Дзесяць прычын прысвяціць сябе Марыі

Трэба нагадаць сабе, што адзіная прычына аддаць сябе Марыі – гэта тое, што Яна яднае нас са сваім Сынам, і калі наша марыйная пабожнасць аддаляе нас ад Езуса, мы павінны б былі адмовіцца ад ушанавання Марыі, як ад аблуды д’ябла. Цяпер мы можам пералічыць матывы, якія св. Людвік дэ Манфор дае нам, каб ісці да Езуса шляхам Марыі.

У “Трактаце аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” ён дае 8 прычын (пар. СУ 135-182), 6 у Таямніцы Марыі (пар ТМ 35-42); але паколькі ў творы ёсць і іншыя, нам дазволена аднавіць іх, кажучы пра 10 прычын, якія ў нас ёсць, каб “ісці да Езуса праз Марыю”.


      Першая прычына: ВЕРНАСЦЬ

Паколькі мы былі няверныя нашаму хросту, мы ідзем да той, якую св. Людвік-Марыя паказвае нам як “Дзеву верную”. Нават тэкст прысвячэння ясна выражае гэту матывацыю: “Я абіраю Цябе сёння за сваю Маці і Каралеву дзеля таго, каб я быў больш верным, чым быў да гэтай хвіліны”.
Грэшнікі, якімі мы з’яўляемся, мы павінны ўсвядоміць, што калі мы не захавалі вернасці абяцанням нашага хросту, то гэта таму, што мы захацелі будаваць нашу еднасць з Езусам самі. Мы выбралі няправільную адпраўную кропку. Што можа быць больш натуральнага, чым звярнуцца да Беззаганнай, каб “адправіцца” ў новае жыццё, звярнуцца да Той, што для нас не толькі “прыклад” вернасці (да самага крыжа), але таксама “маці”, што можа нам даць жыццё (пар. СУ 214), таму што маці дае жыццё, а “сапраўднае жыццё” – нішто іншае як вера і давер.



      Другая прычына: ПАКОРА

Гэта “найбольш дасканалы шлях”, кажа нам Айцец Манфор, “таму што найбольш пакорны шлях” – не ісці да Бога самім, не ўзяўшы сабе пасрэдніка” (пар. 83). Канешне, Езус – наш адзіны Пасрэднік на шляху да Айца. Святы Павел добра нам пра гэта кажа (пар. 1 Цім 2, 5) і Езус сам гэта пацвярджае: “ Ніхто не прыходзіць да Айца як толькі праз мяне” (Ян 14, 5). Але ці не патрэбны нам пасрэднік перад абліччам самога Пасрэдніка? (пар. СУ 85).
Езус сапраўдны чалавек і не менш сапраўдны Бог, “Найвышэйшы, Найсвяцейшы”, пра што Ён увесь час нам кажа (хоць і вельмі сціпла). Евангелле дае нам прыклад: кожны раз, калі чалавек адчувае сябе нягодным наблізіцца да Езуса, Ён праслаўляе яго пакору. Падчас цудоўнай лоўлі рыбы, калі Пётр падае на калені перад сваім Настаўнікам, кажучы: “Адыйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны”, Езус не папракае яго; Ён толькі яго запэўнівае: “З гэтага часу людзей лавіць будзеш” (Лк 5, 8-10).
І калі рымскі жаўнер кажа Езусу, што адчувае сябе нягодным прыняць Яго ў сваім доме, Езус праслаўляе яго веру (пар. Мц 8, 8-10). Калі Марыя прызначана для таго, каб дазволіць нам наблізіцца да свайго Сына, то гэта таму, што Яна сама пакорная (“Узглянуў Ён на пакору рабы сваёй” Лк 1, 48); гэта таму, што Яна яго Маці: “Менавіта праз Яе Езус Хрыстус прыйшоў, менавіта праз Яе мы павінны ісці да Яго” (СУ 85). Нарэшце (і асабліва, магчыма) таму што Яна “наша праз натуру” і вельмі чалавечая (але Беззаганная), Яна можа нас аддаць Богу (пар. ТМ 21).


