “по всем градам”, і ў Полацк да князя Святаслава-Георгія зачасцілі сваты. “Жыціе” апавядае, што, калі князёўне споўнілася дванаццаць гадоў (з такога ўзросту дзяўчынку ў той час лічылі нявестаю), бацькі вырашылі аддаць яе замуж за сына нейкага слаўнага багаццем і княжэннем валадара. Наперадзе ў Прадславы быў звычайны для жанчын з яе кола лёс: нараджэнне і выхаванне дзяцей, хатнія клопаты, чаканне гаспадара-князя з паходу або з ловаў…
І тут нечакана для блізкіх яна выбірае іншую пуцявіну. […]

Хрыстова Нявеста

Прадслава прыходзіць у манастыр. Яе цётка, удава князя Рамана Усяславіча, якая была ігуменняй, не жадала прыняць яе. […] Але Прадслава дабіваецца свайго і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прымае пострыг, ахвяруючы сябе Хрысту. Беларускі даследчык “Жыція” Аляксей Мельнікаў лічыць, што здарылася гэта найверагодней 25 верасня – у дзень святой Еўфрасінні Александрыйскай. […]
 Прыход Прадславы ў манастыр і звязаныя з гэтым акалічнасці даюць магчымасць з большай ці меншай дакладнасцю ўстанавіць дату яе нараджэння. З “Жыція” вынікае, што пострыг адбыўся, калі будучая падзвіжніца мела дванаццаць гадоў. Княз Раман Усяславіч, удава якога стаяла на чале манастыра, памёр каля 1116 года (па іншых звестказ – у 1113). Толькі пасля гэтага цётка Прадславы магла зрабіцца ігуменняю. Значыцца, святая Еўфрасіння нарадзілася не раней 1104 або 1101.

 Асветніца

Пражыўшы нейкі час у посце і малітвах за манастырскімі сценамі ці ў манастырскай слабодцы пры адным з полацкіх храмаў, Еўфрасіння вырашыла, што яна ўжо падрыхтавалася да самастойнага падзвжніцтва. Князёўна-чарніца звярнулася да полацкага епіскапа Іллі з просьбаю пасяліцца ў Сафійскім саборы. […] Прычынаю звароту да ўладыкі ўяўляецца імкненне быць бліжэй да кніг, да саборнай бібліятэкі, пра якую асветніца потым усё жыццё клапацілася.
Атрымаўшы ад Іллі дазвол, Еўфрасіння памяняла сваё ранейшае жытло на келлю-галубіцу ў Сафіі і пачала перапісваць кнігі. […] Перапісванне кніг было нялёгкаю фізічнаю працай. Тагачасны перапісчык часта пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую падпіраў локцем аб калена. Гэтай працаю займаліся амаль выключна мужчыны. Ужо адно тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая жанчына, было подзвігам.
Частка перапісаных Еўфрасінняю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы па яе просьбе раздавалі бедным.
Якія ж кнігі доўгімі гадзінамі дзень пры дні перапісвала князёўна ў сафійскай галубіцы? “Жыціе” не дае адказу, але можна з упэўненасцю сцвярджаць, што гэта было Святое Пісанне і творы айцоў царквы, патэрыкі і жыціі. Апрача іх пяро асветніцы магло выводзіць радкі візантыйскіх гістарычных хронік і Полацкага летапісу, папулярных тады зборнікаў афарызмаў. Яна пісала і ўласныя творы – малітвы, казанні, а таксама перакладала з грэцкае і з лацінскае моваў. Такім чынам, некаторыя кнігі візантыйскіх аўтараў маглі пашырацца на ўсходнеславянскіх землях у перакладах палачанкі. […]
Паблізу Полацка Еўфрасіння заснавала жаночы манастыр. Здарылася гэта яшчэ пры жыцці Барыса Усяславіча, значыцца, не пазней 1128 года, калі князь памёр. Праз нейкі час пры царкве Багародзіцы (новай) падзвіжніца стварае яшчэ адзін манастыр. […] У полацкіх манастырах, статуты якіх напісала сама Еўфрасіння, пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі майстэрні па перавісванню кніг – скрыпторыі. Тут існавала спецыялізацыя: адзін майстар рабіў каляровыя ініцялы, другі – мініяцюры, трэці – пераплёты. Калі была патрэба перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Падзел працы значна павялічваў не толькі колькасць кніг, але і іх мастацкі ўзровень. Са скрыпторыяў кнігі разыходзіліся па ўсёй Полацкай зямлі і за яе межы. Іх чыталі вучоныя манахі і іншыя пісьменныя людзі, па іх вучыліся грамаце дзеці. […]