      Трэцяя прычына: ПРЫНЯЦЦЕ

“Менавіта праз Святую Дзеву Марыю Езус прыйшоў у свет, і менавіта праз Яе Ён павінен валадарыць у свеце” (СУ 1). Можна было б сказаць, што ўся логіка “Трактату аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Дзевы Марыі” заключаецца ў некалькіх радках. Хрысціянскае жыццё заключаецца не столькі ў тым, каб ісці да Езуса, колькі ў тым, каб прыняць Яго, Таго, што прыходзіць да нас. Як кажа Песня Песняў: “Любоў зрабіла першыя крокі”.
І Ян не сумняецца ў тым, каб сказаць: “Гэта не мы палюбілі Бога, гэта Ён першы нас палюбіў” (1 Ян 4, 10-19). Гэта праўда настолькі важная, што папа Бенэдыкт ХVІ нам кажа, што хрысціянская любоў падкрэслівае не столькі паслухмянасць прыказанням (Любі Бога Твайго… Любі бліжняга свайго… Мц 12, 29-30), колькі адказ на любоў, якая нас папярэдзіла і заўсёды будзе першай (пар. Энцыкліка “Бог ёсць любоў”, № 17).
Але тады ўзнікае пытанне: як мы можам прыняць гэтую любоў Божую, гэтую настолькі вялікую любоў, гэтую настолькі прыгожую любоў? У сваёй кнізе “Любоў да Спрадвечнай Мудрасці” св. Людвік дэ Манфор уяўляе, што Езус, Уцелаўлёная “Мудрасць”, пасяляецца ў нас. Дзе мы Яе размесцім? У нашым сэрцы? Нават не думайце! кажа айцец Манфор. “Ваша сэрца забруджанае, нячыстае, матэрыяльнае і напоўненае рознымі пажадлівасцямі”, яно няздольнае да сапраўднай бескарыслівай любові.
Што ж рабіць, каб зрабіць наша сэрца годным Мудрасці? Досыць, кажа св. Людвік-Марыя, “пусціць у наш дом Марыю, прысвячаючы сябе Ёй, якая ў сваю чаргу, аддаецца нам незразумелым, але сапраўдным чынам” (ЛСМ 211). І гэта менавіта Яна прыме ў нас свайго Сына. Паміж дарам, які мы з сябе складаем Марыі, і гэтым Яе прыняццем Езуса ў нас, ёсць гэты “незразумелы, але сапраўдны” дар, з якім Марыя сама аддаецца нам!


      Чацвёртая прычына: НАСЛЕДАВАННЕ

Прысвячаючы сябе Езусу праз Марыю, згаджаючыся залежаць ад Яе, каб прыняць Яе Сына, які прыходзіць да нас, мы будзем наследаваць Езуса, які пажадаў праз Яе прыйсці да нас. “Наслядуйце Бога як любыя дзеці”, кажа нам св. Павел (Эф 5, 1).
Залежачы ад Марыі, мы ў першую чаргу наслядуем Езуса, таму што “гэты добры Настаўнік не пасаромеўся схавацца ва ўлонні Святой Дзевы як палонны і нявольнік любові, а таксама быць Ёй паслухмяным… Ён не захацеў прыйсці ў свет у сталым узросце, незалежным ад іншых, але як беднае маленькае дзіця, залежнае ад клопату Яго святой Маці” (СУ 139).
Спрадвечны Сын пажадаў залежаць ад Марыі менавіта дзеля таго, каб з’яднацца з намі. Мы павінны залежаць ад Яе па Яго прыкладзе менавіта дзеля таго, каб з’яднацца з Ім. Мы наслядуем не толькі Езуса, калі разам з Ім хочам залежаць ад Марыі; мы наслядуем таксама прыклад Айца і Духа Святога. У № 140 “Трактату”, са здзіўляльнай настойлівасцю, св. Людвік-Марыя паказвае нам, як дзеля трох вялікіх спраў:
-          дар Сына,
-          фармаванне дзяцей Божых,
-          удзяленне ласк,
тры боскія Асобы, кожная па-свойму, у цалкавітай вольнасці абралі залежнасць ад Марыі.
Згадзіцца аддаць сябе ў рукі Маці Божай, каб з’яднацца з Езусам, гэта не “саладзенькая пабожнасць”; гэта нішто іншае, як удзел у Божым досведзе.


      Пятая прычына: МАЦЯРЫНСТВА

Калі св. Людвік-Марыя просіць нас прыняць Марыю, каб з’яднацца з Езусам, то гэта таму, што ў рэчаіснасці гаворка ідзе не толькі пра тое, каб з’яднацца з Ім, але таксама, каб прыняць удзел у Яго жыцці так, каб “стаць Хрыстом”, як казаў святы Аўгустын (Ян Павел ІІ “Veritatis Splendor” № 8б, 19с). Хрыстос – Сын Айца і Марыі ў сваёй чалавечай натуры. Таму гаворка ідзе пра нас, ахрышчаных, пра тое, што мы павінны мець таго самага Айца і тую самую Маці, што Езус.
Менавіта Яна, тая, што стала плоднай дзякуючы Духу Святому, нараджае нас да новага жыцця, якое мы атрымалі ў хросце.
Цяпер мы можам зразумець сэнс нашага прысвячэння: аддаючыся цалкам Марыі, жадаючы “жыць праз Яе, з Ёй, у Ёй, дзеля Яе”, мы жывем гэтай адданасцю дзіцяці, якая дазваляе быць у прамым і няспынным кантакце з Маці, каб Яна магла перадаць яму жыццё.
А жыццё, якое Яна нам дае, - гэта Езус (пар. Ян 14, 6).
Кожны хрысціянін, які звяртаецца да Бога “Ойча наш”, добра ведае, што мы – дзеці Бога, але не ўсе ведаюць пра мацярынства Марыі. Бог, думаюць яны, адначасова Айцец і Маці. Гэта праўда, кажа св. Павел, бо Ён пачатак кожнага бацькоўства і кожнага мацярынства (пар. Эф 3, 15). Але наша боскае жыццё з’яўляецца вобразам нашага чалавечага жыцця. І “Як у натуральным і цялесным парадку дзіця мае айца і маці, так і ў парадку звышнатуральным ёсць айцец, якім з’яўляецца Бог, і маці — Марыя… а той, хто не мае Марыі за Маці, не мае таксама Бога за Айца” (СУ 30). Калі б у нашым звышнатуральным жыцці мы мелі толькі Айца, а Маці не мелі, мы б прыйшлі да таго дзіўнага парадоксу, што наша боскае жыццё не было б досыць чалавечым!
Святы Людвік-Марыя паказвае нам, што наша жыццё дзяцей Божых, як доўгае нараджэнне, якое цягнецца ўсё наша жыццё, падчас якога нас “нясуць” ва ўлонні Найсвяцейшай Дзевы: “Схаваныя ў гэтым свеце, укрытыя ва ўлонні Найсвяцейшай Дзевы, дзе іх сцеражэ, корміць, клапоціцца і выхоўвае гэта добрая Маці, пакуль не народзіць іх дзеля хвалы пасля іх смерці, якая ў сапраўднасці з’яўляецца днём іх народзінаў…” (СН 33). Цалкавіты дар, які мы складаем Марыі з саміх сябе праз наша прысвячэнне, мае на гэтым узроўні толькі адзін сэнс: дазволіць Ёй зрабіць нас падобнымі да Сына Божага.


      Шостая прычына: ЧАЛАВЕЦКАСЦЬ

Яшчэ адзін повад пайсці да Марыі, каб з’яднацца з Езусам, гэта тое, што Яна - “шлях чалавецкасці” па трох прычынах:

а. “Толькі Бог”, без стварэнняў, у стварэнні:
Марыя – чыстае стварэнне, якое можа нам даць Бога.
Марыя ўжо з’яўляецца шляхам чалавецкасці праз сваё бласлаўлёнае мацярынства, якое дазваляе Духу Святому “сысці на Яе”, каб даць Ёй ласку нараджаць братоў і сясцёр Езуса. Але Яна з’яўляецца гэтым шляхам таксама і дзякуючы сваёй асобе.
Ці Марыя праз сваё Беззаганнае Зачацце не ачышчаная ад сябе самой і поўная Бога, настолькі ператвораная ў Богу праз ласку, што жыве ўжо не Яна, Яе больш няма? Ужо толькі Езус жыве і валадарыць у Ёй (пар. СУ 63). “Вы знойдзеце толькі Бога, без стварэнняў, у гэтым цудоўным стварэнні” (ТМ 20), кажа нам айцец Манфор. Калі можна знайсці толькі самога Бога ў гэтай чалавечай асобе, настолькі блізка да стварэння, як можна здзіўляцца, што Яна – шлях чалавецкасці.