Апякунка Беларусі
  
Палачане прызналі сваю асветніцу святой і пачалі шанаваць яе дзевяць стагоддзяў таму. […] Аўтар “Жыція” так пісаў у сваім творы: “Якою моваю, братове, уславіць мне светлую памяць найблажэннейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасінні! Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведванне ці, проста кажучы, - для усіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння – неўвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння – арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу, як прамень сонечны, прасвятліўшы зямлю Полацкую.” […]
Цягам колькіх стагоддзяў найпадобнейшая Еўфрасіння лічылася мясцовай святой. Але Полацк да сярэдзіны XVI стагоддзя быў галоўным духоўным асяродкам беларускіх земляў, і культ князёўны-ігуменні пашыраўся па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння зрабілася ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай – патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны.
Сцверджанню полацкай асветніцы як нябеснай апякункі Бацькаўшчыны спрыяла нацыянальнае адраджэнне пачатку ХХ стагоддзя. Газета “Крывічанін” у 1918 годзе пісала: “Ня ўсім ведама, што патронкай Беларусі з’яўляецца сьв. Еўфрасіння-Прадслава княжна Полацкая, ігумення манастыра сьв. Спаса…”
Даўняй, так бы мовіць, нацыянальнай прыналежнасцю найпадобнейшай Еўфрасінні тлумачыцца, чаму яе доўга не шанавалі як святую суседнія з беларусамі народы. Нягледзячы на тое, што ў Кіева-Пячорскай лаўры спачывалі ейныя мошчы, культ Еўфрасінні баў амаль невядомы і на Украіне. Полацкую падзвіжніцу прыгадвалі адно ў агульным набажэнстве 28 жніўня і на другім тыдні вялікага посту разам з іншымі святымі, мошчы якіх былі ў дальняй Феадосіевай пячоры.
У Маскоўскай дзяржаве ніякага культу святой Еўфрасінні да XVIстагоддзя не існавала, бо на гэтых землях яна ўспрымалася як чужая. Святасць полацкай ігуменні прызнаная толькі на Маскоўскім саборы 1547 года, калі яе жыціе ўпісалі ў “Чэцці-Мінеі” на 23 траўня. Гэта было зроблена, відаць, найперш таму, што Масковія ўзмацняла свае агрэсіўныя дзеянні на заходняй мяжы і стварала ім ідэалагічнае забеспячэнне. Адмысловую адправу расейскага ўкладу ў гонар св. Еўфрасінні зацвердзілі адно ў 1893 годзе, а праз сем гадоў іераманах Нікадзім напісаў акафіст. Позняе пашырэнне культу полацкай святой у Расейскай праваслаўнай царкве звязанае з тым, што, найпадобнейшую Еўфрасінню шанавалі уніяты. […]
Трэба таксама адзначыць, што Расейская ўлада рабіла ўсё магчымае, каб перашкодзіць і не дазволіць вяртання мошчаў св. Еўфрасінні ў Беларусь. За Аляксандрам ІІІ палачанам наогул забаранілі звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі з такімі хадатайніцтвамі. Духоўная і свецкая ўлады былі супраць вяртання рэліквіі, бо ведалі, што паводле векавой традыцыі Еўфрасінню Полацкую шанавалі як сваю святую і прыхільнікі гвалтоўна скасаванай царызмам Уніі. Толькі Мікалай ІІ згадзіўся даць аўгусцейшы дазвол, але, відавочна, не без асцярогі. І цар, і Сінод цудоўна разумелі, што маюць справу з “нябеснаю апякункаю Беларусі”. […]
Прамільгнулыя ў друку на пачатку мінулага стагоддзя звесткі, што Еўфрасіння Полацкая была кананізаваная папам Грыгорыем Х на другім Ліёнскім саборы ў 1247 годзе, не пацвярджаюцца дакументальна. Тым не менш, паводле векавое традыцыі Еўфрасінню ўважае за святою і каталіцкая царква. У сучасных літургічных выданнях для католікаў усходняга абраду яна ўпісаная ў календары на сваім месцы. Такім чынам, сёння найпадобнейшую Еўфрасінню разам з праваслаўнымі беларусамі глыбока шануюць іхнія браты-католікі.
Сёння, калі паміж католікамі і праваслаўнымі на Беларусі часам узнікаюць непаразуменні, агульная для вернікаў гэтых канфесій святая – Еўфрасіння Полацкая – як бы пакліканая паяднаць іх, прынесці ўсім мір, згоду і ўзаемапаразуменне. […]
Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай святкуецца 23 траўня (5 чэрвеня н. ст.).



Крыніца: Уладзімір Арлоў
“Еўфрасіння Полацкая”.
Мінск “Мастацкая літаратура”, 1992 г.

Больш падрабязна прачытаць пра жыццё Св. Еўфрасінні Полацкай
можна на старонцы Спаса-Ефрасінеўскага Манастыра ў Полацку  http://www.spas-monastery.by