б. Прыблізіць “Крыж” да чалавека
Марыя “прыбліжае” Крыж. У хрысціянскім жыцці мы рэдка займаемся навукай Крыжа.
Ужо з хвіліны нашага хросту, пагрузіўшыся ў смерць і ўваскрасенне Хрыста, мы пачалі прымаць удзел у Яго жыцці, а яно ў сэрцы ўсяго нашага існавання.
“Калі нехта хоча ісці за мной”, кажа Езус, “няхай ён адрачэцца ад самога сябе, возьме свой крыж і ідзе за мной” (пар. Мц 16, 24). І Марыя знаходзіцца тут, каб наблізіць Крыж, таму што Яна – Жанчына і Маці, Яна Беззаганная, “цалкам напоўненая ласкай і намашчэння Духа Святога”, адна Яе прысутнасць прыносіць слодыч і пяшчоту, якія дазваляюць прайсці праз самыя вялікія выпрабаванні.
Пытанне не ў тым, каб ведаць, ці мы перажываем вялікія ці маленькія “крыжы”.
Можна быць раздаўленымі вельмі малымі супярэчнасцямі (якія мы часам перакідваем на ўсю сям’ю), але можна таксама і радасна перажываць цяжкія пакуты, калі нам дадзена пэўная слодыч (пар. СУ 152-154; ТМ 22) : слодыч Марыі у падножжа Крыжа.

с. Шлях, які праклаў Езус, каб прыйсці да нас:
Калі мы ідзем праз Марыю да Езуса, мы абіраем той самы шлях, што і Ён, каб прыйсці да нас. А гэта значыць, гэты шлях падвойна чалавечы:
-       таму што Марыя сама чалавечая: Яна – чыстае стварэнне, “настолькі чалавечае”, як нішто іншае…
-       таму што Яна Беззаганная. Мы добра ведаем, што грэх робіць так, што мы губляем чалавечае аблічча. Чым больш мы святыя, тым больш мы чалавечыя. Марыя цалкам чалавечая, таму што Яна была захаваная ад першароднага граху.
Айцец Манфор кажа нам, што гэта шлях Езуса, які Ён праклаў, каб прыйсці да нас, аддаляючы ўсе перашкоды, якія маглі б нам перашкодзіць прыйсці да Яго.
Іншыя шляхі прымусілі б нас прайсці праз “цяжкую смерць”, “цёмныя ночы”, “жудасныя станы”, “высокія горы”, “вострыя шыпы” і “страшныя пустыні”. Калі мы падсумоўваем усе гэтыя “перашкоды”, якія Езус аддаліў, падмёў на “шляху”, які вёў Яго да нас, мы даходзім да нечага “нечалавечага”, ад чаго мы, нашчасце, вызваленыя на тым самым шляху, што вядзе цяпер да Яго.


      Сёмая прычына: ПРАЎДА   

Калі ты кажаш “Я аддаюся Богу..”
Не досыць толькі “любіць”. Трэба любіць “у праўдзе”.
Калі нехта кажа: “Я люблю Бога” і ненавідзіць свайго брата, ён хлуснік, кажа нам св. Ян. Той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не зможа любіць Бога, якога не бачыць” (пар. Ян 4, 20).
Праўда нашай любові да Бога – гэта любоў да нашага бліжняга.
Але тады, ці нельга сказаць, у тым самым духу, што праўда нашага прысвячэння Богу – гэта наш цалкавіты дар чалавечай асобе (з умовай, што яна будзе ачышчаная ад самой сябе і “поўная ласкі”). Ты, які кажаш, што прысвяціў сябе Богу, пачні з таго, каб аддацца цалкам стварэнню, якое можа табе даць свайго Створцу!


      Восьмая прычына: СВЯТАСЦЬ

Святасць немагчымая… без ласкі
Прысвячэнне ў хвіліну нашага хросту заклікае нас менавіта да святасці. Другі Ватыканскі Сабор добра нам пра гэта нагадаў (пар. LG 40). Святы Людвік-Марыя робіць гэта адпраўной кропкай сваёй маленькай брашуры “Таямніца Марыі”: “Божая святасць – гэта тваё пэўнае пакліканне” (ТМ 3). Але, каб практыкаваць сродкі святасці, якой нас вучыць Евангелле, нам вельмі патрэбна ласка Божая.
Як без яе быць пакорным сэрцам, лагодным, праўдзівым, будаўнічым супакою? “Таму трэба знайсці лёгкі сродак, каб атрымаць гэту неабходную ласку” (ТМ 6). Яна паходзіць ад Бога, канешне, але праз заступніцтва Марыі, у дзесяці прычынах, якія айцец Манфор растлумачвае нам на працягу ўсёй сваёй “Таямніцы”.

Марыя – “пасрэдніца кожнай ласкі”
[…]
Калі ўсе ласкі, якія паходзяць з Неба, змяшчаюцца ў Езусе, Айцец, даючы свайго Сына Марыі, даў іх Ёй усе разам з Ім. Як кажа святы Павел, “калі Бог не захаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, ці  разам з Ім Ён не даў бы кожную ласку?” (пар. Рым 8, 32).
Калі столькі ласкаў нам даецца праз пасрэдніцтва святога Касцёла (але таксама і грэшнага), калі мы можам быць адзін для аднаго прыладай ласкі, каб ісці да святасці, то наколькі моцны повад для таго, што Беззаганная Марыя (толькі святая) можа быць “пасрэдніцай кожнай ласкі”. Зразумела, канешне, што гэта пасрэдніцтва не дадае нічога і нічога не забірае ў адзінага Пасрэдніка – Хрыста (пар. LG  62).
Ці прэтэндаваць атрымаць усе божыя ласкі беспасрэдна ад Бога не азначае пагарджаць воляй Езуса (яго “мудрасцю”), які, сам, пажадаў прыйсці да нас толькі праз Яе?
У “Трактаце” святы Людвік-Марыя робіць выснову, што нам неабходна “знайсці Марыю”, каб стаць святымі: “Я не веру, што нехта можа дасягнуць вялікай еднасці з нашым Панам і дасканалую вернасць Духу Святому без вялікай еднасці з Найсвяцейшай Дзевай” (СУ 43).


      Дзевятая прычына: ПАДАБЕНСТВА

Іншы спосаб выразіць гэту неабходнасць прысвяціць сябе Марыі, каб атрымаць ласку святасці, гэта сказаць, што наша дасканаласць заключаецца ў тым, каб быць падобнымі, злучанымі і прысвечанымі Езусу Хрысту:
-     “падобнымі” – гэта значыць уфармаванымі “на вобраз Сына, каб Ён стаў старэйшым сярод вялікай колькасці братоў” (пар. Рым 8, 29).
-     “злучанымі” – гэта значыць неразлучнымі з Хрыстом, які ўдзяляе нам сваё жыццё, да таго моманту пакуль мы не скажам: “Жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос” (пар. Га 2, 20).
-     “прысвечанымі” – гэта значыць цалкам аддадзенымі, бяз рэшты, да такой ступені, каб стаць тым, каму мы аддаліся.

Каб быць падобнымі, злучанымі, прысвечанымі Хрысту
“Але, кажа нам айцец Манфор, паколькі Марыя найбольш падобная (злучаная і прысвечаная) да Езуса Хрыста, гэта азначае, што, чым больш душа прысвячае сябе Марыі, тым больш яна будзе належаць Езусу Хрысту” (СУ 120). А таму Дзева Марыя:
-     найбольш падобная да Езуса Хрыста, таму што ў Яе тыя самыя “пачуцці”, што і ў Сына, Яна цалкам “ператвораная ў Богу” праз ласку (пар. ТМ 21, СУ 164), і ў сваёй сутнасці жанчыны і стварэння Яна раздзяліла Яго Пасху, Яго таямніцу смерці і ўваскрасення (пар. Флп 3, 10-11)
-     найбольш злучаная з Хрыстом “неабходнымі повязямі”, гэта настолькі глыбокая повязь, што хутчэй можна разлучыць святло ад сонца, чым Марыю ад Езуса” (СУ 63).
-     найбольш прысвечаная Пану: у Ёй няма нічога, што не было б прысвечана Яму. Яна не засяроджана на Сабе, не належыць Сабе, а “цалкам належыць Богу”. “Яе можна назваць “суадноснасцю” Бога, ці “рэхам” Божым”, кажа айцец Манфор (СУ 225).

Наша прысвячэнне праз пасрэдніцтва Марыі дае нам магчымасць жыць гэтым адзіным досведам, невыказным (неверагодным, калі добра паразважаць): гэта аддаць сябе Богу бяз рэшты, цалкам аддаючыся чыстаму стварэнню. Але ж якому велічнаму стварэнню!


      Дзесятая прычына: ЛЮБОЎ

Сёмы матыў, які дае нам святы Людвік-Марыя, каб прысвяціць сябе Хрысту праз Марыю, гэта тое, што цалкавіты дар свайго хросту, перажыты такім чынам, даваляе нам даваць нашу любоў бліжняму “узвышаным чынам”. Як гэта магчыма? Можна знайсці тры падставы гэтай “узвышанай любові”:

Каб “любіць узвышанай любоўю”
Першая падстава: наш цалкавіты дар Богу з’яўляецца таксама цалкавітым дарам нашым братам і сёстрам. Нельга адрэзаць другога прыказання Права ад першага, ні першага ад другога: яны неразрыўныя. І распазнаваць адно можна дзякуючы другому. Менавіта праз нашу любоў да бліжніх мы правяраем нашу любоў да Бога (пар. Ян 4, 20). Але таксама, любячы Бога, мы сапраўды любім бліжніх: “Па тым пазнаём, што  мы  любім  дзяцей  Божых,  калі  любім  Бога” (1 Ян 5, 2), кажа нам святы Ян. Калі наша прысвячэнне, як нас навучае св. Людвік-Марыя, дазваляе нам прысвяціць сябе Богу “больш дасканала” (СУ 157, 158), яно дапамагае нам таксама больш глыбока любіць нашых братоў і сясцёр, таму што мы любім іх тады той любоўю, якой любіць іх Бог (пар. 15, 2).

Даць “самае каштоўнае”
Другі матыў, каб абгрунтаваць гэту “ўзвышаную любоў”, гэта тое, што прысвячэнне дазваляе даць бліжняму “самае каштоўнае, што ў нас ёсць”, а гэта нашы заслугі, “вартасць нашых добрых учынкаў мінулых, цяперашніх і будучых”. Праз ахвяру гэтага духоўнага “скарбу” мы можам атрымаць для нашых братоў і сясцёр розныя ласкі: навяртанне, святло, вызваленне, а нават найвышэйшую ласку: “шчаслівую вечнасць”.
Гэтыя ласкі, якія мы можам атрымаць для сябе, мы згаджаемся згубіць для нашых братоў. “Ці гэта не дасканалая любоў да бліжняга?” (СУ 171), як кажа святы Людвік-Марыя. Узгадаем, што святая Тэрэза з Лізьё, калі яна яшчэ мела толькі 14 гадоў, сказала, што яна гатовая пайсці ў пекла, калі дзякуючы сваёй ахвяры яна зможа зрабіць так, каб з глыбіні гэтага багахульнага месца хлынуў хаця б адзін акт любові (“Гісторыя адной душы”).

“Скарб чыстай любові”
Трэці матыў – гэта тое, што дзейснасць нашай “любові” вымяраецца праўдай любові, якая яе натхняе. Але мы занадта далёкія ад “чыстай любові!” Мы занадта хутка назвалі “евангелізацыяй” і “місіяй” тое, што ўсяго толькі марнасць і пошукі людзкой славы (пар. Ян 5, 44). Сваёй прысутнасцю ў сэрцы нашага прысвячэння Марыя ачышчае нашы акты любові, надзяляючы іх “чыстай любоўю, крыніцай якой Яна з’яўляецца” (СУ 215).
Але ніколі не забываемся, што, як кажа святы Ян ад Крыжа, “самы маленькі ўчынак чыстай любові найбольш карысны Касцёлу, чым усе справы разам узятыя”.

Артыкул, надрукаваны ў францускім часопісе
Légion de Marie” (“Легіён Марыі”), № 4 снежань 2006 - № 1 сакавік  2007